Замест сну

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

«Ноч музеяў» у Мінску і свеце

/i/content/pi/mast/46/776/Untitled-1.jpg

«Мастацтва Афрыкі. Рытмы і рытуалы» ў Мемарыяльным музеі-майстэрні
Заіра Азгура.

«Мастацтва замест сну»... — пад такім аптымістычным дэвізам адбылася гэтым годам «Ноч музеяў» у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура. Гэты лозунг можна было б распаўсюдзіць на ўсе мінскія ўстановы, калі не прымаць жаданае за сапраўднае.

За чысціню канцэпцыі

Магчыма, яна і не патрэбна, і міжнародная канцэпцыя для нас мала што значыць, але яна існуе. «Ноч музеяў» праводзіцца з 1997 года, а яе ідэя належыць адміністрацыі Берліна. Тады там існавала 200 музеяў з коштам уваходу ад 7 да 20 еўра. Улады вырашылі, што новая акцыя дасць магчымасць далучыцца да мастацтва тым, хто не можа за гэта заплаціць: для наведальнікаў адчынілі дзверы бясплатна, а экскурсіі праходзілі цягам усёй ночы.

Ініцыятыва мела такі поспех, што ўжо ў наступным годзе яе падхапілі дваццаць гарадоў Германіі. У 2005-м французы назвалі праект міжнародным, музейна-выставачным і культурна-адукацыйным, прапанавалі праводзіць «Ноч...» штогод, і неўзабаве рашэнне на гэты конт было зацверджана Саветам Еўропы.

Па просьбе маскоўскіх і кіеўскіх музеяў быў арганізаваны начны рух аўтобусаў. У Маскве з інтэрваламі ў 10–20 хвілін грамадскі транспарт бясплатна курсіраваў па трох маршрутах. Такім чынам выйграюць і музеі, і госці. А гледачы сапраўды атрымліваюць мастацтва замест сну.

Яшчэ адна дэталь. Пры супрацоўніцтве з арт-праектам Google гасцям можна было паказаць 17 музеяў свету ў мультымедыйным фармаце залы.

Адаптацыя

Беларускія музеі ўдзельнічаюць у міжнароднай акцыі з 2004 года. Першымі былі Нацыянальны мастацкі і Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Паступова далучыліся іншыя пляцоўкі — сталічныя і рэгіянальныя, буйныя і невялікія: усе яны распрацоўваюць праграмы, прыцягваюць творчых людзей, адкрываюць незвычайныя экспазіцыі і напаўняюць пазапланавыя гадзіны музыкай, перформансамі, моднымі дэфіле, гістарычнымі рэканструкцыямі...

Выдзелены на акцыю час рэдка насамрэч супадае з начным. Нашы музеі працуюць у лепшым выпадку да 24.00. А многія пераносяць імпрэзу на іншыя дні. Зразумела, на гэта ёсць прычыны, і зразумела, што наведвальнікі будуць не супраць, калі праграма цікавая. Але пры чым тут «Ноч музеяў»?

З-за банальнай неабходнасці выканання плана наша «Ноч...» патрабуе грошай. Сёлета кошты квіткоў у Мінску вар’іраваліся ад 2 да 45 тысяч беларускіх рублёў. Дзеля справядлівасці адзначым, што часам нават у рамках адной праграмы арганізатары спрабавалі вылучыць таннейшыя пазіцыі.

Па меркаванні намесніка дырэктара Мастацкага музея па навуковай працы Надзеі Усавай, платны ўваход патрэбен і як свайго роду фільтр. На жаль, наша публіка не заўсёды ўмее паводзіць сябе ў прыстойным месцы, некаторыя прыходзяць патусавацца, прыносяць піва і застаюцца надоўга — у чаканні шоу. Пры гэтым зусім не цікавяцца ні мастацтвам, ні музеем.

Тым часам «правільная» публіка раскупляе квіткі загадзя, за некалькі дзён, і гэта таксама праўда. Як і запрашэнні ў vip-залу, што ўжо зусім незразумела з пункту гледжання дэмакратычнай канцэпцыі імпрэзы.

Падобная сітуацыя склалася і ў маскоўскіх музеях. Дзяржаўныя працуюць да 24.00, прыватныя — усю ноч. Мерапрыемства ў асноўным платнае, праўда, са зніжкай да 50%. Дзяржаўны музей выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна адкрыў наведвальнікам не ўсе залы: «Dior: пад сцягам мастацтва» ў начным фармаце даступны не быў. Летась гэтак жа была зачынена выстава Пікасо.

