Давайце лятаць разам!

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Падзея ў Новым драматычным

/i/content/pi/mast/46/780/11.jpg

Уладзімір Агаян (Бэн).

Спектакль па п’есе літоўскага драматурга Сінціі-Лаўры Чарняўскайтэ «Бляск летняй вады» на сцэне мінскага Новага драматычнага тэатра паставіла Віргінія Тарнаўскайтэ. Сцэнаграфія — Яўгена Волкава.

Прыгожая, паэтычная і крыху халаднаватая назва спектакля не перадае ягоную энергетыку — напружаную, моцную, пульсуючую. Гэта не проста пералівы святла — сонца, кінутае ў халодную ваду. Апякаючае полымя ў апякаючай вільгаці — прыкладна так можна было б акрэсліць яго жанр. Больш звыклым вызначэнням ён паддаецца з цяжкасцю. Тое не трагедыя ў традыцыйным разуменні слова: падзеі спектакля — драматычныя, ды не надзвычайныя. Але ж гэта і не драма, таму што героі жывуць у гранічным напружанні эмацыйных і фізічных сіл. Трагедыя ў сціплым адзенні драмы, неверагоднае ў абліччы паўсядзённасці.

Словы «новае», «незвычайнае», «нешараговае» так і просяцца на паперу. Новы тэатр, новы спектакль, новая драматургія, новы тып драматызму, калі высокая трагедыя ўзнікае з плыні штодзённага жыцця.

Галоўная гераіня п’есы Базіле — маленькая дзяўчынка, нават не падлетак. У спектаклі яе іграе адзінаццацігадовая вучаніца Дзіцячай тэатральнай школы № 1 пры Новым драматычным тэатры Валерыя Сакалова. На вачах гледачоў адбываецца складаны псіхалагічны працэс: першае сутыкненне дзіцяці са смерцю, усведамленне незваротнай страты. Скончыла жыццё самагубствам маці Базіле; ні дзяўчынка, ні яе бацька не ведаюць прычыны гэтага ўчынку і пакутліва імкнуцца яе зразумець. Драматург і рэжысёр надзяляюць Базіле незвычайнымі здольнасцямі: яна можа бачыць душы памерлых, валодае дарам лекаркі. Часта па начах дзяўчынка бачыць цень сваёй маці, якая танчыць. Бацька верыць і не верыць дачцэ, ён прыгнечаны смерцю жонкі, яго палохаюць расповеды Базіле. Бэн — Уладзімір Агаян — спрабуе знайсці заспакаенне ў працы (ён — разьбяр па дрэве), але спакой не надыходзіць. Калі ў дом трапляе маладая настаўніца Базіле, закаханая ў Бэна, дзяўчынка адразу заўважае сімпатыю, што ўзнікла паміж Бэнам і Адай — Кацярына Ермаловіч, — і ў ейнай душы ўспыхвае рэўнасць.

Тэма смерці ў спектаклі паўтараецца і ўзмацняецца вобразам Кіпраліса — Ігар Вяракса, — сябра Базіле, які памірае ад лейкеміі. Маці Кіпраліса — Ірына Карняевіч — даведваецца пра незвычайныя здольнасці Базіле і прывозіць да яе сына з апошняй надзеяй на выратаванне.

Іх сустрэча — адзін з лепшых эпізодаў у спектаклі — прыгожы, кранальны, мабыць, таму, што ў ім іграюць дзеці. За некалькі сцэнічных хвілін юныя акцёры ўзнаўляюць гісторыю ўзаемаадносін сваіх герояў: імгненнае адчуванне роднасці душ, узаемаразуменне, давер, непераадольнасць хваробы, жаданне адцягнуць разлуку — усё тое, што ў дарослых людзей магло б называцца каханнем. Як акрэсліць гэтае пачуццё ў дзяцей — не ведаю, мабыць, таксама каханне, або эскіз кахання, ягоны накід, прадчуванне.

Якім чынам Віргінія Тарнаўскайтэ змагла дамагчыся ад юных акцёраў такой арганічнасці, такой псіхалагічнай глыбіні, такога разумення зусім не простай драматургіі — яе прафесійны сакрэт, а можа — прафесійны подзвіг (Віргінія Тарнаўскайтэ — педагог тэатральнай школы пры Новым тэатры, і ў спектаклі іграюць яе вучні). Канешне, дзеці з’яўляліся на прафесійнай сцэне і дагэтуль, часам як статысты, часам як акцёры, але яшчэ ніколі ім не быў цалкам давераны лёс спектакля. Цалкам — гэта, найперш, пра Валерыю Сакалову. Роля Кіпраліса надзвычай важная ў сэнсавым і эмацыйным малюнку спектакля, але ягоны энергетычны і дзейсны цэнтр — гэта Базіле.

Хто яна, галоўная гераіня спектакля? Як разумець сэнс і значэнне яе вобраза? Маленькая дзяўчына, знясіленая горам? Не, яна актыўна жыве, спазнае свет, здзяйсняе ўчынкі, часам добрыя, часам злыя. Актрыса і рэжысёр нават не спрабуюць прыхарошваць унутраны свет гераіні: там змяшаны дабро і зло, спачуванне і нянавісць, любоў і рэўнасць. Надта шмат паспявае распавесці пра сваю гераіню маленькая актрыса за тыя няпоўныя дзве гадзіны, пакуль ідзе спектакль. Роля Базіле — сакрушальны ўдар па амплуа травесці, у аснове якога — перакананасць у тым, што дзіця не можа сыграць значную тэатральную ролю. Удалыя дзіцячыя ролі ў кіно не рэдкасць, але там ёсць магчымасць здымаць невялікімі эпізодамі, з перапынкамі і дублямі. На сцэне ж ролю трэба сыграць цалкам і адразу, без дубляў і буйных планаў. Гэта значна складаней, і таму лічылася, што проста немагчыма, асабліва калі гаворка ішла пра вобразы высокага драматычнага напалу. Але змяняецца час, і дзеці змяняюцца разам з ім...

