La Biennale di Venezia

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

На 54-м Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва адкрыўся павільён Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/mast/47/793/3.jpg

Катарына Фрытч. Stilleben (Нацюрморт). Асноўны праект ILLUMInations.

Сёлетняя тэма міжнароднага фэсту — «ILLUMInations» — была асэнсавана куратарам Міхаілам Баразной, які прапанаваў праект «Kodex». У часы антычнасці кодэкс — кніга са змацаваных разам дошчачак ці папірусных аркушаў (сучасная кніга захавала форму кодэкса ў выглядзе кніжнага блока); мастака, які сродкамі мініяцюры тлумачыў тэкст, называлі ілюмінатарам. Менавіта ідэя сучаснай інтэрпрэтацыі афармлення тэксту легла ў аснову куратарскай задумы. Яе рэалізавалі Юрый Алісевіч (цыкл занатовак паўсядзённасці з тэкставымі каментарыямі, зроблены гелевай ручкай), Канстанцін Касцючэнка (скульптурнае «Распяцце» са штучных матэрыялаў), Артур Клінаў (саламяная рэпліка «Тайнай вячэры» Леанарда да Вінчы), Віктар Пятроў (перформанс, жывапіс, малюнак, камп’ютарная графіка) і Дзяніс Скварцоў
(фільм «BBS»). Экспазіцыйна-прасторавымі пытаннямі займаўся архітэктар Міхаіл Шыкаў.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры (пры падтрымцы
Міністэрства замежных спраў, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Італіі, Пасольства Італіі ў РБ), Музей сучаснага выяўленчага мастацтва і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

Беларускі павільён адкрыўся 3 чэрвеня, і мы звярнуліся да тых, хто ўжо наведаў Венецыю, з просьбай прааналізаваць тэндэнцыі, якія яны прасачылі на біенале, у тым ліку — даць ацэнку нашаму ўдзелу.

ПАМІЖ СМЕРЦЮ І КАХАННЕМ

/i/content/pi/mast/47/793/5.jpg

Крыстоф Шлінгензіф. Павільён Германіі. Куратар Сюзана Гаеншэймер.

Усё гэта неяк несумленна — такая звышвысокая канцэнтрацыя прыгажосці ў адной геаграфічнай кропцы. Турыстычныя паштоўкі хлусяць — рэальнасць значна лепш: кранутыя вільгаццю і стагоддзямі сцены, набярэжныя, масты. Надзвычайнае багацце фактур і маляўнічых адценняў — у залежнасці ад ступені занядбання. Нават элементы штодзённасці — гірлянды бялізны на прасушцы, жывыя постаці і смецце — падаюцца дасканалымі ў гэткім антуражы, не кажучы ўжо пра бессаромную раскошу палацаў і пазасветную меланхолію іншага горада, перакуленага ў люстры каналаў. Адчуваеш сябе ўсярэдзіне карціны, дзе ў залежнасці ад напрамку позірку шэдэўральна складваюцца ў розных прапорцыях плоскасці неба, дамоў і, што нязвыкла, вады — разнастайных нюансаў колеру і спакою. Куды ні глянеш — хораша, крыху ўбок — яшчэ лепш, крок налева/крок направа змяняюць толькі віды прыгажосці. Гэта ж датычыцца і мастацтва. Пасля звыкла пурытанскага культурнага ландшафту Мінска зусім ненармальнай выглядае колькасць якаснага — выключна якаснага! — мастацтва. Найперш выставы, а акрамя гэтага — адкрыцці, канферэнцыі, прыёмы, лекцыі, чытанні, вечарынкі і проста сустрэчы з мастацкім бамондам — усё тут, у невялікім горадзе, які патанае ў зялёных хвалях Адрыятыкі.

Падаецца бессэнсоўным пераказваць змест каталогаў і прэс-рэлізаў. Упэўнены, чытач гэтых радкоў ведае, што такое Венецыянскае біенале, навошта яно патрэбна, а таксама чаму часткай цяперашняга біенале стаў Павільён Рэспублікі Беларусь. Безумоўна, многіх цікавіць, наколькі ўдалай атрымалася беларуская арт-місія. У гэтым нумары агучаны некалькі адказаў на гэтае пытанне — мне ж не даспадобы даваць сваю ацэнку праекту, над фрагментамі якога давялося папрацаваць самому. Хацелася б падзяліцца ўласнымі, асобаснымі кавалачкамі чэрвеньскай біенальнай Венецыі.

Сухія факты

І ўсё ж, для пачатку, невялікі факталагічны ўступ.

Міжнароднае біенале мастацтваў у Венецыі — найстарэйшы і самы аўтарытэтны форум сучаснага сусветнага мастацтва, які праходзіць раз у два гады. За 116 гадоў яго фармат колькі разоў мяняўся, але апошнія дзесяцігоддзі біенале цвёрда стаіць на трох асноўных стаўпах.

Першы — інтэрнацыянальная экспазіцыя, сабраная запрошаным куратарам — сёлета ім стала Бічэ Курыгер, штатны куратар Кунстхаўза ў Цюрыху. Тэма, абраная ёю для выставы, традыцыйна распаўсюджваецца на ўсё біенале і гучыць як «ILLUMInations», апелюючы як да святла фізічнага, так і да метафарычнага — да асветы, якую мастацтва нясе нацыям. Займаючы велізарныя экспазіцыйныя плошчы дзвюх галоўных біенальных лакацый — былых складоў сярэднявечнай суднаверфі (Arsenale) і манументальнага палаца (Palazzo delle Esposizioni) — і нават распаўзаючыся за іх межы аб’ектамі паблік-арта і парапавільёнамі (персанальнымі міні-экспазіцыямі асобных аўтараў), выстава складаецца з прац 83 мастакоў з усяго свету, сярод якіх ёсць як класікі, так і зусім юныя творцы. Нечакана для ўсіх Курыгер выбудавала экспазіцыю сучаснага мастацтва вакол трох хрэстаматыйных палотнаў рэнесанснага аўтара — венецыянца Цінтарэта. Бунтара і, на думку куратара, анты-класіка, што разбураў жывапісныя каноны і пісаў на цёмных фонах — святлом.

Другі — нацыянальныя павільёны. Ад біенале да біенале іх колькасць усё павялічваецца. На цяперашняй іх 89 (на дванаццаць больш, чым мінулым разам). Толькі 28 краін маюць свае капітальныя павільёны ў Садах Джардзіні, дзве — у Арсенале, астатнія змушаны штораз здымаць выставачную пляцоўку. Гэта можа быць і сціплы пакойчык, і палац — у залежнасці ад экспазіцыйных патрэб і фінансавых магчымасцей краіны-ўдзельніцы. Дарэчы, павільён Беларусі месціцца ў Арсенале, што добра з пункту гледжання даступнасці і, адпаведна, наведвальнасці.

Трэці стоўп — паралельная праграма, якую складаюць больш за сорак разнастайных сатэлітных выстаў, адабраных асабіста Бічэ Курыгер. Сярод паралельных праектаў назаву наўскідку два: «Гластрэс», куратары якога сабралі топавых сусветных мастакоў і прапанавалі ім папрацаваць у манументальным маштабе са шклом, і «Узламаная культура? Пытанні ідэнтычнасці ў сучасным кітайскім мастацтве», цікавы кантрастам «актуальных» агрэсіўных твораў і гістарычных інтэр’ераў Венецыянскага каледжа мастацтваў, у сценах якога яны экспанаваліся.

