Другое дыханне

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Дыялог кантрастаў у адной экспазіцыі

/i/content/pi/mast/46/779/8.jpg
Анатоль Бяляўскі. Бацька. Алей. 1986.
Юбілейныя выставы ў Палацы мастацтва заўсёды выклікаюць цікавасць: гэта сведчанні сталасці творчых асоб. Часта толькі тут па-сапраўднаму выяўляюцца здабыткі юбіляраў, якія раней маглі быць малапрыкметнымі на групавых паказах. Немагчыма сказаць, што біяграфіі сучасных аўтараў сярэдняга пакалення спрэс роўныя ды паспяховыя. Здараюцца крызісы і застоі і ў паважаных майстроў. Але ў такіх экспазіцыях заўсёды можна знайсці «сваю» мастацкую перліну...

Сумесная выстава да 50-годдзя Анатоля Бяляўскага і да 60-годдзя Лявона Грышука звярнула ўвагу нечаканай спалучанасцю твораў двух аўтараў-юбіляраў у адной зале Палаца. Мабыць, упершыню яны прадставілі свае творчыя здабыткі так шырока, таму можна казаць пра адкрыццё «новых мастакоў», раней значна менш вядомых. Яны вельмі розныя па характары выяўленчай мовы, што надае іх экспазіцыйнаму «суседству» кантрасны характар. Ёсць і агульнае: абодва аддаюць перавагу канкрэтным натурным і эцюдным матывам і вобразам, мала дбаюць пра адмысловыя тэхнікі і фактуры жывапіснай паверхні. Гэта нават шакіруе, выклікае розныя крытычныя выказванні аматараў «сучаснага мадэрнізатарства», але спыняе ўвагу шырокага кола менш «эстэтных» гледачоў, якім, мабыць, не хапае беларускіх рэалій. Таму мастацкаму крытыку ёсць над чым паразважаць.

Спачатку пра «фатаграфізм» Анатоля Бяляўскага. Скончыўшы ў 1984 годзе кафедру графічнага дызайну, ён адразу захапіўся станковымі жывапіснымі праектамі. Шмат павандраваў на працягу постперабудовачных часоў па заходнееўрапейскіх краінах, дзе выканаў многа работ на розныя спажывецкія густы. Як сам прыгадвае, стаў аўтарам, верагодна, амаль тысячы жывапісных партрэтаў, краявідаў, нацюрмортаў для прыватных калекцый. Але ўрэшце пераканаўся, што сапраўдны аўтарытэт і прызнанне можна здабыць толькі на роднай зямлі. І ў 2000-х гадах вярнуўся ў Беларусь.

Хуткасць выканання твораў мастак тлумачыць наяўнасцю шматлікіх фотаэцюдаў — яны выкарыстоўваюцца для жывапісных палотнаў. Гэта паскарае працэс ад нараджэння ідэі да завершанай кампазіцыі. Метад цалкам прымальны для аператыўнай сучаснай творчасці, але ў яго ёсць і свае хібы, якія трэба будзе пераадольваць здольнаму мінскаму «фотарэалісту». Эфект завершанасці фотакадра з яго колеравай падпарадкаванасцю дакладнаму, нават ілюзорнаму малюнку празмерна скоўвае мастака. Часта дробнасць дэталей перашкаджае адчуць галоўнае ў кампазіцыі, сканцэнтраваць увагу на больш агульным і жывапісна выразным. Але гэта — чыста тэхнічныя праблемы, што не могуць стаць непераадольнымі для вопытнага прафесіянала.

Больш важна падкрэсліць станоўчыя вынікі сучаснага этапу творчасці мастака. Стрыжнем яго экспазіцыі сталі партрэты бацькі і маці. Сярод вобразаў нашых сучаснікаў — не зусім завершаны партрэт мінскай прыма-балерыны Кацярыны Алейнік, у якой знайшоў «сваю» вобразную жамчужыну. Яе партрэтную і пластычную выразнасць можна ўспрыняць як сімвал эстэтычнага руху нашага культурнага асяроддзя да новых мастацкіх вышынь, да новага «срэбнага веку». І выдатна, што Анатоль Бяляўскі не спыняецца на першым кроку, распачаўшы цэлую серыю вобразных «прыма-ўвасабленняў».

У партрэтным жывапісе аўтар аддае належнае калегам. Найбольш удалым стаў партрэт графіка Уладзіміра Сытчанкі, дзе сканцэнтраваны рамантычнасць, непаўторная індывідуальнасць мастака-педагога.

Пасля вяртання ў беларускую сталіцу Анатоль Бяляўскі беспамылкова знайшоў яе гістарычнае сэрца: Верхні горад. Гэты па-свойму свяшчэнны пагорак, наш мінскі Акропаль, працягвае жыць ціхамірным жыццём, і тут заўжды адбываецца нешта цікавае. Цыкл работ, звязаных з гэтым месцам, мастак распачаў зімовымі пейзажнымі ўражаннямі, у цэнтры якіх — Кафедральны сабор. Вельмі прыцягальная тэма, яе варта развіваць у розныя поры года, памятаючы легендарны вопыт Клода Манэ з імпрэсіяністычна-шматразовым адлюстраваннем Руанскага сабора.

