Сімвалы і сэнсы

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

«Russian case»-2011

 /i/content/pi/mast/47/804/39.jpg
 «Калігула» Альбера Камю. У галоўнай ролі Яўгеній Міронаў. Тэатр Нацый.
Тэатральны сусвет — велізарны. І таксама падуладны глабалізацыі. Міжнародны фестывальны рух усё больш настойліва мацуе сувязі між тэатрамі. Акрэслівае накірункі і апошнія тэндэнцыі, ды асабліва шануе індывідуальнае, асобаснае, тое, што нельга прадбачыць і немагчыма прамінуць. Менавіта «выраз твару неагульны» вабіць у сцэнічным мастацтве найбольш. Хоць, безумоўна, існуюць і відавыя прыкметы тэатра ў кожнай асобнай краіне. Прынамсі, узровень мастацкага абагульнення, спецыфіка творчага працэсу, спосабы існавання і звычайнага функцыянавання, стылявыя прыхільнасці — штораз адметныя. Бадай што вылучыць лепшае, якаснае, асноватворнае, адпавядаючае нацыянальным уласцівасцям маюць на мэце шматлікія «тэатральныя кэйсы», якія зрабіліся знакавымі сцэнічнымі форумамі ў розных краінах свету.

Маска, я цябе ведаю...

Думаю, адзін з лепшых у фестывальным шэрагу — «Russian case», які штогод праходзіць у Маскве напярэдадні абвяшчэння вынікаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая Маска». Уласна кажучы, сам фестываль «Залатая Маска» — своеасаблівы «мэсідж» рускіх тэатраў — і свету, і гораду, і ўсяму чалавецтву, хоць, зразумела, толькі ў прамінулым тэатральным сезоне. Дзеля гэтага штораз выдаткоўваецца шмат сіл і сродкаў. Прыемна ўсведамляць, што сцэнічнае мастацтва ў Расіі не проста шануецца, застаецца культавым і ўплывовым.

Каласальную папярэднюю работу праводзіць Экспертны савет «Залатой Маскі», у склад якога ўваходзяць пераважна (сёлета — восем з дзесяці) тэатральныя крытыкі. Наведаць некалькі соцень гарадоў на неабсяжнай расійскай тэрыторыі, так бы мовіць, ад вярхоўяў да нізоўяў, падзеленых велізарнай дыстанцыяй; паглядзець амаль пяць соцень часам не надта прэзентабельных спектакляў самых розных жанраў (драма, опера, балет, мюзіклы, лялькі, аперэты) — задача не надта лёгкая. Тым не менш, яна абавязкова вырашаецца. Арганізатары лічаць, што дыскі, касеты і г.д. у працэсе адбору намінантаў «Залатой Маскі» проста непрыдатныя. Гэта прынцыпова! Бо калі ты не бачыў тэатр і ягоныя спектаклі на ўласныя вочы, не ўспрыняў, не адчуў, не ўсвядоміў, — лічы, што нічога ўвогуле не бачыў. Ды толькі хто апрача крытыкаў (у іншых выпадках яшчэ прадзюсараў і дырэктараў) здатны на падобныя прафесійныя подзвігі? Каб цягам сямнаццаці гадоў у пошуках «лепшых расійскіх спектакляў» вандраваць па краіне, трэба насамрэч быць апантаным тэатральнай справай чалавекам. Вядома, гаворка не пра тое, што адбор здзяйсняецца аднымі і тымі ж асобамі, якраз яны штораз мяняюцца. Уражвае патрэба ўсё рабіць найлепшым чынам, па-сапраўднаму. (Дарэчы, у нас першая, хоць і скасаваная, спроба адбору намінантаў лепшымі беларускімі рэжысёрамі, мяркую, здзяйснялася лежма на канапах. Якая ж яшчэ самая зручная пазіцыя для прагляду відэазапісаў?) Маштаб і сумленнасць адбору шмат у чым вызначаюць маштаб і ўзровень саміх прэміі і фестывалю. На сённяшні дзень «Залатая Маска» — аўтарытэтны міжнародны тэатральны брэнд, і гэта зусім не сакрэт. Плён агульных намаганняў увасабляецца ў намінацыях. Далей да работы далучаецца журы, яго складаюць самыя розныя тэатральныя спецыялісты — ад практыкаў да тэарэтыкаў. Сёлета на чале прадстаўнічай камісіі доктар мастацтвазнаўства, знакаміты даследчык творчасці Шэкспіра Аляксей Барташэвіч.

