Лірыка і механіка

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Мастак і музыкант у кропцы перасячэння

/i/content/pi/mast/46/784/16.jpg

Без назвы. Алей. 2005.

Пра роднасць музыкі і жывапісу напісана шмат... Сёння сваім унікальным досведам дзеляцца два мінскія творцы: мастак Іван Семілетаў і музыкант Раман Мацін. Іх лучаць не толькі доўгія гады сяброўства, але і блізкія творчыя погляды, кшталтаванне якіх адбывалася на ўзаемаўплывах і перасячэннях уласных шляхоў.

Раман Мацін — джазавы гітарыст эксперыментальнага кірунку, аўтар арыгінальных музычных ідэй, высока ацэненых класікамі сусветнага джаза. Стыль Рамана ўяўляе сабой сінтэз джазавай імправізацыі і акадэмічнай кампазіцыі. Дзякуючы ў асноўным інтэрнэту ён мае тысячы слухачоў па ўсім свеце.

Іван Семілетаў — творца надзвычай разнастайны. Лёгка пераходзіць ад адной тэхнікі да іншай, ад жывапісу да габелена і графікі. Ён мяняецца з кожным творам, хоць асноўнае застаецца — дасканалае адчуванне колеру, разуменне формы як зменлівай субстанцыі, здольнай утрымліваць розныя станы існавання знешняга і ўнутранага жыцця прыроды і чалавека.

Спакутаваныя механізмы

Праца «Іржа» — адна са знішчаных мной у 2004 годзе. Серыя малюнкаў і акварэляў паўстала пасля вандраванняў па закінутых заводах. Мяне ўразілі забытыя станкі, што паступова разбураліся і былі падобныя на велізарных бездапаможных жывёл.

Я вырашыў напісаць серыю карцін на тэму пакуты, правёўшы ў ёй паралель з чалавекам. Гэта так захапіла мяне, што часам я нават падымаўся ўначы і кідаўся да стала, каб тэрмінова штосьці замаляваць — твар, ледзь бачны ў цемры, фрагменты механізмаў, абломкі самалёта. Галоўная задача была ў тым, каб увасобіць гэтыя механізмы як адушаўлёныя ці прытоена-адушаўлёныя. Калі я маляваў вялікую плоскасць, пакрытую ржой, дык адчуваў яе як скуру. Чорныя кропкі шруб размяшчаў так, каб яны набывалі іншае значэнне, маглі быць вачамі ці ноздрамі. Тое, што я ўвасабляў, было для мяне патаемным. Стала неабходнасцю абараніць гэты свет і захаваць унутры сябе. Адзіным чалавекам, якому я гэта паказваў, быў Раман.

Часам мне здаецца, што мастаку, калі ён займаецца жывапісам, лепш паказваць свае малюнкі музыканту. Тады могуць адбывацца інтуітыўныя стасункі. Музыка — рэч абстрактная, яна складаецца з гукаў-пачуццяў. І тут атрымліваецца цікавы эфект: Рома ўспрымаў мае працы менавіта пачуццёва, як музыку, а не з боку тэхнікі выканання, якая мае для мяне другараднае, падпарадкаванае ідэі значэнне.

Цэлы год маляваў алоўкам на паперы, часам выкарыстоўваў фарбу. Я паставіў задачу паспрабаваць увасобіць выявы максімальна выразна. Да палотнаў не прыступаў свядома. Толькі чорнае і белае.

Праз года паўтара працы, калі сабраліся дзве пульхныя папкі алоўкавых малюнкаў, я вырашыў перанесці з паперы на палатно карціну «Уяўленне. Прысвячаецца музыцы Шонберга». Музыка гэтага аўстрыйскага кампазітара вылучаецца складанасцю мовы і дысананснасцю гучання — яна вядомая пад назвамі атанальнай ці 12-тонавай музыкі. «Уяўленне» я маляваў пад эмацыйна насычаную кампазіцыю «Пелеас і Мелісанда». Але, як ні дзіўна, Шонберг уздзейнічаў на мяне зусім не экспрэсіўным зместам сваёй музыкі, а кароткімі атанальнымі фрагментамі — яны выклікалі ў мяне адчуванне, якое я назваў пачуццём «празрыстасці». (Чаму б не даваць назвы кожнаму новаму адкрытаму ў сабе пачуццю?) Лічу, што атанальныя ці блізкія да атанальных фрагменты найлепш адпавядаюць кампазіцыйнаму ладу «Уяўлення». Такія мае адкрыцці заўсёды выклікалі ў Рамана велізарную цікавасць. Як чалавек, што паглыблена вывучае кожную ноту буйных музычных твораў, ён мог паказаць мне гэтыя элементы.

