Над дахамі Парыжа

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Уражанні і інспірацыі

/i/content/pi/mast/45/761/11.jpg

Сабор Парыжскай Божай Маці. Папера, пастэль. 2008.

Парыжскія навацыі інспіравалі многія творы нашага выяўленчага мастацтва першай чвэрці ХХ стагоддзя. У апошнія дзесяцігоддзі беларускія аўтары таксама наведвалі сусветную «Мекку» класічнай і авангарднай спадчыны, раз-пораз там праходзілі іх выставы, аднак сучаснай парыжскай тэмы не з’яўлялася.

Дзеля гэтага патрабавалася актыўная творчая асоба, здатная на сапраўдны рамантычны прарыў за межы нашага звычайнага досведу. Такой асобай аказалася Ірына Котава, выпускніца кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 2002 года. У 2003 годзе яна адважылася паехаць у Парыж, дзе прадоўжыла вучобу, сумяшчаючы яе з творчасцю. Тэмай яе пастэльных кампазіцый стаў старажытны горад над Сенай, які захаваў сваю архітэктурную красу і след шматлікіх стагоддзяў і сёння ўражвае не менш, чым у часы вялікага парыжскага «ар нуво».

Падчас святкавання Года французскага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь Ірына падрыхтавала «Шпацыр па Парыжы». Выстава прадставіла творы нашай суайчынніцы, выкананыя ў рамках міжнароднага беларуска-французскага праекта «Уяўны Парыж», у якім з афіцыйнага боку прымалі ўдзел Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі, Пасольства Францыі ў Беларусі і Беларускі саюз мастакоў.

Ірына праявіла свабоду і прафесійную артыстычнасць, каб вылучыць характэрнае, адметна-парыжскае з усяго віру ўражанняў ад горада, які, мабыць, ніколі не сцішваецца ні ў начны, ні, тым больш, у дзённы час. Горад сапраўды прыадчыняе свае жывапісныя скарбы і становіцца блізкім і захапляльным. Адным узмахам рукі, узброенай пастэльнай крэйдай, яна перадае сінечу парыжскага неба і ружовую прасветленасць яго муроў, тэракотавую чырвань культавых помнікаў дойлідства. Натуралізм не ўласцівы гэтым вобразам — таму Парыж і называецца «ўяўным»: ён па-мастацку абагульнены і вельмі згарманізаваны колерава.

Пасля паспяховага правядзення свайго «Шпацыру па Парыжы» ў Мінску мастачка актыўна рыхтуе шэраг падобных экспазіцый у Францыі і іншых краінах. За гады сваёй працы за мяжой Ірына знайшла шмат добрых і надзейных сяброў. Трывалыя кантакты былі ў яе са старэйшымі беларускімі мастакамі-мігрантамі Міхасём Навумовічам, Віктарам Жаўняровічам, Леанідам Шыманцом, творчыя здабыткі якіх сталі прадметам яе даследавання. Асаблівай мастацкай салідарнасцю вылучаюцца яе адносіны з Барысам Заборавым. У яго ўтульнай майстэрні побач з плошчай Насьён, дзе заўсёды на мальберце — распачаты твор, яны рэгулярна сустракаюцца і праводзяць сумесныя арт-справаздачы.

Яшчэ адна акалічнасць моцна ўзняла ўзровень праекта «Уяўны Парыж»: разам з мастачкай у ім прымаў удзел таленавіты французскі пісьменнік і святар Крыстоф Левалуа. Пад уражаннем ад пастэляў Ірыны Котавай ён напісаў шэраг прысвячэнняў блізкім яго сэрцу парыжскім матывам і адначасова мастацкім творам, што зрабілі на яго вялікае эстэтычнае ўздзеянне. У гэтым можна пераканацца, гартаючы старонкі альбома, выдадзенага з нагоды правядзення такой неардынарнай выставы. Немагчыма не прывесці тут невялічкую цытату з роздумаў Крыстофа Левалуа на ўзбярэжжы Сены: «У цэнтры гіганцкага горада — востраў. Горды, масіўны, велічны. Востраў, што, падобна караблю, уздымае ззяючыя воды ракі. Востраў-сад, зеляніна якога звешваецца праз агароджу. У цэнтры сабор Нотр-Дам — як акрыленае і акрыляючае сэрца...»

Пісьменнік наведаў мінскую выставу Ірыны Котавай, адкрыўшы для сябе і зімовы выгляд беларускай сталіцы. Вось так і наладжваюцца творчыя сувязі. Важкай іх праявай стаў дакументальны фільм «Уяўны Парыж» (рэжысёр Сяргей Кацьер) Беларускага тэлебачання. У стужцы мы бачылі, як Ірына падымаецца на парыжскія дахі і працуе над стварэннем сваіх краявідаў.

Уяўны Парыж — гэта тыя вобразы мастацкіх адкрыццяў далёкага і чароўнага свету, якія становяцца блізкімі і дарагімі.

 Яўген Шунейка