Тэндэнцыі

Фантазію музейных работнікаў адносна «Ночы...» ніхто не абмяжоўвае. Зыходзячы з досведу мінулых гадоў, можна прасачыць дзве тэндэнцыі: адны ўстановы ў стварэнні сваіх праграм ідуць вольным шляхам далёкіх асацыяцый, іншыя кіруюцца традыцыйным музейным фарматам.

Музей-майстэрня Заіра Азгура паспрабавала абодва варыянты. У мінулыя гады гэта былі майстар-класы для дзяцей, паказ дакументальных французскіх фільмаў, выстава прац сучасных беларускіх скульптараў. Гэтым разам установа прапанавала гасцям рытуальныя афрыканскія песні, танцы і школу ігры на этнічных барабанах. Афрыканская тэма настолькі натхніла наведвальнікаў, што квіткі былі прададзены практычна адразу. Свята пачалося ў дзесяць вечара, пазней былі яшчэ тату і маскі — але апошнія паказы ўбачылі толькі самыя стойкія гледачы. Былі запланаваны і невялікія выставы скульптуры: аўтары Кабіна Ньярка (Гана), Вераніка Гарбылёва і Валянцін Борзды (Беларусь). Але музычных і тэатральных груп было значна больш: афрыканскіх поруч з беларускімі «Нагуалем» і «Хорціцай».

А вось Літаратурны музей Янкі Купалы абраў тэму дастаткова распрацаваную, але для сябе, напэўна, новую. Гэта быў «Фестываль беларускай, не зусiм беларускай i зусiм не беларускай рэкламы» з намерам паказаць рэкламу векавой даўнасц.

Цікавую (і блізкую профілю ўстановы) ініцыятыву праявіў Літаратурны музей імя Багдановіча. У праграме «120 прызнанняў паэту» павінны былі прагучаць 120 вершаў, 120 песень, госці мусілі станцаваць 120 танцаў (ці станцавалі, ніхто не лічыў)!

Не адыходзячы ні на крок ад зместу сваёй працы, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыў на працягу трох гадзін тры выставы (праўда, дзея адбывалася на тры дні пазней «Ночы...»).

Па ўсёй краіне можна было азнаёміцца з культурай Японіі, гісторыяй гарадоў і кніг, сувенірамі савецкага часу, экспанатамі прыватных калекцый і графіці.

Вось толькі гендарныя ідэі з вызначэннем «міс», пераапрананні, «ажыўленні» карцін у нашых вядучых музеях — Нацыянальным мастацкім і Гістарычным — здаліся мне залішне папулісцкімі. Мала таго, што лепшых і таленавітых зноў шукалі сярод медыйных асобаў, самі тэмы былі другасныя і пазбаўленыя творчага патэнцыялу. Але ахвотнікаў убачыць гэтыя шоу аказалася вельмі шмат — чэргі стаялі нават на вуліцы.

Цікава звярнуцца да вынікаў апытання, праведзенага ў 2009 годзе ў Францыі. Так, 54% жадаючых спрычыніцца да «Ночы музеяў» складала моладзь ва ўзросце да 25 гадоў. Той факт, што музей можна наведаць у незвычайны час і ўваход туды ў гэтыя гадзіны бясплатны, аказаўся вырашальным для 34% гледачоў. Імпрэза ўяўляе асаблівую цікавасць для тых, хто не ходзіць у музеі наогул ці наведвае іх рэдка — такіх людзей прыблізна 49%. Прыблізна палова апытаных кажуць, што іх прыцягваюць маляўнічыя шоу і атракцыёны, якія музеі праводзяць, каб залучыць наведвальнікаў.

Думаю, што і наша музейная супольнасць павінна прааналізаваць наяўны досвед і адказаць сабе на некалькі пытанняў. Для чаго яны праводзяць імпрэзу? З мэтай далучыць публіку да мастацтва? Прыахвоціць да музея? Ці — узняць людзям настрой, пацешыць? Калі самыя буйныя і добра абсталяваныя музеі вядомыя ўсім без выключэння і проста так заяўляць пра сябе для іх не мае сэнсу, то што іменна варта ім паказваць на сваіх прэстыжных пляцоўках? І як павінны выходзіць з ценю невялікія ўстановы? Ці можна падлічыць выдаткі, «галаўны боль» і дывідэнды ад правядзення «Ночы музеяў»? Падумаць пра гэта трэба, напэўна, менавіта цяпер, пакуль уражанні яшчэ свежыя. І адказы пашукаць, вядома, толькі для сябе — каб ні ў якім разе не зарэгламентаваць і не засушыць метадычнымі рэкамендацыямі пакуль яшчэ вольную «Ноч...».

Любоў Гаўрылюк