Арт-крытыка

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Паміж набыткам і перспектывай...

 «Каму патрэбна сёння мастацкая крытыка? На гэта пытанне я мог бы адказаць, што нікому. Ні самім крытыкам, ні мастакам, ні тым дзяржаўным установам, якія “кіруюць” культурай. І на гэтым паставіць кропку, таму што наўрад ці хто здолеў бы мяне пераканаць у іншым», — так напісаў старшыня секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў Барыс Крэпак у 2004 годзе. Цікава, што на «круглым стале», які адбыўся нядаўна ў Інстытуце Гётэ ў Мінску, такая думка прагучала таксама. І мастакоў, што прыйшлі паслухаць дыскусію, былі сапраўды адзінкі. Сітуацыя нібы не змянілася, аднак... пачала мяняцца. І, як ні дзіўна, у лепшы бок. Перамены праявіліся ў тым, што паўстала запатрабаванасць: з’яўляюцца творцы, мастацкія структуры і працэсы, якія не могуць паўнавартасна функцыянаваць без арт-крытыкі. Усё становіцца на свае месцы: крытыка ў сучасным мастацтве — не проста дадатак, паралельны тэкст, а неабходны і канстытуіруючы складнік.

Згаданы «круглы стол» пад назвай «Арт-крытыка сёння. Еўрапейская практыка і беларуская перспектыва» адбываўся ў межах праекта «На шляху да сучаснага музея-2011». У рамках дзвюх мінулых акцый (у 2009 і 2010 гадах) былі арганізаваны конкурсы для маладых мастакоў і куратараў, сёлета — для пачынаючых арт-крытыкаў. Задача 2011 года — садзейнічаць павышэнню прафесійнай кваліфікацыі людзей, якія ўжо з’яўляюцца ці могуць стаць крытыкамі.

У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць акрэсліць рамкі крытычнага дыскурсу і сённяшні стан развіцця мастацкай крытыкі: з’яўляецца яна агентам рынку contemporary art ці сферай незалежнай аналітыкі? Арганізатары сустрэчы вызначылі кола хвалюючых праблем наступным чынам: «У Беларусі ёсць людзі, якія пішуць крытычныя артыкулы пра сучаснае мастацтва. Але ці можна на гэтай падставе сцвярджаць, што ў Беларусі існуе інстытут мастацкай крытыкі? З гэтым пытаннем злучаны іншыя: “Што характарызуе інстытут мастацкай крытыкі як такі? У якой меры для ацэнкі сітуацыі ў беларускай арт-крытыцы можа быць улічаны еўрапейскі досвед? Што перашкаджае развіццю беларускай арт-крытыкі? І што можна зрабіць сёння для ўдасканалення (ці ўсё ж стварэння?) гэтага інстытута ў Беларусі?”».

Удзельнік дыскусіі Ірына Стальная вызначыла складнікі гэтага інстытута: адукацыя, выданні, наяўнасць сістэмы супрацоўніцтва актуальнага мастацтва з музеямі, галерэямі і мастакамі, а таксама — дзяржаўная падтрымка (як, напрыклад, у Францыі). Ірына Саламаціна з апошнім пунктам не згадзілася: «Асаблівасць крытыкі менавіта ў тым, што яна робіцца на перыферыі. У еўрапейскіх краінах дзяржава аддзелена ад арт-крытыкі, якая таму і атрымлівае магчымасць стаць своеасаблівым буферам паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю. Нават з рынкам гэты інстытут знаходзіцца ў даволі складаных узаемадачыненнях...»

Галоўная выснова «круглага стала»: пра інстытут арт-крытыкі з неабходным наборам функцый і механізмаў гаварыць яшчэ рана, аднак перадумовы для яго развіцця, безумоўна, ёсць. Фармальна мы маем належныя інстытуцыі, але не заўсёды яны адпавядаюць патрабаванням часу.

Наш часопіс працягвае дыскусію і прапануе меркаванні арт-крытыкаў Алесі Белявец і Паўла Вайніцкага.

Хто здольны чыніць суд?

