La vie en musique

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Прыгоды беларускага кампазітара ў Францыі

/i/content/pi/mast/47/805/43.jpg

Опера Басціль.

У 2011 годзе лепшы выпускнік кафедры кампазіцыі Беларускай акадэміі музыкі Дзмітрый Лойка атрымаў грашовую прэмію і ганаровую грамату франка-беларускай Асацыяцыі «La vie en musique» («Жыццё ў музыцы»). Узнагарода ўручаецца ўжо пяты раз — ініцыятыва аб заснаванні прэміі належыць прэзідэнту Асацыяцыі, колішняму выпускніку кафедры беларускаму кампазітару Георгію Сасноўскаму. Ён пакінуў Беларусь у 2000-м, працуе прыватным настаўнікам музыкі ў Парыжы, займаецца творчасцю і арганізоўвае элітарныя класічныя канцэрты, на якіх гучаць беларускі фальклор і сачыненні Агінскага, Радзівілаў, Ельскіх... Інтрыгуючым падаецца тое, што ад самага пачатку Георгій не лічыў сябе «выбітным» і «геніяльным», не спадзяваўся на імгненнае прызнанне і цвяроза ацэньваў свае сілы. І ўсё ж яго ад’езд выглядаў авантурай: навошта кіравацца туды, дзе ніхто не чакае, дзе не ўяўляеш, чым будзеш займацца і як стасункавацца, не ведаючы мовы!.. Магчыма, прыгоды беларускага кампазітара ў Францыі натхняць тых, хто яшчэ сумняваецца, выпрабаваць сябе на шляху да самых запаветных мар...

Тры ноты і Амнерыс

У мяне ніколі не было расчараванняў. Пасля заканчэння кансерваторыі мой выкладчык па кампазіцыі сказаў так: «Георгій, у цябе няма асаблівага таленту, але пэўныя здольнасці да сачынення музыкі ёсць». Праз ягоную шчырасць я рэальна ўсведамляю, што змагу, а што — не, добра ведаю ўласныя межы. Самае жудаснае — быць непрызнаным геніем ці лічыць сябе такім, не маючы таленту.

Калі толькі паступіў у Беларускую кансерваторыю, галоўнай мэтай для мяне было застацца працаваць на кафедры кампазіцыі і займацца навукай. Але зусім выпадкова прыняў удзел у конкурсе, арганізаваным Міністэрствам культуры Італіі: падаў на разгляд сваю кандыдатуру, патлумачыў, што хачу даследаваць «Аіду» — маю любімую оперу, якую ведаю да найдрабнейшых дэталей і пасажаў. Мяне заўсёды прыцягваў вобраз Амнерыс, недастаткова, на мой погляд, ацэнены і зразуметы. У Італіі я мусіў удасканальваць свае веды па «Аідзе» і вывучаць ліставанні Джузэпе Вердзі ў рымскай Нацыянальнай акадэміі Санта Чэчылія.

Выйграў стыпендыю, але не выкарыстаў яе: абсалютна выпадкова сяброўка прапанавала закончыць маю дысертацыю «Кульмінацыя і праблемы арганізацыі музычнай кампазіцыі ХХ стагоддзя» ў Парыжы. З’ехаць у Францыю нават для мяне самога было вельмі дзіўным учынкам: займацца навукай я мог у Італіі, тым больш што здаў кандыдацкі мінімум па італьянскай мове (а вось французскай не ведаў увогуле). Якім чынам Францыя «пераважыла» — не магу сказаць, але 20 кастрычніка 2000 года я апынуўся ў аэрапорце імя Шарля дэ Голя.

Праз некаторы час пасля прыезду запісаўся на ўрокі па класе аркестроўкі ў Рэгіянальнай кансерваторыі Сэн-Мор-дэ-Фасэ, наведваў іх тры гады. Гэта было не надта цікава, там не выкладалі нічога новага. У французскай сістэме вельмі скрупулёзна вывучаецца твор — усё навукова, усё правяраюць матэматыкай, звяртаюць увагу на кожную ноту, на самыя дробныя дэталі таго, як гэта можа гучаць у аркестры...

