Цацкі для Цацы

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Неаархаіка ў габелене, ткацтве і кераміцы

Сінтэз тканіны і керамікі стварае вельмі выразны пластычны вобраз. Атрымліваецца «ляля», праз якую немаўляці тлумачаць філасофію роду, сям’і, свету: «Глядзі, якое хараство! Цаца...» І філасофія гэта простая, але вельмі глыбокая — як глыток свежага паветра...

Старажытны сэнс — сучасная форма

/i/content/pi/mast/43/735/34.jpg

Вольга Рэднікіна. Сонечны сон. Габелен. Змешаная тэхніка, лён, паўвоўна. 2009.

Арганізатары выставы габелена, ткацтва і керамікі «Цаца ёсць Цаца» мараць распачаць цэлую серыю праектаў, прысвечаных архаіцы і яе сучасным інтэрпрэтацыям.

— Дахрысціянскі час «закапаны», — лічыць Тамара Васюк, адна з галоўных натхняльніц экспазіцыі, — нашы творцы мала што бяруць з яго. У нас было жаданне звярнуцца да старажытнай славянскай міфалогіі, дзе засталося шмат каштоўнага. Мы вырашылі паглядзець, як сумяшчаецца архаіка з новымі падыходамі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Здаецца, што першапачатковай ідэяй выставы было ўвасобіць унікальны пантэон беларускіх багінь, якія суправаджалі чалавека ад калыскі да скону: Лёлю — багіню вясны, Ладу — багіню вясенне-летняй урадлівасці, што лічылася апякункай дзяўчат і шлюбаў, Цёцю — багіню лета, мажную, поўную жанчыну, што з’яўлялася на полі прыбраная ў каласы і з пладамі ў руках. Але галоўнай гераіняй павінна была стаць Цаца — багіня прыгажосці. Што такое «цаца»? Слова быццам бы з дзіцячага лексікону, яно азначае хараство ва ўсіх яго праявах.

— Немаўляці тлумачылі, што кветачка — гэта цаца, гожая дзяўчынка — цаца і сонейка — таксама цаца, — з захапленнем кажа Тамара Васюк. — У творах мы абапіраліся на тое, што бог надзяліў кожнага чалавека адчуваннем прыгажосці.

Сваімі ўяўленнямі аб ідэі хараства сусвету з наведнікамі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва дзяліліся Ала Непачаловіч, Наталля Сухаверхава, Тамара Васюк, Вольга Рэднікіна, Максім Калтыгін, Уладзімір Лісавенка і Алег Ткачоў.

Разам з мастацкімі творамі ў экспазіцыі былі прадстаўлены своеасаблівыя інсталяцыі, сабраныя з твораў народных: ухутаныя ў хусткі збаны і збаночкі, лялькі з абрэзкаў тканіны, фігуркі багінь-берагінь. Сінтэз тканіны і керамікі ствараў вельмі выразны пластычны вобраз. Атрымлівалася «ляля», праз якую немаўляці тлумачылі філасофію роду, сям’і, свету: «Глядзі, якое хараство! Цаца...» І філасофія гэта была простай, але вельмі глыбокай — як глыток свежага паветра.

На сценах музея размясціліся посцілка-«ходнічак», зробленая пад Гомелем, і дыван «Лужок»:

— Шэдэўральнае рукадзелле, — заўважае Тамара Васюк. — У народным мастацтве ёсць найвышэйшы прафесіяналізм — бачна нават па гэтых дзвюх аўтэнтычных працах. У пару да посцілкі і па яе матывах Ала Непачаловіч саткала ўласны «ходнічак» — мы павесілі іх побач. А гэты мажорна-пазітыўны дыванок, створаны ў даваенны час, у 30-я гады, яшчэ нідзе не экспанаваўся. Знайшлі яго падчас экспедыцыі на Віцебшчыне. Паглядзіце, як чыстае пачуццё перадаецца простымі сродкамі: раскінула майстрыха кветачкі, і яны ўсе «ляжаць». А ў сярэдзіне — вяночак. Вельмі выразна, вельмі радасна ўвасабляецца тут ідэя прыгажосці.

Уражвае, як дакладна і тонка пераплятаецца канцэпцыя экспазіцыі з беларускай нацыянальнай традыцыяй. Вясной беларусы святкавалі Ляльнік. Дзяўчаты з адной вёскі збіраліся на лузе, абіралі самую стройную юную прыгажуню — Лялю, апраналі яе ў белае адзенне, абвівалі рукі і стан зелянінай, на галаву надзявалі вянок, саджалі дзяўчыну на ўзвышша, засланае зялёным дзірваном, клалі пры ёй вянкі і вадзілі вакол карагод, спяваючы песню, у якой прасілі цёплай вясны і багатага ўраджаю. У адказ на песню Ляля дарыла дзяўчатам вянкі і частавала іх. Цікава, што слова «ляля» ў шэрагу славянскіх моў азначае «немаўля, дзіця, лялька, люлька». Імя багіні можа быць звязана з такім беларускім словам, як «лялець» (блішчэць на сонцы).