Нягледзячы на быццам бы ясную этымалогію слова «крытыка», вызначэнне «арт-крытыка» больш складанае. У старажытнагрэчаскай мове найменне «kriticos» адносілася да чалавека, здольнага чыніць суд. З гэтага панятку, трансфармаванага праз стагоддзі і еўрапейскі досвед, вырастае сённяшняе разуменне таго, чым ёсць мастацкая крытыка: гэта ўменне судзіць, ацэньваць, аналізаваць. Нарэшце — змяшчаць у кантэкст (знаходзіць з’яве яе месца ў сучаснай мастацкай практыцы і ў гістарычнай перспектыве). Таму крытык зусім не абавязкова шукае адмоўныя моманты ў творы мастака, а хутчэй вербалізуе, расшыфроўвае ўнутраныя працэсы, тое, што не з’яўляецца відавочным і недаступна позірку як мастака, так і гледача. І на першы погляд функцыя крытыка — быць пасрэднікамі паміж імі. Але ўсё не так адназначна. Ва ўзаемадачыненнях мастака з яго гледачом адбыліся незваротныя трансфармацыі.

Станаўленню крытыкі паспрыяла традыцыя стварэння мастацтва па-за межамі замовы. Аўтар ад Новага часу часта сам вызначае тэмы, сюжэты і характар выканання сваіх работ і таму набывае патрэбу ў інтэрпрэтатары. У перыяд гістарычнага авангарда сітуацыя мяняецца яшчэ больш кардынальна: аўтар кідае выклік сучасніку! На думку тэарэтыка мастацтва Барыса Гройса, «заблытаны стан сённяшняга мастацкага крытыка ўвасабляецца ў тым, што ён унаследаваў грамадскі заказ разам з авангардысцкай здрадай гэтаму заказу. Ён пастаянна спрабуе меркаваць пра мастацтва ад імя публікі — і адначасова крытыкаваць грамадства ад імя мастацтва». Гэта — кропка знаходжання крытыка ў сусветнай арт-прасторы, якая па меры развіцця найноўшага мастацтва пачынае акрэслівацца і ў нас. Аднак не разабраўшыся са сваім мінулым, цяжка рухацца далей.

У савецкім мастацтвазнаўстве былі істотныя і відавочныя перакосы, што рабілі немажлівым развіццё прафесіі: ідэалогія выступала як метадалогія, крытыка часта ператваралася ў абслуговую інстанцыю, у сэрвіс.

Мастакі тагачаснага андэграўнда ўласнай крытыкі не мелі. Яны самі (як, напрыклад, Ігар Кашкурэвіч ці Людміла Русава) пісалі канцэпцыі і маніфесты. Адначасова можна назіраць і з’яўленне фігуры апалагета, які прапагандаваў творчасць блізкага яму мастака. Таму тэксты, якімі паступова абрасталі неафіцыйныя з’явы, арт-крытыкай у строгім сэнсе не былі.

У 1990-я ў краіне наступіў перыяд мастацкай актыўнасці: з’яўляліся новыя імёны, жанры, паўставалі незалежныя галерэі, арганізоўваліся міжнародныя пленэры і семінары, актыўна засвойваліся замежныя кірункі. Стала кардынальна мяняцца лексіка айчыннага мастацтвазнаўства. Старыя крытэрыі ацэнкі не падыходзілі для новых тэндэнцый развіцця. Паўсталі новыя дэфініцыі з’яў і канцэптаў (відэа-арт, перформанс, інсталяцыя, ідэнтычнасць, парадыгма, мэйнстрым, канцэпцыя, герменеўтыка і г.д.), якія адлюстроўвалі сутнасць працэсаў, што адбываліся ў мастацтве.