Калі казаць пра кампазітарскую адукацыю... Аднойчы мы распачалі гарачую дыскусію з маім французскім выкладчыкам па аркестроўцы: ён сцвярджаў, што навучыцца кампазіцыі нельга, а я перакананы ў адваротным! Аднаго таленту недастаткова, яго трэба развіваць — у мяне, напрыклад, меліся схільнасці да сачынення, але не было належнай базы — ні тэарэтычнай, ні эстэтычнай, — каб пісаць музыку. Да гэтага трэба прыйсці, аналізаваць шмат твораў, вывучаць форму і выкарыстоўваць веды на практыцы. І ўрокі кампазіцыі існуюць якраз для таго, каб рабіць гэта пад кантролем педагога. Французскі выкладчык сцвярджаў, што вучыцца кампазіцыі няма сэнсу, студэнт павінен практыкавацца сам, — але на такое здатныя толькі геніі! Ніхто з сусветна вядомых кампазітараў не быў самавукам. Як з’яўляюцца на свет творцы ў Францыі? Там кожны чалавек, які напісаў тры ноты, незалежна ад таго, ёсць у яго музычная адукацыя ці не, лічыцца кампазітарам.

На жаль, зарабляць на жыццё мая спецыяльнасць асабліва не дапаможа. Так, можна жыць на даходы ад сваёй творчасці, і самы рэальны варыянт паставіць дыплом кампазітара на камерцыйныя рэйкі — пісаць музыку для фільмаў і рэкламы. Але гэты круг аўтараў — вельмі замкнёны асяродак, і трапіць туды можна толькі дзякуючы вялікім сувязям і знаёмствам.

РЭпутацыя і РЭкамендацыі

Я — педагог, арганізатар канцэртаў і кампазітар, але канфлікту паміж гэтымі іпастасямі няма. Гармонія магчыма толькі ў іх спалучэнні. Безумоўна, прыярытэт можа быць аддадзены выкладанню — працы, якую вельмі люблю і якая мяне корміць. Музычны густ трэба фарміраваць — вось тое, чым я займаюся. Маю насамрэч добрую рэпутацыю выкладчыка музыкі і здолеў выбудаваць выдатныя адносіны з бацькамі сваіх вучняў. Ніколі не даваў ніякай рэкламы ці аб’яў — хтосьці заўсёды мяне рэкамендаваў.

Прыватныя ўрокі — гэта прэстыжна. Часта дзяцей забіраюць з музычных школ, каб яны займаліся са мной, бо сістэма адукацыі там вельмі дзіўная: на працягу першых трох гадоў навучання малыя не маюць права падыходзіць да інструмента — яны павінны прайсці курс сальфеджыа, каб атрымаць адпаведную базу. Але практыка паказвае, што нават з мінімальнымі ведамі па сальфеджыа дзіцё можа вельмі добра іграць на фартэпіяна. На якасці выканання твора добрыя веды па сальфеджыа не адаб’юцца. Мы станем паглыбляцца, калі яно хоча развівацца, прагрэсіраваць, адкрываць для сябе новыя тэхнічныя гарызонты.

На занятках мы не толькі шліфуем тэхніку ігры. У кансерваторыі ў мяне была магчымасць даследаваць мноства стыляў і вывучыць мноства твораў, і гэта вельмі часта дапамагае пры працы з дзецьмі — калі тлумачу, напрыклад, чаму Шапэна ці Бетховена трэба граць менавіта так альбо распавядаю пра розніцу паміж творамі Моцарта, Баха і Дэбюсі.

Знаходжу свой ключ да кожнага выхаванца, незалежна ад яго ўзросту. Адна з самых важных задач — развіццё эмацыянальнай сферы дзіцяці, яго ўяўлення, чым школа займацца проста не можа. Пра гэта павінны клапаціцца бацькі, якія, на жаль, малых амаль не бачаць і сустракаюцца з імі раніцай і вечарам пасля школы — французскія дзеці праводзяць там увесь дзень.

Асацыяцыя

Першапачаткова мы з піяністкамі Юліяй Сафаравай і Вольгай Аўст вырашылі стварыць Асацыяцыю менавіта дзеля легалізацыі сваёй педагагічнай дзейнасці ў Францыі (гэта адбылося ў 2004-м) — і толькі апошнія шэсць гадоў праводзім музычныя вечарыны і канцэрты. «La vie en musique» — юрыдычна зарэгістраваная арганізацыя, пад маркай яе філіяла «Life in music» быў выпушчаны мой першы дыск «Signatures» («Подпісы»), у якім сабраны творы, напісаныя падчас знаходжання ў Францыі.