Пазней трактоўка «механічнага» ў маіх малюнках зведала пэўныя перамены. Іржавыя постаці паступова ператварыліся ў шкляныя ці каменныя, таксама неадушаўлёныя. Сярод тых прац была невялікая серыя «Крышталізацыя пустэчы. Што застаецца ў душы пасля сыходу блізкіх людзей?» — малюнкі постацей, якія складаліся з фрагментаў розных прадметаў і ўзнікалі нібы пад уздзеяннем нейкай невядомай сілы. Нечая заблудная ў гэтым свеце душа гуляе з намі. Прадметы ствараліся ў такой паслядоўнасці, што няцяжка было зразумець, каму належала гэта душа пры жыцці. Да серыі адносяцца малюнкі «Закаханыя», «Арэна», «Балерына», «Калекі», эскіз да карціны «Шкляны танец».

Цяжка выказаць словамі, наколькі гэта цікава — знаходзіць блізкія мне выявы ў музыцы Рамана, бачыць іх ператварэнне і далейшае існаванне, але ўжо ў свеце гукаў.

Іван Семілетаў

 

Нежывое, што імкнецца да жыцця

Доўгі час мяне займала пытанне «эстэтыкі механічнага». У маім разуменні гэта нешта незвычайна дакладнае, выразнае, правільнае. У гэтай правільнасці несумненна жыве прыгажосць. А што, калі субстанцыю «жывога механічнага», «лірычнага механічнага», якія валодаюць чалавечымі пачуццямі, эмоцыямі, уявіць як нешта, што жадае вырвацца з іржавых кайданоў? У музыцы я выкарыстоўваю «жывыя механічныя сэмплы» — музычныя фразы, сыграныя з чалавечым падыходам — вар’іраваннем тэмпу, дынамікі, — якія аўтаматычна паўтараюцца. Гэта значыць, эстэтычная прыгажосць «жывога» аб’ядноўваецца з прыгажосцю «дакладнага». Атрымліваецца такая машына, што пачынае размаўляць. Адным з найболей удалых фрагментаў сваёй творчасці я лічу п’есу «Механізм, які плача». У ёй я выкарыстоўваю скажоную, багатую абертонамі «ржавую» танальнасць. Сэмпл, які ўтварае лірычную фразу з падагнанай басовай лініяй, паўтараецца з матэматычнай дакладнасцю некалькі разоў і нібы выпадкова знаходзіць іншае музычнае развіццё.

Жыццё — несумненна вялікая вартасць. Я лічу цікавым мастацкім прыёмам паказаць нежывое, якое імкнецца да жыцця. Гэта нібы вектарная скіраванасць. З іншага боку, жывое, якое страчвае твар у механічных паўторах, таксама ўяўляе для мяне эстэтычную цікавасць.

Якія яшчэ візуальныя выявы натхняюць мяне на стварэнне музыкі? Індустрыяльныя ландшафты. Асабліва віды паўразбураных заводаў і фабрык у гадзіны світанку, калі прамень сонца дакранаецца да ржавых збудаванняў. Калісьці на фабрыцы віравала жыццё, цяпер — гэта велізарны помнік. Кропелька расы сцякае па некалі магутнай пабудове. Наогул, у індустрыяльным ёсць нешта велічнае — маніфест неадушаўлёных прадметаў і механізмаў. Маленькія элементы жыцця, уплеценыя ў свет робатаў і машын, — няхай гэта будзе парастак дзьмухаўца ці павуцінка, — ствараюць дзіўную супярэчнасць. Сваю музыку я б назваў саўндтрэкам да пейзажу світанку на такой закінутай фабрыцы. Гэта лірыка ў механічным свеце іржы і шумоў.

У сваёй музыцы я прыйшоў да выкарыстання скажэння гуку. Лічу важнай задачай перадаць музычную выяву з уласцівым толькі для яе скажэннем. Адкуль мы чуем музыку? Часцяком з тэлевізара, радыёпрыймача. Рэдка чутно жывое выкананне. Лічыцца, што менавіта жывое гучанне — найлепшае. Але што, калі паглядзець з іншага боку і прыняць скажонае гучанне не за спробу наблізіцца да эталона, а за сам эталон? Калі дапусціць гэту гукавую «ржу» ў свет музыкі, можа, яна здабудзе новыя грані?

У індустрыяльным механічным свеце маленькая драпіна ці паломка — нікчэмныя. Масіўнасць усяго збудавання душыць дробныя нюансы і агрэхі, нягледзячы на тое, што яно ў сутнасці з іх і складаецца і імі характарызуецца. Для мяне музычны твор — як само збудаванне, і невялікія скажэнні ў ім выглядаюць больш рэалістычна.

Бачыць хараство ў тым, што не прынята лічыць прыгожым, — гэта, у пэўным сэнсе слова, прызванне. Мы спрабуем прымусіць гледача і слухача пранікнуць у сутнасць усяго механічнага, аўтаматычнага, жалезнага, якім поўніцца сучасны свет, часта пазбаўлены самага простага чалавечага.

Раман МАЦІН