Інфляцыя без дэвальвацыі

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Новая пастаноўка п’есы Мікалая Рудкоўскага

/i/content/pi/mast/43/724/7.jpg

Таццяна Мархель (Бабулька).

У свой час п’еса «Жанчыны Бергмана» Мікалая Рудкоўскага зрабілася для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі своеасаблівым талісманам, яна прынесла калектыву не адзін дзясятак прызоў і ўзнагарод самых розных тэатральных фестываляў, дагэтуль не сыходзіць з падмосткаў РТБД, стала збіраючы глядацкую аўдыторыю. І вось на сцэне тэатра з’явіўся новы твор драматурга — «Інфляцыя пачуццяў» у пастаноўцы Аляксандра Марчанкі.

Некалькі гадоў таму, падчас аднаго з он-лайнаў у рамках Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Панарама», драматург прадставіў гэты матэрыял у выглядзе міні-замалёўкі, пастаноўка якой Ігарам Пятровым выклікала літаральна буру захаплення і станоўчых водгукаў. Многія казалі, што неабходна нарасціць матэрыял да паўнацэннай п’есы, і Рудкоўскі акурат гэта зрабіў. Прычым, што важна, пайшоў не шляхам механічнага раздзімання дыялогаў, а ўвёў у цела твора дадатковыя лініі і персанажаў, разгортваючы своеасаблівы зрэз успрыняцця свету і сябе прадстаўнікамі маладога пакалення.

Жанр, зададзены аўтарам як «нехраналагічная камедыя», рэжысёр Аляксандр Марчанка вырашае праз ссоўванне і нібыта запаралельванне розных узростаў чалавека. І, адпаведна, рознага ўспрымання жыцця, блізкіх, кахання. Галоўныя героі — маладая пара нашых сучаснікаў — час ад часу трапляюць у іншую прастору, у свет свайго дзяцінства са спортпляцоўкай, дзе і разгортваліся іх першыя любоўныя досведы. Яны, тыя малыя, адкрытыя свету і незразумелым пакуль што пачуццям і людзям, ніяк не могуць патрапіць у свае «дарослыя целы», ажывіць запраграмаванае ідэямі сацыяльнай паспяховасці існаванне маладой пары, што амаль забылася, як жа насамрэч адчуваецца каханне.

Але ў адрозненне ад класічных Рамэа і Джульеты, якія аказаліся адны ў варожым ім асяродку, нашы героі — Оля (Вольга Скварцова) і Толя (Дзмітрый Мядзведзеў) — уяўляюць сабой, хутчэй, звычайную пару. І драматург падкрэслівае гэта, уводзячы іх своеасаблівы люстраны адбітак у выглядзе яшчэ аднаго сцэнічнага дуэта: Афіцыянткі (Юлія Шаўчук) са Стрыптызёрам (Дзяніс Паршын), дзе першая дэманструе тып яркай, актыўнай дзяўчыны-«фурыі», а другі — інфантыльнага хлопца, цалкам заглыбленага ў стомленасць ад самапрэзентацыі і самалюбавання.

Самаадчуванне, унутраны стан персанажаў удала перададзены праз касцюмы (мастак — Юлія Астаповіч), у якіх дамінуючай дэталлю з’яўляюцца шматлікія рамяні, што сцягваюць персанажаў, літаральна закоўваючы іх у пэўную «форму», адпаведную таму ці іншаму статусу. Яны раздражняюць вока, здаюцца зусім не абавязковымі і нават залішнімі. І — нагадваюць табе самому, што, добра прыгледзеўшыся, можна знайсці гэткія ж недарэчныя, хаця і падабраныя з улікам стылю, рамяні, што скоўваюць уласныя паводзіны па жыцці.

Калі адысці ад непасрэднага сюжэта — пакупкі Оляй і Толем вясковага дома, асноўнай задачай, якую ставіць перад сабой драматург, мне бачыцца паказ сутыкнення гэтай маладой пары са... старасцю. З усведамленнем, што ўсё актыўнае жыццё, радасці і перажыванні, клопаты і бесклапотнасць — ззаду, а наперадзе... выбар мора, на якое можна было б паехаць на выручаныя ад продажу дома грошы. А яшчэ — з тым, што жыццё кожнага з нас разгортваецца ў некалькіх вымярэннях, і што мы адначасова можам быць і дзецьмі, і дарослымі, і старымі. Зрэшты, акурат гэта пацвярджаецца тым, што толькі натрапіўшы на бабульчыну настойлівасць, у кожным з герояў прачынаецца і дае аб сабе знаць яго дзіцячая прырода.