Рыхтуючыся да выставы, мастакі працавалі і як даследчыкі.

— На чым мы грунтаваліся? — пытаецца Тамара Васюк. — Зразумела, павінен быць навуковы падмурак — адмысловая літаратура, аддзел рэдкай кнігі ў бібліятэцы Універсітэта культуры (дарэчы, там ёсць і навукова-творчая лабараторыя «Традыцыйныя рамёствы»), у Нацыянальнай бібліятэцы. А яшчэ — этнаграфічныя экспедыцыі, мы пачалі ездзіць у іх з 1973 года. Ад бабулек-паляшучак дасюль можна пачуць старажытныя легенды і міфы, і жаночыя вобразы багінь-берагінь да гэтага часу жывуць у народнай свядомасці. У апошнія гады мы ездзілі па Палессі, па цэнтральных рэгіёнах Беларусі і сустракалі людзей, у памяці якіх трывала трымаюцца гэтыя вобразы. Паданні аб іх яны захоўваюць яшчэ з дзяцінства.

Наколькі рэалізавалася галоўная ідэя выставы «Старажытны сэнс — сучасная форма»? Для кагосьці з творцаў выстава стала «Цацай», для кагосьці — цацкай: у іх увасабленні багіня прыгажосці начапіла яркія каралі ды намалявала вусны крыклівай памадай. Дакладна сфармуляванай канцэпцыі, адпавядалі далёка не ўсе творы.

Напрыклад, Тамара Васюк ішла за тэмай, распрацоўваючы яе ў розных варыяцыях. Мастачка прадставіла цэлы спектр твораў, жадаючы ахапіць як мага больш пластоў беларускай міфалогіі: архаічныя скульптуры «Залатая баба», «Знак чалавека», праступаючыя з глінянага гаршка абрысы жаночай постаці «Берагіні Цацы», лаканічныя «Ночвы» і «Мядзведзь», лірычная «Узнёсласць» апявалі ўсе грані прыгажосці.

Творца вырашыла адысці ад графічнай керамікі, якая ўтрымлівае толькі тон. У нечаканым эксперыменце мастачкі — абстрактных керамічных кампазіцыях «Адсутнасць формы» — праявілася яе прага да колеру. Кафлі Тамары Васюк звязалі тэкстыль, галоўным выразным сродкам якога якраз і з’яўляецца колер, і кераміку, у якой дамінуе форма.

Габелены Алы Непачаловіч можна назваць жывой класікай. «Яжэ», «Жыва», «Касмагонія», «Свір» вельмі рытмічныя, над імі — быццам залацістае ззянне. Касмагонія — падмурак, на якім грунтуецца міфалогія. У беларускім варыянце міфа аб утварэнні Космасу злучаюцца Сонца і Маці-Зямля, ад якіх нарадзілася другое пакаленне багоў і пайшло ўсё зямное жыццё. Карычневы, малочны і залацісты колеры, якія выкарыстоўвае Ала Непачаловіч, таксама далучаюць нас да гэтага міфа. Рух узораў заварожвае — ён нібы ператвараецца ў танец. Трыпціх «Свір» перадае рух вады, плынь. Яе габелены гучаць, і гукі гэтыя плывуць у паветры, як ток ідзе па лініях электраперадач, ствараючы адпаведнае напружанне. Кароткія, ёмкія назвы падобны на заклінанне.

Наталля Сухаверхава працуе з чыстым колерам. Яркія габелены «Яе конічак — ясны месячык», «Купалле» — канцэнтрацыя чыстага свята, якое быццам закупорылі ў бутэльцы, як віно з дзьмухаўцоў.

Але ткацтва на Беларусі не з’яўляецца традыцыйна жаночым рукадзеллем (між іншым, апетыя Максімам Багдановічам слуцкія ткачыхі на самай справе былі ткачамі). Ім заняўся Уладзімір Лісавенка. Яго працы, вельмі стрыманыя — як колерава, так і па кампазіцыі — зроблены з дапамогай дзіўных і сучасных матэрыялаў — джынсу, джуту і магнітнай стужкі. Блакітна-пясочныя габелены Лісавенкі распавядаюць пра саму сутнасць рамяства. Звяртаецца мастак і да аднаго з галоўных універсальных сімвалаў — дрэва, якое паводле міфалагічнай мадэлі свету аб’ядноўвае ўсе сферы космасу.