Мэта «La vie en musique» — данесці да французскага грамадства непаўторнасць і прыгажосць славянскай музычнай культуры, у прыватнасці — беларускай. Як прэзідэнт Асацыяцыі, заўсёды падкрэсліваю: я — беларус, і часцей за ўсё на нашых вечарынах выконваюць беларускую музыку. Мяне нават папракалі ў лішку нацыянальнага, маўляў, не варта расстаўляць такія акцэнты і адмыслова даводзіць французам, наколькі гэта ўнікальна: яны вельмі баяцца псіхалагічнага ціску, прымусу і хацелі б ацаніць усё самі, будучы вольнымі.

Наведвальнікі ведаюць: за вечарынамі «La vie en musique» стаіць высокая культура, кожнае выступленне мае адметныя якасці і адпаведны выканальніцкі ўзровень. Пра Асацыяцыю часта пішуць у французскіх СМІ: адмоўныя водгукі сталі б моцным ударам і, безумоўна, паўплывалі б на далейшыя запрашэнні арганізоўваць канцэрты.

У Францыі вельмі мала беларускіх музыкантаў, іх значна больш у Германіі — многія ў свой час паехалі туды вучыцца. На нашы канцэрты ў першую чаргу імкнемся запрашаць беларускіх выканаўцаў альбо робім сумесныя вечары: напрыклад, выпускніца Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Святлана Цяльцова-Вале акампанавала французскай спявачцы Эрмін Югнель, а на канцэрт у Міністэрстве ваенна-марскога флоту плануем запрасіць беларускага піяніста Сяргея Смірнова. На вечарынах Асацыяцыі таксама выступалі Вера Лапарава (скрыпка), Томас Херман (фартэпіяна), Таццяна Патапейка (фартэпіяна), Дзмітрый Марозаў (фартэпіяна), Аляксандр Храмушкін (віяланчэль), бельгійскае інструментальнае трыа ў складзе Нікаля Драпса (скрыпка), Од Вале (фартэпіяна) і Франсіса Мурэ (віяланчэль).

З 2005 года мы зладзілі каля 40 канцэртаў — вялікіх і маленькіх, якія прайшлі ў французскай сталіцы і правінцыях, а таксама ў Венецыі і нават Маракешы (Марока)... Першы канцэрт Асацыяцыі адбыўся ў Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Парыжы (на жаль, далей у нас не склаліся партнёрскія адносіны). Цяпер спадзяемся на падтрымку беларускага пасольства — гэта будзе толькі спрыяць прэстыжу нашай краіны.

Класічны рэпертуар

Каб у некалькіх словах акрэсліць класічнае музычнае жыццё Парыжа, трэба абавязкова згадаць яго самыя вядомыя сцэнічныя пляцоўкі — канцэртную залу Плэель, прызначаную для выканання сімфанічнай музыкі (менавіта таму знакамітыя Парыжскі аркестр і Філарманічны аркестр Радыё Францыі выбралі гэту залу сваёй рэзідэнцыяй), і Тэатр Елісейскіх палёў, які прапаноўвае публіцы не толькі канцэрты, але і музычныя спектаклі. Заўсёды ў цэнтры ўвагі Парыжская нацыянальная опера, у склад якой уваходзяць Палац Гарнье і Опера Басціль. Білеты на спектаклі каштуюць ад 5 да 180 еўра, прычым квіткі на сезон 2011–2012 года ўжо раскуплены! Сёлета ў Оперы Басціль паставілі балет Сяргея Пракоф’ева «Рамэа і Джульета» ў харэаграфіі Рудольфа Нурэева. А наша Асацыяцыя плануе канцэрт, у якім прагучыць пералажэнне некаторых нумароў балета для фартэпіяна ў чатыры рукі, таксама я зрабіў пералажэнне для скрыпкі і фартэпіяна з валторнай, а яшчэ — для віяланчэлі з фартэпіяна. Найважнейшая падзея для парыжскіх меламанаў — манументальная тэтралогія Рыхарда Вагнера «Кальцо нібелунга», якую другі год запар ставяць у Оперы Басціль. «Золата Рэйна» і «Валькірыя» наноў пабачылі свет у 2010-м, а «Зігфрыд» і «Гібель багоў» — у 2011 годзе. Гэта сучасная пастаноўка, і меркаванні на яе конт вельмі розныя. Я не трапіў на спектаклі — зноў жа, усе білеты былі раскупленыя раней — і таму не магу падзяліцца уласнай ацэнкай рэжысёрскай задумы, але пагадзіцеся — памерлы Зігфрыд на аперацыйным стале ў акружэнні аголеных валькірый не вельмі перагукаецца з эстэтыкай Вагнера... Значнай падзеяй стане і пастаноўка «Хаваншчыны» Мадэста Мусаргскага ў 2012 годзе.