Тэндэнцыя апошніх гадоў — узмацненне чацвёртага біенальнага кампанента, камунікацыйнага, які ўключае насычаныя лекцыйныя і адукацыйныя праграмы. Усе мерапрыемствы адно ў адно: да прыкладу, серыя лекцый вядучых еўрапейскіх інтэлектуалаў «Стан рэчаў», арганізаваная Нарвежскім офісам сучаснага мастацтва. Ці праведзены пад патранажам Trieste Contemporanea Committee трохдзённы форум, які сабраў практыкаў і тэарэтыкаў паблік-арта. Цікавае пачынанне гэтага года — «Біенальныя сесіі», якія дазваляюць групам студэнтаў ладзіць палявыя даследаванні сучаснага мастацтва на жывым матэрыяле наяўных экспазіцый. Для ўдзелу ў сёлетніх «сесіях» заявіліся 17 універсітэтаў розных краін.

І гэта яшчэ не ўсё, бо нават адсутнасць афіцыйнай прыналежнасці да 54-га Венецыянскага біенале не замінае мноству мастакоў, груп і галерэй выстаўляцца ва ўсіх больш-менш для гэтага прыдатных гарадскіх кутках. І варта адзначыць, што сярод такіх, пакінутых за каталожнымі рамкамі, выстаў можна часам знайсці вельмі нядрэнныя.

Аднак біенальных узнагарод ні ім, ні аўтарам паралельнай праграмы не ўручаюць. Пачэсныя статуэткі ў выглядзе венецыянскіх ільвоў прысуджаюць толькі экспанентам куратарскай выставы і нацыянальным прадстаўніцтвам. У гэтым годзе «Залатым ільвом» за лепшы нацыянальны ўдзел прэміраваны павільён Германіі. На час выставы ён быў трансфармаваны ў вельмі дзіўны храм з рухомымі праекцыямі замест абразоў, з сакральным чучалам бойсаўскага зайца на імправізаваным алтары. На гіганцкіх экранах над кафедрай — відэа, знятае самім нямецкім рэпрэзентантам Крыстофам Шлінгензіфам — рэжысёрам і мастаком, блізкім да руху Флюксус. Астатніх «Залатых ільвоў» за ўнёсак у мастацтва на працягу жыцця атрымалі класікі — францужанка Элен Сцюртэвант і аўстрыец Франц Вест. «Ільвамі», залатым і срэбным, на выставе «ILLUMInations» таксама ганараваліся Харун Мірза — лепшы юны і Марклай — проста лепшы мастак. Спецыяльную адзнаку — «За канцэптуальную элегантнасць і эфектную неадназначнасць трактоўкі гісторыі мастацтва сваёй краіны» — заслужыў праект «За белай заслонай» у Літоўскім павільёне, аўтарства Дарыюса Мікшыса — рэпрэзентанта Вільнюскага цэнтра сучаснага мастацтва.

Падаецца, гэта ўсё, уф...

Мастацтва або...

Адразу да галоўнага. Вандруючы па біенальных прасторах, разумееш, што карціны на сценах і скульптуры на подыумах, якія мы па завядзёнцы завём мастацтвам, — ужо не самае галоўнае. Так, гэтыя звыклыя аб’екты існуюць, але яны не самадастатковыя, бо ствараюць прастору, асяроддзе, атмасферу. Большасць біенальных экспазіцый і твораў задзейнічаюць не толькі візуальнасць: напрыклад, у вельмі нацыянальным праекце «Чутнае і нячутнае — гукавыя ландшафты Тайваня» калектыў мастакоў і дзіджэяў на чале з куратарам Эмі Чангам рэпрэзентуе сваю радзіму праз гукі, гучанні. Ці светлавы «рэзервуар» Джэймса Тарэла, экспанента асноўнага праекта, — у колеравыя хвалі якога акунаешся літаральна фізічна.

Бачна, што аўтары шукаюць іншыя каналы камунікацыі, звяртаючыся непасрэдна да цела, арыентуючыся на афект, суперажыванне, саўдзел. Кажучы простымі словамі, мастацтва ахоплівае цябе з усіх бакоў і пры гэтым спрабуе залезці ў душу. Зрэшты, гэткую асаблівасць біенальных экспазіцый цяжка вытрымаць менавіта на фізіялагічным узроўні — ці свінцовая стомленасць напрыканцы венецыянскіх дзён — гэта проста непазбежнае наступства арт-перадазіроўкі?

...смерць?

Найвышэйшая ўзнагарода 54-га Біенале дасталася мёртваму мастаку. Але гэта ніяк не азначае, што часы Ван Гога і Мадзільяні вяртаюцца разам з сумніўным камерцыйным слоганам «Добры мастак — мёртвы мастак». Не, Крыстоф Шлінгензіф быў вядомым, паспяховым і заслужана адабраным для ўдзелу ў Венецыянскім біенале. Але пры гэтым невылечна хворым. Ён памёр у жніўні мінулага года. Тым не менш, куратар павільёна Сюзана Гаеншэймер прыняла рашэнне выставіць у павільёне некалькі яго апошніх праектаў. Вышэйзгаданая інсталяцыя «Храм жаху супраць Іншага ўнутры» стала цэнтральнай працай, якая, па меркаванні Гаеншэймер, «адкрыта і бескампрамісна дэманструе барацьбу мастака з анкалагічнай хваробай і знітаваныя з гэтым яго суб’ектыўныя доследы». У выніку павільён Германіі стаў мастакоўскім пасланнем, што пераадолела межы смерці.

Падобным чынам выглядае Егіпецкі павільён, экспазіцыя якога — таксама пасмяротная, бо складаецца з твораў маладога медыя-мастака Ахмеда Басіёні, які загінуў на каірскай плошчы Тахрыр у студзені гэтага года. Акрамя манументальных праекцый моцных прац творцы (да прыкладу, у адным з перформансаў ён ізалюе сябе ад наваколля (і паветра) цэлафанам) у павільёне дэманструецца відэа: у апошнія дні свайго жыцця ён здымаў рэвалюцыйныя падзеі ў Каіры. Але гэта больш датычыцца наступнай міні-рубрыкі...

...палітыка?

Сучаснае мастацтва і палітыка рэчы, зрэшты, блізкія. Але чамусьці палітычныя творы ў венецыянскіх экспазіцыях падаюцца дэкаратыўна-бяззубымі. Так, павільён Даніі ў «Пытаннях слова», які курыруецца Кацярынай Грэгас, даў прытулак значнай колькасці барацьбітоў «за волю і долю» з розных краін, аднак прадстаўленыя імі экспанаты неяк падазрона нагадваюць адзін аднаго, зліваючыся ў манатонны масіў коміксаў-відэа-тэкстаў. Пры гамагеннасці зместу не выглядаюць істотнымі рэгіянальныя змены іканаграфіі аб’ектаў крытыкі. Самы сімвалічны твор дацкай экспазіцыі — канструкцыя з драўляных насцілаў, аздобленых партрэтамі вядомых палітыкаў, якая выводзіць наведвальніка на трыбуну, што ўзвышаецца над біенальным натоўпам: з яе, па задуме аўтара Томаса Кілпера, можна рабіць вольныя рэвалюцыйныя выказванні. Аднак прызначаны для палымяных прамоў каляровы рупар выкананы ў вінтажнай патэфоннай стылістыцы і выглядае настолькі нягеглым, што становіцца відавочнай уся марнасць сур’ёзных заяў.

«Крышталь супраціву» Томаса Хіршхорна — вынік двухтыднёвай працы мастака і брыгады ягоных памагатых — створаны з таннага хламу: фольгі, скотчу, старых рэчаў, а таксама працуючых манітораў, манекенаў і шмат чаго яшчэ. Шматстайная інтэрвенцыя ў павільёне Швейцарыі — твор фармальна раскошны і, тым не менш, няпэўны. «Для мяне мастацтва — зброя для барацьбы», — заяўляе мастак у сваіх інтэрв’ю. І мае рацыю, бо яго зброя — вострая і эфектная. Хіршхорн валодае ёй віртуозна — але не зусім зразумела, куды ўсё ж яна скіравана...