Узнікла патрэба ў новай мове апісання таго мастацтва, якое паказвалася ў незалежных галерэях, і традыцыйнае мастацтвазнаўства такой мовай не валодала. З’явілася крытыка, якая б магла вербалізаваць і падтрымаць візуальныя адкрыцці новага пакалення. Сярод найбольш яркіх імёнаў згадаю Вольгу Капёнкіну, Вольгу Каваленка, Надзею Кароткіну, Дзмітрыя Караля, Нэлі Бекус, Аляксандра Давыдчыка, Арсена Мелікяна, якія па сумяшчальніцтве часта былі куратарамі і галерыстамі. Па-ранейшаму суправаджальныя тэксты да сваіх праектаў пісалі самі мастакі і канцэптуальныя фатографы.

Адсутнасць уласнага друкаванага перыядычнага выдання была вялікім недахопам: тэксты раскіданы па каталогах і часопісах, захоўваюцца ў прыватных архівах. Наступнаму пакаленню засталіся легенды, а не выпрацаваныя і замацаваныя стратэгіі. Галерэі хутка закрыліся, а крытыкі, якіх і так былі адзінкі, з’ехалі за мяжу ці змянілі род дзейнасці. Мала хто з аўтараў, што больш-менш актыўна працуюць сёння, задаволены тым, чым яны займаюцца і з чым ім даводзіцца працаваць.

Сёння арт-асяроддзе знаходзіцца ў стане крызісу ці, мякчэй кажучы, толькі намацвае сваю ідэнтычнасць. Выразна адчуваецца недахоп матэрыялу, на якім маладыя крытыкі маглі б набываць досвед.

Прафесійная крытыка не можа быць лакальным праектам. Арыентацыя на міжнародны кантэкст, выкарыстанне еўрапейскага досведу крытычнай рэфлексіі — неабходныя ўмовы развіцця ў прафесіі. Якім чынам крытыку ўпісацца ў міжнародны кантэкст? Улічваючы, што тое, пра што пішаш, трэба ведаць глыбока і знутры, — толькі працуючы з тутэйшымі творцамі і з’явамі, цікавымі не толькі нам, але і свету.

 Алеся Белявец

 

У агні з усіх бакоў...

— Што я нарабіў!!! Навошта я гэта зрабіў?!!! Ну навошта?

Гэтай рэакцыі вядомага беларускага мастака на свой апублікаваны тэкст я ніяк не чакаў. Няўжо пара крытычных заўваг маюць такі эфект? Мяркуючы па быццам бы шчыраму бедаванню аўтара — можа, надалей варта быць крыху мякчэйшым у характарыстыках? Ва ўсялякім выпадку, здаецца, ён сур’ёзна ўзрушаны, шкадуе і відавочна гатовы выправіцца... Значыць, усё не дарэмна?

Але тут прагучаў фінальны акорд:

— Навошта я аддаў у часопіс фота сваіх твораў для твайго артыкула?!?

Усе мы ведаем, што азначае слова «крытыка». Чаму ж яно павінна значыць нешта іншае з прыстаўкай «арт»? Так, арт-крытыка — гэта перш за ўсё крытычнае меркаванне. Прафесійнае, публічнае і традыцыйна ацэначнае. З нагоды мастакоў, іх работ і мастацкага працэсу ўвогуле...

Але не ўсё, што кімсьці і дзесьці пішацца пра мастацтва, — арт-крытыка апрыёры. Арт-журналістыка — у адрозненне ад арт-крытыкі — не патрабуе ні спецыялізаванага ведання філасофскіх і гістарычных асноў мастацтва, ні знаёмства з яго найноўшымі тэндэнцыямі. Задача арт-журналістыкі — хроніка «найбольш цікавых» арт-падзей і з’яў у неспецыялізаваных выданнях, арыентаваная на непадрыхтаванага ў пытаннях сучаснага мастацтва чытача. Паміж арт-крытыкай і мастацтвазнаўствам таксама палягае амаль непераадольная расколіна, на адным баку якой — надзённасць, эмацыйнасць і нават літаратурнасць крытыкі, на другім — акадэмічнасць мастацтвазнаўчага даследавання.

