Іерогліфы танца

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

«Дон Кіхот» прыехаў у Токіа

/i/content/pi/mast/43/738/46.jpg
Шынія Масутакі (Эспада).
Валянцін Елізар’еў, вядомы беларускі харэограф, народны артыст Беларусі і СССР,
у апошнія сезоны вельмі запатрабаваны ў розных краінах свету. У адным з нумароў часопіса за 2010 год мы расказвалі пра надзвычай удалую пастаноўку ім балета
«Спартак» у Егіпце на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета Каіра. Сёлета напрыканцы студзеня ў Токіа адбылася прэм’ера балета «Дон Кіхот», да якой Валянцін Мікалаевіч таксама мае самае непасрэднае дачыненне. Гэта новая работа і стала нагодай для нашай гутаркі.

Японія для вас — прастора, дастаткова добра вядомая. Беларускі балет, які вы ўзначальвалі больш за 35 гадоў, трыумфальна выступаў у Краіне Узыходзячага Сонца...

— Сапраўды, у лістападзе 1996 года трупа паказвала ў Токіа, Нагоі, Осацы, Іакагаме, Ішыкаве тры спектаклі — «Рамэа і Джульета», «Спартак», «Дон Кіхот». Амаль за год да гастроляў у Мінск прыязджала цэлая група спецыялістаў з Японіі, у тым ліку лепшы японскі фотамайстар, які павінен быў зрабіць шыкоўны фотаальбом — ён потым прэзентаваўся падчас гастроляў. Аб’ёмныя дэкарацыі да згаданых спектакляў ехалі ў краіну морам на працягу некалькіх месяцаў — праз Гамбург, Балтыйскае мора, Атлантыку, Суэцкі канал, Індыйскі акіян...

Але гастрольная вандроўка і пастаноўка спектакля — розныя рэчы. Як узнікла ідэя з’яўлення «Дон Кіхота» ў Токіа, хто вас запрашаў, калі і якім чынам?

— Увогуле ў Японіі бываю часта. Езджу ў якасці члена журы на Міжнародны конкурс артыстаў балета ў Нагоі, які ладзіць тэлекампанія СHK, — гэта адзін з самых значных у свеце конкурсаў, яго ўзначальвае Плісецкая. Мая Міхайлаўна заўсёды ставіцца да мяне з вялікай цеплынёй. Думаю, у знак удзячнасці за тое, што шмат гадоў таму я паставіў для яе харэаграфічныя сцэны ў фільме «Фантазія», які Анатоль Эфрос здымаў паводле аповесці Тургенева «Веснавыя воды». Пры сустрэчы яна часта згадвае гэту сумесную працу...

У 2004 годзе я ўвасобіў у Токіа балет «Эсмеральда». Нагодай сталася 10-годдзе NBA Company (Японскай балетнай акадэміі). Аўтарская версія балета «Дон Кіхот» (менавіта так пазначана на афішы) — гэта мой другі спектакль, зроблены ў Японіі. Запрасіў мяне Кенджы Усуі, педагог і гісторык балета...

Памятаю, ён спецыяльна прыязджаў праз паўсвету ў Мінск на ваш юбілей, які восенню 2007 года ладзіўся ў перапоўненым Палацы Рэспублікі. Японскі прафесар наведваецца і ў Віцебск, на Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі...

— Так. Кенджы Усуі — прэзідэнт Асацыяцыі балета Японіі, гэта магутная арганізацыя, якой вельмі дапамагае дзяржава. Акрамя таго, ганаровы прафесар Маскоўскай акадэміі харэаграфіі. Усуі — чалавек з легендарным лёсам. Сёлета яму споўнілася 87 гадоў па еўрапейскай сістэме і 88 — па японскай (у Японіі дзень нараджэння лічыцца з моманту зачацця). Танцоўшчык, харэограф, тэарэтык, аўтар больш як дзесяці кніг на японскай і англійскай мовах. У дадатак — карэспандэнт многіх англійскіх і амерыканскіх балетных часопісаў. Вельмі рознабаковая асоба. Думаю, у свеце балета няма фігуры больш вядомай, чым ён. Бачымся з ім амаль на ўсіх міжнародных конкурсах — і ў Еўропе, і ў Амерыцы, і ў Азіі. Толькі за апошні сезон сустрэліся некалькі разоў. Напрыклад, на конкурсе ў Японіі — туды трапіў яшчэ да пастаноўкі, а таксама на міжнародных конкурсах у Кітаі і ў Сочы.