Мабыць, праблема ў адсутнасці самарэфлексіі? Паказальны ў гэтым сэнсе прыклад Венесуэлы: у яе павільёне мясцовы манументаліст Франсіска Басім намаляваў практычна ўсіх знакавых (з яго пункту гледжання) медыя-персанажаў у выглядзе хуліганістых дзяцей, што лётаюць у белай прасторы галерэйных сцен. Пачынаючы ад Джаконды і Эйнштэйна, заканчваючы Гітлерам і Сталіным. На жаль, у гэтым шэрагу чамусьці не знайшлося месца для адной яркай, фотагенічнай і, несумненна, значнай для аўтара постаці — прэзідэнта краіны, якую мастак рэпрэзентуе.

...атракцыён?

Дамінантная відовішчнасць надае шэрагу нацыянальных прадстаўніцтваў падабенства да атракцыёнаў — менавіта дзеля таго, каб патрапіць на такія выставы, збіраюцца чэргі. Самай доўгай з іх вылучаецца павільён Японіі: пры дапамозе люстэркаў, праекцый і скрыўленняў падлогі відэамастачка Табаімо змяшчае наведвальніка ў бясконцую анімаваную прастору. Назва гэтага татальнага твора — «Тэлека-суп».

Не разыходзіўся натоўп і каля Амерыканскага павільёна, дзе перавернуты сапраўдны танк (у Венецыі! дзе і аўтамабіляў няма!) грозна і шумна круціць гусеніцамі, а зверху па штучнай бегавой дарожцы са спакойным выглядам бяжыць спартовец. Пад дахам паладзіянскага дамка ЗША таксама шмат цікавага: тыя ж аўтары — Алора і Кальсадзілья з Пуэрта-Рыка — усталявалі там цалкам функцыянальны банкамат, зрослы з арганам. Вы здзяйсняеце трансакцыю — з паліраваных труб льюцца ўрачыстыя акорды. Гучнасць і пафаснасць залежаць, падаецца, ад задзейнічанай сумы грошай.

Нацыянальная рэпрэзентацыя: запальваць зоркі…

Як высветлілася, выстава дасягненняў лакальных аўтараў — гэта распаўсюджаная стратэгія. Яна практыкуецца як краінамі-неафітамі, так і дасведчанымі біенальшчыкамі — у надзеі на тое, што перавагі нацыянальнай арт-супольнасці будуць раздзелены мета-супольнасцю інтэрнацыянальнай. Адваротны бок — небяспека таго, што дамарослая зорка можа аказацца бляклай на фоне яскравага біенальнага кантэнту. Не буду пералічваць такія прыклады з меркаванняў этыкі. Але ў шэрагу выпадкаў падыход спрацаваў: напрыклад, у Расійскім павільёне, дзе куратар і тэарэтык мастацтва Барыс Гройс пераканаўча легалізаваў у сучасным міжнародным кантэксце групу «Калектыўныя дзеянні». Падчас сваёй актыўнай працы напрыканцы 1970-х яна існавала ў абсалютным цені сацрэалістычных моцы, цялеснасці і аптымізму. З дапамогай Гройса сучаснасць расставіла іншыя акцэнты. Андрэй Манастырскі і кампанія трыумфальна ўваходзяць у гісторыю мастацтваў — і дзе зараз сацрэалізм?

...або грэцца ў святле тых, што ўжо ззяюць?

Часцей за ўсё для нацыянальнай рэпрэзентацыі выбіраюцца зоркі ўжо прызнаныя, сусветныя. Падыход бяспройгрышны, аднак у ім няма інтрыгі. Гледачы спяшаюцца ў павільён Францыі на Балтанскі і ў павільён Швейцарыі на Хіршхорна, загадзя ведаючы, што яны там убачаць. Але дадзеная стратэгія вельмі актуальная для пачаткоўцаў на біенальным фронце. Да прыкладу, Рэспубліка Мантэнегра (ці ўсё ж Чарнагорыя?) — маленькі аскепак былой Югаславіі — цяпер экспануе сваё несумненнае нацыянальнае багацце — перформера № 1 у сусветным «табелі аб рангах» Марыну Абрамовіч. У поўнае распараджэнне Марыны перададзены былы завод халадзільнага абсталявання, калісьці самы вялікі на прасторах былога Варшаўскага блока, — мастачка збіраецца ператварыць яго ў Міжнародны грамадскі цэнтр свайго імя. Завод у выглядзе кардоннай мадэлі займае цэлую залу мінімалістычнага павільёна, суіснуючы з інфармацыйным ролікам пра Марыну і самой Марынай на адкрыцці — выключна шматлюдным.

...А пры адсутнасці зорак?

Верагодна, выйсцем са становішча можа быць праект-даследаванне нацыянальнай гісторыі. Менавіта такім шляхам пайшлі куратары шэрагу павільёнаў, сярод іх — Лацінаамерыканскі, экспазіцыя якога сапраўды гістарычная і нават нагадвае музейную. Але гэта музей, варты пяра Борхеса. Тут маюцца такія дзіўныя экспанаты, як калекцыя пахаў з месцаў, дзе адбыліся значныя для Кубы бітвы; патройная сукенка парагвайскай жанчыны, якая ілюструе яе праблемы ва ўмовах дзевяностапрацэнтнай гібелі мужчынскай часткі насельніцтва; вялікая куча карыесных зубоў, выдраных цывілізаванымі дантыстамі ў тубыльцаў Гандураса. Апошні твор сапраўды ўражвае.

Найбольш цікавыя самыя радыкальныя звароты да траўматычнага мінулага — як у павільёне Сербіі, экспанент якога Рача Тадасіевіч без ваганняў выкарыстоўвае вобразы нацысцкіх сімвалаў.

Не менш эфектна выглядаюць экспазіцыйныя стратэгіі, накіраваныя на татальную працу з асяроддзем. З некалькіх павільёнаў, якія прадстаўляюць асяроддзевыя праекты, самы запамінальны — Ізраільскі, хоць павільёны Грэцыі і Кітая таксама нядрэнныя. Усе тры экспазіцыі былі звязаны з вадою, але па-рознаму. Грэкі стварылі з яе роўную люстраную гладзь — наведвальнік можа прайсці па-над вадою па вузкім памосце. Кітайцы ўдала абыгралі прастору былой, здаецца, кацельнай з іржавымі і неверагодна прыгожымі цыстэрнамі і трубамі, дапоўніўшы яе штучным туманам і пахамі. Што датычыцца працы ізраільскай мастачкі Сігаліт Ландаў, прысвечанай Мёртваму мору, то вада ў ёй прысутнічала толькі ў выглядзе праекцый — адзіным натуральным прыродным аб’ектам была марская соль, крышталізаваная ў рыбалоўных сетках. Складаная прасторавая драматургія ізраільскай выставы падалася амаль дасканалай, да таго ж яна прадугледжвала актыўны ўдзел наведвальнікаў.

Увогуле, варта падкрэсліць, што самыя цікавыя і «кранальныя» нацыянальныя (і не толькі) праекты стратэгічна былі пабудаваны не як «выставы дасягненняў», а як інтэрактыўныя прасторы, напоўненыя мастацтвам. Ці нават сфармаваныя сродкамі мастацтва.

Крыху лірыкі. Каханне...

Дзіўна бачыць ваенную форму, дзе замест колеру хакі — рознакаляровасць кветак. Зразумела і без назвы — гэта пра каханне. Павільён Карэі, мастачка Лі Янгбаек — аўтар манументальных фотапалотнаў, дзе салдаты ў кветкавых ваенных строях хаваюцца ў пялёстках. Дзе адбываюцца парадаксальныя скульптурныя гульні — пластыкавы адлівак перамагае ў бойцы сваю форму і наадварот — форма гаротна трымае статую (якая літаральна выйшла з яе) на каленях, як Дзева Марыя Ісуса ў Мікеланджэлавай «П’еце».

