Адбыцца, каб існаваць надалей

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Славянскія тэатральныя сустрэчы

/i/content/pi/mast/45/770/39.jpg

«Шчасце Лізы і Ягора» Георгія Марчука. Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа.

Адзінаццаты міжнародны фестываль «Славянскія тэатральныя сустрэчы», як і звычайна, адбыўся ў маі, у самы прыгожы час для паўднёвага беларускага горада. Калі Гомель літаральна патанае ў квецені. Калі адначасова красуюць яблыні, цюльпаны, бэз... Усе разам — нібы цудоўная аздоба, шыкоўная рама, у межах якой мусіць расцвітаць мастацтва... Урэшце, як бы там ні было, усё роўна ў памяці — апрача спектакляў — застаецца гэтае неўтаймоўнае вясновае буянне. Ці не яно насамрэч і вызначае своеасаблівы фестывальны акцэнт? Здаецца, што горад, ахоплены цёплым водарам, арганізатары прапануюць удзельнікам «Славянскіх тэатральных сустрэч» у якасці ці не галоўнай стравы, падкрэсліваючы, што іх фэст найперш мае на мэце сустрэчу даўніх сяброў.

Уласна кажучы, менавіта на сяброўскіх стасунках трымаецца ўвесь абавязковы кантэкст. Заснаваны ў 1994 годзе фестываль першапачаткова меў штогадовы фармат. Стаяў ля вытокаў міжнароднага тэатральнага руху ў Беларусі (да прыкладу, у 1994-м узнікла «Маладзечанская сакавіца», а знакамітая «Белая Вежа» распачалася толькі ў 1996-м). Асаблівы настрой «Славянскіх тэатральных сустрэч», прынамсі, у першыя гады існавання, варта лічыць настальгічным. Уласна кажучы, гомельскі фестываль узнік неўзабаве пасля распаду Савецкага Саюза. Арганізатары — іх душой, сэрцам і маторам з’яўлялася знакамітая Валянціна Рагоўская — невыпадкова яшчэ доўга адчувалі сябе «ўнутры адзінай культурнай прасторы», носьбітамі агульных славянскіх традыцый і маралі. Напачатку фестываль упарта шукаў кропкі скрыжавання «брацкіх культур», таму штогод па чарзе праходзіў у Гомелі, Бранску і Чарнігаве — рэгіянальных культурных кропках колішніх савецкіх рэспублік. Час распарадзіўся па-свойму, і наладзіць бесперапынны тэатральны кругазварот так і не ўдалося. Затое трывалыя сяброўскія сувязі паміж трыма абласнымі тэатрамі надзейна замацаваліся. І нават цяпер, калі форум збіраецца раз на тры гады, ніколькі не аслабелі.

Сярод айчынных тэатраў, якія стала ўдзельнічаюць у міжнародным фестывальным руху, гомельскі, безумоўна, стаіць паасобку. Некалі да Валянціны Рагоўскай прыязджалі пераймаць унікальны па тым часе вопыт. Сёння ў кожнага з беларускіх форумаў уласны твар і адметныя задачы. У гомельскага — таксама. Магчыма, яны ў творчым плане менш амбітныя — і так, зрэшты, думаюць многія. Але падкрэслена рэгіянальны будзённы фармат мае свае станоўчыя бакі. Калі казаць пра жывы працэс, дык тут яшчэ варта паглядзець, што і дзе найчасцей прарастае.

Дыскусія, сфармуляваная на сёлетніх «Славянскіх тэатральных сустрэчах», датычылася спосабаў быцця сучаснага рэпертуарнага тэатра (як вядома, ягоную заўчасную смерць апошнім часам многія прадракаюць). Фестывальныя паказы якраз і сталіся своеасаблівым адбіткам менавіта гэтай традыцыйнай мадэлі. Прапанаваныя спектаклі красамоўна вызначылі магчымыя шляхі існавання рэпертуарнага тэатра.

Зразумела, быць пры гэтым носьбітам сучаснай сцэнічнай мовы, даражыць любымі праявамі мастацкасці насамрэч нікому не забараняецца. Праблема рэгіянальных, не сталічных тэатраў — хутчэй у іх асабістай абмежаванасці. У тым, на якія стасункі з мастацтвам яны пагаджаюцца найперш. Тут важна ўсё — выбар драматургіі, уяўленне пра рэжысуру, падуладнасць тэатральнай руціне і даўжыня таго ланцужка, якім сцэнічныя калектывы добраахвотна скоўваюць сябе з гледачом.

