«Лілея» цвіце круглы год

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Сеанс адначасовай гульні Яўгена Гладкова

/i/content/pi/mast/46/781/12.jpg

«Лілея» і яе кіраўнік Яўген Гладкоў.

У прасторы сучаснага музычнага мастацтва Беларусі цымбалы не адно дзесяцігоддзе захоўваюць статус сімвала нацыянальнай культуры. Пераемнасць традыцый і адкрытасць да абнаўленчых павеваў — тэндэнцыі, што вызначаюць сённяшні дзень айчыннага цымбальнага выканальніцтва. Пераканаўчае сведчанне гэтаму — юбілейны канцэрт ансамбля цымбалістаў «Лілея» Беларускай акадэміі музыкі, які адбыўся ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі.

Студэнцкі ансамбль цымбалістаў, арганізаваны ажно ў 1966 годзе, адразу пачаў сцвярджацца як канцэртны калектыў. З таго часу выступленні па Беларусі і ў замежжы набылі рэгулярны характар. Знамянальнымі падзеямі ў жыцці ансамбля зрабіліся арыгінальныя канцэртныя праграмы, выступленні перад замежнымі дэлегацыямі, удзел у шматлікіх фестывалях. Нельга не згадаць і асабліва яркія старонкі, звязаныя з паспяховымі выступленнямі ў розных краінах Еўропы — Славакіі, Польшчы, Германіі, Расіі, Украіне, Прыбалтыцы.

З цягам часу калектыў набыў сённяшнюю назву — «Лілея». У самім гэтым найменні адчуваецца спалучэнне грацыі і гонару, элегантнасці і пяшчоты, строгасці і паэтычнасці — характэрных рысаў адметнага ансамбля. Нават цяжка ўявіць, колькі ўдзельнікаў «Лілея» змянілася за сорак пяць гадоў творчага існавання калектыву! Цяпер яго аснову складаюць дзевяць цымбалістаў, якіх па неабходнасці дапаўняюць іншыя інструменталісты. Дарэчы, многія дзяўчаты добра спраўляюцца з ударнымі і шумавымі інструментамі, могуць іграць на талерках, барабанах, бяруць у рукі трохвугольнік, тамбурын ці маракасы.

Цікава, што цымбалісты на рэпетыцыях у класе часам выкарыстоўваюць люстэрка — гэта прымушае ўспомніць пра балетных танцораў ля станка. Невыпадкова выканаўцы з «Лілеі» літаральна заварожваюць выразна артыстычнай формай сваіх сцэнічных паводзін — пластыкай рук, агульнай дынамікай рухаў, якія становяцца натуральным складнікам музычнага твора. Так нараджаецца яго непарыўны гука-зрокавы вобраз — з’ява прыцягальная, прасякнутая ўнутранай энергетыкай. Таму традыцыйная для ансамбля форма інструментальнага канцэрта пераўтварылася ў інструментальны тэатр.

У выкананні «Лілеі» аднолькава годна і пераканаўча гучаць апрацоўкі і пералажэнні, тэхнічна-віртуозныя п’есы і праграмныя творы, акадэмічная і папулярная музыка. Невыпадкова спецыяльна для ансамбля айчынныя кампазітары ствараюць эксклюзіўныя творы, якія і складаюць большую частку рэпертуару «Лілеі».

Даўнімі сябрамі «Лілеі» з’яўляюцца вядомыя творцы Уладзімір Кур’ян і Вячаслаў Кузняцоў, чые арыгінальныя сачыненні папаўняюць рэпертуар. Некаторыя з іх — «Добры вечар» і «Смешная музыка» Кузняцова, «Стары гадзіннік» і «Сеанс адначасовай гульні» Кур’яна — дзякуючы «Лілеі» ўжо набылі папулярнасць. Адначасова з імі ў канцэрце прагучала і зусім свежая п’еса «Галоп», якую Уладзімір Кур’ян напісаў, як кажуць, на адным дыханні, спецыяльна для калектыву.

Шмат разнастайных твораў для цымбал стварыў вядомы кампазітар Віктар Войцік. Адно з нядаўніх сачыненняў, паэма «Беларусь — мая Атлантыда» (для ансамбля цымбалаў, скрыпкі і камп’ютарнай фанаграмы), прасякнутая глыбокай філасофскай думкай, упершыню прагучала ў Мінску.

Падчас юбілейнага канцэрта можна было адчуць адзінства ансамблевага дыхання, гармонію і дзівосную суладнасць гучання цымбалаў і, разам з тым, то выразнасць сольных выказванняў у іх вольнай і часам імправізацыйнай манеры, то нечаканы, ярка вызначаны размах аркестра. Такая шматграннасць самавыяўлення цудоўнай «Лілеі», вядома, ідзе ад творчай асобы Яўгена Гладкова, вядомага беларускага цымбаліста і педагога, стваральніка і нязменнага кіраўніка ансамбля.

Ён больш за 30 гадоў з’яўляецца загадчыкам кафедры струнных народных, а цяпер струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў Акадэміі музыкі, сёння ўзначальвае Асацыяцыю беларускіх цымбалістаў, з’яўляецца прафесарам і народным артыстам Беларусі.

У юбілейным канцэрце знанага калектыву браў удзел і яго кіраўнік, выявіўшы пры гэтым творчую шматаблічнасць. Па-першае, як аўтар пералажэнняў твора «Pro et contra in D» Уладзіміра Каральчука, прызначанага ў арыгінале для мандаліны і баяна, і іншых сачыненняў. Па-другое, як дырыжор опуса «Quo vadis» таго ж кампазітара, напісанага для ансамбля цымбалаў, двух трамбонаў, трубы, ударных і двух раяляў. Дакладнасць і выразнасць жэста, унутраная стрыманасць і разам з тым яркая, непрыхаваная артыстычнасць дырыжора адпавядаюць адточанасці ўсіх дэталяў партытуры, яснасці сольных выказванняў і ансамблевых дыялогаў.

Нарэшце, маэстра ўзяў у рукі цымбальныя палачкі. І тады «Беларуская мелодыя» Іосіфа Жыновіча прагучала як даніна памяці настаўніка, заснавальніка прафесійнага выканальніцтва на цымбалах і наогул народна-інструментальнага выканальніцтва ў Беларусі. У «Сеансе адначасовай гульні» Уладзіміра Кур’яна Яўген Гладкоў паўстаў у ролі «вядомага гросмайстра», прыняўшы аблічча Астапа Бендэра. Тэатралізаваны інструментальны тэатр завяршыўся жартаўлівай «Смешнай музыкай» (для добра тэмпераваных бутэлек і цымбалаў), якую Вячаслаў Кузняцоў прысвяціў Яўгену Гладкову і калектыву. Не будзе перабольшаннем сказаць, што згаданы філарманічны праект — гэта не толькі свята-падзея для ансамбля «Лілея», але ж і своеасаблівае музычнае прынашэнне яго ўдзельнікаў Яўгену Гладкову, майстру цымбальнага мастацтва, таленавітай асобе з невычарпальнай энергіяй, для якога сёлетні год — таксама юбілейны.

Вера Каштальян