«Час — назад!»

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Пра архівы — ацалелыя і знішчаныя

/i/content/pi/mast/47/806/47.jpg

Палеская сялянка з дзіцем на полі ў час жніва. Заходняя Беларусь. 1935.

Драма адбылася ў 1968-м: плёнка на нітрааснове была прызнана вогненебяспечнай.
Па загадзе пажарнікаў былі знішчаны, а папросту спалены амаль усе кінаматэрыялы
ў кінасховішчах СССР. Ніякіх іншых носьбітаў не было: ні магнітнага, ні тым больш лічбавага відэазапісу. Вялікі пласт беларускай культуры, айчыннага нацыянальнага мастацтва з-за недастатковых у той час тэхнічных магчымасцей быў назаўсёды страчаны: пайшоў попелам і смуродным дымам.

Тое-сёе можна знайсці ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў,
якому сёлета споўнілася 70 год. Над малаэтажнымі дамамі горада Дзяржынска,
дзе месціцца архіў, высіцца 13-павярховая вежа. Хто ведае, што тут захоўваецца,
можа шчыра канстатаваць: гэта — скарбніца вобразаў і гукаў.

Як збіраліся фонды?

Афіцыйны адлік існавання архіва вядзецца ад 29 сакавіка 1941 года, калі была прынята агульнасавецкая пастанова СНК пра архіўны фонд і ўвогуле пра архівы СССР. Але ў Беларусі яшчэ за дзесяць гадоў да той пастановы пры архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі быў утвораны аддзел захоўвання кіна- і іншых выяўленчых матэрыялаў. Фонд папаўняўся пераважна за кошт уласных дарэвалюцыйных фотазбораў і фільматэк нацыяналізаваных кінатэатраў.

Але падчас фашысцкай навалы архіўныя матэрыялы згарэлі, згінулі — у які ўжо раз на нашай шматпакутнай зямлі. Ніякіх фондаў не стала, нешматлікія архівісты загінулі на франтах або іх раскідаў ваенны лёс. Неабходна было ўсё пачынаць з нуля.

Яшчэ ішлі баі за вызваленне Беларусі, але СНК БССР 16 лістапада 1943 года прыняў пастанову № 172 аб узнаўленні дзейнасці кінаархіва, быў зацверджаны штат у складзе... 5 чалавек, з якіх толькі трое мелі сярэднюю адукацыю. Іх фота — таксама дакумент, які захоўваецца ў Дзяржынску.

Напачатку ўвесь фонд фотаздымкаў змяшчаўся ў адной шафе, якая знайшла прытулак у актасховішчы архіва Мінскай вобласці. Але архіў актыўна папаўнялі ўнёскі ацалелых жыхароў: фотаздымкі, зробленыя ў часы фашысцкай акупацыі, а таксама кінаматэрыялы, кінутыя збеглымі захопнікамі, — каля дзесяці тысяч адзінак.

Паступова шафа станавілася цеснай. Іншага памяшкання ва ўшчэнт разбураным Мінску не мелася. І было прынятае разумнае рашэнне: новыя матэрыялы, што паступалі, апісваліся і па дакументах браліся на захоўванне ў «бяздомны» архіў, але часова заставаліся ў тых установах, якія іх здавалі.

Так доўжылася да 27 кастрычніка 1949 года, калі рашэннем Мінскага гарсавета кінаархіву выдзелілі пакінуты, непрыстасаваны будынак царквы ў гонар Святой Марыі Магдаліны на закрытых Старажоўскіх могілках. Адразу павялічыўся штат. Са спецсховішчаў сюды перадалі асобныя трафейныя фільмы, агітацыйна-прапагандысцкія стужкі, прызначаныя фашыстамі для паказу на акупаваных тэрыторыях, кінахроніку, знятую нямецкімі кінааператарамі; 63 альбомы фота, што ў 1945-м вывезлі з Германіі супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў БССР. Пачынаючы з 1954 года ўсе раскіданыя па рэспубліцы матэрыялы, што знаходзіліся на ўліку архіва, паступова ўладкоўваліся на паліцах прахалоднага памяшкання, якое і патрэбна для захоўвання кінаплёнкі.

Праз пэўны час сталі паступаць негатывы і адбіткі каляровых фота. «Лідарам» тады быў фонд вядомага фотажурналіста, удзельніка вайны Аляксандра Дзітлава. Напярэдадні ўласнага 70-годдзя архіў выдаў цудоўны альбом, дзе выкарыстана некаторая частка фотаработ Аляксандра Сяргеевіча: з каляровых старонак кнігі паўстае непаўторнае аблічча адроджанага Мінска мяжы 1950—60-х гадоў. Шкада, што легендарны чалавек не дажыў да выхаду альбома.