На фоне зададзенага драматургам агульнага эмацыянальнага збяднення маладых персанажаў Бабулька ў выкананні Таццяны Мархель выглядае надзвычайным жыўчыкам: ёй ёсць справа да мясцовых панкаў, яна ладзіць канцэрты мастацкай самадзейнасці на магіле мужа і актыўна збірае цікавыя звесткі пра ўсе моры, існуючыя ў свеце. Ды ўсё ж персанаж гэты выбіваецца з агульнага строю пастаноўкі — найперш тым, што актрыса існуе ў звыклай для сябе манеры побытавага псіхалагізму, у той час як астатняя прастора спектакля будуецца з пазіцый пэўнай тыпізацыі, стварэння абагульненых характараў, уласцівых мужчынам і жанчынам нашых дзён.

Успамінаецца ў гэтай ролі, сыгранай падчас згаданага вышэй он-лайну, актрыса Купалаўскага тэатра Зінаіда Зубкова, якая, на маю думку, больш дакладна і тонка ўлавіла асноўную інтанацыю аўтара. Гераіня Таццяны Мархель на працягу ўсёй дзеі дэманструе нам, што нават калі жыццё «скончана», можна напоўніць яго зместам і сэнсам, і сваёй актыўнасцю яна як бы змагаецца са старасцю і нямогласцю, у той час як для Бабулькі ў выкананні Зінаіды Зубковай старасці гэтай папросту не існавала! Так, яе цела набыло вонкавыя прыкметы, адпаведныя пашпартнаму ўзросту, аднак духу гераіні гэта аніяк не кранула. Знешне амаль пастаральная бабулька, яна проста свяцілася жыццярадаснасцю, не дазваляючы сабе ўпускаць у сэрца негатыўныя, скрушныя думкі, і «транслявала» ў залу адно: толькі любоў і каханне здольныя зрабіць чалавека вечна маладым і не дазволіць, каб яго апаноўвалі розныя згрызоты. І ўсё тое, што гераіня перажыла са сваім мужам, для Зубковай так і заставалася рэальнасцю, неад’емнай часткай яе цяперашняй свядомасці, у той час як для гераіні Таццяны Мархель гэта шчаслівае мінулае, якое яна спрабуе затрымаць у сваёй памяці і перадаць маладым.

Асобна колькі слоў хочацца сказаць пра рэакцыю глядзельнай залы. Яе кантынгент у асноўным складалі дзве катэгорыі, адпаведна персанажам спектакля: сталыя жанчыны і маладыя дзяўчыны (многія з апошніх прыйшлі ў тэатр са сваімі хлопцамі). І першыя, і другія, нягледзячы на існаванне пэўнага стэрэатыпу адносна канфлікту пакаленняў, рэагавалі на сюжэтныя павароты спектакля і ўчынкі герояў збольшага аднолькава! Рэакцыя глядачак пацвярджала, што драматургу ўдалося трапіць у самую «кропачку» жаночых перажыванняў і жыццёвых расчараванняў, адчуць, што хвалюе іх у сучасным свеце, і — пагаварыць пра гэта без маралізатарства і дыдактычнасці, а спакойна, задушэўна, нават з лёгкай доляй іроніі. На жаль, у рэжысёрскім увасабленні акурат гэтыя інтанацыі аказаліся недастаткова праяўленымі: акцёрская мітуслівасць і павышаныя тоны ў асобных сцэнах, калі патрабавалася стварыць атмасферу эмацыянальнага напалу, не знаходзілі адпаведнага ўраўнаважвання лірычнай тонкасцю адчування хараства і крохкасці чалавечых стасункаў. З-за чаго ў пэўныя моманты сцэнічная дзея размывалася і быццам бы прабуксоўвала, а акцёры залішне захапляліся дэманстрацыяй сваіх персанажаў, пошукам іх эфектнай прэзентацыі. Зрэшты, і гэта — яскравая ілюстрацыя таго, што адбываецца ў нашым навакольным жыцці, ва ўзаемаадносінах чалавека з соцыумам і з самім сабой.

Таццяна КОМАНАВА