Элітарная публіка

Вечарынамі ў турмах і канцэртамі для беднаты ў глухіх кварталах «La vie en musique» займацца не збіраецца, таму яна не падыходзіць пад статус асацыяцый, якім аказваюць фінансавую дапамогу. Ёсць большая імавернасць знайсці падтрымку ў прыватнай асобы, чым у вялікага моднага дома (напрыклад, мы звярталіся ў HERMÈS, але яны апякуюцца contemporary art). Гэта не вельмі прыемная адметнасць Парыжа, дзе ўсе месцы ўжо даўно падзеленыя, раздадзеныя і раскупленыя. У правінцыі шансаў было б больш, але ў сталіцы ў нас склалася публіка.

Каставасць і элітарнасць захоўваюцца ў французскім грамадстве, і прыхільнасць да музычнай класікі — звычка класавая. Да таго ж гэта публіка вельмі распешчаная і дасведчаная. Мне сказалі аднойчы: «Вы павінны ўсведамляць, што людзі, якія прыходзяць да вас, могуць дазволіць сабе прыляцець на прыватным самалёце на вечаровы канцэрт у Мілан».

Нашы госці апрануты ў шоўк, футра, носяць брыльянты і патрабуюць адпаведнага «абрамлення», таму мы заўсёды выбіраем вельмі «класічныя», парадныя і прэстыжныя месцы — Елісейскі палац, сабор Святога Людовіка пры Доме інвалідаў, Музей ордэна Ганаровага легіёна... Музыканты Асацыяцыі выступалі ў Мэрыі VII акругі — вялікага раёна горада, у якім сканцэнтраваны амаль усе помнікі культуры (у тым ліку і Эйфелева вежа), у Міністэрстве ваенна-марскога флоту, размешчаным на знакамітай плошчы Згоды (там знаходзіцца Егіпецкая калона, а побач — царква Мадлен). Канцэрт у Венецыі адбыўся ў будынку муніцыпальнага казіно, якое па сумяшчальніцтве з’яўляецца Музеем Рыхарда Вагнера.

Шчыра кажучы, багемная, тусовачная эстэтыка мяне не прыцягвае... Нашы вечарыны закрытыя, бо адбываюцца ў «цяжказдабываемых» месцах, і мяне просяць складаць спіс прысутных для службы бяспекі. Сваю ролю адыгрывае і высокі кошт арэнды залы, з-за якога цана білета становіцца прымальнай не для ўсіх (на канцэрт у Музеі ордэна Ганаровага легіёна мінімальны кошт квітка складаў 95 еўра, а ў Міністэрстве ваенна-марскога флоту — 115).

Аўтэнтыка і гісторыя

На нашых канцэртах можна пачуць беларускую народную і класічную музыку, напісаную да ХХ стагоддзя: «Бярог я каханне», «Я паміраю ў квецені дзён», «Да Эмы» Антонія Генрыха Радзівіла, паланэзы Міхала Клеафаса Агінскага, Санаціну для скрыпкі і фартэпіяна Мацея Радзівіла, Паланэз 1837 года для скрыпкі і фартэпіяна Караля Ельскага, «Танец смерці» для скрыпкі і фартэпіяна Міхаіла Ельскага, апрацоўку народнай песні «Кукавала зязюля» Яўгена Цікоцкага, апрацоўку Васіля Залатарова «Не была я ў маці чатыры гадочкі»... Сучасныя творы, напісаныя ў акадэмічных жанрах, не так цікавяць французаў, як аўтэнтыка і гісторыя.