Але вернемся да «Дон Кіхота». Кенджы Усуі сказаў, што за сваё доўгае жыццё ён бачыў некалькі дзясяткаў спектакляў з такой назвай, пастаўленых рознымі харэографамі. Але маю версію ён лічыць лепшай. Таму мяне і запрасілі на пастаноўку...

Наколькі я ведаю, лёс Кенджы Усуі, асабліва ў юнацтве, быў дастаткова драматычны...

— Так. У 1945 годзе, падчас вайны паміж СССР і Японіяй, ён літаральна хлапчуком трапіў у Маньчжурыі ў палон, нават не паспеўшы прыняць удзел у ваенных дзеяннях. Кенджы апынуўся ў лагеры для японскіх ваеннапалонных у Сібіры, дзе знаходзіўся чатыры гады. Памятае сопкі, лясы, велізарных камароў памерам з пазногаць... Зняволеныя японцы пілілі дрэвы і грузілі іх у вагоны. Часам бярвёны скочваліся і проста раздушвалі некаторых. Кенджы з маладосці меў выдатную адукацыю, ведаў мовы, бо паходзіў з радавітай сям’і, набліжанай да японскай арыстакратыі. Начальнік лагера звярнуў на яго ўвагу, і Кенджы зрабіўся выхавацелем двух ягоных сыноў, бо ніякіх школ вакол лагера, вядома ж, не было. Усуі вывучыў рускую мову — праз сваіх выхаванцаў. Пазней ва Уладзівастоку быў вымушаны жыць на вольным пасяленні, а потым з’ехаў на радзіму.

А цяпер крыху больш падрабязна пра сам спектакль...

— Запрашэнне адбылося прыблізна год таму. Маёй умовай была наяўнасць прафесійных перакладчыкаў, якія добра ведаюць менавіта балет. На шчасце, у Японіі ўжо чатыры гады жывуць Мікі Ватанабэ і Аляксандр Бубер, былыя салісты беларускай балетнай трупы. Калі яны з’язджалі з Мінска, іх кар’ера яшчэ не заканчвалася. Аляксандр як выканаўца па-ранейшаму запатрабаваны, працуе шмат і вельмі прафесійна. Знаходзіцца ў належнай творчай форме, выступаў у адной з буйных харэаграфічных труп, а цяпер вольны мастак, танцуе па запрашэннях. Як і большасць танцоўшчыкаў у Японіі.

І Мікі, і Аляксандр адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена, пабудавалі ўласны дом, у падвале якога размешчана балетная студыя. Не надта вялікая — 9 на 9 метраў, высокая столь, падлога такая, як патрэбна, люстэркі, балетныя станкі... Паказвалі мне яе, збіраюцца даваць там прыватныя ўрокі.

Падчас рэпетыцый «Дон Кіхота» Мікі і Аляксандр былі маімі асістэнтамі. А яшчэ — Таццяна Шаметавец, якая не адзін сезон танцавала ў гэтым спектаклі ў Мінску. Паколькі ў Японіі не вывучаюць характарныя танцы, яе дапамога была вельмі істотнай. Наогул у краіне няма харэаграфічных вучылішчаў, ёсць велізарная колькасць студый, каля 2 тысяч балетных школ. Ад маленькіх да агромністых...

Тады становіцца зразумелым, чаму столькі японскіх балерын і танцоўшчыкаў удзельнічаюць ледзь не ва ўсіх міжнародных конкурсах. І чаму яны выступаюць па ўсім свеце — у кожнай краіне, ці не ў кожнай трупе...

