Месца, дзе было свята

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Неглюбка на зыходзе традыцыі

 /i/content/pi/mast/42/722/55.jpg
 Яўген Казюля. З серыі «Неглюбскія ткачыхі». 1975.
Гартаю старыя фатаграфіі, і міжволі ўзнікае адчуванне, быццам перамясціўся ў іншае вымярэнне, у тое, у якім некалі існаваў. А паслужлівая памяць выцягвае з глыбінь мінулага ланцужок успамінаў...

Даўнія здымкі нагадалі мне ліпень 1975-га, калі я атрымаў ад рэдакцыі газеты «Голас Радзімы» заданне зрабіць матэрыял пра ткачых з вёскі Неглюбка. Шчыра кажучы, мае веды пра неглюбскіх ткачых былі вельмі сціплымі. Дапамог Міхась Раманюк — знакаміты даследчык беларускага народнага адзення: даў адрасы, прозвішчы майстрых і практычныя парады. Заўважыў, што дабрацца да Неглюбкі будзе складана, бо праехаць па гэтых так званых дарогах амаль немагчыма. Таму — ці трактарам, ці... самалётам. Тое ж пацвердзілі і ў Гомельскім аддзеле культуры, падкрэсліўшы, што самалёт паляціць толькі пры наяўнасці пасажыраў. Мне пашанцавала: у гэты дзень у вёсцы Рэчкі, дзе робіць кароткую пасадку рэйс 269, ладзілі вяселле. Пасажыраў шмат, але ж і мне знайшлося месца.

Неглюбка сустрэла прыязна. Дырэктар мясцовага саўгаса «Дружба» пасяліў мяне ў гасцявым пакоі, які знаходзіўся ў вялікай хаце побач з аэрадромам... Там я і пераначаваў.

Раніца ў Неглюбцы была напоўнена звычайнымі вясковымі гукамі. Там-сям рыпелі калодзежныя «жураўлі»; пад лянівае пакрыкванне пастуха няспешна крочыў невялікі статак кароў; спяшаліся на сенажаць жанчыны з граблямі; гагаталі гусі на рачулцы з сур’ёзнай назвай Гнеў. Сярод шыферных дахаў праглядаліся пачарнелыя ад часу трысняговыя стрэхі.

Дзякуючы дапамозе загадчыцы вясковай бібліятэкі і мясцовага «культуролага» Лідзіі Мельнікавай знаёмлюся з ткачыхамі: Ганна Рыгораўна Грынькова, Еўдакія Сцяпанаўна і Еўдакія Аляксееўна Барсуковы, Ефрасіння Якаўлеўна Суглоб, Марыя Паўлаўна Каўтунова... Таленавітыя, шчырыя, гасцінныя людзі — працаваць з імі было адно задавальненне. Уразілі іх вырабы: абрусы, сурвэткі, посцілкі, ручнікі. Белы, чырвоны і чорны — асноўныя колеры ў спалучэнні з разнастайнасцю ўзораў рабілі кожную працу адметнай.

Ад Лідзіі Мельнікавай пачуў, што ў гэтыя дні ў вёсцы адбудзецца свята з таямнічай для мяне назвай — Ушэсце. На Усходнім Палессі, як нідзе, змяшаліся святы царкоўныя і тыя, што прыйшлі з далёкага мінулага, з паганскіх часоў. Ушэсце — адно з іх, і сутнасць яго — агляд жыта і задобрыванне Духа поля на багаты ўраджай. У цэнтры вёскі сабраліся амаль усе жыхары. Гучалі абрадавыя песні, узнікалі карагоды. Я фатаграфую і міжвольна прыцягваю ўвагу вяскоўцаў, якія сочаць за маёй справай. Раблю чарговы здымак з адчуваннем, што ствараю калектыўны партрэт жыхароў вёскі. Бабуля ў вышыванай кашулі і ў гарсэце — адна з завадатарак свята; замужнія жанчыны — абавязкова ў хустках; дзятва рознага ўзросту — многія басанож; хлопчык цыганістага выгляду... На здымку злева постаць, апранутая ў падобнае да жаночага адзенне — мясцовы юродзівы, «чалавек без узросту і паходжання», як ахарактарызавалі яго мне. І з незайздросным лёсам. Разумеючы гэта, мясцовыя жыхары даручалі яму няхітрыя работы, падкормлівалі і, як маглі, апраналі. У час свята гэтае дзіця прыроды скакала разам з малымі і ўспрымалася ўсімі як звычны атрыбут дзеі. Уразіла і само свята. Яно было шчырым, без намёку на тэатральнасць. Адчувалася глыбіня гэтай традыцыі і вера ў яе патрэбнасць.

Прайшлі гады, і мне неяк зноў давялося пабываць ў Неглюбцы. Выдатная дарога зняла транспартныя праблемы. Ужо няма тых старых развалюх пад трысняговымі стрэхамі. Былы аэрадром адышоў пад сенажаць. І зноў было свята. Але ж... Здалося, што нешта надламалася ў душы вёскі. Яна як быццам спрабавала жыць сваімі традыцыямі — і нешта не атрымлівалася. Знікла тое няўлоўнае, што засталося ў тых ужо далёкіх часах. І захавалася на маім фотаздымку.

Яўген Казюля