Логіка нявызначанасці: досведы жывапіснай дэканструкцыі

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

«?VERSUS?» у «Акадэміі»

Таццяна Кандраценка і Уладзімір Кандрусевіч — прадстаўнікі новай генерацыі беларускіх жывапісцаў. Іх сумесная выстава, якая праходзіла ў галерэі «Акадэмія» напрыканцы лютага, называлася, на першы погляд, дзіўна.

?versus?

Чаму менавіта так?

Бо versus (або, скарочана, vs.) — cтандартнае запазычанне з латыні для пазначэння проціпастаўлення каго-небудзь або чаго-небудзь ці для параўнання двух аб’ектаў, ідэй і іншага — асабліва пры неабходнасці выбару.

Замест пытальнікаў можна падставіць, напрыклад, такія антаганістычныя пары:

парадак vs. хаос

мужчына vs. жанчына

навука vs. рэлігія

Ян vs. Інь

еўра vs. долар

Mac vs. PC

І гэта толькі фрагмент спісу, які можа доўжыцца бясконца.

Барацьба супрацьлегласцей — неад’емная ўласцівасць сучаснасці. І крыніца яе развіцця — як абвяшчае першы закон дыялектыкі марксізму.

У працах Таццяны і Уладзіміра тэма супрацьстаяння несумненна прысутнічае. Аднак адназначную трактоўку таго, хто (або што) змагаецца з кім (або з чым), даць даволі складана. Таму, нягледзячы на мноства інтэрпрэтацый, пытанне аб суб’ектах супрацьстаяння застаецца нявызначаным і пакідаецца на меркаванне гледача.

Затое абсалютна ясна, што мастакі дэманструюць нешта новае ў айчынным жывапісе. Падаецца, што прыўнясенне аналітычнасці (дэканструкцыі), як, зрэшты, і асабістасці, і псіхалагічнасці, і сацыяльнасці — і ёсць той самы наступны крок, што робіць найноўшае беларускае мастацтва, вызваляючыся з-пад ціску спадчыны і традыцый сацрэалізму.

Іншае пытанне: кім, адкуль і куды пракладзеная сцежка, па якой упэўнена крочаць нашы экспаненты, іншымі словамі — ці няма тут нейкіх другаснасцей і запазычанасцей з Захаду? Надта ўжо «нетутэйшымі» выглядаюць іх карціны...

Так, Уладзімір і Таццяна знаёмыя з бягучымі тэндэнцыямі замежнага мастацтва — абое пасля заканчэння Беларускай акадэміі мастацтваў стажыраваліся ў Італіі і Германіі. Адчуваецца, што ім блізкія сучасныя пошукі заходнееўрапейскага (а дакладней, нямецкага) жывапісу.

Але, у той жа час, іх творчасць з’яўляецца лагічным працягам лакальных мастацкіх працэсаў. Папярэдняе пакаленне беларускіх жывапісцаў таксама практыкавала метад своеасаблівай дэканструкцыі, ператвараючы жывапіснае палатно ў арнаментальны лапікавы дыванок і пры гэтым, парадаксальным чынам, не выходзячы за межы вульгарнага мімезісу (які на тэрыторыі беларускага мастацтва ганарліва называецца «рэалізмам»). Такім спосабам зусім нядаўна быў дэкараваны нацыянальны дыскурс. Здаецца, гэта нават можа лічыцца вядучым жывапісным трэндам Беларусі мяжы дваццатага і дваццаць першага стагоддзяў, бо мноства мясцовых мастакоў надавала прывабнасць падзеям нацыянальнай гісторыі за кошт арыгінальнай тэхнікі зборкі, пакідаючы яркія і багатыя дэталі, выключаючы шэрыя і звычайныя. Сучасныя ж маладыя аўтары выкарыстоўваюць дэканструкцыю, або, хутчэй, дэ-фрагментацыю, для прынцыпова іншых мэт.

Уладзімір Кандрусевіч вылучае антаганістычныя фрагменты рэальнасці літаральна «хімічна» — дысцылюючы выяву, як бы расслойваючы яе і выдаляючы лішнія пласты. Апускаючы тканіну рэчаіснасці ў аўтарскага рэцэпта кіслату, якая раскладае вызначанага роду пігменты-фактары. Каркас, сэнсавы каркас, які застаецца пасля гэтай працэдуры, мае канцэнтраванае значэнне. Адсюль бялявыя персанажы Уладзіміравых карцін, што кантрастуюць з яркасцю, якой валодалі б фатаграфіі ўвасобленых падзей і персанажаў.

Творчы метад Таццяны Кандраценка — гэта хутчэй россып фрагментаў, пазлаў, які мастак кідае на палатно, свядома пазбягаючы прыгожых кампазіцыйных схем, любоўна практыкаваных яе настаўнікамі, — і далей сама збянтэжана адгадвае сэнсы і магчымыя значэнні, вышукваючы нейкія асабістыя знакі. Але па сутнасці задаючы гледачу такую ж загадку, дзеля разгадвання якой неабходна мабілізацыя яго персанальнага досведу, пачуццяў, эмоцый.

Тактыкі двух мастакоў розныя. Тым не менш, істотна тое, што дэканструктыўны падыход Таццяны і Уладзіміра цалкам асэнсаваны. Яны дзеюць, задаючы сабе пытанне: «Навошта я гэта раблю?» І няхай дакладнага адказу няма, ці наадварот — іх шмат, бо дэканструкцыя як стратэгія гэта толькі сродак для адкрыцця іншых стратэгій. Інструмент, умовай існавання якога з’яўляецца неакрэсленасць таго, куды гэта прывядзе...

У адрозненне ад прац марксістаў, ідэі Жака Дэрыда пакрысе губляюць былую папулярнасць — аднак адзін з базавых прынцыпаў тэарэтызаванай ім дэканструкцыі застаецца надзвычай актуальным для беларускага мастацтва. Гэта «вызваленне ад логацэнтрызму» — ідэалагічнага, эстэтычнага, нацыянальнага... Па словах філосафа, «...дэканструкцыя ёсць рух досведу, адкрытага да абсалютнай будучыні, досведу, па неабходнасці нявызначанага, абстрактнага, спустошанага, досведу, які паказаны ў чаканні іншага і аддадзены чаканню іншага...». Такім чынам, досвед нявызначанасці ў працах Таццяны Кандраценка і Уладзіміра Кандрусевіча прама прапарцыйны патэнцыйнасці абранага імі напрамку.

Павел Вайніцкі