Запаліць агмень, каб памятаць...

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Жывапіс Алеся Цыркунова

/i/content/pi/mast/44/753/48.jpg

Спас Еўфрасінні. Алей. 1984.

Калі ні сустрэнеш гэтага мастака, усе яго размовы — пра забытых герояў, разбураныя помнікі, палацы і сядзібы, пра «белыя плямы» ў даследаваннях гісторыі і культуры Беларусі. Аднак ён не толькі наракае, але ўласнай працай імкнецца «латаць дзіры» ў свядомасці грамадства, аднаўляць памяць пра мінулае. Мастак ходзіць па кабінетах Міністэрства культуры, дамагаючыся, каб занядбаны помнік узялі пад ахову дзяржавы або пачалі рамантаваць, выступае на навуковых канферэнцыях і нават ставіць на свае сродкі мемарыяльныя знакі і крыжы. Напрыклад, на Дзяды ў 2000 годзе ўстанавіў Крыж Усім беларускім Святым у вёсцы Чэхі Мядзельскага раёна, у 2001-м у вёсцы Каралінава Пастаўскага раёна ўсталяваў помнік Вандзе Ромер (1850–1944) — мясцовай асветніцы, удаве знакамітага Альфрэда Ісідара Ромера, а ў 2003 годзе ў вёсцы Страча Астравецкага раёна ўзвёў каплічку ў гонар удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі...

Дык гэта, відаць, нейкі багаты дзядзька, калі можа сабе такое дазволіць?» — запытае нехта.

Алесь Цыркуноў — выхаванец дзіцячага дома, і шлях яго ў мастацтва, ды і ў мастацтве, атрымаўся складаным. Тым не менш ён стаў асобай і ў жыцці, і ў творчасці. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю як жывапісец, з 1976 года ўдзельнічае ў выставах у краіне і за яе межамі. Да асветніцкай дзейнасці прыйшоў не адразу — адпрацаваўшы ў мастацтве гады. У выніку ён адмовіўся ад творчай майстэрні, а вызваленыя грошы вырашыў ахвяраваць на добрыя справы.

Майстэрняй для яго сталі чыстае поле летам і хатні пакойчык узімку. Творы захоўваюць сябры, дзяржаўныя ды прыватныя музеі, адну з самых дарагіх сэрцу карцін «Растанцы» (1985) ахвяраваў Нацыянальнаму музею гісторыі, а большую частку раздарыў людзям. Трыпціх «На досвітку» (1980) перадаў у дар Магілёўскаму мастацкаму музею, паўтара дзясятка работ знаходзяцца ў музеі ў Старых Дарогах.

Першае прызнанне яго таленту прыйшло рана і для некаторых вельмі нечакана — на фоне гарачых спрэчак пра мастацтва маладога жывапісца з настаўнікам Маем Данцыгам. Яшчэ студэнтам інстытута Цыркуноў узяў удзел у Рэспубліканскай маладзёжнай выстаўцы, дзе прадставіў партрэт веткаўчаніна Фёдара Шклярава (1976). Карціна была закуплена Мастацкім фондам і па сённяшні дзень знаходзіцца ў экспазіцыі музея горада Веткі. На час напісання партрэта Фёдара Шклярава яшчэ не ведалі так шырока, як сёння. Гэта для Алеся Цыркунова энтузіяст і падзвіжнік з Веткі быў жывым міфам, менавіта з яго дапамогай юнак засвойваў азы мастацтва.

Пра свае дзіцячыя гады Цыркуноў распавядае пранікнёна і з захапленнем. У сям’і было шасцёра дзяцей, якіх маці пасля вайны гадавала без мужа. Аднаго з іх вясковы дэпутат прапанаваў уладкаваць у дзіцячы дом, і маленькі Алесь аказаўся не супраць. Дзіцячы дом згадвае добрым словам: «Мы там не галадалі, і абутак выдалі, каб у школу хадзіць, чаго ў вясковым дзяцінстве не ставала. І ўвогуле хацелася спазнаць нешта новае».