Агульная карціна, узноўленая фестывальным пэндзлем, была рэалістычнай. І складалася са штодзённых жанравых замалёвак, зробленых хутчэй для асабістага карыстання. Бракавала спектакляў менавіта фестывальных, аздобленых пошукамі і эксперыментам. Затое зразумець пра сцэнічныя будні творчых калектываў можна было многае. Падобны вопыт надзвычай карысны, бо асвятляе рэальныя творчыя працэсы на вялізных тэатральных абсягах. Кожны фестывальны спектакль прапаноўваў уласны сцэнічны досвед нібыта ў канцэнтраваным выглядзе.

/i/content/pi/mast/45/770/41.jpg

«Эцюды кахання» Алены Паповай. Смаленскі драматычны тэатр імя Аляксандра Грыбаедава (Расія).

Спектакль Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы «Не мой» у гэтым сэнсе быў надзвычай красамоўны. Створаная паводле аповесці Алеся Адамовіча сцэнічная драма — адначасова і цяжкая артылерыя для гомельскага фестывалю, і другасная прадукцыя сучаснага мастацтва. Падобную выснову менш за ўсё варта ўспрымаць як жорсткую крытыку, гэта хутчэй простая канстатацыя факта. З аднаго боку, спектакль уражальны і яркі для таго, хто жыве наводдаль ад тэатральных сталіц і не ведае, як эфектна і гучна можна паліць з гарматы па вераб’ях. З іншага — ён выразны і пераканальны для прыхільнікаў псіхалагічнага акцёрскага мастацтва. Увогуле ж — нібыта сатканы з разнародных тэатральных спроб, накірункаў і выяўленых супярэчнасцей. Ды толькі ў гэтым тэатральным міксе надзвычай мала ад уласна аўтарскай рэжысуры. Не стае наноў прыдуманай, накрэсленай па-над літаратурным сюжэтам па-сучаснаму асэнсаванай і эмацыйна распрацаванай гісторыі. Рэжысёрскія блокі ўяўляюць пэўныя ўніверсальныя напрацоўкі — ручнік, што, як вольтава дуга, злучае жыцці Франца і Паліны; фотаздымкі з фашыстамі на памяць (зразумела, для нетутэйшых альбомаў); калючы дрот, на якім завісаюць пад нямецкімі кулямі сяляне; абавязковыя для Купалаўскага тэатра любоўныя сцэны на падлозе... Усё гэта — своеасаблівыя рэжысёрскія «пазлы», з дапамогай якіх і збіраецца яркае тэатральнае відовішча, змацаванае выніковым пачуццёвым карагодам. Тое, што Гарцуеў спрабуе паралельна распачаць іншую прафесійную гульню — з атмасферай, агульнай эмацыйнасцю, — таксама зразумела. Магчыма, для верагоднасці дзеі не хапае дробязі — жывой і нязмушанай рэжысёрскай думкі. Ды толькі насуперак усяму за пятнаццаць хвілін сцэнічнага існавання Генадзю Аўсяннікаву ўдаецца прадэманстраваць праўдзівае псіхалагічнае мастацтва. Праз лёс і трагічную сутнасць эпізадычнага персанажа прасвечваецца магчымае, недаказанае, прамоўленае ў тэксце самім Алесем Адамовічам.

Спектакль Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа «Шчасце Лізы і Ягора» па п’есе Георгія Марчука, як ні дзіўна, цалкам зарыентаваны на падобную рэжысуру. Аляксандр Гарцуеў для Рыгора Цыркіна нібы больш паспяховы і спрактыкаваны старэйшы брат. Праўда, з іншымі магчымасцямі.