А людзі, празнаўшы пра архіў, неслі і неслі сюды свае асабістыя «фотаскарбы». У архіў трапляюць 674 негатывы (здымкі 1941–1945 гадоў) Васіля Аркашова, фотакарэспандэнта франтавых газет «Знішчым ворага», «Чырвонаармейская праўда», «Баявы сябар». Разам з байцамі Заходняга і 3-га Беларускага франтоў ён адступаў ад Мінска да Масквы, а потым наступаў ажно да Кенігсберга. На фотаадбітках (яны рэдка публікаваліся) — армейскі побыт, атакі, пераправы, допыт палонных, праца медсанбата, нямецкія канцлагеры — невычарпальная крыніца праўдзівых ведаў аб сапраўдным твары вайны! Асаблівая адметнасць аркашоўскага фонду — здымкі першых дзён фашысцкай навалы: байцы 100-й стралковай дывізіі адбіваюць наступленне немцаў пад Астрашыцкім Гарадком, уздоўж Лагойскай шашы.

На 1 студзеня 1961 года архіў налічваў 2271 адзінку кінадакументаў, 50 651 фотаздымак, 102 адзінкі фанаграм. Фона- і кінастужкі — носьбіты ненадзейныя, тым больш — не вечныя. Яны патрабуюць штодзённай руплівай працы па захоўванні. У 1965 годзе да архіва далучаюць Рэспубліканскую лабараторыю па рэстаўрацыі і капіраванні дакументаў на плёнцы, потым такую ж невялікую лабараторыю Гістарычнага архіва. Але набліжаецца крызіс: фонды, якія актыўна растуць, ужо не змяшчаюцца ў былой невялікай царкве.

На пачатку 1970-х паўстае пытанне пра будаўніцтва спецыяльнага памяшкання. Менавіта ў той час выказана разумная думка: будаваць архіў па-за межамі Мінска. Пад будоўлю быў абраны Дзяржынск, райцэнтр, недалёкі ад сталіцы. У 1987 годзе справілі наваселле.

Пералічым страчанае

А за два дзесяцігоддзі да таго амаль усе стужкі, якія не паспелі неяк прыхаваць, былі спаленыя. Сталыя людзі памятаюць, што ў 1950–60-я гады для іх, тагачасных падлеткаў, улюбёнымі фільмамі былі не «Кубанскія казакі», «Падзенне Берліна» ці «Кавалер Залатой Зоркі», а амерыканскія стужкі, якія пад змененымі назвамі, без цітраў з пазначэннем стваральнікаў і акцёраў ішлі на нашых экранах з адным пачатковым надпісам: «Фільм узяты ў якасці трафея пасля разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў». І падлеткі фехтавалі, як Робін Гуд, здзекліва пасміхаліся, як д’Артаньян, з дзікунскім лямантам гойсалі на вяроўках, як Тарзан, напявалі немудрагелістыя кінаматыўчыкі, часцяком дадаючы да іх уласныя тэксцікі.

Плёнкі, якія пасля шматгадовага пракату рваліся і заціраліся, спісвалі. Але кіраўнік рэдакцыі кінапраграм Беларускага тэлебачання Рыгор Глухоўскі забіраў іх і адпраўляў у студыйнае фільмасховішча. Мы, пачынаючыя кінарэжысёры, глядзелі іх ужо не вачыма падлеткаў, а з мэтай павучыцца, бо зроблены былі тыя стужкі з вышэйшым прафесіяналізмам... Знішчылі ўсё гэта ў 1968-м.

У тым ліку канцэрт маладога Віктара Вуячыча, яшчэ да ягонага зорнага ўзлёту. Няма канцэртных нумароў, дзе артыстам Белдзяржэстрады акампануе гурт, у складзе якога — Юрый Антонаў. Назаўжды страчаны немалы па аб’ёме канцэрт цуда-тэнара Зіновія Бабія, маладога баса Віктара Чарнабаева, непараўнальнай мецца-сапрана Нінэль Ткачэнка. Не засталося песень у выкананні першай у Беларусі эстраднай спявачкі Элеаноры Зігер з цыркавым джазам. Няма першай праграмы толькі створанага Аляксандрам Апанасенкам Дзяржаўнага ансамбля танца — музыку для «Партызанскай сюіты» напісаў малады Яўген Глебаў. Няма праграмы інструментальнай музыкі сімфаджаза Барыса Райскага, праграмы арганіста Алега Янчанкі з сімфаджазам і квартэтам арфаў, Дзяржаўнага народнага хору пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча. Яшчэ шмат чаго не далічымся, што ўжо не ўзгадаеш.