Мэта Міжнароднай праграмы для замежных гасцей «Russian case» зразумелая. І яна не абмяжоўваецца простымі культуралагічнымі ды папулярызатарскімі ідэямі. Вядомасць і аўтарытэт рускага тэатра ў свеце велізарныя. Тут нікому нічога не трэба даводзіць, тым больш у нечым пераконваць. Перад замежнымі гасцямі штораз прачыняецца сама сутнасць жывога тэатральнага працэсу, з усімі праблемамі і высакароднымі памкненнямі. Лепшае на сённяшні дзень сапраўды ўражвае, безумоўна вартае павагі. Для мяне, да таго ж (бо ёсць з чым параўноўваць), складваецца ў ключавыя словы: не згубілі, не страцілі, не стаміліся. Яны. Але ж яны — гэта цяпер не мы.

Што ў кошыку?

/i/content/pi/mast/47/804/40.jpg

«Наташына мара» Яраславы Пуліновіч.Цэнтр імя Усевалада Меерхольда.

Праграму «Russian case» штогод прэзентуе новы куратар. Гэта значыць, яна мае ўласныя імя і прозвішча. Мера адказнасці за дзіўны або няякасны тэатральны прадукт выразна акрэсленая. Прынамсі, на пытанне: «Чаму абраны той або іншы спектакль?» — куратар можа стрымана адказаць: «Таму, што я так лічу». Зрэшты, для эксперта такога кшталту існуе і абавязковае патрабаванне: ён мусіць добра ведаць тэатральную сітуацыю ў Расіі і Еўропе. Да таго ж у гэтай прэстыжнай і доўгатэрміновай хадзе па тэатральных колах задзейнічаны самыя ўплывовыя на сённяшні дзень крытыкі — аглядальнік часопіса «Афиша» Алена Кавальская, галоўны рэдактар часопіса «Театр» Марына Давыдава, аглядальнік газеты «Коммерсант» Раман Далжанскі. Менавіта ён курыраваў праграму «Russian case»-2011. На думку Рамана Далжанскага, «Russian case» — гэта заўсёды своеасаблівы кампраміс паміж магчымым і жаданым. Бо абставіны ў рэшце рэшт ствараюць для арганізатараў шмат абмежаванняў. Галоўнае, на што хочацца асабліва звярнуць увагу: праграма праглядаў абавязкова складаецца з таго, што цікава паглядзець, і з таго, што важна. Зрэшты, гэта заўсёды не столькі дэманстрацыя бясспрэчных дасягненняў, колькі панарама пошукаў і адкрыццяў, праблем і сумненняў рускага тэатра — унікальнага, адзінкавага, натхнёнага, дзіўнага, магчыма, палохаючага і тыповага. Сёлета, паводле куратарскай канцэпцыі, праграма «Russian case» прапанавала публіцы тры віды сучаснага рускага тэатра — інтэрпрэтацыйны (рэжысёры Рымас Тумінас, Леў Эрэнбург), аўтарскі (рэжысёры Мікалай Каляда, Юрый Паграбнічка, Дзмітрый Крымаў) і сучаснай драматургіі (Тэатр.dос). У кожным разе было цікава ўсвядоміць, «у якой меры тэатральны твор з’яўляецца зразумелай неабходнасцю, а ў якой — адзінкавай выпадковасцю».

Усё, убачанае падчас фестывальных паказаў, дакладна ўведзена ў існуючы тэатральны кантэкст, які наўпрост звязаны з агульнай тэатральнай сітуацыяй. Спалучанае з пытаннямі, якія апошнім часам дыскутуюцца найбольш актыўна. Галоўнае з іх датычыцца далейшага існавання рэпертуарнага тэатра, які яшчэ зусім нядаўна быў адрасаваны самай шырокай аўдыторыі. Ды цяпер многія перакананы, што менавіта рэпертуарны тэатр знаходзіцца ў апошняй стадыі разбурэння. На ўздыме невялікія сцэнічныя калектывы з уласнай матываванай публікай. Менавіта на невялікіх, «неабавязковых» пляцоўках ствараецца гісторыя сучаснага тэатра.

