Дыялогі з Шэкспірам

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Самая горкая, можа быць, з трагедый Шэкспіра -- «Макбет», зло тут трапляе ў душу чалавека і разбурае яе знутры. Найвялікшая з каштоўнасцей, адкрытых Рэнесансам, -- богападобная чалавечая воля, сцвярджаючы сваю, нічым не скутую, свабоду, абарочваецца патокамі крыві, самаразбурэннем асобы.

«Макбет» Уільяма Шэкспіра.
Рэжысёр Барыс Луцэнка.
Мастак Юрый Тур.
1974.

Барыс Луцэнка, які паставіў п’есу ў мінскім Рускім тэатры, зразумеў «Макбета» як трагедыю маральна-філасофскую. Палітычная тэма п’есы, пастаўленая ў ёй праблема дзяржаўнай улады хвалявала яго менш, чым праблема асобы чалавека, які здзейсніў кровапраліцце, чым пытанні зла і расплаты, злачынства і пакарання.
Увага Луцэнкі засяроджана на гісторыі душы Макбета, на логіцы ягонага маральнага падзення. Рэжысёра найбольш цікавіла, як становяцца Макбетамі.
 /i/content/pi/mast/3/75/Dyjalogi-z-Sheks1.jpg
...Дзеянне мінскага спектакля ўпісана ў прастору спаленага, напаўразбуранага храма. Дзіравыя сцены, шурпатыя, абвугленыя дошкі, невядома як ацалелыя фрэскі. Трагічны стан свету, адлюстраваны на сцэне, не пакідае сумненняў -- «сувязь часоў» разарвалася даўно, храм спалены Бог ведае калі, гісторыя мяцяжоў, кровапраліцця, пажадлівай барацьбы за трон не з Макбета пачалася і не Макбетам скончыцца.
...Макбет, якім яго ўбачыў Б.Луцэнка і сыграў Р.Янкоўскі, не народжаны забойцам, як не створана злачынцам лэдзі Макбет (А.Клімава)... Яна не спакушальніца, не чацвёртая вядзьмарка, як яе часта называюць. Нашэптваючы Макбету аб забойстве, яна ўкладвае ў словы ягоныя ўласныя патаемныя жаданні.
...Забіць Дункана для Макбета-Янкоўскага значыць выканаць спрадвечны закон, загаварыць са светам на ягонай мове. Усё вакол заклікае да забойства. Калі ён адмовіцца ад крывавай задумы -- скажуць, што хацеў прыкончыць караля, ды духу не хапіла. Мужнасць у Дунканавым царстве патрэбна не для таго, каб забіваць, а для таго, каб не забіваць. Менавіта яе ў Макбета і не аказалася, ён не знайшоў у сабе сілы сказаць свету «не». Рашэнне праліваць кроў супярэчыць натуры Макбета, яно даецца яму з цяжкасцю. Забіваць Дункана Макбет Янкоўскага ідзе няўпэўнена, зігзагамі, раз-пораз азіраючыся, пераадольваючы агіду, не страх. Калі ўсё здзейснілася, у пустых акенцах храма ўзнікаюць жудасныя маскі, гратэскныя знакі кіруючых трагічным светам сіл, і ладзяць д’ябальскія скокі -- перамога над душой Макбета атрымана.
Макбет зрабіў тое, чаго ад яго чакалі. Але расплачвацца за злачынства даводзіцца аднаму. Забойства аказвае на яго імгненнае разбуральнае дзеянне. Са спальні зарэзанага караля ён не выходзіць, а выкочваецца, выпаўзае, яму моташна. Не мог ён уявіць, што яму будзе гэтак блага. Ён кідаецца да чашы з вадой, адчайна мые запэцканыя крывёю рукі, пырскі ляцяць ва ўсе бакі. Лейтматыў п’есы, вядучы вобраз яе паэтычнай тканіны -- кроў, -- кажуць шэкспіразнаўцы. Лейтматыў вобразнай сістэмы спектакля -- вада, якой гэтую кроў марна спрабуюць змыць. Лэдзі Макбет Клімавай ужо ў гэтай сцэне мроіцца, што на руцэ яе крывавая пляма, якую не змые «ўвесь акіян Нептуна». У п’есе яна робіць выгляд, што страчвае прытомнасць, каб адлюстраваць жах з прычыны смерці караля, у спектаклі яна насамрэч страчвае прытомнасць.
Галоўныя героі «шатландскай» трагедыі Шэкспіра, як сыграны яны ў спектаклі, выклікаюць хутчэй спачуванне, чым жах. Іх жыццё пасля забойства -- задоўжаная агонія. Лэдзі Макбет здаецца, быццам не толькі рукі яе пакрыты крывёю: усё яе цела -- суцэльная крывавая пляма. У трызненні, у надрыве яна павольна, пакутлівым намаганнем здзірае з сябе адзенне, як уласную скуру, марна спрабуючы вызваліцца, скінуць цяжкую ношу. Пасля такога жывымі не застаюцца.
Макбет, расціснуты пакутамі сумлення, кідае хрыплыя праклёны небу, цягне вяроўку-язык нябачнага звона -- ва ўсім гэтым весялосць адчаю, хвацкая зацятасць чалавека, якому няма што траціць. ...Ён стомлены да смерці. Перамагчы яго няцяжка. Макдуф яго толькі дабівае. ...Макдуф і ягоныя воіны ўтыкаюць мячы ў зямлю, акружаюць яму, зазіраюць у яе і смяюцца -- як, толькі і ўсяго? Вось жа які страшны тыран Макбет! Смех раптоўна перапыняецца. З глыбіні сцэны з’яўляецца новы кароль -- Малькольм.
...На шчасце, сэнс спектакля, ягоны духоўны вынік нашмат багацейшы за думку моцна сыгранага фіналу. «Свет пачварнасці і зла» -- гэта не ўся светабудова. Ягоныя прэтэнзіі на дэманічнае ўсеўладдзе пазбаўлены грунту. Ён скарае толькі тых, хто з-за карыслівасці або страху гатовы скарыцца. Пад купаламі апаганенага храма захаваліся жывыя душы. У поліфаніі спектакля іх галасы гучаць нягучна, але з цвёрдасцю.
Рэальнасць шэкспіраўскага гуманізму, што вытрымлівае выпрабаванне ўсімі спакусамі трагедыі, пацвярджаецца лёсам галоўнага героя, якім мы яго бачым на сцэне. Яго карае магутная сіла сумлення -- чалавек не можа жыць забойцам. ... У спектаклі жыве дух трагедыі, які разбурае ілюзіі, але дорыць надзею. Над каралямі і наёмнымі забойцамі са сцен разбуранага храма глядзяць на нас спакойныя і цудоўныя твары людзей Адраджэння. ... Яны непадуладныя агню і разбурэнню. У іх магутнай чалавечнасці і харастве і з’яўляецца нам апошняя ісціна шэкспіраўскай трагедыі, пастаўленай на сцэне Рускага тэатра БССР. Театр. 1976. № 6.

Аляксей БАРТАШЭВІЧ