Алег Гарбуз (Гном).
«Рыжык у Залюстроўі» — казка-фэнтэзі з такой інтрыгоўнай назвай выйшла на экраны кінатэатраў зусім нядаўна. Рэжысёр фільма, слынны аніматар Алена Турава, мультыплікацыйныя творы якой вядомыя ў шырокіх колах, зрабіла сваю другую стужку ў фармаце ігравога кіно, прапанаваўшы ўвазе гледачоў гісторыю пра падарожжа маленькай дзяўчынкі па празванні Рыжык у таямнічую краіну Залюстроўе.
Адной з яркіх адметных рыс Туравай з’яўляецца яе здатнасць прыдумваць самыя незвычайныя гісторыі. Дастаткова ўзгадаць мультыплікацыйныя творы, дзе яна выступала рэжысёрам («Балада пра тры апельсіны», «Музыка-чарадзей», «Казка пра сінюю світку»), і яе першую працу ў ігравым кіно («Навагоднія прыгоды ў ліпені»), каб пераканацца, што ў стварэнні чароўных светаў, дзіўных каралеўстваў і іх герояў Алене Туравай няма роўных сярод беларускіх кінематаграфістаў-казачнікаў.
Рэжысёр валодае ўнікальным дарам: яна ўмее варажыць. Адно імгненне — і звычайны прадмет у яе казках пераўтвараецца ў незвычайны, маленькі — у вялікі і наадварот, а злы персанаж становіцца добрым. Свята фантазіі, палёт «нечаканага чарадзейства», уласцівыя казкам Льюіса Кэрала і Оскара Уайльда, парад парадоксаў робяць творы Алены Туравай надзвычай прывабнымі і свежымі. Гледзячы яе анімацыйныя стужкі, згадваеш словы класіка аб тым, што толькі чалавек з бедным уяўленнем вымушаны чапляцца за праўду жыцця. Алена не баіцца парушаць гэту «праўду», стварае незвычайныя вобразы і вяртае нас да дзіцячых сполахаў-успамінаў. З фантазіяй Туравай сапраўды цікава адправіцца ў казку — якой акажацца яна ў другой ігравой працы рэжысёра?
Пачнём з сюжэта. Дзяўчынка Рыжык, мама якой працуе ў бібліятэцы, дазнаецца, што насамрэч яна — прынцэса казачнага каралеўства Недалія. Яе — немаўля з валасамі колеру апельсіна — калісьці згубілі «недалійцы» — жыхары краіны Невідзія — праз умяшальніцтва злога чараўніка Мортыса. Гэтаму алхіміку каралеўскай крыві (у дзяцінстве ён меў іншае імя) адмовіла прыгажуня Мона, дачка прадаўца люстэрак, і герой, расчараваўшыся ў навакольным свеце, зрабіўся бесчалавечным ведзьмаком. Спачатку Мортыс зацягнуў у Залюстроўе свайго роднага брата Себасцьяна, з якім і пабралася шлюбам Мона, потым пакрыўджаны каралевіч імкнуўся захапіць нованароджаную дачку Моны ды Себасцьяна, а ўрэшце, не ўвасобіўшы задуманага, напусціў свае чары на жыхароў Невідзіі — бедныя «недалійцы» праз адбіткі ў яго чароўным люстэрку пераўтварыліся ў цені. Сама ж маленькая прынцэса была занесена ў невядомую далячынь, і толькі цяпер яе ўдалося адшукаць у нашым свеце. Маленькая спадкаемніца прастола зможа ажывіць сваіх падданых, адправіўшыся ў небяспечнае падарожжа па Шаўковую Кнігу, у якой — імёны ўсіх «недалійцаў», зніклых у небыцці.
Дарэчы, выкласці аснову казачнай гісторыі аўтару гэтых радкоў было няпроста. Далей сюжэт яшчэ мацней ускладняецца. Галоўная яго лінія абрастае дадатковымі, дзеянні персанажаў ствараюць мудрагелісты ўзор, разгадка якога робіцца ўсё больш праблематычнай. Творчая адметнасць мультыплікацыйных прац Алены Туравай — уменне вынаходліва «вырашыць чарадзейства»; гэтая здольнасць узбагачае ігравую стужку нечаканымі пераўтварэннямі, аднак кінематаграфічнае поле вымагае іншых высілкаў і падыходаў. І тут яе «чароўнае пяро» не спраўляецца з адлюстраваннем няспыннай плыні асноўнай гісторыі. Куды падзеліся Мона і Себасцьян — бацькі Рыжыка ў Залюстроўі? Што стала з каралём Шмарока? Хто? Куды? Адкуль? — гэтыя пытанні падчас прагляду ўзнікаюць неаднаразова, і не на ўсе з іх знаходзяцца адказы. Працэс пераўтварэння — нібыта магічная сіла люстэрка — авалодвае рэжысёрам, у выніку чаго ўвогуле страчваецца цвярозая ацэнка падзей. Перад намі — калейдаскоп цудаў, іх візуальныя ўвасабленні, якія з цяжкасцю складваюцца ў суцэльную карцінку. Паставіўшы сабе за мэту стварэнне свету фэнтэзі і часткова дасягнуўшы гэтага, аўтар трапляе ў пастку законаў аповеду, што няўмольна патрабуюць логікі і паслядоўнасці нават у казачных варунках. Камп’ютарная графіка, візуальныя спецэфекты, якімі напоўненая стужка Алены Туравай, дзіўным чынам бяруць у заложнікі сюжэт і робяць з ім самыя неверагодныя фокусы. Пэўныя сцэны ў карціне цягнуцца неапраўдана доўга, іншыя — літаральна некалькі імгненняў. Героі ўзнікаюць і знікаюць, пакідаючы адчуванне недагаворанасці і недаказанасці.