Многія пытанні, узніклыя ў фестывальным кантэксце, нібыта пад капірку суадносяцца з нашымі айчыннымі. Як ні дзіўна, гэта тычыцца і маладой рэжысуры. Хоць з пункту гледжання першых «спроб і памылак», першага поспеху і прызнання расійская маладая рэжысура з беларускай проста не суадносіцца. Але супастаўна іншае: у Маскве таксама наракаюць на тое, што тэатральнае мастацтва больш не прываблівае самых разумных і самых таленавітых. У тэатральныя ВНУ часцей прыходзяць, спадзеючыся на ўдзел у кіназдымках і славу, набытую праз серыялы. Талент — у дэфіцыце. Але ж, у адрозненне ад беларускіх акцёраў і рэжысёраў, той, хто вылучаецца сярод іншых, не застаецца без увагі. Дакладней, шанцаў змарнаваць талент у іх няма. Яскравае пацвярджэнне гэтаму можна знайсці ў фестывальных праграмах «Russian case» і «Залатой Маскі». Па-першае, спектакль Міндаўгаса Карбаўскіса паводле рамана Іцхокаса Мераса «Нічыя цягнецца імгненне». Па-другое, спектакль нашай Ірыны Керучэнка «Рахманая» паводле Фёдара Дастаеўскага. Як ні крыўдна, але даводзіцца канстатаваць: калі б Ірына Керучэнка (дарэчы, вучаніца Лідзіі Манаковай) засталася ў Мінску, яе лёс мог бы скласціся не так паспяхова.

Сярод тэндэнцый, якія ствараюць агульны тэатральны кантэкст, варта згадаць яшчэ адну. Маладых маскоўскіх рэжысёраў апошнім часам запрашаюць на пастаноўкі ў правінцыю. Для многіх, улічваючы жорсткую канкурэнцыю і колькасць тэатральных прапаноў, гэта і ёсць сур’ёзны творчы шанец. Для рэжысёраў, якія імкнуцца застацца ў прафесіі, прага працаваць — лёсавызначальная. Дзякуючы ім па-за сталіцай распаўсюджваецца новая драматургія. Такім чынам парушаецца пэўная герметычнасць традыцыйнага рускага тэатра. Замест пастановак для інертнай публікі, якая апошнім часам прагне размовы пра высокае на фоне «выяўленага мора папсы», зноў з’яўляюцца спектаклі, якія адлюстроўваюць час або распавядаюць пра яго ў мастацкіх вобразах. Замест пустых рытуальных тэатраў узнікаюць іншыя, прынцыпова негламурныя, для якіх «добра пастаўленага слова» відавочна недастаткова.

Пры тым, што кошт бутэрброда ў Ленкоме вышэй за кошт самага дарагога квітка на спектакль у правінцыі, у розных сацыяльных сістэмах на розных узроўнях існуюць і розныя рызыкі, звязаныя з памерам выдаткаў на спектакль. Але ж у гэтай структуры існуе таксама і залежнасць ад багатых. Бо ўсе сучасныя навацыі адбываюцца там, дзе ёсць сур’ёзнае прадзюсіраванне, дзе знаходзяцца грошы — і дзяржаўныя, і прыватныя, на якія ставяцца адметныя спектаклі. Пры гэтым лічыцца, што «гламуру» ў сцэнічным мастацтве нашмат менш, чым, напрыклад, у візуальным. Цудоўным узорам сталася Студыя тэатральнага мастацтва пад кіраўніцтвам Сяргея Жэнавача. Тэатр размясціўся на былой фабрыцы купцоў Аляксеевых, дзе калісьці выраблялася гальванічным метадам залатая ніць. Калі фабрыка перайшла ва ўласнасць Канстанціна Станіслаўскага (Аляксеева), ён прыняў рашэнне стварыць на ёй тэатр, які пазней карыстаўся папулярнасцю ў акрузе, але ж праіснаваў нядоўга. Ды ў нашы дні быў адрэстаўраваны, і цяпер гэта сучаснае тэатральнае памяшканне, зробленае з выдатным дызайнерскім густам і асаблівым адчуваннем прыроды сцэнічнага мастацтва. Частку грошай на спектаклі выдаткоўваюць спонсары, частку — Міністэрства культуры. Імя мецэната, дзякуючы якому быў здзейснены і далей ажыццяўляецца праект, не агучваецца. У тэатры гэта называюць цудам. Пры тым, што галоўны цуд — спектаклі СТІ, іх адухоўленасць і высокія мастацкія якасці. У мінулагодняй праграме «Russian case» быў прадстаўлены спектакль у пастаноўцы Сяргея Жэнавача «Рака Патудань» паводле Андрэя Платонава.