У сваёй дыпломнай працы «Песня і вяла, і грэла» я, сам таго не ведаючы, ужыў прыёмы, якімі толькі ў апошнія гады сталі карыстацца кінадакументалісты: спалучаў хроніку, дакументы, інсцэніроўкі, кадры мастацкіх фільмаў. Так быў вымушаны рабіць ад безвыходнасці, бо поўнаметражны фільм ствараўся на аснове ўсяго 6 фотавыяў паэта Алеся Жаўрука, які загінуў пад Сталінградам, і двух няскончаных нататнікаў з ягонымі франтавымі вершамі. На нейкім фестывалі фільм выклікаў вельмі жорсткія спрэчкі: ці можна ў дакументальнай стужцы карыстацца такімі прыёмамі?.. Але няма майго дыпломнага фільма — ён таксама быў спалены.

Калі вернуцца каляровыя копіі?

Трэба сказаць, што і самі творцы не заўжды ашчадна ставіліся да вынікаў уласнай дзейнасці: не заўсёды сачылі, каб плёнкі перадаваліся ў архіў. Калі ж на чале кінаархіва паўстала цяперашняя каманда пад кіраўніцтвам дырэктара Віктара Баландзіна, усё змянілася: супрацоўнікі ўстановы тэлефануюць кінарэжысёрам, настойліва просяць перадаць сюды ўласную спадчыну. Напрыклад, да мяне асабіста прыслалі з Дзяржынска машыну і ўсе кантрольныя копіі амаль двух дзясяткаў фільмаў на кінаплёнцы — ужо не «пажаранебяспечнай», а трохацэтатнай! — забралі ў архіў. Гэта былі тыя копіі, якія з цэха апрацоўкі плёнкі мусілі ісці ў сметніцу, а я іх назапашваў — у «гаражасховішчы».

Добра, што на «Беларусьфільме» яшчэ ў сярэдзіне 1970-х на ўласнай студыйнай апаратуры пачалі паступова пераводзіць старыя стужкі з нітраасновы на трыацэтат. Такім чынам сёння мы маем магчымасць пабачыць усе дасягненні айчыннага кінематографа — на жаль, пераважна чорна-белыя копіі. Справа ў тым, што фабрыка масавага памнажэння каляровых кінастужак знаходзілася ў Маскве, і ўсе зыходныя матэрыялы фільмаў перадаваліся ў сталіцу СССР для тыражавання ва ўсесаюзны пракат, там капіраваліся, захоўваліся, там і засталіся. Цяпер, стаўшы незалежнымі, мы павінны выкупляць у Расіі каляровыя копіі ўласных фільмаў. Толькі пару гадоў таму атрымалі ўрэшце каляровую копію славутага вестэрна «Чырвонае лісце» ў пастаноўцы класіка нашага кіно Уладзіміра Корш-Сабліна, а другога яго фільма — дылогіі «Першыя выпрабаванні» паводле рамана «На ростанях» Якуба Коласа — у каляровым варыянце і да гэтага часу не маем.

Адкуль з’яўляюцца скарбы?

З 21 мая 1993 года назва архіва, якая да таго часта мянялася, — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў (БДАКФФД). Калі раней малады спецыяліст Алена Грыневіч штодня ездзіла на працу ў Мінск са свайго Дзяржынска, дык цяпер супрацоўнікі-мінчукі выпраўляліся на працу ў Дзяржынск. Іншагародніх станавілася ўсё менш — апошнія пайшлі адсюль на пенсію ў 2002-м. Працоўныя месцы займалі «тутэйшыя». У мясцовай моладзі з’явіўся шанс: набыць адукацыю і ўладкавацца ў сваім горадзе архівістам, лабарантам, бібліятэкарам, кінамеханікам, рэстаўратарам, фатографам. Сёння ў штаце архіва 86 чалавек, і ўсе яны жыхары райцэнтра.

Штодзённае папаўненне фондаў ідзе з розных крыніц. Аляксей Багамолаў, селекцыянер, кандыдат навук, паралельна з працай на пасадзе прарэктара Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі шмат фатаграфаваў дзейнасць навучальнай установы, збіраў выяўленчыя матэрыялы па яе гісторыі. Да 165-годдзя першай у Расіі сельскагаспадарчай ВНУ выдаў альбом «З попелу і руін», усе 65 ілюстрацый якога знайшлі месца ў архіве.

Нядаўна намеснік міністра фінансаў Вячаслаў Васіленка перадаў 1226 фатаграфій у лічбавым фармаце: архітэктурныя помнікі, цэрквы, касцёлы, сінагогі, палацава-паркавыя сядзібы, замкі, гарадскія забудовы, пахаванні.