Трэба аддаць належнае рэжысёру: «Рыжык у Залюстроўі» адсылае гледача да слынных твораў савецкага кінематографа — стужак Аляксандра Роу, Леаніда Нячаева, Уладзіміра Бычкова… Аднак арыгінальнае спалучэнне традыцыі і сучаснай кінамовы нараджае жанравага монстра. Так, пэўныя «часткі цела» яго выглядаюць вельмі сімпатычна, але наўрад ці вы захацелі б сустрэцца з гэтай істотай зноў.
Станоўчае ўражанне пакідае работа мастака-пастаноўшчыка Ігара Хруцкага. Немагчыма не ўхваліць акцёрскую працу Паўла Харланчука, які іграе ў фільме ажно тры ролі, і некаторыя з іх — проста ягоны бенефіс. Акцёрскі падбор увогуле не выклікае нараканняў, аднак зацягнутыя дыялогі, залішняя тэатралізацыя ў асобных сцэнах — усё гэта не стасуецца з паняццем сучаснай казкі, якая патрабуе іншых інтанацый і рытмаў.
І тым не менш... Крытычныя заўвагі ў дачыненні «Рыжыка...» не значаць, што шлях, які абрала Алена Турава, з’яўляецца непераканальным. Выпуск яскравай і відовішчнай казкі-фэнтэзі наўпрост звязаны з бюджэтам і тэхнічнымі магчымасцямі. Праца айчынных спецыялістаў па візуальных эфектах у «Рыжыку...» усяляе надзею, што пры наяўнасці сродкаў «Беларусьфільм» мае ўсе шанцы вярнуць славу стваральніка якаснага сямейнага кіно. Алене Туравай варта ісці далей — яна здольная ўвасобіць самыя парадаксальныя і прывабныя вобразы, не выкарыстоўваючы пры гэтым кінамову савецкіх майстроў у якасці эталона. І з агаворкай, што візуалізацыя не будзе цалкам вяршэнстваваць над апавядальнасцю.
Разважаючы над новай карцінай беларускага рэжысёра, міжволі задаеш сабе пытанне: а якім сёння мусіць быць гэта самае сямейнае кіно? Што можа прапанаваць рэжысёр, каб зацікавіць новае пакаленне? Яскравае відовішча? Безумоўна. Гумар? Так. Мараль? Без усялякіх сумневаў. Можна згадаць усе апошнія нашумелыя казкі-фэнтэзі — ад «Гары Потэра» да «Хронік Нарніі», каб упэўніцца, што сувязь фантазіі і рэальнасці ў іх бясспрэчная. У «Гары Потэры» на прыкладзе супрацьстаяння юнага чараўніка з Волан-дэ-Мортам можна ўбачыць не проста абстрактную барацьбу дабра са злом, але і пэўныя спосабы псіхалагічнага ўздзеяння на дзяцей, механізмы інфармацыйнай маніпуляцыі, распаўсюджаныя ў сучасным свеце. У «Хроніках Нарніі» героі трапляюць у казачную краіну, каб навучыцца чамусьці, прайсці выпрабаванні, праз якія становяцца дарослымі. Нашумелы «Уладар пярсцёнкаў» Пітэра Джэксана дакладна праводзіць думку Толкіена аб тым, што кожны герой з’яўляецца стваральнікам не толькі сваёй асабістай, але і агульнай гісторыі, і што няма другасных персанажаў у агульнай карціне свету.
Чаму вучыць «Рыжык у Залюстроўі»? Гісторыя заканчваецца тым, што Шаўковая Кніга адшукваецца не ў невядомым каралеўстве, а ў бібліятэцы, дзе працуе Аліса — маці Рыжыка. Зрабіўшы выбар на карысць герояў рэальнага свету, дзяўчынка атрымлівае запаветную кнігу ў віртуальным выглядзе (мама паспела адсканаваць яе) — і жыхары Недаліі аказваюцца выратаванымі. Які сэнс можна ўбачыць у гэтым? Захаванне спадчыны, любоў да кніг, праз чытанне якіх (у любым выглядзе) ажываюць невядомыя персанажы, гісторыі, краіны, — несумненна, годны пасыл. Аднак на фоне высакароднай місіі працэс станаўлення характару Рыжыка (і не толькі яе) схаваны ў цені: Вераніка і на пачатку фільма была добрай і спагадлівай, такой яна застаецца і напрыканцы. Краіна Залюстроўе, законы якой у свой час выпрабавалі на сабе і кемлівая брытанка Аліса, і піянеркі Оля і Яло з вядомай карціны Аляксандра Роу «Каралеўства крывых люстэрак», у варыянце Алены Туравай прапануе заманлівы свет пераўтварэнняў — і зусім цьмяны, размыты цень нашых здольнасцей і заган. А шкада...
Дар’я Амяльковіч