— У горадзе Осака існуе студыя майго даўняга знаёмага Макі Хамура (мы адначасова вучыліся ў Ленінградзе). У яго 3 тысячы вучняў. Гэта каласальны бізнес! Дарэчы, у Японіі ўсё — бізнес, і нават мысленне будуецца праз бізнес...

Інакш кажучы, кожны вучань студыі плаціць за кожны ўрок?

— Там увогуле няма бясплатных адносін. Уся адукацыя, як і астатняе ў Японіі, — толькі прыватная. Дзяржаўныя — толькі паліцыя і армія. Самы танны ўрок (звычайна ён доўжыцца 1 гадзіну 15 хвілін) каштуе каля 100$. У студыях займаецца велізарная колькасць дзяўчынак. Хтосьці арыентаваны на прафесію балерыны, а хтосьці займаецца для паставы, здароўя, каб фігура развівалася гарманічна.

Цікава, ва ўсіх студыях праграма навучання розная? Ці ёсць штосьці агульнае?

— Большасць прытрымліваецца рускай школы навучання і методык Агрыпіны Ваганавай, хоць многія артысты і педагогі вучыліся ў ЗША, Канадзе, Францыі. Напрыклад, у Англіі ў Каралеўскай школе навучаецца шмат балерын і танцоўшчыкаў з Японіі. У адным са складаў майго «Дон Кіхота» была занятая японка з англійскай школай. Праваднікамі прынцыпаў рускай школы з’яўляюцца артысты, якія вучыліся ў Расіі. Той жа Кенджы Усуі — педагог, «прарускі» па сваіх балетных меркаваннях. Ён перакананы ў плённасці такіх методык і ў тым, што руская школа забяспечвае найвышэйшы ўзровень выканання.

Што было лёгкім, а што складаным у працы з трупай, якую вы фактычна не ведалі?

— Калі японцы пачалі развучваць «Дон Кіхота», Мікі Ватанабэ і Аляксандр Бубер займаліся падрыхтоўчай працай. Як педагогаў я іх раней нават і не ведаў. За тры тыдні да прэм’еры мы прыехалі разам з Таццянай Шаметавец. Рэпетыцыі доўжыліся цэлымі днямі, без перапынку, пачыналіся а першай гадзіне — і да позняй ночы... Для артыстаў перапынак быў, бо мяняліся склады.

У маім кантракце было пазначана, што ў спектаклі занятыя тры зусім розныя склады выканаўцаў. Таму аб’ём працы велізарны! Артысты рэпеціравалі з вялікай ахвотай, нікога не трэба было прымушаць. Салістаў — нават на маленькія партыі — падабралі з усёй Японіі. Двух выканаўцаў партыі Гамаша запрасілі з Расіі і Італіі. Усе хацелі ўдзельнічаць у гэтым праекце, бо ў выніку прадугледжваўся відэазапіс. З аднаго боку, гэта, так бы мовіць, «помнік», а з іншага — камерцыя, бо дыскі з запісам спектакля каштуюць дорага, прыблізна 150 $. Але калі ў краіне існуе 2 тысячы студый, а ў кожнай — вучні, педагогі... Гэта сур’ёзны бізнес!

Зразумела, на такую відэапрадукцыю ёсць попыт, яна запатрабаваная. Бо ўся сістэма навучання балету, яго функцыянавання пабудавана зусім іначай, чым у нас або, напрыклад, у Расіі ці Польшчы. Краіна як быццам маленькая, але ўплывае на ўвесь свет...

— Я б не сказаў, што маленькая. 80 мільёнаў жыхароў...

/i/content/pi/mast/43/738/47.jpg

Хана Сакай (Кітры).

Некалі вядомы гісторык балета Юрый Сланімскі вельмі трапна заўважыў, што «Пеціпа, а ўслед за ім і Горскі цікавіліся ў рамане Сервантэса не яго галоўным героем, а фонам, што дае нагоду для іспанскіх танцаў». Гэта спектакль, з якім заўсёды звязаны шлейф поспеху, радасці, станоўчых эмоцый. «Дон Кіхот» належыць да пастановак, якія аднолькава шчодра любяць і гледачы, і выканаўцы. Стыхія яркай музыкі, імклівых рытмаў, багацце сонечных танцаў, што зіхацяць весялосцю і змяняюць адзін аднаго на плошчы Барселоны, кідкія, маляўнічыя касцюмы — складнікі спектакля, які ўспрымаецца як свята харэаграфіі і свята жыцця.

