Крас, Рыбнік, Грэнгуар...

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Сцэнічныя партрэты Віталя Пятроўскага

/i/content/pi/mast/43/723/4.jpg

У партыі Краса. «Спартак».

Вядомы беларускі танцоўшчык Віталь Пятроўскі не так даўно адзначыў 20-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Саліст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, ён трапіў у яго трупу на пачатку 1990-х пасля заканчэння Беларускага харэаграфічнага каледжа і з таго часу станцаваў багата партый у класічным і сучасным рэпертуары. У нечым мне не пашанцавала: я ўбачыў танцоўшчыка на сцэне, калі яго слаўная кар’ера дасягнула піку і пачала паволі набліжацца да свайго завяршэння. Але нават апошнія сезоны дазволілі ўсвядоміць своеасаблівасць сцэнічных партрэтаў, намаляваных Віталем Пятроўскім.

Кінуўшы беглы позірк на мастацкія здабыткі тых выдатных выканаўцаў, чые імёны трывала замацаваліся ў балетным пантэоне, можна акрэсліць, як мінімум, два асноўныя складнікі, наяўнасць якіх давала ім права пакінуць свой след у харэаграфічнай гісторыі: высокая танцавальная тэхніка і яркае акцёрскае майстэрства. На беларускім балетным небасхіле Віталь Пятроўскі ў свае лепшыя гады шчасліва спалучаў абедзве якасці.

Якімі ўласцівасцямі валодае гэты саліст? Па-першае, усімі неабходнымі складнікамі вядучага характарнага танцоўшчыка: лёгкасцю, высокім скачком, экспрэсіўнасцю пластыкі, што дазваляла яму годна выконваць тэхнічна складаныя партыі Драсельмеера ў «Шчаўкунку», Д’ябла ў «Стварэнні свету», Меркуцыа ў «Рамэа і Джульеце», Блазна ў «Лебядзіным возеры», Нуралі ў «Бахчысарайскім фантане»...

/i/content/pi/mast/43/723/5.jpg

У партыі Рыбніка. «Легенда аб Уленшпігелі».

Па-другое, фантастычнай выразнасцю. Пятроўскаму, здаецца, увогуле не патрэбны грым. Яркае знешняе аблічча адразу вылучае яго з шэрагу танцоўшчыкаў (напрыклад, з атачэння Д’ябла ў «Стварэнні свету»). Яшчэ адной адметнай рысай артыста з’яўляецца рознабаковасць у інтэрпрэтацыі паводзін персанажаў. Танцоўшчык прыйшоў у трупу як відавочна нерамантычны герой. Яго надзвычай цяжка ўявіць чарговым казачным прынцам з класічных балетаў Петыпа. Хутчэй наадварот, героі Пятроўскага паўстаюць натуральнымі, дасціпнымі і заўсёды рознымі людзьмі, якія сваімі паводзінамі надаюць такі неабходны кантраст высокім пачуццям герояў харэаграфічнай класікі.

Параўнаем, дзеля прыкладу, інтэрпрэтацыі рознымі салістамі тэатра партыі Драсельмеера ў «Шчаўкунку». Юрый Кавалёў, якому давялося ператанцаваць шмат адмоўных або дастаткова супярэчлівых персанажаў, зрабіў з Драсельмеера іранічнага творцу, здольнага пабудаваць альтэрнатыўную рэальнасць і ў яе прастору «перанесці» Машу і Прынца. У вясёлага і жыццярадаснага Дзяніса Клімука майстар лялек больш нагадвае старэйшага брата Машы, які разам з ёй удзельнічае ў гульнях. А вось Драсельмеер Пятроўскага хутчэй падобны на сапраўднага дзядзечку, усмешлівага, добразычлівага, які не мае ўласных дзяцей і таму ўсю любоў перанёс на сваю хрэсніцу. Пераўтварэнне Шчаўкунка з лялькі ў прынца ён успрымае быццам працяг рэальнасці, дзе жывыя істоты самі могуць вырашаць, як сябе паводзіць.

Яскравым і запамінальным атрымаўся ў Пятроўскага Грэнгуар з «Эсмеральды» — не столькі рамантычны паэт (як у Юрыя Кавалёва), колькі камічны недарэка, вельмі чулы і добры. Інтэрпрэтацыя Кавалёва нараджала журботу: рамантык Грэнгуар падаваўся больш вартым выбару галоўнай гераіні, чым пусты і «салодкі» Феб. Трактоўка Пятроўскага падкрэслівала адзіноту Эсмеральды: маючы вакол надзейных сяброў, яна не знайшла асобу, якая сапраўды заслугоўвае кахання.