І самае галоўнае: арт-менеджмент, арт-бізнес і арт-крытыка — абсалютна розныя рэчы. У той час калі крытычны разбор можа ўтрымліваць негатыўныя, але аб’ектыўныя (ці прынамсі шчырыя) ацэнкі, салодкі кактэйль з кампліментаў і цытат модных аўтараў, прысвечаны «выдатным творам і іх выдатным творцам», — гэта папросту хвалілка, прызначаная для прасоўвання твора/творцы на рынак. Накшталт рэкламы, дзе яны выступаюць у якасці спецыфічнага тавару. Каб яго прадаць, зусім няважна, да чаго апеляваць — да летуценнага дзяцінства мастака ці соцыякультурных канцэптаў Бурдзьё. Да арт-крытыкі такі спосаб калямастацкага пісьма не мае ніякага дачынення.

Тым не менш нават ад айчынных калег даводзіцца чуць пра сучаснага крытыка, які «ідзе на рынак і займаецца маркетынгам і піярам». Цікава, што гэтая стратэгія падаецца ў якасці прагрэсіўнай — менавіта яе мы абавязкова павінны запазычыць з Захаду разам з рынкам мастацтва, якога ў нас (ці на жаль?) пакуль няма. Не менш цікава, што інтэрнацыянальна прызнаныя аўтарытэты арт-крытыкі з непакоем кажуць пра крызіс галіны, у якой яны з’яўляюцца вядучымі прафесіяналамі. А таксама пра «прыроджаную кабалу калекцыянераў, дылераў і аўкцыённых “табеляў аб рангах”», па вызначэнні Майкла Дункана, у якой сёння аказваецца крытык. І пра паступовую страту ўплыву на арт-працэсы, бо якасць мастацтва, якую крытыка павінна адстойваць, ужо нікога не цікавіць: вырашальным фактарам у поспеху мастака выступае агрэсіўная піяр-кампанія. Як заяўляе Элеанор Хартні, «у арт-крытыкі сур’ёзныя праблемы. Сёння яна ў агні з усіх бакоў...» Сярод крыніц узгарання — поп-культура, пад яе ціскам сам фармат крытычных артыкулаў становіцца ўсё больш спрошчаным, гламурным. У якасці дроў — капіталізацыя мастацтва, што неўтаймоўна расце. Рынак забівае крытыку, бо не мае ў ёй патрэбы — камерцыйная мадэль пісьма паступова апрапрыіруе крытычную. Арт-крытыка ўсё больш становіцца падобнай на рэкламу і на забаўляльную журналістыку. Здаецца, што «на Захадзе» масты да адступлення на тэрыторыю чыстага крытычнага меркавання ўжо спалены...

На гэтым фоне сітуацыя з арт-крытыкай «у цэнтры Еўропы» выглядае бясхмарнай. Пры адсутнасці арт-рынку крытыкі робяць сваю справу, кіруючыся перакананнямі пераважна прынцыповага кшталту. «Не магу (варыянт: не хачу) маўчаць» — вось галоўная інтэнцыя стварэння тэкстаў. Але ў агульнай масе адсутнасць агню выглядае трывожным сімптомам. Апісальнасць і «ўхваляльнасць» публікацый у айчынных часопісах можна разглядаць як інерцыйныя наступствы метадаў савецкай крытыкі, дзе крытычны інструментарый быў выдалены. Праз непатрэбнасць — бо «сацыяльная карысць работы важнейшая за яе мастацкія вартасці» — менавіта з гэтай, вызначанай Троцкім, пазіцыі ацэньваліся савецкія творы. Ідэалагічны прэсінг знік, а новыя крытычныя падыходы так і не сфармаваліся, вынікам чаго сталася наяўная няздольнасць (ці паліткарэктна — абмежаваная здольнасць) беларускай крытыкі рабіць крытычныя меркаванні.