Мастак успамінае, што яшчэ ў вёсцы даведаўся пра існаванне паперы і алоўкаў, якімі на гэтай паперы можна «чараваць». Але такі занятак у беднай сям’і быў раскошай.

У дзіцячым доме алоўкі і папера былі даступныя. Установа размяшчалася ў вёсцы Зямянка Добрушскага раёна ў маёнтку былога графа. Велічны будынак, поўны таямнічых куточкаў, фантастычныя вялікія дрэвы, скляпенні з пахаваннямі магнатаў, падземныя пераходы — усё гэта будзіла фантазію і ўзбагачала.

«Маляванне ў гэткім атачэнні было чымсьці накшталт малітвы. Схаваешся дзесьці за карчамі і малюеш — першыя пупышкі на вясновых дрэвах ці траўку, кветкі. Усе гэтыя карцінкі былі наіўнымі, ствараліся патаемна, сакрэтна ад іншых. Але захапленне заўважылі і станоўча ацанілі выхавацелі, цешыліся, што дзіця нечым добрым занятае», — згадвае Алесь.

/i/content/pi/mast/44/753/49.jpg

Хрост ліцвінаў. Алей. 1987.

Апошнія чатыры школьныя гады Алесь Цыркуноў правёў у Ветцы — там месціўся яго новы дзіцячы дом, там ён і пазнаёміўся з Фёдарам Шкляравым, пазней стваральнікам унікальнага Веткаўскага музея, а на тыя часы вольным мастаком пры мясцовым Доме культуры. Для чуйнага юнака гэты чалавек стаў першым правадніком у вялікі і цудоўны свет мастацтва, сапраўдным аўтарытэтам і настаўнікам — на ўсё жыццё.

Узгадваю персанальную выстаўку ў мінскім Палацы мастацтва (2008), прымеркаваную да 60-годдзя Алеся Цыркунова.

У экспазіцыі звяртаў на сябе ўвагу манументальны трыпціх «Полымя» (1983). Больш чым двухметровыя палотны «Праметэй», «Сярэднявечча», «Алімп» энергіяй ліній і колераў падпарадкавалі сабе вялізную прастору выставачнай залы. Здавалася — творы ледзь не фізічна ўздзейнічаюць на гледача. Пра што гэтак зычна «крычаць, лямантуюць, гавораць» сваімі палымнеючымі фарбамі карціны мастака з невялікай вёсачкі Лясань, выхаванца дзіцячага дома, былога салдата-артылерыста, шахцёра, ліцейшчыка, а потым — і творцы?

Трыпціх «Полымя» задумваўся крыху ў іншай варыяцыі назвы-дэвіза — «Агмень», а гэта ўжо больш, чым проста полымя, бліжэй да Боскага, міфалагічнага пачатку ў духоўным сэнсе разумення ідэі ахвярнасці, служэння вялікім ідэалам.

Напісала гэты сказ і засумнявалася — ці не выглядае ён пафасным. Гэтак і мастак засумняваўся — вялізныя творы, гучныя фарбы, высокія найменні — не павераць. У час, калі ўзнёслыя словы былі дыскрэдытаваныя фальшывымі лозунгамі і дэвальваванымі ідэаламі, іх гучанне выклікала горыч і глыбокі смутак. Нават цяпер народ асцерагацца іх ужываць — як і Алесь Цыркуноў у назвах сваіх карцін, нягледзячы на тое, што яго мастацтва спрэс пранізанае высокімі мэтамі і светлымі парывамі. Таму і чапляюць за жывое творы гэтага мастака, таму і валодаюць прасторай большай, чым памеры палатна.