/i/content/pi/mast/46/779/9.jpg
Лявон Грышук. Мелодыя. Алей. 2001.
Лявон Грышук прыйшоў да свайго творчага 60-годдзя зусім іншым шляхам. Выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча 1976 года, ён не захацеў працягваць вучобу ў творчых ВНУ, а прыслухаўся да парад свайго добрага знаёмага, мастака-наватара Ізраіля Басава, які заклікаў да жывапіснага самавызначэння па-за афіцыйнымі ўстаноўкамі. Творчае і асабістае жыццё Грышука моцна закранула чарнобыльская трагедыя: ён быў адным з ліквідатараў, што змагаліся з наступствамі выбуху 1986 года, меў пасля гэтага шмат праблем са здароўем...

З 1990-х гадоў Лявон Грышук распачынае цыкл, прысвечаны хрысціянскай тэматыцы, — у яго яна цалкам пазбаўлена іконнай кананічнасці. Мастак выпрацаваў асабісты метад спрошчанага адлюстравання людзей-знакаў, сімвалаў, што ўвасабляюць сваімі рухамі і паставамі працэс барацьбы светлага і змрочнага ва ўмоўнай вобразнай прасторы.

Нягледзячы на вонкавую «элементарнасць» сродкаў выразнасці, майстру ўдаецца перадаць свае складаныя творчыя задумы, змусіць гледача паразважаць над убачаным і перажыць шчырае далучэнне да вельмі актуальных ідэй, пачэрпнутых з біблейскіх першакрыніц. Найбольш уражваюць яго «дарогі ў неба», якія нагадваюць лесвіцы ці перакідныя масточкі, спушчаныя з духоўных вяршынь у свет чалавечай занядбанасці. Часам такі шлях духоўнага ачышчэння ўвасабляецца аўтарам праз слупок трапяткога святла, якое сутыкаецца на жывапіснай плоскасці з цёмным атачэннем і працінае яго праменьчыкам надзеі. Драматычныя па сваёй напружанасці творы не стамляюць вока сучасных гледачоў сваімі кантрастамі, бо ёсць трывалая неабходнасць візуалізацыі містычнай «прасветленасці» як вобразнай альтэрнатывы цёмнай бездухоўнай бездані. Мастак, які перажыў чарнобыльскія выпрабаванні, мае поўнае права звяртацца да сучаснікаў на такой напружанай ноце.

Часта аўтар імкнецца да асабістай інтэрпрэтацыі добра вядомых у гісторыі выяўленчага мастацтва біблейскіх сюжэтаў: «Пацалунак Іуды» (2000), «Будзеш лаўцом людзей» (2002), «Саўл, за што ты гоніш Мяне?» (2006)... Малюнак тут зусім умоўны, але сваю вядучую ролю адыгрывае шматзначны кантрасны колер. Можна і не пагаджацца з такой трактоўкай хрысціянскай класікі, але творы спыняюць увагу каларыстычнай экспрэсіяй, надоўга запамінаюцца, нібы гучныя музычныя акорды. Мабыць, даўно наспела неабходнасць дастукацца да сэрцаў нашых сучаснікаў, дапамагчы ім усведамляць хрысціянскія ідэі і супастаўляць іх з уласным жыццём. І дасягаць гэтага варта праз самыя розныя вобразныя рашэнні, якія нават могуць парушаць нейкія стэрэатыпы.

Лявон Грышук вялікую ўвагу надае пленэрнай творчасці, рэгулярна выязджае на эцюды ў родныя мясціны Міншчыны, а таксама наведвае на сваім персанальным аўто, добра прыстасаваным для жывапісных вандровак, Віцебшчыну, Гродзеншчыну, Брэстчыну. Яго вабіць каларыстычнае багацце беларускіх камерных куточкаў-краявідаў з іх ідэальна скампанаванымі самой прыродай старымі дрэвамі, берагамі рэчак, ляснымі сцяжынкамі. Аўтара захапляюць шэра-серабрыстыя драўляныя хаты і хлеўчукі, руіны архітэктурных помнікаў. Яго пейзажным адкрыццём сталі рэшткі сядзібаў такіх славутых асоб, як граф Тышкевіч, Наркевіч-Ёдка. Мастак мяркуе і надалей весці свае жывапісныя пошукі, выкарыстоўваючы магчымасці аднасеансавага экспрэсіўнага адлюстравання.

Дасягаючы сталага ўзросту, творца нярэдка атрымлівае ў падарунак «другое дыханне». Таму так важна арганізоўваць персанальныя выставы, не пакідаць па-за ўвагай здабыткі аўтараў, якія не стамляюцца быць адкрывальнікамі новых вобразных тэм, звязаных з нашай краінай — невядомай не толькі замежнаму свету, але часткова і нам самім.

 Яўген Шунейка