Экалагічная тэма таксама гучыць праявай кахання — да няшчаснай зямлі, якая задыхаецца ад наступстваў чалавечай дзейнасці. «План Б», распрацаваны Айшай Эркмен, уяўляе з сябе аголены механізм міні-станцыі па ачыстцы вады, трубы якой шматкроць прашылі павільён Турцыі. Вада бярэцца з лагуны і, даведзеная да якасці пітной, вяртаецца назад у канал. Бессэнсоўны, неэфектыўны і амаль пяшчотны — на кантрасце ідэі з халоднымі трубамі — праект ілюструе каханне амаль безнадзейнае.

...і галубы

На жаль, птушкі (ці, дакладней, тое, што з імі здарылася) выступаюць антытэзай каханню. Мегаламаніякальны па маштабах і, адпаведна, жорсткасці рэмікс працы Маўрыцыа Катэлана «Турысты», створанай ім для 47-га Біенале ў 1997 годзе. Тады ў якасці экспанента Італьянскага павільёна аўтар абмежаваўся дзвюма сотнямі чучал галубоў і фальшывым галубіным памётам на падлозе. Цяпер колькасць таксідэрмаваных птушак значна павялічылася: групамі і паасобку дзве тысячы мёртвых галубоў нерухома назіраюць з-пад столі за наведвальнікамі галоўнага павільёна — амаль ва ўсіх яго залах. Узнікаюць слушныя пытанні — адкуль узялося столькі чучал? І куды падзеліся знакамітыя венецыянскія галубы, якія былі славутасцю Венецыі і перадусім — плошчы Сан-Марка? Баюся, што адказы тут відавочныя...

І ўсё ж — адкуль галубы, Маўрыцыа?!

■ ■ ■

Прыгадваючы біенальныя натоўпы і колькасць апазнаных знакамітасцей, даводзіцца рэзюмаваць, што Венецыянскае біенале — сапраўды «падзея нумар адзін» у свеце мастацтва. І праз сваю звышвядомасць — з’ява масавай культуры. Напэўна, як «Оскар» у кінаіндустрыі ды «Грэмі» ў поп-музыцы. Ці дарэчныя такія паралелі? У нечым так, бо гэта ўсё месцы, дзе прафесійныя супольнасці камунікуюць і вызначаюць прыярытэты. Мяркуючы па ўзроўні біенальных экспазіцый і запале абмеркаванняў, камерцыйна-статутная мішура не замінае ўласна мастацтву. Так, экспансія поп-культуры і камерцыі перыядычна выносіць падзеі нашага ўтульнага арт-свету ў загалоўкі навін, але ці мае гэта адносіны да сапраўдных працэсаў сучаснага мастацтва? Скандалы і мільённыя цэннікі — тое, што цікавіць журналістаў. Прызы і перамогі — палітыкаў. Грошы і яшчэ раз грошы — камерсантаў. Усё гэта — толькі блікі на паверхні плыні мастацкага жыцця, дзе летняя Венецыя — у фарватары.

Павел вайніцкі

 

акцэнты

АКТУАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА: НОВЫ ПОГЛЯД НА РЭЧАІСНАСЦЬ

/i/content/pi/mast/47/793/8.jpg

Драгалюб Раша Тадошыевіч. Святло і цемра сімвалаў. Павільён Сербіі. Куратар Саня Кожыч Младэнаў.

Многіх беларусаў, што актыўна цікавяцца актуальным мастацтвам і з тых або іншых прычын не трапілі на Венецыянскае біенале, турбуюць пытанні: «А ці быў актуальным Беларускі павільён? Ці не згубіўся ён сярод іншых 89 нацыянальных павільёнаў
і мноства арт-падзей, якія ўваходзяць у афіцыйную і неафіцыйную праграмы? Ці не падалася аўтарытэтнаму журы і сусветнай крытыцы безнадзейна састарэлай ці, прынамсі, крыху “рэтра” творчасць нашых удзельнікаў? І наогул, наколькі мы “адгадалі” тыя тэндэнцыі і стратэгіі экспанавання сучаснага актуальнага мастацтва, якія задзейнічалі ў сваіх праектах сусветна вядомыя куратары і мастакі?» Перш чым даць адказы, варта асэнсаваць, што ж такое Венецыянскае біенале і чым актуальнае мастацтва адрозніваецца ад сучаснага.

La Biennale di Venezia ў многіх адносінах — з’ява ўнікальная. За сваю 116-гадовую гісторыю гэты сусветны форум набыў бясспрэчны аўтарытэт сярод крытыкаў, куратараў, мастакоў, галерыстаў і тых аматараў, якія цікавяцца сучаснымі тэндэнцыямі выяўленчага мастацтва.

Адной з прычын падобнай папулярнасці з’яўляецца міжнародны склад удзельнікаў і ўзведзеная ў абсалют магчымасць творчага самавыяўлення, дзе адзіным стрымальным фактарам з’яўляецца патэнцыял самога аўтара і куратара. Мэта Венецыянскага біенале — прадстаўленне сучасных і актуальных форм мастацтва, не абмежаваных рамкамі эканамічнай, палітычнай ці культурнай «паспяховасці» той або іншай дзяржавы. Любая краіна можа звярнуцца ў аргкамітэт выставы з мэтай уключэння свайго павільёна ў агульны фармат біенале. Таксама нароўні з афіцыйнай праграмай па горадзе праходзіць мноства іншых выстаў, арганізаваных рознымі галерэямі, некамерцыйнымі арганізацыямі і інстытутамі, даследчымі цэнтрамі і проста творчымі ініцыятывамі.

Па сутнасці, задача біенале — не столькі ў стварэнні новых абстрактных мастацкіх светаў, колькі ў сталым імкненні знайсці і даць адказы на выклікі сучаснасці шляхам іх інтэрпрэтацыі нагляднымі аўдыявізуальнымі сродкамі. Міжнародны склад удзельнікаў дазваляе весці адкрыты дыялог і стварае ўсе магчымасці для паўнавартаснага і глыбокага абмену досведам. Такім чынам, кожны нацыянальны павільён, з аднаго боку, ёсць рэфлексія над уласнай краінай і культурай, з іншага ж — фарміраванне выявы ідэнтычнасці для міжнароднай мастацкай (і не толькі) супольнасці.

У вызначэнні паняццяў «сучаснае мастацтва» і «актуальнае мастацтва» сітуацыя не такая адназначная. Адказаць на пытанне «Што такое сучаснае мастацтва?» часам цяжка нават дасведчаным. І справа тут не ў тым, што яны не валодаюць інфармацыяй пра новыя выяўленчыя практыкі, хутчэй наадварот: гэтых практык становіцца так шмат, што даць ім нейкае агульнае выразнае вызначэнне і выбудаваць стройную сістэму каардынат з кожным годам становіцца ўсё цяжэй. З іншага боку, калі не пачаць выбудоўваць такую сістэму, сітуацыя наўрад ці зменіцца. На жаль, даводзіцца адзначыць: у Беларусі рэдкія спецыялісты клапоцяцца пра падобныя паняційныя тонкасці. Самае большае, што мне здаралася пачуць, гэта тэмпаральны падзел паміж «contemporary art» і «modern art», а далей абодва тэрміны зноў зліваліся ў адно агульнае паняцце «сучаснае мастацтва». Аднак нягледзячы на тое, што гэтыя паняцці часта аб’ядноўваюць, адрозненне паміж імі істотнае.