На агульнай фестывальнай сустрэчы сяброў Мазырскаму тэатру традыцыйна адведзена пачэснае месца. Ягоныя спектаклі прасякнутыя шчырым жаданнем займацца творчасцю, годна адпавядаць прафесійнаму статусу. Такое імкненне немагчыма не заўважыць і, вядома ж, нельга не паважаць. Ды толькі густавая і мастацкая скіраванасць тэатра — зусім іншае пытанне. Бо тое, што ў купалаўцаў — «пазлы», для мазыран проста цьмяныя ўяўленні пра рэжысуру. І гэта таксама вельмі істотная праблема для тэатра, які стала прапісаны ў невялікім горадзе. Каб калектыў вынікова функцыянаваў, яму, як паветра, неабходна пастаяннае пашырэнне творчых даляглядаў. Думаю, Рыгору Цыркіну (улічваючы, што тэатральная адукацыя ўжо набытая) надта не стае тэатральнай практыкі. Можа сто, можа дзвесце спектакляў самых розных рэжысёраў неабходна ўбачыць у самых розных тэатрах... Гэта дапаможа, прынамсі, зразумець, што вялізная колькасць піратэхнічнага дыму небяспечная не толькі для здароўя гледачоў, але і для існавання ўсяго сцэнічнага калектыву. Што ёсць слова вымаўленае і пражытае, а ёсць проста агучанае. І нават калі тэкст «за кадрам» прамаўляе вельмі добры акцёр, ён не ў стане зрабіць неабходную работу за аўтара спектакля.

На «Славянскіх тэатральных сустрэчах» шырока прадстаўлена беларуская праграма. Гэта карысны вопыт і рэдкая магчымасць для стварэння айчыннай тэатральнай панарамы, няхай толькі ў пэўным абмежаваным фармаце. Зразумела, што творчыя мадэлі кожнага з прэзентаваных рэпертуарных тэатраў (Мінск, Мазыр, Віцебск, Гомель) значна адрозніваюцца. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа, як нехта трапна зазначыў, — «акадэмічны з лёсам абласнога»... У пошуках рэжысёра, здатнага дапасавацца да яго — традыцыйна статуснага, ушанаванага, тэатр насамрэч зайшоў вельмі далёка. Для пацвярджэння гэтай высновы цяжка знайсці больш прыдатны спектакль, чым «Ветрагоны» па п’есе Уладзіслава Галубка ў пастаноўцы Уладзіміра Савіцкага. Уласна кажучы, тут нават не варта ўваходзіць у падрабязнасці. Скажу коратка... Дзеля таго, каб лічыць сябе і статусным, і ўплывовым, варта ўсвядоміць, што многія акцёрскія работы ў гэтым спектаклі знаходзяцца па-за межамі дабра і зла. А таксама — па-за межамі густоўнасці і самога разумення калектыўнай творчасці. Усе гэтыя скокі і спевы, выстаўленне напаказ сумніўных здатнасцей, беспадстаўная «камедыйнасць навыперадкі» — рэчы ўвогуле неакадэмічныя. Асабліва хочацца параіць спыніцца Раісе Грыбовіч, у творчым арсенале якой ёсць куды менш «папсовыя» заслугі.

Засталося ўражанне, што нашы сцэнічныя калектывы патрапілі на фестываль быццам знянацку. Мабыць таму многія спектаклі сталіся своеасаблівым індыкатарам тэатральнай рэчаіснасці. Ёсць цудоўнае выслоўе: «мастацтва не вінаватае». Але хіба вінаватыя акцёры са сваёй генетычнай неўтаймоўнасцю, якія часам становяцца заложнікамі тых або іншых рэжысёрскіх практыкаванняў? Спектакль Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра «Бязвінная смерць Ганначкі, або Буржуй у бутэльцы» паводле апавядання Вячаслава Шышкова, строга кажучы, і спектаклем назваць цяжка. Перадусім — апантанае жаданне павесяліць гледачоў, шэраг хохмаў і прыколаў, якія з цяжкасцю можна назваць лагічна выбудаванай (рэжысёр Юрый Вута) сцэнічнай гісторыяй. Капуснік — не капуснік. Дзеянне на патрэбу. Зразумела, што такое патуранне густам непераборлівай публікі можа стацца разбуральным для любога тэатра.