Падмосткі

/i/content/pi/mast/47/804/41.jpg

«Тарарабумбія» паводле твораў Антона Чэхава.Школа драматычнага мастацтва.

Можна сказаць, што сучасныя тэатральныя будынкі «Russian case» прэзентуе разам са спектаклямі. У гэтым прысутнічае пэўная заканамернасць: натуральна, калі ўсё лепшае спалучаецца. Новыя тэатральныя тэхналогіі і выбітныя сцэнічныя праекты, цудоўныя спектаклі ў напоўненым духоўным полі. Нават нараканні крытыкаў на млявасць тэатральнага працэсу, якія тут, канешне ж, можна пачуць, падаюцца дзіўнымі. (Што ж, усё пазнаецца ў параўнанні!) Такім чынам, спектакль «Школы драматычнага мастацтва» «Тарарабумбія» (рэжысёр Дзмітрый Крымаў) праходзіў у памяшканні, некалі пабудаваным спецыяльна для Анатоля Васільева, так бы мовіць, з усімі вынікаючымі наступствамі; «Наташына мара» — у Цэнтры імя Усевалада Меерхольда, які ўяўляе сучасны спецыялізаваны канцэрн, прыдатны для здзяйснення самых запаветных тэатральных жаданняў; на новай сцэне Тэатра «Майстэрня Пятра Фаменкі» паказалі «Трыпціх» паводле твораў Аляксандра Пушкіна (у «Russian case» прэзентаваны летась, на фестывалі «Залатая Маска» — сёлета). Казаць, што тэатральны працэс замарудзіўся, што ён нявызначаны, проста недарэчна, маючы ў наяўнасці падобныя сцэнічныя памяшканні. Усе яны — прыдатны падмурак для любых тэатральных інавацый і ў поўнай меры выкарыстоўваюцца. Пры тым нельга сказаць, што Масква захоплена нятаннай тэатральнай гігантаманіяй. Менавіта маленькімі калектывамі актыўна абжываюцца шматлікія нібыта непрыстасаваныя памяшканні. Тэатр.doc увогуле размясціўся ў невялічкім абшарпаным напаўсутарэнні. Разлічаны на шэсцьдзясят — сто гледачоў. Дакладней, туды можа патрапіць столькі людзей, колькі ўціснецца і пасядзе на доўгіх мулкіх лавах. Адсячэнне залішняй публікі тэатр нават лічыць сваёй стратэгічнай задачай. Таму яны даўно адмовіліся ад афіш і рэкламы. Даведацца пра спектаклі можна на тэатральным сайце.

Многія сцэнічныя калектывы займаюцца засваеннем незанятых вытворчасцю тэрыторый і памяшканняў, прыстасоўваючы іх для паказу спектакляў. Нягледзячы на тое, што тэхнічна засвоіць такія плошчы бывае вельмі складана, невялікія тэатры моцна ўплываюць на агульны культурны ландшафт.

