Пазітыўныя міксты

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

«Жаночы кантэкст» і іншыя адкрыцці Сяргея Грыневіча

/i/content/pi/mast/45/758/6.jpg

Валянцінаў дзень 2. Акрыл. 2011.

Праект Сяргея Грыневіча «Жаночы кантэкст» у галерэі «Ў» быў яркі, дасціпны і вельмі відовішчны, што ў мастацтве сустракаецца не так часта.

Творчасць гэтага жывапісца даўно патрабуе пільнай увагі і лепшых экспазіцыйных пляцовак. Марсель Дзюшан неяк заўважыў, што калі мы не ведаем пра існаванне геніяльнага мастака, які дзе-небудзь у сэрцы Афрыкі стварае свае шэдэўры, то гэтага творцы быццам бы і няма. Дзёрзкі француз разважаў пра прэтэнзію талента быць пачутым (пра веру ў свой закон як прысутнасць сілы), але яго словы запісалі ў святцы ўсе СМІ. І мелі рацыю. Мастацтва Грыневіча бачылі ў Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі, Украіне, Францыі, Іспаніі, Галандыі, ЗША, сёння праз супрацоўніцтва са швейцарскім калекцыянерам Фрыдрыхам Кістэрсам па сутнасці жыве на дзве краіны. Мастацкі збор Кістэрсаў — адна з самых знакамітых прыватных калекцый Еўропы, дзе творы Грыневіча суседнічаюць з карцінамі Кранаха, Дзюрэра, Бацічэлі, Сурбарана, Рыберы. Выдатна, што наш суайчыннік — дзейная асоба глабальнай арт-сцэны, толькі б на сваёй яго не страціць. Яго існаванне ў беларускай культуры трымаецца на закаханасці ў Радзіму. Каб словы Дзюшана не гучалі толькі гімнам СМІ, павінен адбыцца стваральны рух насустрач таленту, а па вопыт можна з’ездзіць да паўднёвых суседзяў.

Сяргей Грыневіч — ці не самы хвалюючы талент сучаснай Беларусі. І сёння бясспрэчна адзін з лепшых яго перыядаў — час росквіту і сталасці. Калі не трэба нічога даказваць, а нешта галоўнае ўжо вырашана, калі яшчэ не хочацца эканоміць сэрца і ідэі, а працуецца нагбом — шчодра і лёгка. Гэта нагадвае тое маладое «паўнаквецце», толькі ў творах яно выглядае іначай — суладдзем усіх узроўняў і элементаў. Мастацкасць Грыневіча — поліфанічная, з відавочнай зацікаўленасцю творчасцю Андрэа Мантэньі, мастака другой паловы XV стагоддзя, і поп-артаўскай мовай ХХ-га.

Закаханасць у Мантэнью патрабуе прыстойнай прафесійнай падрыхтаванасці, бо «фішка» італьянскага творцы — дзёрзкія і нечаканыя ракурсы. Яго Хрыстос намаляваны літаральна праз пальцы на назе. У «Святым Себасцьяне» з калекцыі Луўра ён размясціў катаў настолькі блізка да гледача, што на карціне засталіся толькі іх галовы (сёння мы б назвалі гэта ўплывамі кіно). Сіла, кіруемая лініямі перспектывы, імкнецца наперад і як бы «выплюхваецца» на назіральніка, робіць яго ўдзельнікам твора. Аўтар вырашыў не кампазіцыйную, а прасторавую задачу — гэткія стасункі з гледачом мастацтва пачне фарміраваць толькі ў ХХ стагоддзі... Самае важнае ў ім заўважыў Гётэ: здольнасць шукаць універсальную форму выказвання і адначасова надаваць персанажам індывідуальныя рысы.