Мікалай Бандарык, былы шматгадовы фотакарэспандэнт цэнтральных беларускіх газет, перадаў у архіў 1210 адзінак захоўвання, з якіх 51 вылучана ў якасці асабліва каштоўных для гісторыі. Гэта асобы і факты, якія адлюстроўваюць 70-я—90-я гады мінулага стагоддзя.

Ужо з 1973 года архіў прымае грампласцінкі; у 1985-м пачалося рассакрэчванне закрытых фондаў — праца гэтая завяршылася праз 10 год; у 1998-м ствараецца фонд відэафільмаў і дакументаў на лічбавых дысках. Архіў безупынна папаўняюць больш за 200 устаноў — кінастудыя «Беларусьфільм», усе каналы тэлебачання, Белвідэацэнтр, БелТА, рэдакцыі ўсіх газет краіны. Ажыўлены абмен вядзецца з замежнымі архівамі — у прыватнасці, з дзяржаўнымі фільмафондамі Расіі, Азербайджана, Літвы, Германіі, Францыі.

Орша, Гамбург, Дзяржынск...

Міжнародная выстава ў Гамбургу «Злачынствы Вермахта на тэрыторыі Беларусі» (1998) выклікала незвычайную цікавасць у нямецкім грамадстве. Арганізатар праекта гісторык Ханес Хеер не пабаяўся прадставіць у экспазіцыі фота, на якіх нямецкія афіцэры здымаліся на фоне павешаных мірных жыхароў. Наведвальніца выставы фрау Айк на адной з выяў пазнала свайго бацьку Паўля. Сваякам ён пісаў, што займаецца ў Беларусі рамонтам пашкоджанай чыгункі. На самай справе Паўль быў камендантам Оршы і ахвотна фатаграфаваўся побач з пакаранымі жыхарамі горада. Узрушаная дачка прыехала ў Мінск, дабралася да архіва, дзе ёй паказалі дакументальны фільм «Суд народа» (1946). Пасля разгляду справы і апытання сведкаў, 29 студзеня 1946 года суд прыгаварыў 14 нямецкіх афіцэраў, у тым ліку і Паўля Айка, да смяротнай кары... Няма відавочцаў таго прагляду, ды й ніхто не перадасць пачуцці фрау Айк, якая на працягу судовага працэсу, паказанага ў фільме, дазналася, што за «рэйкі» рамантаваў у Оршы яе бацька.

Выявы і галасы

Гісторыя Беларусі з моманту з’яўлення фатаграфіі і кіно адлюстравана ў матэрыялах архіва. Тут можна ўбачыць выявы і пачуць галасы вядомых артыстаў, вучоных, палітыкаў, военачальнікаў. Большасці з іх ужо няма на свеце, але магічнае мастацтва Кіно можа стварыць для нас ілюзію, гукнуўшы: «Час — назад!»

Калі пэўны матэрыял патрэбны нам, творцам, дык ёсць што і дзе шукаць: архіў выдаў каталог дакладна сістэматызаваных дакументальных матэрыялаў. Цяпер рыхтуецца 2-гі том — з новых апошніх паступленняў, і такі ж каталог з апісаннем мастацкіх і музычных кінакарцін. Апошнім часам рэдка які дакументальны фільм выходзіць без завяршальных цітраў: «Выказваем падзяку БДАКФФД (г.Дзяржынск) і асабіста...» На жаль, падзяка-надпіс — часцей толькі этычная кампенсацыя за шчырую працу архівістаў.

Памятаю, я здымаў фільм «Настаўнік», пра «дзядзьку Паўла» — Паўла Адамавіча Мілюка. Чвэрць стагоддзя ў любое надвор’е ён ездзіў на ровары са сваіх Ляхавічаў у вясковую школу (за 15 кіламетраў!), дзе выкладаў беларускую літаратуру, геаграфію і нямецкую мову (апошнюю вывучыў у фашысцкім канцлагеры). Перабіраем яго старыя фотаздымкі, раптам я ледзь не ўскрыкваю:

— Стоп. Хіба гэта не малады Якуб?!

— Вядома, Якуб Колас — хто ж яшчэ! — спакойна тлумачыць мой герой. — Я ж сын яго стрыечнай сястры...

Зразумела, тое фота адзнялі і ўключылі ў фільм.

Выснова: нам трэба быць уважлівымі, прасіць старых пакорпацца ў схованках, шуфлядах — шмат чаго невядомага са спадчыны напаткаем там! І ўсё знойдзенае трэба перадаваць ва ўстанову, назва якой утварае складаную абрэвіятуру БДАКФФД. Як толькі скончылі працу над фільмам, ён ужо належыць не нам, а нашчадкам. Наша справа — працаваць, а захоўваць стужкі, рэстаўраваць творы ёсць каму...