У трыпціху пад дэвізам «Полымя» (а дакладней — «Агмень») мастак імкнуўся паслядоўна ўвасобіць шэраг ідэй: Праметэй ахвяраваў сабой для людзей, каб даць ім агонь духоўнасці і творчага гарэння; у часы сярэднявечча — эпоху цемрашальства — на вогнішчах спальвалі нявінных людзей і скампраметавалі агонь праз выкарыстанне яго ў якасці прылады смерці; але агонь Алімпа здатны рэабілітаваць высокія ідэалы чалавецтва.

Потым я даведалася, што трыпціх быў створаны следам за не менш адметнай і таксама трохчасткавай кампазіцыяй «На досвітку» (1983), распачатай яшчэ ў студэнцкія гады з намерам выйсці з ёй на дыплом — твор прысвячаўся дзекабрыстам, ідэям барацьбы з тыраніяй і за свабоду духу вольнага чалавека. Карціны называліся «Радзішчаў», «Дзекабрысты» і «Герцэн».

Вывучаючы жыцці сваіх герояў, мастак паехаў у Ленінград — сядзеў у архівах, пазнаёміўся з цікавымі людзьмі. Аказалася, што сутнасць узятых ім за аснову твораў «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» Радзішчава і «Былое і думы» Герцэна адпавядае актуаліям жыцця і гісторыі як рускага, так і беларускага і ўкраінскага народаў.

У выніку дыплом аказаўся... пра салігорскіх шахцёраў. Алесь Цыркуноў палічыў, што для «Дзекабрыстаў» не набраў належнай масы матэрыялу, і асцярогся заўчасна дакранацца да гэтай трапяткой і палымянай тэмы.

Трыпціх «На досвітку» адбыўся пазней, экспанаваўся на выставах, захоўваецца ў музеі. Аднак заставалася пачуццё незавершанасці, чагосьці недаказанага, нераскрытага ў самым галоўным. Так нарадзілася ідэя «Полымя» — наступнага трыпціха, які стаў ідэйным пабрацімам кампазіцыі «На досвітку», яе сюррэалістычнай падаплёкай.

/i/content/pi/mast/44/753/50.jpg

Дударыкі. Алей. 1983.

Абедзве комплексныя кампазіцыі далі мастаку асалоду працы ў палотнах манументальных памераў, з маштабнымі жывапіснымі плоскасцямі, з вялікімі ідэямі. Гэта зацягвала. Услед з’явіўся шэраг фармалістычных, часам блізкіх да сюррэалізму краявідаў, партрэтаў, нацюрмортаў. Сябры суполкі «Няміга», што працавалі побач у майстэрні, пачалі «адвешваць» кампліменты — хвацкая фарматворчасць Цыркунова адпавядала іх калектыўным памкненням.

Алесь уступіў у «Нямігу», але ненадоўга. Хутка заўважыў, што стаў губляць рацыю творчага імпэту, дзеля здзяйснення якога прыйшоў у мастацтва, — страціліся вастрыня і значнасць ідэйнай сутнасці карціны, пачалося выпустошванне духоўных пластоў і глыбінь твора. У выніку — выхад з «Нямігі», радыкальныя змены ў жывапісе.

Цяпер Алесь Цыркуноў часцей працуе ў традыцыйнай рэалістычнай манеры. Найболей «цыркуноўскімі» — арыгінальнымі і непаўторнымі — сёння ўспрымаюцца карціны, стыль якіх можна вызначыць як памежны — дзесьці між эстэтызацыяй фармальнага жывапісу і шчырым рэалізмам.

Да лепшых з іх належаць кампазіцыі «Хрост ліцвінаў» (1987), «Спас Еўфрасінні» (1984), «Курапаты. Эксгумацыя» (1988) і яшчэ цэлы шэраг іншых — малых і вялікіх краявідаў, нацюрмортаў, эцюдаў і малюнкаў. Але на пачэсным месцы — партрэты «Францыск Скарына» (1990), «Прысвячэнне Максіму Танку» (2004), «Памяці Уладзіміра Караткевіча» (1985) і «Знак бяды. Прысвячэнне Васілю Быкаву» (1990).