«Дон Кіхот», пастаўлены вамі ў Мінску, і цяпер з поспехам ідзе на нашай сцэне. Ведаю, што пластычная партытура гэтай версіі балета аб’ядноўвае найбольш каштоўныя фрагменты харэаграфіі Марыуса Пеціпа, Аляксандра Горскага, Касьяна Галяйзоўскага і сцэны, пастаўленыя Валянцінам Елізар’евым...

— Калі ствараў спектакль для Мінска, вельмі дэталёва прадумаў яго канструкцыю. Такой нідзе больш няма. На афішах і ў буклетах, выдадзеных у Токіа, было пазначана: «Японская балетная асацыяцыя прэзентуе» — “Дон Кіхот”. Версія Валянціна Елізар’ева». У Токіа я імкнуўся прыстасаваць уласную версію да індывідуальнасцей японскіх артыстаў і магчымасцей трупы. І не мяняць пры гэтым агульную канструкцыю — музычную і харэаграфічную.

Вельмі добра працавала ў якасці асістэнта Таццяна Шаметавец. На кожную рэпетыцыю яна пераапраналася ў балетнае адзенне — і паказвала... Бо характарныя танцы, якія японцы не вывучалі, гэта не тое, што можна паказваць, седзячы на крэсле. Дарэчы, усе характарныя нумары выконвалі класічныя танцоўшчыкі, «схоплівалі» асаблівасці іспанскіх, цыганскіх танцаў дастаткова хутка... Тыя, што ў адной прэм’еры танцавалі вядучыя партыі, у іншай выступалі ў эпізадычных ролях. Прычым з вялікім задавальненнем...

Ці мала дзе гэтыя танцы ім спатрэбяцца! Шматлікія варыяцыі і дуэты з «Дон Кіхота» выконваюцца звычайна на ўсіх міжнародных конкурсах артыстаў балета, на ўсіх святочных канцэртах... У параўнанні з іншымі версіямі спектакля, якія мне даводзілася бачыць, ваш «Дон Кіхот» досыць лёгкі і дынамічны. Цікава, што адным з цэнтральных герояў пастаноўкі зрабіўся недарэка Гамаш, няўдачлівы жаніх прыгажуні Кітры. Памятаю, у адной з мінскіх рэцэнзій пісалі, што спектакль больш дакладна было б назваць «Вяселле Гамаша». Дарэчы, у Парыжскай оперы ішоў спектакль на музыку Мінкуса, які менавіта так і называўся...

— Для партыі Гамаша былі два выканаўцы, і абодва запрошаныя: італьянец Масіма Акры з балетнай трупы «Ла Скала» і Аляксандр Мішуцін, саліст Маскоўскага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Усе астатнія артысты — японцы. Гэтаксама, як дырыжор, сцэнограф, мастак па касцюмах. Я ўсведамляў, што яны — высокапрафесійныя асобы.

Найбольш складаны момант для пастаноўшчыка — калі часткі спектакля пачынаюць збірацца ў адно цэлае. Тут цярпення і нерваў трэба мець шмат...

— Усе тэхнічныя работнікі хадзілі на балетныя рэпетыцыі ў зале, уважліва глядзелі і распытвалі. А загадчык пастановачнай часткі нават з’яўляўся з клавірам і пастаянна нешта занатоўваў. І нездарма. Калі я прыйшоў на першую манціровачную ў глядзельнай зале, усё — не паверыце! — было гатова. І святло, і мантаж дэкарацый. Ніякіх нерваў! Перад генеральнай касцюмы былі не толькі своечасова пашыты, але і «падагнаны». Ніхто ў апошні момант нічога не дашываў. Былі гатовы аздабленні, біжутэрыя, галаўныя ўборы. Арганізацыя працы і прафесійнасць тэхнічных служб проста ўражваюць!

