Палатно супраць манітора

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

«Да.О» Жанны Капуснікавай

/i/content/pi/mast/44/746/17.jpg

Мой сябра. Алей. 2010.

У сваім новым праекце мастачка Жанна Капуснікава абапіраецца на распаўсюджаную практыку размяшчаць свае фотаздымкі-юзерпікі ў сацыяльных сетках. Улічыўшы, што выбар web-партрэта звязаны з уяўленнем чалавека пра сябе, Жанна стварыла серыю партрэтаў, выкарыстаўшы рэальныя юзерпікі. Героі яе твораў — сябры, знаёмыя і проста вядомыя персоны.

Адважная Жанна (імя абавязвае!) у сваім праекце смела глядзіць у твар экраннай візуальнай культуры. У адной руцэ ў яе пэндзаль і мастыхін, у другой — палітра. Узброеная да зубоў, яна стала на шлях «Да.О». Палатно прыняло пас на грудзі і адказала манітору — дэсакралізаваўшы яго, паставіўшы яго вытворныя (у дадзеным выпадку аватаркі знаёмых Жанне людзей) у адзін шэраг з іншымі аб’ектамі адлюстравання жывапісца: яблыкам, драпіроўкай і г.д. Гэта называецца «панізіць у статусе» (гаворка пра дачыненні палатна і манітора, людзі ні пры чым). У творчым працэсе, пазбаўленым, дарэчы, усялякай спаборніцкай агрэсіўнасці, Жанна не адзінокая: з найбліжэйшых прыкладаў згадайма параўнальна нядаўняе жывапіснае палатно Уладзіміра Цэслера рэдкай для яго ўласнаручнай работы, дзе была выяўленая сетка ТВ-манітора.

На сённяшні дзень расклад такі: манітор паглынуў, ператравіў і выплюнуў багатую візуальную спадчыну мінулых часоў. Так і хочацца, ідэнтыфікуючыся з чароўнай бландзінкай, гераіняй Мэрылін Манро з фільма «У джазе толькі дзяўчаты», выгукнуць: «Гэта тунец? Але як жа такая вялікая рыбіна змяшчаецца ў такую маленькую бляшаначку, якую я бачыла ў краме?» Так, тунца зловяць, разрэжуць і з’ядуць. Ужо амаль з’елі. Жыццё — яно гэткае, так. Сілы няроўныя, і будучыня — за сіліконам і вадкімі крышталямі. Жывапіс сядзіць у сваёй рэзервацыі — дастаткова вялікай, з выгодамі, гэта трэба прызнаць, і то малодзіцца з адчаем экс-прымадонны, то ганарліва (ці пакорліва?) замыкаецца ў вінтажным свеце колішняга росквіту. Перабірае старыя фатаграфіі, захоўвае вернасць зданям мінулага стагоддзя і не водзіцца з сумніўнымі персанажамі са свету contemporary art... Што засталося жывапісу, акрамя ўспамінаў пра зорную мінуўшчыну? Статус антыкварыяту — магчыма, вельмі дарагога — максімум, на што ён можа разлічваць у будучыні. І яго гэта задавальняе. Так мяркуе шмат хто: здаецца, жывапіс ужо сказаў (напрыклад, сродкамі партрэта) усё, што можна было сказаць пра чалавека, — ад псіхалагічных адкрыццяў Рэмбранта да парадных выяў эпохі барока, ад колеравых сімфоній імпрэсіяністаў да сучасных гламурных перапеваў вялікай спадчыны мінулага.

Сапраўды — ну што новага ў партрэтным жанры можа паказаць жывапіс стомленаму велізарнымі рэкламнымі тварамі воку сучаснага гледача? Тым больш, што і гэты момант даўно адрэфлексаваны ў поп-арце. І чаму сёння партрэтны жывапісны праект прэзентуе галерэя сучаснага мастацтва?

Разбяромся да канца з рэлевантнасцю дадзенай выставы ў дадзеных сценах. Пытанне: «Ці актуальны партрэт як жанр?» — раўназначнае пытанню: «Ці актуальны асобны, канкрэтны чалавек як аб’ект увагі?» Індывідуальнае не заўсёды ўважалася за істотнае і цікавае (галіну крыміналістыкі, дзе развіваюцца надзвычайныя па выразнай сіле партрэтныя традыцыі, мы не разглядаем).

Такім чынам, традыцыйны партрэт перадае аўтарскі погляд мастака на ўвасоблены твар. Ці сацыяльную маску. Ці проста маркіруе статус партрэтаванага, нівелюючы ўласны аўтарскі погляд да поўнага зліцця з калектыўным устанаўленнем. Задачы ў партрэтыстаў бываюць вельмі розныя і нават проста супрацьлеглыя. Калі ўсё яшчэ жадаеш адказаць на бязглуздае пытанне: «Што хацеў сказаць мастак?» — галоўнае, зразумець, хто куды і як глядзіць. Партрэтны жывапіс — гэта сістэма люстэрак, пра што на пальцах нам распавёў яшчэ Веласкес у «Менінах». Погляд Жанны Капуснікавай — гэта адбітак чыйгосьці самаадлюстравання. Партрэт аўтапартрэта — адным словам, аўтарская дыслакацыя вельмі нават не банальная. Транспануючы маленькую аватарку ў вялікае палатно, Жанна з усёю аўтарскай суб’ектыўнасцю піша з натуры чыйсьці погляд на самога сябе. Карацей, люстэрка, якое Веласкес павесіў на задняй сценцы залюстроўя (дзе часу, між іншым, няма і панятак «актуальна» не актуальны абсалютна), тут вельмі, вельмі дарэчы — інакш можна заблукаць. Трымай курс, Жанна!

Таццяна Бембель