Жыццялюбныя перасмешнікі

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Калісьці на гэты камедыйны спектакль спяшаліся трапіць людзі ў Мінску і ў Гародні, у Магілёве і ў Баранавічах. Абпаленыя вятрамі вайны твары прагнулі вярнуць сабе ўсмешку. Адчуванне канца вайны шукала выйсця ў заразлівым і гарэзлівым смеху, здатным пацясніць непазбыўны смутак страт. Тэатр і насамрэч захапляў гледачоў святам урачыстай весялосці да самазабыцця.

«Дванаццатая ноч» Уільяма Шэкспіра.
Рэжысёр Сяргей Уладычанскі.
Мастак М.Уманскі.
1945.

Нельга было не пераняць тое прамяністае
 /i/content/pi/mast/3/72/ZhyccyalPerasmeshniki1.jpg
жыццялюбства і тую гатоўнасць уволю зведаць радасць жывога жыцця, якія складаюць пафас камедыі. Невыпадкова Якуб Колас, віншуючы акцёраў на чале з пастаноўшчыкам «Дванаццатай ночы» Сяргеем Уладычанскім, прамовіў: «Вы абуджаеце смех, які быццам вясёлым летнім ліўнем акрапляе душу».
Яшчэ б! Ледзь толькі з’яўляліся на сцэне дурнаваты гарэза сэр Тобі, здольны ўвасабляць бесшабашнае свавольства ды набалакацца ўволю ў любую гадзіну сутак, і ягоная кплівая сяброўка Мары разам з няўклюдным кампаньёнам па вясёлых розыгрышах Эндру, ледзь толькі вымаўлялі яны свае першыя рэплікі -- у зале ўзнікаў смех. Акцёры А.Кістаў, Т.Яўцеева і К. Пельтцар расквечвалі яркае непадабенства трох перасмешнікаў, аднолькавых у адным -- у інтуітыўным разуменні захапляльнага хараства жыцця. Жыцця, дзе па-сапраўднаму добрыя, народжаныя для шчасця людзі так часта спазняюцца да дзяльбы выгод. Бо іх заўсёды апярэджваюць скнары, выскачкі, балбатуны, лісліўцы і ліхадзеі. Або -- знаць.
Спектакль Рускага тэатра БССР ператвараў усе перыпетыі камедыі ў нагоду для жартаў і розыгрышаў. Любоўныя прыгоды іншых герояў -- герцага Арсіна і Віёлы, Себасцьяна і Алівіі -- пры ўсёй драматычнасці перажыванняў афарбоўваліся водбліскам таго зіхатлівага свавольства, якое спавядала хвацкая тройца веселуноў. Яны і неслі важную думку Шэкспіра: пасміхаючыся разам з камедыянтамі з саміх сябе і высмейваючы мітуслівасць ды заганы іншых, чалавек можа адчуць, як дух цудоўнага, нібы мантыя, ахутвае яго, і ён -- хоць бы ўяўна! -- далучаецца да адвечных ісцін. Праз гарэзлівы смех!
 /i/content/pi/mast/3/72/ZhyccyalPerasmeshniki2.jpg

Гарэзлівая тройца проста фантастычна выстаўляла на асмяянне дварэцкага Мальволіо. У гэтай ролі зіхацеў выдатны Дзмітрый Арлоў. Як спрытна абводзілі яго вакол пальца гэтыя свавольнікі! Акцёр вылучаў у характары прыроджанага царадворца толькі адну чалавечую слабасць: ягоная ахілесава пята -- празмерная ганарлівасць. Прыбраны ў пярэстае адзенне, з вычварнай прычоскай, манерай жэстыкуляцыі і падкрэслена «грацыёзнай» хадой, герой Д.Арлова выглядаў увасабленнем бліскучай безгустоўнасці. Менавіта яму і падкідваюць нашы жартаўнікі складзены імі ліст з прызнаннем... у каханні да яго, дварэцкага, гаспадыні-графіні. Якія пералівы салодкамоўнай гаворкі струменіліся з ягоных складзеных «сардэчкам» вуснаў, калі ён перачытваў поўныя пяшчотнай жарсці радкі! І якімі мізэрнымі былі намаганні Мальволіо, калі ён паўставаў «перад яе яснымі вачыма», а яна не магла ўцяміць: з чаго б гэта дварэцкаму ўвасабляць закаханага і -- о, Госпадзі! -- любімага ёю кавалера?
Непамерная фанабэрлівасць далёка заводзіць гэтага ханжу. Авечага складу чалядзін аказваецца пажадлівым лавеласам. Акцёр раскрываў у Мальволіо помслівую, нават зласлівую пароду людзей. Тых, якія чакаюць свайго часу, каб потым, узвысіўшыся да ўлады, выкрываць, караць, выганяць з грамадства ўсіх жыццялюбных перасмешнікаў, што заліваюць сабе глотку, блюзнераць ды яшчэ і цалуюцца ў кустах і завулках... Гэткай зласлівай бывае немач уяўнай добрапрыстойнасці -- вось што выяўляў Д.Арлоў у сваім асмяяным дарэшты Мальволіо.
Хтосьці з дзіўнаватых мудрацоў лічыў, што смех -- гэта свайго роду нічыйная зямля паміж нашай верай, нашай законапаслухмянасцю і нашым страхам перад гаспадарамі свету гэтага, перад уладаю. Пэўна, менавіта так гучаў смех гледачоў на спектаклі шэкспіраўскай «Дванаццатай ночы» пасляваеннага часу.

Барыс БУР'ЯН