Цікава, колькі каштуюць білеты на балетную прэм’еру?

— Яны вельмі дарагія. Самы танны, дзіцячы, — 2 тысячы іен, самы дарагі — 10 тысяч іен, гэта больш за 120 долараў. Велізарная зала, лепшы тэатр сталіцы — «Токyо Bunko Kaikan».

Будынак належыць пэўнай трупе?

— Не, мэрыі Токіа. У Японіі ўсе тэатры гастрольныя. Такая практыка існуе ў многіх краінах свету. Будынку «Токyо Bunko Kaikan» каля пятнаццаці гадоў. Абсталяванне сцэны, усё яе «начынне» кожны год цалкам абнаўляецца...

Так не бывае!

— Бывае. Тое, што крыху састарэла, перапрадаюць іншым тэатрам.

Вы расказвалі, што адбыліся тры прэм’еры «Дон Кіхота» з рознымі выканаўцамі. Потым праз паўгадзіны пасля заканчэння апошняга спектакля пачаўся продаж відэадыскаў з запісам балета. А хіба не больш выгадна паказваць спектакль далей, калі ў яго ўкладзена столькі працы і фінансавых сродкаў?

— Той, хто займаецца продажам дыскаў, глядзіць, як яны разыходзяцца. Ідуць добра — тыраж дадрукоўваецца. У наступным годзе пры наяўнасці попыту робіцца аднаўленне спектакля, але зусім з іншымі выканаўцамі. І атрымліваецца, што гэта іншы балет! Прычым у новую пастаноўку арганізатары не ўкладваюць грошы — прынамсі, у дэкарацыі і касцюмы.

А вас плануюць запрасіць для працы з новымі артыстамі?

— Так. Папярэдняя размова была.

Ці ёсць у вас як балетмайстра далейшыя планы, звязаныя з Японіяй?

— Магчыма, у 2012 годзе буду ставіць там яшчэ адзін спектакль. Але назву пакуль што не раскрыю. Хацеў бы зноў папрацаваць разам з Мікі і Аляксандрам. Увогуле японцы — выдатныя арганізатары. Неверагодная нацыя! У іх няма нічога выпадковага. Увесь працэс працы дэталёва прадуманы. Акрамя роднай мовы, амаль усе ведаюць англійскую — калі падчас рэпетыцый мяне не разумелі, я пераходзіў на яе, хоць у школе вывучаў французскую... Жыццё прымусіла ведаць і англійскую.

Якія пастаноўкі плануюцца ў вас у бліжэйшы час?

— У Кіеве — новая рэдакцыя балета «Стварэнне свету». Прэм’ера — у маі гэтага года. Будуць выкарыстаны шэсць заднікаў мастака Яўгена Лысіка. Іх эскізы захаваліся: адзін — у мяне, астатнія ў ягонай удавы, Аксаны Зінчанка. Яна сама — цудоўная мастачка, касцюмы, зробленыя па яе эскізах, да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў балеце «Шчаўкунок», што ідзе на мінскай сцэне. У Кіеве мы ўжо сустракаліся з дырыжорам, мастаком. Трупа там моцная, яна робіць вельмі добрае ўражанне. Складаецца са 180 артыстаў...

Ва Украіне шмат цікавых выканаўцаў, але такога адметнага рэпертуару, як у Мінску, у іх няма. Шмат украінскіх артыстаў працуе па ўсім свеце. Гэту тэндэнцыю можна патлумачыць і тым, што, акрамя Кіева, у кожным абласным горадзе краіны (у Данецку, Адэсе, Харкаве, Львове, Днепрапятроўску) існуе ўласны тэатр оперы і балета.

У дадатак многія з гарадоў ладзяць уласныя міжнародныя конкурсы артыстаў балета. Вопыт розных краін у развіцці харэаграфічнага мастацтва таму і цікавы, што варты аналізу і вывучэння...

Таццяна МУШЫНСКАЯ