Пры ўсёй маёй павазе да класічнай літаратуры, варта зноў паўтарыць, што тэатр жыве сённяшнім днём, сучаснай драматургіяй і сучаснымі героямі. Пільная цікавасць да класікі, якую мы назіраем у апошнія гады — сведчанне крызісу літаратуры, разгубленасці практыкаў, адсутнасці новых ідэй у тэарэтыкаў. І самае галоўнае — адсутнасці вобраза сучаснага героя. Хто ён — чалавек ХХІ стагоддзя? Што шукае, чаго дамагаецца, чаго хоча? На мой погляд, галоўная тэма спектакля «Бляск летняй вады» — даследаванне людзей новага веку, вялікіх і маленькіх. Можна схавацца ад новых абставін, можна ісці ім насустрач, але ўжо нікому не пад сілу адмяніць свабодныя інфармацыйныя плыні, новыя фантастычныя тэхналогіі, змены прыроднага асяроддзя і перамены ў свядомасці. Базіле гаворыць з душамі памерлых, можа лячыць людзей і жывёл, але яна не феномен і не ўнікум — звычайнае дзіця новага стагоддзя, што жыве сярод добрых людзей старога веку. Яны не ўсё бачаць, не ўсё адчуваюць і разумеюць, а хворы орган імкнуцца адрэзаць, а не вылечыць. Людзі мінулага жывуць у гарызантальным свеце, ідуць ад нараджэння да смерці, рэдка азіраюцца вакол сябе. Дзеці ж новага стагоддзя дакладна ведаюць, што свет — вертыкальны, палёты — рэальныя, а душа — свабодная і неўміручая.

Мы жывём на памежжы эпох, і скрозь нас, як трава скрозь камень, прарастае новае чалавецтва новай эпохі. Яно зусім не ідэальнае. Базіле кажа, што ў ёй пасяліўся страшэнны звер нянавісці, яна раўнуе свайго бацьку да Ады і падпальвае старую пуню, дзе бачыла іх разам. Ды толькі каханне прыносіць радасць і спакой, толькі яно адраджае жыццё пасля смерці. Яшчэ ненароджанае дзіця Ады і Бэна гаворыць з Базіле голасам памерлага Кіпраліса: ён супакойвае звера ў яе душы, абяцае хуткую сустрэчу. І цяпер яго з’яўленне на свет будзе чакаць новая сям’я: Базіле, Ада і Бэн.

Спектакль вельмі просты і лаканічны па форме. Рэжысёр не шукае эфектных мізансцэн і прыёмаў, каб падкрэсліць тую або іншую думку, пачуццё, сітуацыю. Яго галоўны інструмент — акцёры, іх галасы, пластыка, эмацыйнасць. Канешне, перад прафесіяналамі стаяла нялёгкая задача: трэба было знайсці сцэнічны кантакт з юнымі выканаўцамі, стварыць цэласны ансамбль. Нельга не згадаць старую тэатральную прымаўку пра тое, як няпроста іграць на сцэне разам з дзецьмі і сабакамі... Мяркуючы па спектаклі — зусім няпроста. Асабліва — з Валерыяй Сакаловай, у якой, нягледзячы на ўзрост, выбуховы тэмперамент і жорсткая манера ігры. У цэлым задача рознымі выканаўцамі ў рознай меры ў спектаклі была вырашана. Хоць я лічу, што акцёрскі патэнцыял рэалізаваны не цалкам, і па гэтай лініі спектакль будзе «падрастаць». Усе астатнія кампаненты выкарыстоўваюцца так, што максімальна дапамагаюць акцёрам у стварэнні вобразаў. У сцэнаграфіі шмат дрэва, бо Бэн — разьбяр, але адначасова дрэва перадае атмасферу літоўскай вёскі, дзе побач — лес і рака, бляск вады ў сонечны дзень.

Сярод адметных тэхнічных прыёмаў — відэашэраг спектакля. Зрэдчас заднік сцэны ператвараецца ў экран, і на ім узнікаюць імгненні іншай рэчаіснасці: рэальнасці сноў і мар. Базіле хочацца лятаць, і яна павольна лунае на экране над квітнеючым лугам, пазбягаючы вільготных аблокаў. Адной лятаць страшнавата, і тады побач з’яўляецца бацька — разам з ім весялей. Доўгае паліто Бэна развяваецца па ветры, і ён смяецца ад радасці. Калі Базіле сумуе, думае пра маці. Да дзяўчынкі прыплывае рыбіна ў залацістай лусцы — і Базіле супакойваецца.

Экран дапамагае рэжысёру стварыць мадэль шматвымернай прасторы, правесці злучальную лінію паміж зямлёй і небам. Гледачам прапануецца не толькі азірнуцца наўкол сябе, але і глянуць угару, на ззянне зорак. Свет не толькі велізарны — ён шматстайны і вертыкальны. Таму ўменне лятаць становіцца актуальным.... На маю думку, спектакль — пра гэта, хоць ён, пэўна, і пра многае іншае. Яго варта разгледзець больш уважліва: там шмат прыхаванага ў «закутках» тэксту і паваротах дзеяння. Нягледзячы на сур’ёзнасць тэматыкі, ён атрымаўся шматадрасным — яго з цікавасцю глядзяць і дзеці, і дарослыя.

 Галіна Алісейчык