У рэаліях сучаснага рэпертуарнага тэатра менавіта камедыйны накірунак найчасцей пераважае. І, натуральна, становіцца важкім аргументам у прагнозах ягонага заўчаснага скону. Яшчэ адна плынь — пастаноўкі класікі. Для бальшыні тэатраў насамрэч надзейнае выйсце. Колькі ні папаўняй класікай рэпертуар — мала не будзе. Якасць літаратурнага матэрыялу таксама гарантаваная. Прынамсі, зразумела, чаму для паказу на фестывалі Гомельскім абласным драматычным тэатрам было абранае «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага. Калектыў гэты з моцнымі акцёрскімі традыцыямі і вельмі годнымі выканаўцамі. Для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю сустрэчы з Аляксеем Бычковым, Уладзіславам Каракам, Людмілай Корхавай, Сяргеем Юрэвічам заўсёды жаданыя. Але гэтым разам праблему з рэжысурай, нягледзячы на дыхтоўныя акцёрскія работы, абысці не ўдалося. Зрэшты, сітуацыя тыповая для многіх айчынных тэатраў. І яе насамрэч не так проста вырашыць. Пастаноўшчык Рыгор Гольдман у відавочным імкненні зрабіць усё правільна вельмі паважліва паставіўся да класіка. Не хапіла галоўнага — удумлівай і вострай сучаснай інтэрпрэтацыі добра вядомага ўсім тэксту; адмыслова распрацаванага і ярка ўвасобленага дзеяння; ды яшчэ не ставала тузіна неабходных дробязей — дарэчных парыкоў і густоўна зробленых касцюмаў.

Досвед спектакляў беларускіх калектываў, прадстаўленых на «Славянскіх тэатральных сустрэчах», уяўляецца вартым падрабязнага аналізу. Бо рэчышча «рэпертуарнага тэатра» для нашых калектываў пакуль што безальтэрнатыўнае.

Сярод моцных уражанняў — пастаноўкі Смаленскага драматычнага тэатра імя Аляксандра Грыбаедава і маскоўскоўскага Рускага духоўнага тэатра «Глас». Яны фактычна прапанавалі дзве асобныя тэатральныя мадэлі.

Спектакль смаленскага тэатра «Эцюды кахання» пастаўлены па п’есе беларускага драматурга Алены Паповай беларускім рэжысёрам Віталём Баркоўскім, які — спадзяюся, часова — працуе ў Расіі. Ён цікавы сканцэнтраванай, напружана-эмацыйнай, сучаснай сцэнічнай мовай. Баркоўскі — адзін з нямногіх прадстаўнікоў айчыннай аўтарскай рэжысуры, якая трымаецца на вострым метафарычным мысленні, вытанчаных мізансцэнах, адухоўленым змесце, інтанацыйным баляванні. Рэжысура адметна мацуе пастановачны каркас, дзе дакладна ўзноўлены і прапісаны сюжэт не мае істотнага значэння.

Рускі духоўны тэатр «Глас» з пастаноўкай «Вялікая княгіня Е.Ф.Раманава (Вяртанне)» уразіў гарманічным акцёрскім ансамблем. Гэта калектыў аднадумцаў, якому падуладныя любыя мастацкія задачы. І сам тэатр, і пэўны спосаб існавання — для іх абавязковы лад жыцця, які, застаючыся ў рэчышчы вострых сацыяльных і чалавечых праблем, асэнсаваных з палемічнай палкасцю, прыносіць прафесійны і духоўны плён.

Сярод вялікай колькасці фестываляў няшмат такіх, якія робяць неабходную для тэатра штодзённую работу. «Славянскія тэатральныя сустрэчы» штораз распачынаюць яе з добразычлівай абавязковасцю. Сёлетні фестываль, нягледзячы ні на што, абавязкова мусіў адбыцца. Каб захавацца ў будучыні.

 Людміла Грамыка

 

Увасобленае слова

— У адрозненне ад маіх калег, якія мяркуюць, што беларускі тэатр — суцэльны злепак з рускага, я разумею, наколькі ён своеасаблівы, нават эксклюзіўны. Бо насамрэч уяўляе сабой больш складаны і разнародны сплаў, чым рускі псіхалагічны або сучасны еўрапейскі. Магчыма, праблемы беларускага сцэнічнага мастацтва звязаныя з напружанымі пошукамі свайго непаўторнага аблічча. Пры гэтым важна быць здатным сілкавацца каранёвай сістэмай еўрапейскага тэатра і не адрывацца ад крыла рускага псіхалагічнага тэатра.