У першую чаргу важныя час стварэння твора мастацтва і тэрмін яго «жыццядзейнасці». Работы, створаныя ў перыяд з 1980-х і па сённяшні дзень, аўтаматычна прылічаюцца да contemporary art, але не ўсе яны з’яўляюцца «актуальнымі». Праўда, калі пагадзіцца з Барысам Гройсам, «нічога “актуальнага” ў сучасным свеце больш няма, таму што няма адназначна зразумелага гістарычнага прагрэсу». Даследчык прапануе замяніць гэты тэрмін на «рэлевантнае» — мастацтва, што адпавядае вызначанаму выпадку ці нагодзе. Тым не менш, не ўсе мастацтвазнаўцы такія радыкальныя, таму прапаную вылучыць некалькі крытэрыяў для размежавання. Актуальнае мастацтва ў многіх асацыюецца з мастацтвам палітызаваным, але гэта не зусім дакладна. У якасці творчай задачы можа быць абраны і палітычны аспект, але гэта не з’яўляецца неабходнай умовай «актуальнасці». Актуальнае мастацтва рэагуе на праблемы штодзённасці, на сацыяльныя цяжкасці, палітычную нестабільнасць, гендарныя і расавыя супярэчнасці — гэта значыць, у якасці прыярытэту яно прапануе прамы дыялог з будзённым жыццём, змяшчаючы ўнутр героя-гледача. Гэта ўжо пытанні не столькі эстэтыкі, колькі светаадчування і правоў на ўласнае разуменне рэальнасці, актыўнага да яе стаўлення. Праўда, у актуальнага мастацтва ёсць і адзін сур’ёзны недахоп: яно вельмі недаўгавечнае, практычна адразу пасля моманту стварэння можа або страціць сваю значнасць, або наогул знікнуць (напрыклад, перформанс). Таму на першы план выходзіць сам працэс ці акт творчасці. Разам з тым, за ўяўнай аднаразовасцю хаваюцца сур’ёзныя этычныя праблемы, якія схіляюць гледача да далейшых разважанняў, а часам і пераацэнкі маральных каштоўнасцей (што досыць часта практыкаваў Крыстоф Шлінгензіф). Адна з утоеных звышзадач актуальнага мастацтва заключаецца менавіта ва ўзмацненні працэсу самарэфлексіі гледача і пошуку ўласных сэнсаў на падставе ўбачанага. У дадатак да ўсяго варта згадаць яшчэ адзін характэрны фактар — выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій: часта менавіта ён становіцца прычынай кароткатэрміновасці.

Што да тэндэнцый, асабліва відавочных на сёлетнім форуме, то можна вылучыць наступныя кірункі: партыцыпатыўнае мастацтва (заснаванае на ўдзеле гледачоў), інсталяцыя, перформанс, медыя-мастацтва (у першую чаргу — відэаарт) і mixed art.

Варта пагадзіцца з Барысам Гройсам у тым, што мастацтва, да якога сёння прыцягнута ўсеагульная ўвага, звязана не з вытворчасцю рэчаў, а з вытворчасцю падзей і напаўненнем іх сэнсам. Яно становіцца ўсё больш інтэлектуальным. Пра гэта сведчыць і ўключэнне ў галоўную экспазіцыю, падрыхтаваную Бічэ Курыгер, трох палотнаў Цінтарэта, і анімацыя японскай мастачкі Табаімо, і інсталяцыі Андрэя Манастырскага ў Расійскім павільёне, і эфектны Венгерскі павільён пад назвай «Crash» («Аварыя»), што ўвёў у сваю прастору пабіты аўтамабіль і оперны спеў, і Нямецкі павільён (ён атрымаў галоўную ўзнагароду), які прадставіў рэтраспектыву работ Крыстофа Шлінгензіфа.

Сучаснае мастацтва — гэта ўжо далёка не WOW-art, а, хутчэй, медытатыўная прастора, схіляючая да самарэфлексіі. Самым безнадзейным заняткам у Венецыі быў бы аднадзённы «аўта-прагон» па ўсіх павільёнах. Празмернае насычэнне візуальнымі выявамі і гукавымі эфектамі з большай імавернасцю прывядзе да кагнітыўнага дысанансу, чым да асэнсавання аўтарскіх канцэпцый, а менавіта іх трэба было прапусціць праз сябе і зразумець — у адваротным выпадку вы сыдзіце расчараванымі.

Што ж да нашага павільёна, то магу выказаць толькі сваё асабістае меркаванне: ён не расчараваў. Падчас збораў у Венецыю мне было дзіўна чуць наперад адмоўныя меркаванні пра тое, чаго яшчэ ніхто як след не бачыў. Чаму ў зыходных падставах мы ідзем ад загадзя нізкай ацэнкі? Адкуль гэтая ўпэўненасць, што — не зможам? Што ў «іх» нічога не атрымаецца? Прычым нават не важна, хто гэтыя «яны»... Маючы магчымасць прысутнічаць на папярэднім праглядзе для прафесіяналаў, мэтай якога з’яўлялася знаёмства крытыкаў, мастацтвазнаўцаў і галерыстаў з прадстаўленымі на біенале павільёнамі, я ніводнага разу не сустрэла негатыўнай рэакцыі ці нават паблажлівай усмешкі ў бок нашай экспазіцыі. Яна была эфектная, і гэта прызнавалі не толькі нашы суседзі па выставачнай пляцоўцы, але і «простыя» гледачы.

Безумоўна, на біенале былі мастакі з сусветным імем, але які сэнс падганяць свае ідэі пад іх лякалы? Паверце, яны ўсё адно пойдуць далей сваім, толькі ім вядомым, шляхам.

Якія высновы? Можна «адгадаць» асноўныя сусветныя тэндэнцыі ў сферы экспанавання выяўленчага мастацтва, задзейнічаць самыя сучасныя тэхналогіі, запрасіць знакамітых куратараў і найталенавітых мастакоў, але і гэта не з’яўляецца зарукай перамогі.

Не варта марнаваць час, пралічваючы ўдалыя і няўдалыя моманты. Мае сэнс яшчэ раз задумацца: хто мы такія, якія нашы традыцыі? Галоўнае — рухацца далей, ствараючы ўласную творчую праграму. Толькі параўноўваючы сябе з іншымі — мы расцём. Тое, што з часам ператвараецца ў тэндэнцыю, узнікае менавіта такім чынам.

Вольга Дзмітрыева

 

«KODEX» ЯШЧЭ НЕ НАПІСАНЫ

/i/content/pi/mast/47/793/10.jpg

Айша Эркмен. План Б. Павільён Турцыі. Куратар Фулья Эрдэмсі.

Каб пазбегнуць таго ўзроўню мастацкага прадукту, які мы ўбачылі на Венецыянскім біенале пад назвай «Беларускі павільён», у перыяд арганізацыі патрабавалася, па меншай меры, прагаворванне розных пазіцый.

Група мастакоў (Руслан Вашкевіч, Канстанцін Селіханаў і аўтар гэтых радкоў) выказала сваё меркаванне пра структуру падрыхтоўкі да біенале яшчэ пасля заканчэння папярэдняга фэсту. Такі праект павінен пачынацца з конкурсу куратарскіх прапаноў і іх сур’ёзнага абмеркавання экспертнай супольнасцю. Калі не выканана першая ўмова, то ўсе наступныя дзеянні не маюць сэнсу, што, уласна, і прадэманстраваў Нацыянальны павільён 2011 года: актуальнае мастацтва ці актуальны праект не можа нарадзіцца дырэктыўным шляхам. Гэта свабодная справа: гутаркі, абмеркаванні — і зноў гутаркі, гутаркі, гутаркі. Толькі ў атмасферы дыскусій магла з’явіцца персона куратара.

Верагодна і тое, што паўнавартасны праект на першых этапах нашага ўдзелу ў міжнародным фэсце мог зрабіць толькі замежны куратар з досведам падобнай працы. Таксама варта было запрасіць беларускіх мастакоў, якія жывуць за мяжой і праявілі сябе ў вялікіх міжнародных выставах: яны разумеюць і адчуваюць сучасны кантэкст. Але ж не: мы самі ведаем, як трэба, — і ад іх падтрымкі прынцыпова адмовіліся.