Гэтыя партрэты напісаны ў розныя перыяды творчасці. Тым не менш яны маюць агульныя рысы, і найперш — нейкую асаблівую гармонію спалучэнняў духоўных і характарна-тыпалагічных адметнасцей натуры выдатных дзеячаў, якія асабліва глыбока кранулі свядомасць жывапісца. Алесь Цыркуноў стварыў вобразы, пазбаўленыя літаратурнай фабулы, успрынятыя ім на ўзроўні шчырай і светлай асабістай эмоцыі ды інтуітыўнага разумення вышыні духу і творчага генія. Ён увасобіў іх энергетычнай пластыкай жывапісу велічна і пераканаўча.

Найбольш удалы з названых партрэт Васіля Быкава. Уразіў засведчаны жывапісцам погляд стомленага, але нязломнага чалавека. Пранізлівы, непрыхавана ўедлівы ў імкненні распазнаць наступнікаў, якім жыць у іншую (але ці лепшую?) эпоху. Я ўзгадваю гэты погляд-позірк жывога Васіля Быкава — нішто не можа сцерці яго з памяці. Перадаць фарбамі такое здатны толькі сапраўдны жывапісец з адэкватнай Быкаву жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй. Таму гэта калі не лепшы, то адзін з лепшых вобразаў пісьменніка-філосафа.

Добрую палову творчага жыцця мастак ажыццяўляе свой асабісты план манументальнай прапаганды помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, выдатных асоб, падзей і гістарычных ландшафтаў. І робіць гэта часам эскізна, часам скрупулёзна, з жаданнем максімальна дакладна рэканструяваць і захаваць для гісторыі партрэтнае падабенства той ці іншай гістарычнай асобы — «Народны мсцівец Рыгор Крукаў» (1982), «Кузьма Чорны ў Мінску» (1984), «Уніяцкі канонік Баброўскі» (1990,1992), «Ксёндз Уладыслаў Чарняўскі» (2001), «Віленскія светачы Беларушчыны» (2003), «Святар Янка Быліна (Семашкевіч)» (2004), «Прысвячэнне Уладзіміру Дубоўку» (2004), «Прысвячэнне Максіму Танку» (2004), «Нязгасны светач Надзеі Сармант» (2005), «Марыя Магдалена Радзівіл» (2005), «Эмілія Плятэр» (2007), «Казімір Сваяк у Клюшчанах» (2008), «Памяці Мечыслава Карловіча» (2009), «Дырыжор Віктар Дмахоўскі» (2009) і шэраг іншых.

Калі ўглядаешся ў маналіт даследчыцкай і творча-прапагандысцкай дзейнасці мастака Алеся Цыркунова, дзіву даешся — адкуль столькі энергіі, сіл і, у рэшце рэшт, сродкаў? Алейны жывапіс без спонсарскіх укладанняў — занятак дарагі для тых, што не шукае фінансавай аддачы.

Я не ведаю ў беларускім мастацтве аналагаў гэткай апантанасці і патрыятызму. Ёсць дасягненні некаторых людзей у рэканструкцыі гістарычных падзеяў або асоб — дзясятак ці крыху больш работ. У Цыркунова — сотні гістарычна і культурна значных карцін і метадычная, з года ў год, мэтанакіраваная мастацкая дзейнасць, незлічоная колькасць асветніцкіх выставак і мерапрыемстваў.

Увасобленыя ў нашай краіне вобразы айчынных дзеячаў гісторыі ва ўсе часы і ва ўсе эпохі ў суме не складуць і паловы гістарычнай тэмы са спадчыны Алеся Цыркунова, якая мае ўсе адзнакі прафесіяналізму мастака і актуальнасці яго творчага ўкладу.

Таццяна Гаранская