Аднак сцвярджаць, што беларускай крытыкі няма (а мне давялося быць сведкам падобных высноў), — па меншай меры дзіўна. Ёсць інстытуцыі, якія даюць адпаведную прафесійную адукацыю. Не, ні ў каго ў дыпломе пакуль не напісана «арт-крытык», бо акадэмічная ступень у гэтай сферы параўнальна нядаўна з’явілася і ў заходніх універсітэтах. Людзі прыходзяць з розных галін: толькі атрымаўшы пэўны аб’ём спецыфічных ведаў аб мастацтве, можна рабіць ацэначныя меркаванні. І гэтыя веды даступныя. У нас адбываецца паступовае асэнсаванне арт-працэсу, крытычная маса назапашваецца ў рэцэнзіях, аглядных і праблемных артыкулах. Такім чынам працуюць пэўныя мадэлі ўзаемадзеяння паміж крытыкуючымі і аб’ектамі крытыкі (пра іх эфектыўнасць паразважаем крыху далей). І нарэшце — агенты інстытута арт-крытыкі, нешматлікія (але і не забітыя «крыху больш, чым на дзве трэці», як іх заходнія аналагі, рэкламай гадзіннікаў, алкаголю,
парфумы) мастацкія выданні. А таксама шэраг інтэрнэт-сайтаў, дзе ствараецца жывое асяроддзе для прыватных каментарыяў. То-бок ёсць інфраструктура, што жыве паводле ўсталяваных правілаў і мадэлей — дзіўных, непадобных на заходнія, але гэта не падстава адмаўляць ёй у існаванні.

Падаецца, што ў нашай сітуацыі ўсё не так безнадзейна. Больш за тое — у нас ёсць унікальны шанец: без ідэалагічных і камерцыйных інтарэсаў (якія амаль адсутнічаюць) стварыць менавіта ў арт-крытыцы нешта нікім не ангажаванае і арыгінальнае.

А зараз вернемся да траўматычных перажыванняў мастака з нагоды аддадзеных ілюстрацый. Акрамя гэтага выпадку, я добра памятаю тыя са сваіх постпублікацыйных стасункаў, якія сталі пачаткам прадуктыўнай дыскусіі з апанентамі. Тым не менш згаданая напачатку рэакцыя з’яўляецца характэрнай. Працуеш у фармаце крытыкі? Ты — асабісты вораг у вачах мастака, якога асмеліўся закрануць. Верагодна, аўтар лічыць, што яго працы стануць лепшымі, калі крытык замоўкне.

«Актуальныя» аўтары таксама чакаюць пазітыўных водгукаў — з’яўлення «арт-крытыка, які быў бы за нас» — па словах аднаго з рэпрэзентантаў галерэі «Ў» і — чыста выпадкова — прадстаўніка наступнай генерацыі мастакоўскай дынастыі, вышэйзгаданы патрыярх якой расхваляваўся з нагоды аддадзеных фотак. Але чым гэта будзе адрознівацца ад звычайнага і, на жаль, занадта часта практыкаванага кампліментарнага падыходу? Ад звычайнай публікацыі ў гэтым часопісе?

Дадзеныя рэакцыі і спадзяванні — архаічныя. У эпоху глабальнага камунікацыйнага выбуху галоўнае — проста быць, прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы, неістотна — з пазітыўным ці негатыўным знакам. Нават у камерцыйным сэнсе: незалежна ад таго, што будзе сказана ў рэвю, само яго з’яўленне ўсё роўна падтрымлівае рэйтынг мастака. У адрозненне ад большасці заходніх калег, тыповым прадстаўнікам нашай арт-тусоўкі гэта пакуль незразумела.

Чаканыя творцамі ўхвальныя рулады арт-крытыкай не з’яўляюцца. У лепшым выпадку яны здольныя скласці рэкламны артыкул для буклета. Але для аўтара, чые працы там рэпрэзентаваны, ён будзе бессэнсоўным. А вось з разгромнага водгуку можна вынесці нешта карыснае. Бо ў гэтым выпадку ёсць надзея, што той, каго крытыкуюць, убачыць не толькі пералік недахопаў, але і магчымасці іх пераадолення. Ці зірне на сваю творчасць шырэй, з пункту гледжання іншага. І яго наступны праект будзе сапраўды арыгінальным, аўтарскім, новым, магчыма, не толькі для беларускага мастацтва. Такім чынам, сапраўдная крытыка прадуктыўная. Яна рухае мастацтва наперад. І ў гэтым яе галоўная функцыя.

Павел вайніцкі