Філасофія жыцця

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

«Знак бяды» прынята лічыць вяршыняй творчасці Валерыя Маслюка ў Рускім тэатры. Сапраўды, тут сышлося шмат што, неабходнае для поспеху. Таленавітая аповесць Васіля Быкава выдатна перакладалася на сцэнічную мову.

«Знак бяды» паводле Васіля Быкава
Рэжысёр Валерый Маслюк.
Мастак Юрый Тур.
1985.

«Ваенную тэму беларусы ўвогуле могуць лічыць сваім фірменным знакам. Маладыя акцёры працавалі ў спектаклі з поўнай аддачай. Да таго ж, твор прагрымеў па фестывалях тады яшчэ існуючага Савецкага Саюза. У Тбілісі і ў Таліне пра Маслюка гаварылі як пра надзею шматнацыянальнага тэатра.
 /i/content/pi/mast/3/77/Filasofija-zhyccya1.jpg
Найперш уражвала трохмоўнасць спектакля. Спалучэнне рускай і беларускай моў, жарсткаватая нямецкая гаворка. Да таго ж сапраўдны беларус Маслюк адкрыў сваё разуменне нацыянальнага характару як з’явы прынцыпова новай для дадзенага канкрэтнага тэатра. Калектыў папаўняўся выпускнікамі беларускай ВНУ, але іграць ім даводзілася поўны інтэрнацыянал, сярод якога беларускія п’есы трапляліся рэдка. Можна лічыць, што «Знак бяды» быў прарывам у разуменні Рускага тэатра як тэатра нацыянальнага акадэмічнага.
Саліравалі Вольга Клебановіч і Аляксандр Ткачонак. Гэта былі вясковыя муж і жонка, якіх паядналі супрацьлегласці. Яна -- баявая, гарластая, з вострым пачуццём справядлівасці. Амаль сімвалічная жанчына-працаўніца з сярпом. Некаму гэта ўяўляецца анахранізмам. Але толькі тым, хто не ведае айчыннай вёскі, хто не разумее, на якім бабскім царстве яна трымаецца. Гэтыя скручаныя ўдовы і сёння цярпліва выходзяць палоць буракі. Іх дочкі і ўнучкі таксама цягнуць працоўную лямку. Такія жанчыны здаюцца занадта жорсткімі і грубымі, але -- такое жыццё.
Супрацьлегласць быкаўскай Сцепанідзе -- яе муж Пятрок у выкананні Ткачонка. Ціхі, чысты стары, які грае на скрыпцы, з паэтычным складам розуму, кепска прыстасаваны да жыццёвых выпрабаванняў. Ягоны бунт нейкі няўмелы і смешны. Кволая, гнуткая натура пры моцнай жонцы. Але гэта не так. Пратэст Петрака -- ягоная смерць з занадта познім прасвятленнем.
У спектаклі было шмат успамінаў пра мінулае мірнае жыццё, якія гучалі на фоне вайны. Гісторыя краіны прайшла праз душы канкрэтных людзей, пакінуўшы ў іх веру, ілюзіі, расчараванне, зласлівасць. Рэжысёр Маслюк не падкрэсліваў знакі бяды, не педаляваў іх. Яны выступалі з мінулага неяк нечакана, спантанна. Можна казаць пра тое, што гэта быў грамадзянскі спектакль без маралізатарства і павучанняў. Ягоная энергетыка перадавалася не толькі нашай публіцы, якая была падрыхтавана да ўспрымання матэрыялу і вельмі эмацыйна адгукалася на яго, -- спектакль «Знак бяды» нязменна захапляў гледачоў і за межамі Беларусі.
Тэатральныя крытыкі параўноўвалі В.Клебановіч з Верай Марэцкай у фільме «Яны змагаліся за Радзіму». Абедзве былі знакавымі постацямі для выяўлення вобраза жанчыны-маці, якая ўзнялася на абарону Айчыны. У спектаклі Маслюка фашысты не падаваліся карыкатурнымі прыдуркамі, як у цэлым шэрагу твораў пра вайну. Гэта былі моцныя і небяспечныя праціўнікі. У адным з вобразаў спектакля празорліва маляваўся тып характэрнага для быкаўскай творчасці паліцая-здрадніка. Каландзёнак у выкананні Віталя Быкава, пяшчотны і ўсмешлівы, быў старэйшы за гестапаўца. Стаіўшыся, ён чакаў свайго часу і цудоўна ўпісваўся ў любы лад жыцця. Сёння ён мог бы быць паспяховым мафіёзі, гуляючым чужымі жыццямі.
Маслюк свабодна і таленавіта перадаў філасофію прозы мовай тэатральных вобразаў. Акцёры не ілюстравалі літаратурны тэкст, а стваралі свой вобразны эквівалент, пераконваючы праўдай існавання. 

Таццяна АРЛОВА