Я не хачу прад’яўляць прэтэнзій да мастакоў — удзельнікаў павільёна: іх увялі ў дзіўны куратарскі кантэкст, няпростыя экспазіцыйныя ўмовы, не далі выявіць волю і энергію, асэнсаваць сябе ў прапанаванай прасторы. Нелагічнае спалучэнне творцаў, непрагаворанасць куратарскай задумы, недарэчны выбар памяшкання — усё гэта прывяло да сумнага выніку. Наогул, ствараецца такое ўражанне, што і для куратара, і для камісара падрыхтоўка да біенале з’явілася заняткам нядзельнага дня сярод многіх іншых іх пасяджэнняў і камісій...

Зрабіць геніяльную экспазіцыю не было галоўнай задачай пры падрыхтоўцы фактычна першага ўдзелу ў біенале, самае важнае — стварыць сістэму на будучыню. Сістэму, якая з часам стала б спараджаць сур’ёзныя вынікі. І гэтая задача (яна, дарэчы, не патрабавала вялікіх матэрыяльных выдаткаў) не тое што не выканана, а, здаецца, нават не ўсвядомлена арганізатарамі. Ці не ў гэтым самы асноўны мінус: кодэкс ці збор палажэнняў пры працы над праектам ад пачатку не выпрацоўваўся.

Калі я наведаў экспазіцыю біенале ў самыя насычаныя дні — суботу і нядзелю, высветлілася, што павільён не працуе. Больш недарэчную сітуацыю цяжка сабе ўявіць: перасякаеш заліў у Арсенале і натрапляеш на зачыненыя дзверы нацыянальнай экспазіцыі, сустракаеш каля яе літоўскага (у маім выпадку) наведвальніка, які пытае: «Чаму зачынена?», і сам са здзіўленнем паўтараеш: «Чаму?»

Чаму для экспазіцыі было абрана непрыдатнае офіснае памяшканне (яно ўяўляе скразны калідор, шырынёй тры з паловай і даўжынёй каля дваццаці пяці метраў)? Чаму ў каталозе невыразны тэкст, які ні пра што прынцыпова не гаворыць? Шмат пытанняў... Ці пачуем мы калі-небудзь адказы на іх ад камісара і куратара?

Цяпер некалькі слоў пра саму экспазіцыю, знак якой — скульптура Канстанціна Касцючэнкі — і рэкламны плакат бачныя з процілеглага боку ўнутранага заліва Арсенала. У беларускім сучасным мастацтве часта сустракаўся, ды і дагэтуль сустракаецца вобраз чалавека з шырока разведзенымі рукамі (ці то ад здзіўлення пры выглядзе велізарнасці свету, ці то ад жадання яго ахапіць) — ён, відаць, ідзе ад выявы распяцця. У самой зале пры ўваходзе наведвальніка сустракае планшэт, які перагароджвае ўвесь калідор. На ім змешчана карціна Віктара Пятрова памерам каля 180 сантыметраў: чырвоная фарба па белым палатне, назва — «Апакаліпсіс». Справа — яшчэ адна выява: «Двое святых» (як сведчыць подпіс) — гэта досыць фрывольны партрэт пары дзяўчын, таксама чырвоным па белым, у так званай сучаснай вольнай манеры. Са зваротнага боку планшэта — відэа Дзяніса Скварцова з невыразным мантажом і манерным сюжэтам. «Прыемную» графіку Юрыя Алісевіча атачаюць два маніторы з «мілымі» мульцікамі Віктара Пятрова на заалагічныя тэмы, што сведчаць не столькі пра апакаліпсічнасць мыслення аўтара, колькі пра яго далікатную і сентыментальную па сутнасці натуру. Лагодная паўсядзённая графіка, сімпатычныя мульцікі — гэта расслабляе і супакойвае, хочацца адпачыць, і ты бачыш у канцы калідора нешта накшталт мяккай канапы даволі дзіўных прапорцый і формы. Праўда, наблізіўшыся, разумееш, што памыліўся — адпачываюць іншыя: саламяная «Тайная вячэра» Артура Клінава, якая летась нядрэнна прагучала ў Палацы мастацтва... Яе цэнтравае размяшчэнне ў Мінску ў вольнай прасторы было апраўданым і пераканаўчым, у Венецыі ж гэта работа стварала дзіўнае адчуванне недарэчнасці... Дзясятак прац, аб’яднаных толькі словам «Кодэкс», — незразумелая сумесь біблейскіх матываў, штодзённасці і заалогіі. Адзіным уцешным момантам выставы, па словах відавочцаў, з’явіўся перформанс Віктара Пятрова, выкананы ім на цырымоніі адкрыцця.

У маі ў перадстартавым інтэрв’ю ў «Советской Белоруссии» Міхась Баразна наступным чынам патлумачыў канцэпцыю павільёна: «Кодэкс — гэта частка кнігі без вокладкі». Але «без вокладкі» азначае яшчэ і неструктураваная, выпадковая, непрадуманая і ў непрыстасаваным памяшканні. Зрэшты, так і атрымалася. Насамрэч, асноўнае значэнне гэтага слова, замацаванае ў культуры, — сістэма, сукупнасць нормаў, правілаў, звычак, перакананняў. Блытаніна ў вызначэннях прывяла да блытанага выніку.

Паўтаруся, усю выяўленую вышэй іронію не хацелася б пераносіць на мастакоў: іх творчая воля не прачытвалася і, мяркуючы па экспазіцыі, проста не прымалася ў разлік. На маё меркаванне, сумна, без рызыкі і тэмпераменту, правялі сваю акцыю камісар і куратар. Вядома, што немалаважная частка куратарскай працы — стасункі з калегамі, знаёмствы і кантакты — праводзіцца пасля адкрыцця. Ці было такое?

І напрыканцы хацелася б сказаць колькі слоў пра павільёны нашых блізкіх суседзяў. У адрозненне ад досведу папярэдніх гадоў вельмі ясным атрымаўся праект Расіі. Выклікаюць павагу цэласнасць і пераканаўчасць мыслення куратара Барыса Гройса, мастака Андрэя Манастырскага і групы «Калектыўныя дзеянні». Літоўскі павільён прадэманстраваў элегантнасць думкі і эканомію сродкаў (вось сапраўды правільная эканомія!) мастака Дарыюша Мікшыса і камісара Кейстуціса Кузінаса. Варта адзначыць якасны праект Польскага павільёна, размах і багацце Украінскага. У літоўцаў і ўкраінцаў таксама няма сваіх сталых месцаў на біенале, але кожным разам яны вырашаюць гэтую праблему вельмі паспяхова.

Выснова адна: нацыянальная выстава павінна пачынацца з непрадузятага вольнага мыслення, з правільнага знаходжання прасторы і яе асэнсавання, а таксама з беражлівага стаўлення да слоў. Каб тэма вядомага апавядання Томаса Мана «Смерць у Венецыі» не паўтаралася зноў і зноў.

Сяргей КІРУШЧАНКА

 

ВЫСПА НА ВЫСПЕ НА ВЫСПЕ...

Мы трапляем на выспу чароўных дэкарацый тэатра, прадстаўленне ў якім скончылася гадоў 300 таму, заслона апушчана, і ўсе — толькі гледачы. Знаходжанне тут нестабільнае, як вада — яна аснова, абарона і пагроза гэтага горада, рух па ёй — шлях да млоснасці. Камень — сведка гераічных перамог — знаходзіцца ў чаканні апошняга слова стыхіі. Гісторыя сыграла злы жарт. Адваяванае ў прыроды і свету прайграла часу.

Венецыі ў гэтым сэнсе не пашанцавала: нават авіяцыя саюзнікаў не вызваліла пляцаў для будучага росту, канчаткова ператварыўшы горад у музей, падзенне якога да ног рамантычнага варвара — турыста было б незваротным, калі б мастакі не авалодалі ваеннай тэрміналогіяй. Авангард знайшоў сабе гавань у сталіцы смерці. Выспа ідэі новага на выспе традыцыі мастацтва ў моры астравоў культуры старога свету.