Быў захоплены рыцарскімі паводзінамі гаспадароў «Славянскіх тэатральных сустрэч», якія ўзнялі на сваіх плячах гэты цяжкі арганізацыйны груз ва ўмовах крызісу. І хоць з-за складаных матэрыяльных абставін фестываль не падарыў нам вялікіх мастацкіх адкрыццяў, відавочна, што ён неабходны гораду і славянскаму свету. Без яго мы страцім такое цудоўнае месца, дзе можам не толькі глядзець і абмяркоўваць спектаклі, але і звяраць нашы тэатральныя гадзіннікі. Нашы творцы, акцёры і рэжысёры, хоць у пэўным сэнсе і спаборнічаюць, але ж пры гэтым існуюць у агульнай духоўна-мастацкай прасторы. Таму гомельскі фестываль трэба берагчы; важна яшчэ больш думаць пра ягоныя мастацкія якасці, каб ён не стаў шараговай з’явай на неабсяжных тэатральных абшарах.

Галоўная праблема для рускага тэатра сёння — дылетантызм, адсутнасць павагі да прафесіі. Гэта датычыцца малодшага, сярэдняга і, на жаль, старэйшага пакалення акцёраў. Але асноўны клопат — з рэжысурай. Яна большай часткай растрэніраваная. А я думаю, што калі наш тэатр і здолее захавацца, дык толькі на аўтарскім, акцёрскім і рэжысёрскім, узроўні. Інакш чакае шлях у нікуды. Ці застанецца тэатр «увасобленым словам» і куды вядзе ягоная дарога? — вось пытанні, якія турбуюць усіх нас. Варта ўсвядоміць, што сцэнічнае мастацтва можам разбурыць мы самі. Мы яго згубім, калі не будзем змагацца за сапраўдны тэатр. Пры гэтым галоўнае — не прайграць публіку, бо яна пачынае забывацца, што ў глядзельную залу прыходзяць працаваць душой. ■

Алег Півавараў, старшыня журы, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, прафесар, галоўны рэдактар часопіса «Театральная жизнь»

ФЕНОМЕН ТЭАТРА І ПУБЛІКІ

— Што такое рэпертуарны тэатр ва ўмовах рынкавай эканомікі, як яму даводзіцца існаваць і што за феномен такі культуралагічны, у які мы ўсе патрапілі, — вось найперш пра гэта «Славянскія тэатральныя сустрэчы» далі нам магчымасць паразважаць. Дарэчы, не з пункту гледжання высокай эстэтыкі або высокага мастацтвазнаўства, а зыходзячы з сацыяльных праблем, у якіх апынуўся наш тэатр сёння, і феномена публікі — дакладней, яе запатрабаванняў і рэакцыі, якая апошнім часам вельмі здзіўляе. Прынамсі, тое, што мы бачылі на фестывалі, і ёсць сучасная сітуацыя ў беларускім сцэнічным мастацтве. Нават калі ўлічваць: гэта ў пэўным сэнсе лакальны адбітак таго, што адбываецца ў свеце. Ды толькі любая кропля, якой бы маленькай яна ні была, абавязкова адлюстроўвае рэальныя працэсы. Таму мушу зазначыць: тэатрам усё роўна давядзецца адказваць на выклікі часу, выжываць, перабудоўвацца, набываць для сябе нейкую новую сістэму. ■

Таццяна КАТОВІЧ, доктар мастацтвазнаўства, тэатральны крытык

Крытэрыі павінны быць адзінымі

— Ствараецца ўражанне, што многія акцёры на падмосткі сёння выходзяць выключна дзеля здзяйснення канкрэтных, вызначаных рэжысёрам, учынкаў: прыйшоў, стукнуў, прынёс, наліў... Нешта накшталт гэтага. На жаль, знікае тая самая жывая прырода ўнутранага дзеяння, якая ўсё ж будуецца паводле вядомага ланцужка: паглядзеў, убачыў, ацаніў, падумаў... Менавіта тое, што называецца «жыццём чалавечага духу», паступова сыходзіць з псіхалагічнага тэатра. Пераважае імкненне да фізічных дзеянняў, сцэнічныя калектывы трапляюць пад уплыў мас-культуры і спектаклі становяцца працягам тэлесерыялаў з іх неабавязковасцю і павярхоўнасцю існавання. Вось і рэпертуарны тэатр мы пачалі штучна дзяліць — на элітарны і маскультны. Думаю, гэта няправільна. Крытэрыі мусяць быць ранейшымі: прафесійна або не прафесійна, мастацтва або не мастацтва. ■

Лідзія Богава, кандыдат філалагічных навук, тэатральны крытык,
супрацоўнік літаратурнай часткі МХТ імя Антона Чэхава