Грыневіч гуляе з гледачом у складаныя гульні. Выкарыстоўвае надзвычай нізкі альбо высокі гарызонт, прымушае разглядаць сваіх персанажаў аднекуль знізу — закруціцца ў танцы, а праз хвіліну — узляцець, як акрабат на трапецыі, на неверагодную вышыню. Да ўрокаў Мантэньі ён прыкладае поп-артаўскі прыём: паўтаральнасць персанажаў і прадметаў, якая дазваляе абстрагавацца ад выявы. Карціна больш не працуе як мембрана паміж горнім і нашым сусветамі, а пераўтвараецца ў месца сутыкнення — ці разрыву — самых нечаканых памкненняў. Потым Грыневіч робіць нас даверанымі асобамі і прымушае бачыць яго персанажаў праз спавядальнае акенца. Але ж мы не пачуем сакрэтаў. Ён можа, быццам на Усходзе, схаваць ад нас сваіх гераінь.

/i/content/pi/mast/45/758/7.jpg

Адам і Ева. Акрыл. 2008.

Як і ў Мантэньі, форма ў Грыневіча жорсткая, замкнёная. Але вось ужо жаноцкія вусны лётаюць у прасторы — адкрыцці футурыстычнага партрэта — і ўтвараюць там розныя рытмы і знакі, што надае неверагоднай легкадумнасці формавую сур’ёзнасць. Статуарнасць змяняецца на лінеарнасць, і персанажы набываюць вонкавыя прыкметы рэкламнай і фэшн-культуры. (На апошняе, бясспрэчна, паўплывала мадэльнае хараство жонкі мастака.) «Кіслотныя» фарбы, уведзеныя ва ўжытак Уорхалам, спалучаюцца з манахромам, пры гэтым адно не замінае другому. Але і адкрывальнік поп-арта застаецца недзе збоку: колер цікавіць Сяргея як чыстая энергія, таму яго жывапісныя творы ўсё болей страчваюць нейкія важныя ўласныя прыкметы і пачынаюць нагадваць светлавыя інсталяцыі. Творчасць Грыневіча — гэта мікс, поўны пазітыўнага руху ў невядомасць.

Грыневіч не з’яўляецца — як магло падацца на першы погляд — мастаком, што стварае рэчаіснасць. Ён не навязвае сябе ў якасці пасрэдніка татальнай шчырасці, хутчэй наадварот: візуальная прастора выглядае асобнай прамежкавай і тонкай сферай існавання. Фігуратыўнай і абстрактнай адначасова. Таму сюжэтнасць падмяняецца іроніяй, заснаванай на гульні пераносных сэнсаў аналагаў і метафары па правілах, створаных самім мастаком. Сваёй тэмай ён абраў «падмену і прафанацыю паняццяў», якімі насычана сучаснае жыццё. «Мы больш верым манітору, чым рэальнаму свету, і звыкла ўспрымаем яго праз гаджаты. Імкнёмся да прыроды, а прыехаўшы ў лес — не слухаем яго, уключаем музыку». Мне падаюцца важнымі гэтыя выказванні, бо толькі найбольш чулыя сучасныя творцы працуюць над пошукам мастацкай формы актуальных з’яў, якія адказваюць за наша светаадчуванне.

Што ж датычыцца самога жывапісу, вакол праблем якога столькі валтузні ў сучаснай тэорыі, — Грыневічу падабаецца яго ствараць. Час ад часу, без патэтычных ці драматычных заяў, ён трансфармуе жывапіс у нешта іншае. Злучае з хэпенінгам, як у праекце «Чароўны сад»: гледачы атрымалі магчымасць чапляць кветкі на намаляваныя мастаком дрэвы. Нашымі высілкамі сад мусіў расквітнець. (У аснову праекта пакладзена гісторыя пра тое, як ў Швецыі перамаглі сухоты: там дзеці сабралі грошы кветкавым гандлем.)