Пра важнае і цікавае

Бадай, адным з лепшых спектакляў двух апошніх расійскіх тэатральных сезонаў лічыцца «Дзядзька Ваня» Антона Чэхава ў Акадэмічным тэатры імя Яўгенія Вахтангава (рэжысёр Рымас Тумінас). Мінская публіка ўбачыла яго летась падчас першай прэзентацыі «Залатой Маскі» ў Беларусі. («Мастацтва» № 11, 2010). У праграме «Russian case» «Дзядзьку Ваню» паказвалі два гады запар. Метафарычная і вынаходлівая літоўская рэжысура адмыслова спалучылася з пульсуючым і па-сучаснаму рэзкім расійскім мысленнем, густой пачуццёвасцю і саркастычна вытанчанай безнадзейнасцю. Свет паўстае перад гледачамі ў выглядзе ўкладзеных адна ў адну геаметрычных сістэм — па-за якімі, безумоўна, халодны і ўсёпаглынальны космас (мастак Адомас Яцоўскіх). Перад вачыма — космас блізкі з надакучліва-маўклівым месяцам, які не знікае з поля зроку ніколі. У вялікім проставугольным пакоі пад цёплым і зямным святлом лямпачкі нібыта па інерцыі яшчэ працягваецца жыццё. Але простыя чалавечыя пачуцці раз-пораз выплёхваюцца на гледачоў паталагічна-адчайнымі імпульсамі і нечым нагадваюць крывавыя згусткі. Чалавечыя канвульсіі ў хворым грамадстве. Людзі на планете Чужых. Чужыя — Серабраковы і іншыя — строгім роўным шэрагам з’яўляюцца напачатку спектакля і пасля доўгіх безнадзейных начэй і вечароў, падчас якіх усіх прысутных зачароўвае касмічная русалка Алена Андрэеўна, гэткім самым роўным шэрагам знікаюць у беспрасветнай цемры. Дакладней, цемра іх проста паглынае, на вачах гледачоў уцягвае ў неспазнанае Нішто. І толькі Соня істэрычна і сутаргава выгукае: «Мы... яшчэ... убачым... неба ў дыяментах». І выгукае гэта так, што, здаецца, у гледачоў кроў стыне ў жылах. А потым падае... Як мёртвая?

Думаю, не варта больш уваходзіць у зместавыя падрабязнасці. Важна адзначыць іншае: лепшыя спектаклі па творах Чэхава — штораз метафарычная карціна свету. Гэтаксама як і ў спектаклі «Тарарабумбія» Дзмітрыя Крымава, разыграным у «Школе драматычнага мастацтва» на доўгай стужцы транспарцёра, якая пастаянна рухаецца. Усе п’есы Чэхава — іх персанажы, знакавыя рэплікі, відочныя карцінкі — праходзяць перад публікай няспыннай гарызантальнай плынню твараў, вобразаў, выяўленых думак, акцэнтаваных і нават дэкларатыўных сэнсаў. Час і прастора — адносныя. Спектакль адмаўляе любыя простыя стасункі. Ва ўмоўным хаосе быцця перад намі ўзнікаюць ягоныя брутальныя каардынаты. Гармонія? Какафонія? «Калі б ведаць, куды ляцяць пералётныя птушкі...» Хлопчык з напаўаголеным дзіцячым торсам, які патануў ледзь не на вачах гледачоў... Натоўп з чамаданамі. Закалочаныя дзверы лёсу. Салдаты, строй салдат (у спектаклі занята каля сотні акцёраў) з вытанчанай марыянеткай напрыканцы. Пары, што танчаць пад абажурамі з матылькамі. Стрэл... Шмат, вельмі шмат Трэплевых з забінтаванымі галовамі. Тры сястры і лялька Андрэй, якая нечакана гучна псуе паветра. «Ты будзеш прафесарам» — чуем у адказ. Чарада славутых пісьменнікаў на аэраплане — Іван Бунін, Аляксандр Салжаніцын, Бернард Шоу... А пасля — татальная дэзынфекцыя пры дапамозе вогнетушыцеля. Спаборніцтва па сінхронным плаванні. Адміністрацыя Вялікага тэатра СССР у балетных пачках, шапках-вушанках, з чырвонымі скуранымі папкамі. Прывітанне ад выжыўшай японскай сакуры высечанаму Вішнёваму Саду. Тысячы перформансаў і інсталяцый... Бадай што, геніяльны Антон Паўлавіч Чэхаў па-над усім...

