Фан-клуб Ніны Цішко

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Вакальная лірыка як сфера пошуку

/i/content/pi/mast/42/713/24.jpg

Спявачка Ніна Цішко і піяністка Таццяна Вішнякова.

«Духоўнае святло сярэбранага стагоддзя» — такую назву меў творчы праект вядомай беларускай спявачкі Ніны Цішко, паказаны ў малой зале Белдзяржфілармоніі. Калі назіраеш за гарачай і эмацыйнай рэакцыяй аўдыторыі, складваецца ўражанне, што ты прыйшоў не на акадэмічны канцэрт, а на сход фан-клуба. Кожны раманс у выкананні Ніны Цішко не толькі завяршаўся апладысментамі, але і пачынаўся імі.

Напэўна, творы з рэпертуару спявачкі зрабіліся блізкімі для слухачоў, набылі асабістыя інтымныя асацыяцыі. Для некага асабліва дарагой стала пяшчота «Газавай касынкі», для некага — пачуццёвая ўзрушанасць раманса «І няма ў свеце вачэй». Кагосьці вельмі кранула глыбокая і высакародна-стрыманая драма раманса «Цябе любіць, абняць і плакаць над табой», напісанага Мікалаем Шыраевым на верш Афанасія Фета, ці балючае каханне, увасобленае ў легендарным рамансе Мікалая Харыто «Адцвілі хрызантэмы». У праграме гучалі і іншыя старадаўнія рамансы пра каханне, сапраўдныя маленькія шэдэўры.

Фан-клуб Ніны Цішко — досыць дружная групоўка меламанаў-аднадумцаў, якія любяць і цэняць камерныя спевы высокага кшталту. Менавіта камернай сцэне спявачка свядома аддала свой голас, бо валодае асаблівай культурай інтанавання. Вытанчаны густ, імпрэсіяністычная гама вакальных адценняў, рафінаваная эстэтыка светаўспрымання абумовілі «дробны штрых» яе вакальных інтэрпрэтацый, трапную і тонкую агранку дэталяў мелодыкі. Кожнае выступленне Ніны Цішко пацвярджае словы Сяргея Лемешава аб тым, што камерныя спевы — вялікае і самастойнае мастацтва, а не нізка оперных урыўкаў або прытулак для безгалосых.

Ніна Міхайлаўна нарадзілася ў Беларусі, на Віцебшчыне, а яе дзяцінства прайшло ў Вільнюсе. Ніна захапілася спевамі ў гуртках мастацкай самадзейнасці. Надзвычай адораную дзяўчыну прынялі на падрыхтоўчы курс Вільнюскай кансерваторыі нават без неабходнага дыплома музычнай вучэльні. Потым лёс зрабіў круты паварот, і Ніна Міхайлаўна апынулася ў Баку. У Азербайджанскай дзяржаўнай кансерваторыі яе педагогам была Ніна Рынальда Валаццы, якая да рэвалюцыі з’яўлялася салісткай міланскай «Ла Скала». Ніна Цішко аказалася яе апошняй вучаніцай. Італьянскі педагог сапраўды добра навучыла маладую артыстку, «паставіла дыханне», а гэта з’яўляецца галоўным у вакальным мастацтве. Тая прафесійная школа была асновай і грунтам творчых дасягненняў у маладыя гады, а ў сталым узросце дапамагла захаваць яркія фарбы голасу.

На пачатку 1970-х Ніна Міхайлаўна вярнулася ў Мінск і пэўны час працавала салісткай Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы, была салісткай Белтэлерадыё. А з канца 1970-х зрабілася салісткай Белдзяржфілармоніі, якой аддала больш за 35 гадоў свайго жыцця. Ніна Цішко ніколі не працавала ў оперы, бо ўспрымала сябе менавіта камернай спявачкай. Невыпадкова ў рэпертуары Ніны Цішко больш за 600 вакальных твораў. Гэта арыі з опер і ўрыўкі з аперэт, старадаўнія рускія рамансы, беларускі фальклор. З поспехам гастралявала спявачка ў многіх краінах свету — Германіі і Францыі, Польшчы і Грэцыі, Украіне і Літве, Венгрыі, Расіі, Швецыі.

Але вернемся да вечарыны «Духоўнае святло сярэбранага стагоддзя». Тэмпарытм, самая складаная і рызыкоўная грань рамансавай лірыкі, у спевах Ніны Цішко вылучаецца дзівоснай нязмушанасцю і свабодай, але ні ў чым не супярэчыць густоўнай культуры рускай вакальнай школы. Каб дасягнуць такога выніку, патрэбен сапраўдны творчы саюз з канцэртмайстрам, які б «жыў» і «дыхаў» разам з салістам. На апошніх жа праектах у ролі аднадумцы выступіла маладая піяністка Дар’я Мароз, якая імкнецца «ісці» за спявачкай, красамоўнымі ферматамі і паўзамі «прыўзнімаючы» яе голас ці «падфарбоўваючы» густым «алеем» кульмінацыі і «акварэллю» — развітальныя коды.

Майстэрства слова, уласцівае Ніне Цішко, таксама належыць да лепшых традыцый рускай вакальнай школы. Яно выяўляецца не толькі ў культуры мовы, дакладнасці вымаўлення, без якіх спявак не зможа ўвайсці ў свет камерных спеваў. У дачыненні да Ніны Міхайлаўны гэта і адчуванне драматургіі кожнага сказа, яго экспазіцыі, распрацоўкі, кульмінацыі, уменне паставіць дакладныя, а часам і нечаканыя эмацыйныя і сэнсавыя акцэнты.

Нарэшце, у спявачкі ёсць і такая індывідуальная рыса выканальніцкай манеры, як вылучэнне кульмінацыйнага слова «ціхай гучнасцю» і выразным запавольваннем тэмпу, яны і ствараюць вытанчаную святлацень. І яшчэ адзін характэрны штрых: Ніна Цішко заўжды спявае ўсміхаючыся. Якімі б драматычнымі эмоцыямі ні быў насычаны сюжэт раманса, сваёй паўусмешкай артыстка ахутвае яго элегічным флёрам успамінаў. Мабыць, тут і хаваецца адзін з сакрэтаў вакальнай лірыкі: у рамансе нельга спяваць пра тое, што адбываецца «тут і цяпер». У ім заўжды распавядаецца пра далёкае і чароўнае мінулае, якое, дзякуючы намаганням артыста, нібыта паціху аднаўляецца ў памяці. Рамансавы настрой — гэта салодка-горкае шкадаванне пра час, які прамінуў, пра маладыя пачуцці, незваротнае каханне і страчаныя надзеі. Невыказны словамі рамансавы настрой Ніна Цішко выдатна адчувае і з асалодай дорыць слухачам.

Алена Лісава