Увогуле Пятроўскі валодае ўнікальнай здольнасцю «ажыўляць» сваіх герояў праз пэўныя рысы характару. Прыкладам гэтага з’яўляецца персанаж «Легенды аб Уленшпігелі» Рыбнік Ёст, ганьба Фландрыі. У трактоўцы Пятра Ушакова (ён выконваў ролю на прэм’еры) Ёст паўставаў няўдачнікам, нікчэмнасцю, што зайздросціў поспеху, якім Уленшпігель карыстаўся ў жанчын, і яго папулярнасці сярод гёзаў. Такі Рыбнік ніколі не мог узняцца да ўзроўню Ціля. Пятроўскі інтэрпрэтаваў вобраз інакш. Ягоны герой — дастойны праціўнік Уленшпігеля, ён вельмі амбіцыёзны, імкнецца да ўлады. І таму прымярае карону як рэч, што пры пэўных абставінах можа стаць ягонай. Ушакоў у той жа сітуацыі падобны на служку, які ўпотай апранае адзенне адсутнага гаспадара. Менавіта зайздрасць да Ціля і прага ўлады штурхаюць Ёста-Пятроўскага ў лагер іспанцаў.

У кожнага танцоўшчыка ёсць самая яркая партыя, якая потым, праз гады, застаецца сімвалам яго творчасці. Для кагосьці (як Кармэн у «Кармэн-сюіце» для Марыны Вежнавец або Ціль у «Легендзе аб Уленшпігелі» для Дзяніса Клімука) яны канцэнтруюць у сабе ўсе пошукі ў іншых партыях і становяцца нібыта другім «я». Ёсць ролі, у якіх выканаўцы часам пераўзыходзяць саміх сябе, як Антон Краўчанка ў партыі Спартака.

Мяркую, найвышэйшым узлётам у творчай кар’еры Пятроўскага стаў яго Крас у балеце «Спартак». Адносіны да гэтага спектакля і партыі рымскага палкаводца ў мяне былі надзвычай неабыякавыя. Некалі ўразіла кніга Марыса Ліепы «Хачу танцаваць сто гадоў», у якой знакаміты танцоўшчык абараняў гэтага персанажа: «Ты зрабіў правільна, мой Марк Крас!.. Памятай адно — варвары імкнуцца разбурыць твой Рым... Ад былой велічы застанецца голая пустэча, травой зарастуць плошчы, а вакол адзінокіх вогнішчаў будуць грэцца жабракі... Не дай Рыму загінуць! Змагайся за яго!» Такога Краса, жорсткага рымскага патрыцыя, я чакаў да таго часу, пакуль не ўбачыў Пятроўскага.

Іншыя салісты трактавалі гэты вобраз іначай. Крас Юрыя Кавалёва паўставаў маладым смелым воінам, палкаводцам, які атрымаў пад сваё кіраўніцтва войска і ўладу і цешыўся з іх, як з цацкі. Большасць забаў на баляванні былі для яго новымі, таму ён кідаўся ў гэты вір з няўтольнай прагай асалоды. А ў сцэне паядынку трох гладыятараў адштурхоўваў Спартака менавіта па асабістых прычынах: як мог ён, раб, супраціўляцца ягонай уладзе?!

Крас Віталя Пятроўскага ў згаданай сцэне кіраваўся зусім іншымі матывамі. Для яго непаслухмянасць была пагрозай існаванню Рыма, антычнай цывілізацыі, заснаванай, тым не менш, на рабскай працы. Актыўны, жартаўлівы Пятроўскі, які звычайна надзяляў герояў непасрэднасцю і аптымізмам, ператварыўся ў «Спартаку» ў крыху лянівага, задаволенага жыццём арыстакрата — вайсковыя подзвігі засталіся ў мінулым. Яго Крас быў перш за ўсё палітыкам, што змагаўся за ўладу ў Рыме. Таму нават Фрыгіі ён дабіваўся хутчэй па інерцыі, каб засведчыць ўласную перавагу. Змаганне гладыятараў абуджала Краса, пераўтварала яго ў абаронцу рымскіх каштоўнасцей. У сцэнах падаўлення паўстання Крас Юрыя Кавалёва выказваў жорсткасць і бесчалавечнасць. Крас Пятроўскага выглядаў страшным і адначасова тытанічным. За ім стаялі не проста легіёны, а ўвесь антычны свет і ўклад тагачаснага жыцця.

Шкадую, што шэрагу партый танцоўшчыка ўбачыць не давялося. Не заспеў яго Тарэра ў «Кармэн-сюіце», Абата ў «Карміна Бурана», Уладзіміра ў «Рагнедзе»... Можна толькі ўявіць, колькі дадатковых штрыхоў, нюансаў, адценняў унёс Пятроўскі ў вядомыя вобразы!

Але, бадай, усё спасцігаецца ў параўнанні. Цяпер на сцэну тэатра выходзяць маладыя выканаўцы з выдатнай тэхнікай. Але з горыччу заўважаеш, што ў акцёрскім плане яны часам слабыя, а часам і бездапаможныя. Могуць пратанцаваць увесь спектакль з адным і тым жа нерухомым выразам твару.Тады і ўсведамляеш ролю Віталя Пятроўскага ў гісторыі беларускага балета. Ён — годны спадкаемца экспрэсіўных танцоўшчыкаў Віктара Саркісьяна і Аляксандра Фурмана, яркі саліст, які здолеў натуральна пераканаўча сумясціць тэхніку і сэнс, танец і выразнасць сваіх герояў.

Прымусіў маўклівую пластыку загаварыць...

 Дзяніс Марціновіч