Таму, хто хацеў даткнуцца да праўдзівага цела рускай драматургіі, быў прапанаваны спектакль «Васа Жалязнова» М.Горкага ў МХТ імя Антона Чэхава. Але ж і тут рэжысёр — Леў Эрэнбург. Уладальнік тонкага літаратурнага густу, які, тым не менш, знакаміты сваімі не заўсёды джэнтльменскімі паводзінамі з класікай. У ролі Васы — Марына Голуб. На асноўнай мхатаўскай сцэне мастак Валерый Палуноўскі пабудаваў велізарны панскі маёнтак з грандыёзным дыяганальным шэрагам белых калон, якія выстрэльваюць пад столь, не дасягаючы яе. На адкрытай прасторы маёнтка — без асобных пакояў — здаецца, толькі да гэтых калон і можна прытуліцца. Дом-пляц, дзе ружы і пацукі пад нагамі — увасоблены сімвал пазачасавай рэчаіснасці. Кожны прадмет на сцэне адпавядае неабсяжнай прасторы. На велізарнай люстры спачатку спрабуюць павесіцца, пасля, забраўшыся туды, гойдаюцца, як на арэлях. У нацепленай зімнім вечарам лазні парацца, кахаюць адно аднаго і п’юць гарэлку, потым скачуць у палонку, якая знаходзіцца тут жа на сцэне. Мноства чалавечых лёсаў выпісаны рэжысёрам з апавядальнай дакладнасцю, увасоблены акцёрамі з адкрытым драматызмам. Вобразы часу, людзей на скрыжаванні эпох становяцца галоўным сэнсам гэтага спектакля. Ягоныя трагічныя інтанацыі вылучаны як асаблівыя прыкметы чалавечага быцця. Фінальная трансфармацыя сцэнаграфіі — белыя калоны на нашых вачах ператвараюцца ў трубы велізарнага парахода, з якіх ідзе дым, — становіцца эфектнай і змястоўнай кропкай у гэтай бясконца сумнай гісторыі.

Сярод спектакляў, якія нельга не адзначыць, «Калігула» Альбера Камю на сцэне Тэатра Нацый. Рэжысёр Эймунтас Някрошус. У галоўнай ролі Яўгеній Міронаў. З ламанай лялечнай пластыкай, у доўгім аранжавым паліто з чорнымі гузікамі, акцёр, здаецца, імкнецца ўвасобіць чалавечую трагедыю і перажыць яе ў адзіночку. Ён абсалютна свабодны ў выяўленні самых тонкіх нюансаў думкі і цалкам натуральны ў сваіх пачуццёвых гульнях. «Адзіноцтва — да канца» — як выяўленая экзістэнцыя, адпавядаючая знікаючай чалавечай свядомасці, бяссільнай перад жорсткімі законамі зямнога быцця. «У гэтым свеце няма сэнсу, і той, хто гэта зразумеў, свабодны», — словы героя памнажаюцца і ўзмацняюцца цягам усяго спектакля мноствам паэтычных метафар, якімі дасканала валодае славуты рэжысёр. Попел, які Калігула страсае з цыгарэты проста ў руку, крохкі і шэры шыфер, які стварае асноўнае сцэнаграфічнае цела пастаноўкі, сімвал недаўгавечнасці і крохкасці ўлады; дрыжачыя ў руках аскепкі разбітых люстэрак; мыльная пена — на нагах, на руках, нават на галовах персанажаў, якая штораз успрымаецца як пэўны знак... Спектакль не засяроджваецца на сучасных палітычных алюзіях, ён даследуе гранічную глыбіню і сілу зла ў душах людзей з магчымай моцай чалавечага адчаю і безнадзейнай пагарды.

Ніводны з сямнаццаці спектакляў, паказаных на «Russian case», немагчыма абмінуць увагай. Ягоная асобная старонка — пастаноўкі сучаснай драматургіі. «Забойца» Аляксандра Малчанава ў Маскоўскім ТЮГу, «Наташына мара» Яраславы Пуліновіч у Цэнтры імя Усевалада Меерхольда, «Час 18» Тэатра.dос — ярка і пераканальна засведчылі палкасць і змястоўнасць рускага тэатра. Якраз у адпаведнасці з перакананасцю Рамана Далжанскага ў тым, што тут па-ранейшаму жыве жаданне здзівіць свет, абняць неабдымнае, з пагардай ставячыся да мітусні будняў.

 Людміла Грамыка