Колер на плоскасці святла

№ 9 (342) 01.09.2011 - 30.09.2011 г

Біенале акварэлі ў Полацку

/i/content/pi/mast/48/810/4.jpg

Уладзімір Канцадайлаў (Беларусь). Восень. Праявы. Папера, акварэль. 2011.

У Мастацкай галерэі ў Полацку адкрылася ІІІ Міжнароднае біенале акварэлі «Вада+Фарба». У выніковай выставе прынялі ўдзел 73 мастакі з 11 краін: Славакіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Даніі, Ірландыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Італіі і Беларусі. Заяўленая тэма — «Прастора акварэлі» — акрэсліла месца перасячэння творчых стратэгій, узаемадзеяння дамінуючых тэндэнцый і напрамкаў.

У экспазіцыі можна было прасачыць некалькі візуальных ліній, у залежнасці ад перавагі традыцыяналізму ці эксперымента. Тэхнічна вывераныя лесіроўкі і празрыстасць, што так цэняцца ў акварэлі, уласцівыя большай частцы аўтараў, якія, аднак, не адмаўляюцца ад «цытат» з памежных відаў мастацтва — не толькі ў матэрыялах, але і ў прыёмах. Творца і выкладчык Рыжскай вышэйшай школы мастацтва Лайла Балодэ сцвярджае, што прынцыповае захаванне лёгкасці і празрыстасці акварэльнай тэхнікі, пры дапушчальным выкарыстанні тушы, пігментаў на воднай аснове, спрыяе захаванню прыкмет акварэльнага мастацтва, а значыць і вылучэнню яго з іншых відаў.

«Акварэль — дзівоснае асяроддзе, якое адкрывае бясконцыя магчымасці, — сцвярджае Аніта Мелдэрэ, мастачка з Латвіі. — Чароўнасць колеру купаецца ў разнастайнасці папяровай структуры. Асаблівае майстэрства заключаецца ў жаданні “прыручыць” невядомыя і неасэнсаваныя выпадковасці. І мы можам дасягнуць поспеху ў заваяванні ўсяго, што напаўняе плынь нашых думак! Як перадаць гук цішыні? Як пазначыць адрозненне паміж марай і сапраўднасцю? Акварэль — тэхніка, якая ўзнагароджвае тых, хто ёй адданы».

Акварэль здатная зафіксаваць імгненне. І гэтае застылае імгненне — вынік складанай працы. Гэтак сцвярджае і беларускі мастак Сяргей Пісарэнка: «Кампраміс паміж жаданнем і магчымасцямі мастака нараджае сілу напружання. Акварэль патрабуе павышанай гатоўнасці да імправізацыі, дзе хуткасць выканання часам набывае вырашальнае значэнне. Амплітуда напружання можа моцна вагацца, пры гэтым часавы адрэзак дэфармуецца ў свядомасці. Думка ў пастаянным канфлікце са стыхіяй вады і фарбаў. Пошуку тут проста няма месца. Наступны аналіз выяўляе новыя і заўсёды нечаканыя бакі, што дае штуршок развіццю ў шуканні форм і спосабаў выражэння. Захапленне і чароўнасць — звычайная праява ў фінале!».

Прадстаўленыя на выставе работы мастакоў з паўночных краін — Брытжыт Фланеры і Ёна Кіцінга з Ірландыі, Ані Леваранта з Фінляндыі, Ханса Цюрструпа з Даніі і Гро Фіна з Нарвегіі — з’яўляюцца пацверджаннем вышэйпрыведзеных слоў. У іх акварэлях рытм і колеравыя плямы — толькі ўмоўны намёк.

Дынамічны пейзаж рэальнай прасторы ў рабоце Андрэя Савіча выглядае як аддаленае сузіранне зямной паверхні, напоўненай энергіяй, бясконцасцю і пагрозлівай самадастатковасцю, а работа Зоі Літвінавай «Гектар і Андрамаха» — гэта погляд з часу, які мы не можам ведаць, а толькі асацыятыўна прыпамінаем. Метафарычныя ірэальныя прасторы запаўняюць работы Евы Спалвіні, Ірыны Шутавай, Валянціны Сідаравай, Святланы Урублеўскай, Эльмы Штурмайтэ. Візуалізаваныя прасторы Яўгеніюса Налевайкі і Яніса Спалвіньша з эфектамі гравюрных напластаванняў і моцнай каларыстычнай напружанасцю дасягаюць высокай эмацыянальнай напоўненасці ў выяўленні ірэальнага краявіду.

Асобнай лініяй у сучаснай акварэлі паўстаюць работы, якія запазычваюць элементы з іншых відаў мастацтва. Так, асацыятыўна-філасофскія кампазіцыі Уладзіміра Канцадайлава пад назвай «Восень. Праявы», з элементамі калажнасці і наданнем эфектаў гравюрных адбіткаў, патрабуюць прачытання эмацыянальных напластаванняў праз прысутныя ў кампазіцыі фрагменты тэкставых старонак, лістоў з гербарыя, іерогліфы... У акварэлі Аляксандра Канавалава «Залатыя яблыкі» лёгкая дынаміка і рытмічнасць кампазіцыі стварае адчуванне руху і працягласці ў часе.

Беларуская акварэль стаіць паміж мастацтвам Усходу і Захаду. А паколькі ў кожнага мастака «сваё мастацтва», то яно з’яўляецца для яго самым «актуальным», здольным адлюстроўваць сучаснасць і адпавядаць духу часу. Рознаскіраваныя і ўзаемавыключальныя ўяўленні аб сучаснасці з’яўляюцца цалкам натуральнымі для нашых мастакоў і ўвасабляюць прынцып эстэтычнага плюралізму.

Па словах Аляксандра Канавалава, акварэльны жывапіс «з’явіўся насуперак традыцыі, але дзякуючы жыватворнай наватарскай энергіі некаторых выдатных майстроў сучаснага мастацтва. Менавіта новы погляд на гэты матэрыял і мастацтва ў цэлым дазволіў акварэлі выйсці за рамкі дапаможнай тэхнікі і вылучыцца ў самастойны від. Акварэль закранае сур’ёзныя тэмы, заваёўваючы эстэтычную прастору. Але любая традыцыя памірае, не ўбіраючы ў сябе свежыя ідэі. Развіццё — у пошуках новых форм, метадаў, філасофскага вызначэння. Думаю, што ў некаторых напрамкаў акварэльнага жывапісу ёсць усё для працягу наватарства ў духу культурнай традыцыі».

Ларыса Лысенка