Малады кераміст Максім Калтыгін нібы ў машыне часу рухаецца ў мінулае, спасцігаючы сучаснасць: калі на сваёй першай персанальнай выставе «Testamentum» ён прадставіў уласныя распрацоўкі тэмы Новага Запавету, то экспазіцыя «Цаца» раскрыла цікавасць мастака да архаікі. «Гульня сонца і месяца», «Месяцовая калыска» — застаючыся верным абранай пластыцы, Калтыгін фантазіруе, асноўваючыся на старажытных паданнях аб паходжанні нябесных свяцілаў. Дарэчы, у беларусаў ёсць вельмі арыгінальны аповед аб паходжанні месяца і зорак: Бог крышыць састарэлы месяц на зоркі, а адзін кавалачак кладзе ў дзяжу на закваску — калі зоркі ападаюць туды, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край, даючы нараджэнне месяцу.

Легкадумнасць твораў Алега Ткачова кідалася ў вочы, асабліва ў параўнанні з работамі яго настаўніцы — Тамары Васюк. Мастакі нібы выступалі ў розных вагавых катэгорыях. Літаральнае прачытанне тэмы — «цаца» — зрабіла Ткачову мядзведжую паслугу. Недастаткова прадставіць у экспазіцыі маманта, на якім намаляваны ўмоўныя дрэўцы, і сказаць: «Я пераасэнсаваў архаіку». Алег Ткачоў начапіў на палеалітычную Венеру рознакаляровая штонікі, упрыгожаныя бубачкамі, і вар’яцкі каўпачок. Гэта цацкі, якія можна знайсці ў «чупа-чупсе».

Некаторыя працы Вольгі Рэднікінай («Божая кароўка», «Сонечны сон», «Сонечны вандроўнік») вельмі яркія, радасныя і... сонечныя, але нагадваюць крыху габеленчыкі, прыдатныя для ўпрыгожвання дзіцячага садка. Майскія жукі і божыя кароўкі — так, гэта ўсё тыя самыя «цацы», якіх паказвала бабуля немаўляці, але літаральнасць недарэчы на выставе, прысвечанай сучаснаму прачытанню архаікі. У колеры выканана насамрэч цікавая праца «Гілі» — круглыя бомбачкі чырвані ўзрываюць напружанае халоднае паветра, працятае тонкімі стромкімі галінамі. Ёсць у Вольгі і «дарослыя» творы — «Адліга», «Чаканне зімы», «Ралля», якія выдатна «працуюць» побач. Грубыя суровыя ніткі, прыглушаныя адценні белага, чорнага, карычневага, спалучэнне розных матэрыялаў — усё гэта робіць працы Рэднікінай высокім мастацтвам, гаворыць аб існым і праўдзівым, што і было сэнсам экспазіцыі.

Какетлівыя хвосцікі багіні прыгажосці

Абмеркаванне выставы прайшло досыць бурна. Свае рэфлексіі наконт яе канцэпцыі і візуальнага рада выказвалі крытыкі, мастацтвазнаўцы і самі ўдзельнікі экспазіцыі. Але ўсе споры звяліся да вырашэння вечнага пытання, каму вінен мастак.

Яўген Шунейка вельмі жорстка асудзіў некаторых творцаў за тое, што яны «спрашчаюць сабе задачу»: «Вашы творы могуць згубіцца нават у салоне... Яны прыдатныя толькі для таго, каб упрыгожыць мяшчанскі побыт! Дзе ваша духоўнасць?!» Іншых спадар Шунейка ўпікнуў за празмерную ўвагу да архаікі: «Усе і так ведаюць, што гэта ваша тэма, ваш фірмовы знак, навошта яго эксплуатаваць далей і далей?» Закід выглядаў даволі дзіўна, быццам бы крытык нават не азнаёміўся ні з самой экспазіцыяй, ні з яе канцэпцыяй (а ён азнаёміўся — аўт.).

Старшыня секцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БСМ Аляксандр Зіменка-старэйшы сустрэўся на выставе са «старымі знаёмымі, старымі прыёмамі і старой пластыкай» і нанёс «старым знаёмым» каронны ўдар: «Канцэпцыя не знайшла дастойнага ўвасаблення... Дзе-нідзе пластыка была амаль поўнай процілегласцю таму, што мы называем прыгажосцю...» Валерый Жук пагадзіўся з такім меркаваннем — творам не хапіла вытанчанасці і дакладнасці. Мастацтвазнаўца закрануў і матэрыяльны бок, маўляў, кераміка і так падчарка ад мастацтва, якую абыходзяць увагай пры дзяржзакупках, дык звярніцеся тварам да пакупніка, думайце пра сацыяльны адрас сваіх твораў!