У апошнім праекце для «Арт-Кіева» жывапіс Грыневіча існаваў у якасці матэматычнай формулы тлумачэння «смайліка» — сімвала нашай эпохі. Праект «ZOO» быў выставай-інсталяцыяй з агароджай і тэкстам «Жывёл не карміць», з жывапіснымі творамі з рознымі анімалістычнымі расфарбоўкамі, што віселі на сценах нібы паляўнічыя трафеі. Чалавек, частка жывёльнага свету і гэткая ж ахвяра ўласнай драпежнасці, быў пазначаны проста і дасціпна: Грыневіч нацягнуў на падрамнік камуфляжнае палатно.

Асобна хочацца вылучыць яго праект для «Арт-Манежа-2007»: вялізны спектр-рэмейк паводле «Цудоўнай флейты» мастака Радзівонава. Вонкава праект выглядаў узорам сучаснай прынтавай эстэтыкі, а насамрэч быў выкшталцонай ручной працай, што не адразу заўважылі нават калегі. Падман, прывабны для дасведчанага вока, не быў самамэтай. Сяргей Грыневіч «раскланаваў» твор калегі паводле ўсіх законаў колеравых раскладак, а далікатны лад радзівонаўскай «Цудоўнай флейты» патрабаваў тонкіх падыходаў. Праз ручное выкананне гэта выразнае і яркае каляровае рашэнне ўспрымаецца як музыка — нечым кранальным і непадуладным словам. Гэта не толькі адзін з лепшых праектаў Грыневіча — перад намі важная тэндэнцыя нашай культуры: цікаўнасць да даавангардных пластычных каштоўнасцей. Да нядаўняга часу адной з галоўных прыкмет сучаснага мастацтва было дамінаванне задумы над тэхнікай выканання, але сёння відавочна фарміраванне супрацьлеглай плыні. Фармальны полацкі мастак Аляксандр Канавалаў выступіў з праектам «Хатняе срэбра», дзе апяваў класічны лад жыцця. Міла Марш прывезла ў Віцебск з Лос-Анджэлеса дзве ўласныя выставы: на адной у творах выкарыстоўваўся акрыл, змешаны з птушыным памётам, а на другой малюнкі былі выкананы срэбраным алоўкам (тэхніка, якую больш чым 500 гадоў таму ўжывалі Леанарда і Дзюрэр). Італьянец Уга Нэспала назваў гэтую тэндэнцыю «фаджыніяй» (паводле творчасці здатнага на тонкія тэхнічныя прыдумкі Джана Бацісты Фаджыні, фларэнтыйскага мастака другой паловы XVII стагоддзя).

Зарад іроніі, накіраванай супраць бачных форм і традыцыйных установак, уласцівы сучаснай культуры і прызнаецца тэарэтычна. Толькі паводле нейкіх прычын ён ужо вычарпаны. Мастацтва змяняецца, але жывапіс у ім выжыў, сабраўшы, праўда, усе свае сілы. Менавіта жывапісам займаецца сёння Дэміян Хёрст. Развеска карцін у чатыры шэрагі прызнаецца не менш актуальнай, чым зала з маніторамі. Старое думанне можа хавацца не толькі за жывапіс, але і за актуальныя сродкі выказвання. Французская мастацтвазнаўца Катрын Міле галоўнай тэндэнцыяй сучаснай культуры назвала яе намаганне жыць у гармоніі з грамадствам. Мастацтва, паводле Міле, — гэта вольнасць, але яно ўжо «прымае сусвет»: дэмакратызуецца і робіцца больш глядацкім.

Як акрэсліць новую сучасную візуальную мову? Згадайце праект «Рэвізія» дзюсельдорфскай групы. Новае мастацтва спрабуе размаўляць на ўсіх мовах адразу. Чым больш розных рэалій месціцца на палатне (нешта накшталт базы даных), тым лепш бачна, што іх сувязь заснавана толькі на аўтарскай суб’ектыўнасці. Тым складаней працаваць у мастацтве.

Дзякуй Богу, ёсць тыя, у каго гэта атрымліваецца найлепшым чынам.

Ларыса Міхневіч