Для беларускамоўных сачыненняў заўсёды раблю падрадковы пераклад і друкую яго ў праграмцы. Спявачка Эрмін Югнель выконвала народныя песні па-беларуску — прычым без усялякага акцэнту! Гэта каштавала вялікіх педагагічных намаганняў: я ездзіў да яе на другі бок Францыі і запісваў на дыктафон словы і сказы, а вакалістка адначасова вучыла дзве музыкі — уласна ноты і мову. Эрмін добра сыграла, выконваючы маё пералажэнне песні Сымона Рака-Міхайлоўскага на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера»: я тлумачыў ёй сэнс твора, каб яна ведала, дзе расстаўляць акцэнты, а Эрмін дакладна ішла ўслед за тэкстам і вельмі ўдала «засумавала» напрыканцы, стварыўшы лёгкі настальгічны настрой.

Сам займаюся рэжысурай мерапрыемстваў. Напрыклад, на вечарыне ў Польскай бібліятэцы мы пагасілі ў зале святло, і спадарыня Югнель пела «Купалінку», спускаючыся ў залу па лесвіцы і трымаючы ў руках свечку. Было вельмі эфектна. Прадумваю, як будуць выглядаць запрашальнікі, і не хачу перадавяраць дызайнерскую працу камусьці іншаму, бо гэта — частка майго бачання: колеры і стыль мусяць быць менавіта такімі.

Тыповы-нетыповы канцэрт

Елісейскі палац адчыняе свае дзверы для публічнага наведвання два разы на год — на Дзень музыкі (уваход дазволены толькі ва ўнутраны двор палаца, дзе знаходзіцца сцэна і стаяць крэслы) і на Дзень культурнай спадчыны (тады можна трапіць ва ўнутраныя залы палаца). Святкаванне Дня музыкі адбываецца ў Францыі ў панядзелак у дваццатых чыслах чэрвеня. Нам прапанавалі паўдзельнічаць у канцэрце Дня музыкі — гэта бясплатнае выступленне, за яго ніхто ніколі не атрымлівае ганарараў, але ўсё кампенсуецца вельмі высокім прэстыжам мерапрыемства, арганізацыяй якога займаецца саветнік Прэзідэнта Францыі па культуры. На канцэрце ў чэрвені 2010 года піяністка Святлана Цяльцова-Вале іграла мае пералажэнне арыі Царыцы ночы і твор «Акіян», а потым афіцыйныя партнёры Асацыяцыі — інструментальнае трыа з Бельгіі — выканалі фрагменты з пералажэння оперы «Дон Жуан». Ідэя перапісаць для трыа самыя важныя сцэны «Дон Жуана» падалася мне вельмі цікавай. Гэта опера даволі рэдка ідзе ў тэатрах, прыходзіцца чакаць гадамі, каб пачуць яе «ўжывую». Пералажэнне дазваляе твору гучаць часцей, ён становіцца больш, так бы мовіць, практычным. Пытанне было ў тым, каб новы варыянт не нашкодзіў музыцы Моцарта і яна не страціла сваёй прыгажосці. Увогуле стаўлюся да пералажэння як да новага твора, заўсёды ацэньваю яго крытычна і калі знаходжу вартым — выношу на публіку. Саветнік Прэзідэнта па культуры сказаў, што рабіць пералажэнне — у найвышэйшай ступені амбіцыйна і нават нахабна, але ён быў здзіўлены, наколькі прафесіянальна атрымалася ў выніку. Дзякуй маім шаноўным настаўнікам за выдатную адукацыю...

Шматкроп’е

Далейшае развіццё Асацыяцыі мы звязваем з працягам практыкі найперш лакальных элітарных канцэртаў. Падабаецца арганізоўваць музычныя вечарыны на заказ: ідэальная парыжская вечарына — часткова класічная, часткова дыскатэчная, напрыклад, з паловы на восьмую да 9-ці — класіка, потым — вячэра, пасля яе — танцы. Хацелася б, каб наша Асацыяцыя стала выдавецкім домам, прадзюсіравала маладых музыкантаў, якія граюць для нас, і тыражавала дыскі...

Георгій Сасноўскі