Гэтым разам Венецыянскае біенале мастацтва праходзіла пад назвай ILLUMInazioni — «Ілюмінацыя», «Ззянне нацый» (дарэчы, ёсць яшчэ адно значэнне гэтага слова: «ілюмінаты» — «асвечаныя», тэрмін, што часта выкарыстоўваецца ў тэорыях змоў, якія прадугледжваюць існаванне нейкай таемнай арганізацыі, што сакрэтна кіруе сусветнымі працэсамі).

Куратар выставы Бічэ Курыгер неаднаразова падкрэслівала пэўную актуальнасць нацыянальнага ў час глабалізацыі. Для Беларусі гэтая тэма аказалася своечасовай для першай самастойнай прэзентацыі на найстарэйшым у свеце форуме сучаснага мастацтва, які бярэ пачатак яшчэ ў XIX стагоддзі і сягае каранямі ў праблематыку нацыянальнага вызначэння ў постнапалеонаўскую эпоху. Нягледзячы на 116-гадовае спазненне, мы нарэшце — да дваццацігоддзя новай незалежнасці — сталі ўсведамляць сябе як нацыя, здольная выказвацца на мове сучаснасці і, спадзяюся, мастацтва.

Сённяшні сусветны акіян шматстайнасці зусім не збіраецца зрабіцца струменем бясформеннасці, і такія мерапрыемствы выяўляюць вызначаныя тэндэнцыі. Уласна венецыянская выспа выспаў састарэлых нацыянальных павільёнаў застаецца ў гэтым сэнсе непатапляльнай, прыцягваючы да сябе ўсё большую ўвагу.

Апошнія гады, як мне здавалася, палітызацыя мастацтва зрабілася настолькі тэматызаванай, што перастала быць мовай індывіда, усё больш нагадваючы публіцыстыку, якая працуе на чужых «плантацыях». Аднак крызісны рэнесанс войн і рэвалюцый, падобна на тое, не адпускае мастака на волю. Так, напрыклад, Амерыканскі павільён пасля гадоў прадстаўлення класікі здзіўляе выяўленай самакрытыкай. І не так ужо важна, што для прэзентацыі ідэі запрошаны легіянеры Джэніфер Алора і Гільерма Кальсадзілья. Амаль упэўнены: для выразу радыкальнай палітычнай думкі неабходны незалежны старонні прадстаўнік. Як гэта зрабілі палякі, агаляючы табу яўрэйскага пытання ў праекце «...і Еўропа будзе паражоная» мастачкі з Ізраіля Яэль Бартаны. Данія, прадстаўленая інтэрнацыянальнай групай, тэматызуе свабоду ў шырокім разуменні. Не ведаю, ці варта называць рэфлексію падобнага роду рэальнай палітыкай, хутчэй — крытыкай, зваротам да праблемы бессэнсоўнасці гвалту, які даходзіць да абсурду, дэструкцыі, руйнавання, трэшу. Такім або іншым чынам з гэтай тэматыкай працавалі Швейцарыя, Вялікабрытанія, Расія, Сербія, Егіпет, Карэя, Германія, Бельгія, ПАР.

Другая асаблівасць, на якой я хацеў бы завастрыць увагу, — татальнасць інсталяцый. Спроба цалкам авалодаць прасторай, ператварыўшы яе ў суцэльны твор, і змяшчэнне чалавека ўнутры. Ці гэта брутальны падыход у тэатральнай «Царкве страху» Крыстофа Шлінгензіфа, у постіндустрыяльнай упакоўцы «Крышталя супраціву» Томаса Хіршхорна, ілюзорнай сімуляцыі «Я, самазванец» Майка Нэлсана, ці — наадварот — архітэктурная элегантнасць у павільёнах Грэцыі (Дзіёхандзі) і Аўстрыі (Маркус Шынвальд). Не варта забываць і пра прэзентацыі Францыі (Крысціян Балтанскі), Расіі (Андрэй Манастырскі) ці групавы праект Галандыі — «Адкрыты твор/Вольная праца». Мяркую, што атмасфера — самы неабходны элемент выставы, і гэтым разам ззяць нацыянальным павільёнам удалося ў большай меры, чым асноўнай экспазіцыі ў Арсенале і Цэнтральным павільёне, хоць і там мы знойдзем не менш значныя рэалізацыі: Харун Мірза, Моніка Сасноўска, Джані Каломба, Джэймс Тарэл.

Не толькі глядач — частка працэсу, але і сам мастак становіцца арт-аб’ектам. Перформанс працягвае жыць у горадзе карнавалаў, няхай гэта адбываецца ў форме архіва Манастырскага і «Калектыўных дзеянняў» ці спартовай пластыкі Джэніфер Алоры і Гільерма Кальсадзільі. Цела, змешчанае ў дэкарацыі, мімаволі ператвараецца ў частку спектакля, як, напрыклад, алігарх на яхце ці прэзідэнт з дочкамі. Мне, вядома, мілей непрычасаныя «The Krasnals» ці «La Tunca Foundation», якія дзейнічаюць па-за генеральнай лініяй, што ў маіх вачах надае ўсяму мерапрыемству адмысловую жвавасць.

Пра такія выставы можна казаць доўга, паглыбляючыся і аналізуючы.

Вернемся ж на нашу выспу «пасярод Еўропы» з яе «кодэксам». Я, вядома ж, рады, як і ўсе суайчыннікі, што нарэшце мы выйшлі ў адкрытае мора, нам хапіла адвагі і розуму, мы паспелі, калі надышоў час. Вышэй ветразі! Шырэй рукі! — хочацца выгукнуць следам за Канстанцінам Касцючэнкам. Асягнуць неабсяжнае нам не ўдасца, і, накшталт яго скульптуры (а яна па задуме куратара — галоўная метафара праекта пра «кнігу без вокладкі»), мы аказваемся разадранымі «святым словам». Я не ў стане прачытаць метафару дзвюх аднолькавых рук: як ні круці, мне здаецца: яны — заўсёды правыя. Гартаем старонкі далей. Беларускі павільён — гэта калідор офіса ці прахадная. У гэтым мы сапраўды аказаліся арыгінальнымі: другога такога павільёна ў Венецыі не знайсці. Я нават парадаваўся б за ўдзельнікаў — усе яны шчыра спрабавалі прадставіць нас як актуальных. Уражвае... Але тут мы і падыходзім да галоўнага пытання сучаснасці: «Хто ўласна з’яўляецца стваральнікам праўдзівай карціны?» У нашым выпадку гэта — не мастакі. Прыцягненне да праекта такіх дзеячаў альтэрнатыўнай культуры, як Артур Клінаў ці адзін з заснавальнікаў легендарнага фестывалю перформансу «Навінкі» Віктар Пятроў, робіць гонар куратару, які разумее ролю кадраў, але гэта не ратуе. Без самастойна выяўленай пазіцыі мастак — статыст. У contemporary art аўтарская прэзентацыя можа быць толькі радыкальнай, а Венецыянскае біенале менавіта яе і разглядае. Адразу відавочна, што мы пад’ехалі сюды толькі сёння. І тут «акадэмічная пашыраная прэзентацыя розных жанрава-відавых спектраў духоўных традыцыйных нацыянальных тэндэнцый фігуратыўнага» недарэчы. Не тое што я кагосьці хацеў бы пакрыўдзіць, але прадстаўляць актуальнае беларускаму акадэмічнаму асяроддзю не ўдавалася ніколі — як і на гэтым выставачным скразняку ад «разадранага аднарукага» да «вялікага абалваненага» праз маньерызм-гламурызм «партызанскага кіно» і вытанчаную «банальнасць мастацкага побыту». Апошні жывы жэст — перформанс Пятрова: спроба заставацца да канца мастаком у працэсе.