Найбольш дакладную і ўзважаную ацэнку экспазіцыі дала Ларыса Фінкельштэйн. Па яе меркаванні, недахопам экспазіцыі стала прысутнасць шматлікіх «карцінак», сюжэтных работ, а хацелася «чыстай формы і моцы». «З чаго раптам мастакі пазакручвалі на сваіх працах гэтыя какетлівыя хвосцікі? Дабаўленне нейкай выпадковай дэталькі робіць рэч больш таннай. Пэўная салоннасць узнікае як прабачэнне», — заўважыла мастацтвазнаўца, пагаджаючыся са спадаром Шунейкам.

Аляксандр Зіменка працягваў развіваць тэму тугі па чыстай красе:

— Нацыянальная кераміка здаецца лапідарнай, не архаічнай, а папросту — непрыгожай. Я думаў, што «Цаца» верне нам «ляльку»...

— Салонную?! — іранічна запытала Ларыса Фінкельштэйн.

Закід не быў прыняты — спадар Зіменка вёў размову выключна пра эстэтыку мадэрна і ар дэко, пра вытанчаныя, дасканалыя і прафесійныя рэчы гэтых стыляў, якія амаль не знойдзеш зараз — хіба што выпадкова пабачыш у гарадах на захадзе Беларусі.

— Праблема (сучаснай керамікі? — аўт.) у непісьменнасці і невуцтве пакупніка, — падсумаваў Аляксандр Зіменка. — У тым, што ёсць шмат людзей з дрэнным густам і вялікімі грашыма.

Творцы сядзелі крыху прыцішаныя ад нечаканага націску (вось яна — размова з крытыкай твар у твар, пра якую так мараць беларускія мастакі!), але потым слова ўзяла Тамара Васюк. На «круглы стол» яна прынесла пеўніка-свістульку і раз-пораз пасвіствала — ці то забаўляючыся, ці то каб перапыніць зусім ужо гарачую дыскусію. Мастачка заўзята бараніла сваю тэму, сваю выставу і ўсё дэкаратыўна-прыкладное мастацтва:

— Цаца — гэта прыгажосць, яшчэ не ўвасобленая ў грэцкіх статуях! Мастацтвазнаўцы ў сваіх каталогах пішуць: «Архаіка сябе вычарпала» — але ніколі не можа вычарпаць сябе існае! Ці сённяшняе «Архаіка надакучыла!» — як можна казаць так, як жа мы сябе не цэнім! А трэба толькі зазірнуць у душу і пабачыць тое, што можна назваць прыгажосцю!.. І калі ўжо размова зайшла пра грошы, дык трое маіх выхаванцаў-«цацачнікаў» сёння вельмі нядрэнна зарабляюць на гэтых камячках гліны (Тамара Васюк паказала ўсім прысутным пеўніка — аўт.) і ўжо пабудавалі сабе майстэрні! Філасофія сапраўднага мастацтва якраз і заключаецца ў тым, каб узяць такі камячок і ляпіць, «не мудрствуя лукаво». Вось што было першасным, а станкавісты ды астатнія «істы» з’явіліся потым!

Наталля Сухаверхава спрабавала далікатна растлумачыць ідэю праекта:

— Мы толькі зачапілі глыбокую і невычэрпную тэму, і «Цаца...» — нібы першае зярнятка, кінутае ў глебу. Спадзяемся, што Музей сучаснага выяўленчага мастацтва пойдзе нам насустрач і мы працягнем гэту сумесную працу (няхай склад удзельнікаў і будзе мяняцца). Нас, творцаў, засмучае, што на выставах апошняга дзесяцігоддзя шмат вычварнасці і брыдоты — яны мусіруюцца, навязваюцца. І падаюцца як новае слова ў мастацтве.

— Але гэта адлюстроўвае стан грамадства, стан душы сучаснага чалавека... — пачала Ларыса Фінкельштэйн.

— Душы людзей не могуць быць брыдкімі масава, — запярэчыла спадарыня Наталля.

Дыскусія паступова перацякла ў больш мірнае рэчышча, і ад абмеркавання выставы ўдзельнікі «круглага стала» перайшлі да пленэрных практык...

Як стане развівацца праект далей? Тамара Васюк лічыць, што асаблівы акцэнт трэба зрабіць на ўмоўнасці і сімвалізме:

— Мы звернемся да выразных сродкаў архаікі — кропкі, рысы, штрыха, якія складваліся ў знак. Вясковыя бабулькі дасюль распісваюцца «птушачкай», і гэта не проста непісьменнасць — гэта знак таго, што ёсць ты, як адзінка, як занатаваная душа.

Дарэчы, у выраі, беларускай інтэрпрэтацыі раю, які размяшчаўся далёка на поўдні, пасля выгнання людзей пасяліліся якраз птушкі і душы праведнікаў...

Алена Каваленка