На скрыжаванні поглядаў

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

У майскую «Ноч музеяў» чатыры сталічныя музеі расчынілі свае дзверы для наведвальнікаў. Мастацтва стала бліжэй? Да нас? Да жыцця?

Выстава, што працавала цягам гэтай начы ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, ставіла менавіта такія пытанні. Тандэм Руслана Вашкевіча і Аляксея Фёдарава ўжо сам па сабе можа выклікаць пільную ўвагу. Вашкевіч -- адзін з самых вядомых у Беларусі сучасных мастакоў. Таленавіты, інтэлектуальны, іранічны, ён здольны вызначаць крытэрыі сучаснага мастацтва. Фёдараў -- малады творца з крытычным поглядам на свет, энергічны і правакацыйна-скандальны.

 /i/content/pi/mast/4/81/Na-skryzhavannyah1.jpg

А.Фёдараў. Уцёкі з карціны. Аб’ект. 2007.

Два светапогляды, два розныя спосабы існавання ў мастацтве, але з агульных мэтаў паўстае канцэпцыя выставы «RW++++». Назва невылечнай стадыі хваробы канстатуе, на думку аўтараў, безвыходнасць становішча, у якое трапіла беларускае мастацтва. У творчым асяроддзі пануе унікальная сітуацыя штучнага стварэння бяспройгрышных сітуацый, ніхто не жадае рызыкаваць, рабіць нечаканыя і смелыя праекты. Выстава -- выклік мастакам, якія недастаткова «выпрацоўваюць» сябе ў арт-прасторы. Выклік мастацкаму асяроддзю, дэкларацыя прынцыповай адмовы ад супрацоўніцтва з ім.
Праект разлічаны на працяг. «Што можна сказаць у карцінах? Практычна, ужо нічога. Усе вырашае кантэкст», -- мяркуе Р.Вашкевіч.
Выстава была скіравана на стварэнне своеасаблівай правакацыі, якая б не засталася без увагі, а выклікала выразную рэакцыю ў выглядзе магчымых контрпраектаў.
Нягледзячы на сур’ёзнасць намераў цалкам рэвалюцыйнай дэкларацыі «задаць выразныя крытэрыі сучаснага мастацтва ў беларускай арт-прасторы, указаць накірунак яго развіцця, каб стала немагчымым дзейнічаць у бяспройгрышных жанрах і тэмах, каб рыторыка больш не выратоўвала аўтараў ад канцэптуальных правалаў, ад сімуляцыі і спекуляцыі», праект (але ж гэта толькі пачатак) выйшаў лёгкім і іранічным. Іронія -- найперш над сучаснай мастацкай рэфлексіяй, над распаўсюджанымі, а часам штучна створанымі грамадскімі фобіямі (адны назвы чаго вартыя: «Бомба ў сумцы», «Danger», «Уцёкі з карціны»).
Вастрыня праекта хутчэй у тым, што мастакі выразна задэкларавалі стратэгію ўдзелу, уключанасці ў рэальныя праблемы рэальнага жыцця. За мастацтвам сёння застаюцца значныя функцыі ў грамадстве, яго мэта не можа абмяжоўвацца толькі стварэннем карцін «сацыяльнага раю». Але для гэтага творца мусіць валодаць значнай энергетыкай, «падключаць» інтэлект, выпрацоўваць структуры, якія могуць адлюстраваць сённяшнюю сітуацыю, стаць яе выразнай мадэллю. Мастакі выставы «RW++++» вяртаюць першапачатковы статус мастацтву -- як з’яве, што здольна і павінна на нас уплываць.

 /i/content/pi/mast/4/81/Na-skryzhavannyah2.jpg

                А.Фёдараў. Уцёкі з карціны. Аб’ект. 2007.

Тая ж ідэя ўключанасці ў жыццё (ці яго аналізу) легла ў аснову і цалкам іншага па характары праекта «Натуральныя віды» Кацярыны Гуртавой і Андрэя Калеснікава (галерэя «Nova»). У аснове канцэпцыі ляжыць канстатацыя таго, што рэальнасць парадаксальным чынам «застаецца па-за полем зроку камеры. Магчыма, з-за сваёй асаблівай прастаты будзённасць у яе натуральным выглядзе трапляе ў шэраг аб’ектаў, нявартых фіксацыі, замяняецца ўяўленнямі пра тое, якой яна павінна быць». Гэтая разгорнутая ў часе серыя фіксуе самае звычайнае -- непрыкметныя і шэрыя гарадскія ўскрайкі, партрэты выпадковых прахожых. Падкрэсленая выпадковасць сюжэта і аб’екта здымкі ў «натуральных відах» заклікана сведчыць пра натуральнасць самога працэсу фіксацыі, свабоднага ад штучных інтэлектуальных канструкцый.
Маштабная падзея ў фатаграфічным жыцці адбылася з адкрыццём выстаўкі-кірмашу «ФотаФорум-2007» у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭКСПА». Мэта дэкларавана наступным чынам: «паказаць магчымасці сучаснай фатаграфіі, заахвоціць таленавітых аўтараў стымуляваць выкарыстанне сучасных і традыцыйных тэхналогій у фатаграфіі».
У межах форуму дэманстравалася выстава «Фатаграфія ў Беларусі», на якой прадстаўляліся работы як прафесіяналаў, так і аматараў. Адбываліся семінары па праблемах фатаграфіі і майстар-класы.
У праграме форуму былі заяўлены прэзентацыя першага ў Беларусі, фотабанка (онлайнавага архіва фатаграфіі), а таксама фоташоу з паказальнымі здымкамі майстроў, якія дэманстравалі новыя мадэлі лічбавых камер і студыйнае асвятляльнае абсталяванне. Адбыліся «круглыя сталы» па вострых і надзённых пытаннях фатаграфічнага жыцця: «Фатаграфічная адукацыя ў Беларусі» і «Фотааматарскі рух. Ці ёсць будучыня ў фотаклубаў?»
Нягледзячы на такі значны маштаб паказу, першая спецыялізаваная фатаграфічная выстаўка-кірмаш хутчэй нагадвала кірмаш, чым сапраўды прадстаўнічую выставу. Адсутнасць выразных крытэрыяў адбору, прадуманага размяшчэння экспазіцыі стваралі ўражанне хаатычнасці, і зарыентавацца ў гэтым клубку эфектных фотавобразаў было практычна немагчыма. Але ці не тое ж адбываецца па-за межамі выставы? Пытанні, наколькі развіта фатаграфічная інфраструктура і ці існуе яна ўвогуле, -- застаюцца адкрытымі.

                                                                                                                  Алеся БЕЛЯВЕЦ