Так што, калі вярнуцца да асноўных тэндэнцый, мы ў плыні: мастак — аб’ект, атмасфера — выяўлена, палітыка — ясная. Засвяціліся, і галоўнае: мы больш не выспа.

Андрэй Дурэйка

 

АСАБЛІВАСЦІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АРТ-ІДЭНТЫФІКАЦЫІ

/i/content/pi/mast/47/793/13.jpg 
Агульны выгляд экспазіцыі Беларускага павільёна.
Павільён Рэспублікі Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале аказаўся канцэптуальным і эфектным ці непрадуманым і неструктураваным? На старонках часопіса прадстаўлены цэлы спектр даволі супярэчлівых меркаванняў, што тычацца абранай тэмы, экспазіцыйнага памяшкання, працы арганізатараў і мастакоў-удзельнікаў.

Увазе чытачоў мы прапаноўваем гутарку карэспандэнта «Мастацтва» Любові Гаўрылюк з камісарам павільёна, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталляй Шаранговіч, якая ўпэўнена: беларускі праект ідэальна ўпісваецца ў кантэкст сусветных арт-тэндэнцый.

Якія вашы ўражанні ад la Biennale di Venezia ў цэлым?

— Венецыянскае біенале збірае вялікую колькасць краін, і кожная атрымлівае магчымасць паказаць тое, што лічыць патрэбным. Агульная тэма «ILLUMInations» дастаткова шырокая, яна толькі задае накірунак думкі. Назва тэмы мае шмат перакладаў, тлумачэнняў, у тым ліку «асвятленне», «асвета нацыі», таксама гэта слова можна трактаваць як «асвяці нацыю». Але на першым месцы знаходзіцца пытанне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, і ўсе краіны дэманструюць сябе па-свойму. Дзякуючы працы куратараў павільёнаў мы бачым нацыянальны погляд — на свет і на саміх сябе.

Многія павільёны імкнуліся здзівіць чымсьці — у асноўным, высокатэхналагічнымі аб’ектамі. Узаемнае пранікненне навукі і мастацтва ўражвала: напрыклад, у адной з італьянскіх зал працэс руху вады і паветра ператвараўся ў арт-акцыю, гэты арт-аб’ект быў прадстаўлены ў выглядзе панэлей, якія рухаліся. У павільёне Японіі дэманстравалі абсалютна неверагодную анімацыю. ЗША выставілі танк, перакулены гусеніцамі ўверх.

Многія краіны не пабаяліся паказаць класіку, і мяне гэта ўзрадавала, бо ў нас кажуць, што сучаснае мастацтва не павінна быць канцэптуальным і што класічныя формы сталі салонам. Але важна, каб мастак адчуваў сябе вольным. Напрыклад, Канада выставіла класічны жывапіс — магчыма, цяпер для яе гэта істотна. Славакія паказала добрую скульптуру — не акадэмічную, але ўсё ж тое не нанатэхналогіі, а скульптура. Свет не баіцца нічога, а мы, гаворачы пра разнастайнасць, пастаянна спрачаемся аб тым, які накірунак абраць.

Наколькі павільён адлюстроўвае стан сучаснага беларускага мастацтва?

— Наш павільён даказаў: беларускае мастацтва развіваецца ў еўрапейскім кантэксце і знаходзіцца на добрым узроўні. Мы паказалі тое, што актуальна для нас саміх і для свету. Беларуская публіка добра ведае частку прадстаўленых работ — яны сучасныя, бо ў гэтых працах ёсць актуальныя ідэі. І біенале — выстава не дасягненняў, а ідэй.

Думаю, у нас атрымалася памяняць меркаванне пра беларускае мастацтва. Яшчэ нядаўна многія наракалі на тое, што ў нас ёсць толькі акадэмічная школа, якая не дае развівацца актуальным накірункам, а калі тыя і існуюць, дык выключна ў неафіцыйных умовах.

Так вось, у павільёне не было карцін у залатых рамах, на адкрыцці ніхто не рабіў акцэнту на ўрачыстых прамовах. Мы пачалі з перформансу Віктара Пятрова, і ён прыцягнуў вельмі многіх гледачоў — гасцей з суседніх павільёнаў, удзельнікаў сур’ёзнай міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла непадалёк. Перформанс быў прысвечаны нараджэнню колеру, пераходу ад чорнага да чырвонага. Як і жывапіс Віктара, гэта было вельмі ярка, нават брутальна.

Нам вельмі пашанцавала з месцам экспазіцыі. Упершыню мы адкрылі Беларускі павільён, зроблены самастойна ад пачатку і да канца, і ён знаходзіўся менавіта ў цэнтры — у Новым Арсенале.

Мы паказалі, што наша мастацтва толькі засноўваецца на класічнай школе. Многія могуць дазволіць сабе працягнуць вучобу ў Еўропе. Акрамя Беларускай акадэміі мастацтваў, Канстанцін Касцючэнка вучыўся ў Фларэнцыі. Дзяніс Скварцоў, які прадставіў вельмі цікавы іранічны відэаарт, заканчваў адукацыю ў Аўстрыі. Класічная школа накладваецца на еўрапейскую, і разам яны даюць моцны імпульс да развіцця, да вельмі крэатыўнага аўтарскага мыслення. Сёння ўсё гэта запатрабавана і лепшым чынам характарызуе стан беларускага мастацтва.

Ідэя экспазіцыі — «Kodex», што ў першапачатковым сэнсе абазначае частку кнігі без вокладкі, яе аснову. Мы паказалі свае спосабы візуалізацыі тэксту, стварэнне вобразаў адбывалася не толькі класічнай мовай графікі, але і з дапамогай пластычных і медыя-сродкаў. Кожны аўтар здолеў захаваць уласную ідэю ў сваёй рабоце. Усе мастакі нашага павільёна працавалі ў рамках беларускай ідэнтыфікацыі — і па канцэпцыях, і па візуальнай мове, і па матэрыялах.

Нечакана ўвагу журы прыцягнула графіка Юрыя Алісевіча. Нечакана — бо журы сваю рэакцыю не дэманструе і нічога не каментуе падчас прагляду. Лірычная філасофская серыя «Маё асяроддзе» — гэта невялікія працы, зробленыя гелевай асадкай. Своеасаблівыя «акенцы» ў беларускае жыццё, дапоўненыя стыльнай гульнёй подпісаў на дзвюх мовах, патрабуюць пільнай глядацкай увагі.

За два тыдні да адкрыцця куратар біенале Бічэ Курыгер аб’явіла: экспазіцыя асноўнага праекта будзе заснаваная на трох працах Цінтарэта, адна з якіх — «Тайная вячэра». Таму другі раз журы спынілася каля інсталяцыі Артура Клінава: той жа сур’ёзны сюжэт, а матэрыял — беларуская салома. Яе ў Венецыі дакладна не знайсці, але яна нараджае масу асацыяцый. Незвычайная пластыка — салома выглядае як залатая вязь — нагадвае і штосьці антычнае, і алтары з разьбой, і нават мазаікі плошчы Сан-Марка...

Што трэба рабіць для таго, каб умацаваць пазіцыі і павысіць рэйтынг Беларусі на сусветнай арт-сцэне?

— Мы былі поўнасцю ў кантэксце сусветных тэндэнцый, і ёсць надзея, што наш удзел у біенале будзе працягвацца. Зараз вельмі важна не паставіць кропку. Прыйдуць новыя куратары, з іншымі думкамі, прыйдуць новыя мастакі. Галоўнае — наяўнасць моцных цэльных ідэй, бо менавіта за іх даюць «Залатых ільвоў». Ці за тэхналагічнасць праекта. Пакуль мы на гэта прэтэндаваць не можам, нам гэта не блізка. Як правіла, беларускае мастацтва рукатворнае — магчыма, тое ментальная асаблівасць нацыі. Але мы здольныя браць іншым — незвычайнай яркай ідэяй, якую можна выразіць нават мінімальнымі сродкамі.