Валянцін Елізар’еў: «Ніколі раней у нас не было столькі таленавітых артыстаў!»

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Вельмі добра адчуваю сябе ў Беларусі. Мяне тут цёпла прынялі, калі прыехаў зусім маладым балетмайстрам. Большую частку свайго жыцця я прысвяціў гэтай краіне і гэтаму тэатру.

 /i/content/pi/mast/3/71/Elizarjeu.jpg

Я нарадзіўся ў Баку. Якім помніцца дзяцінства?
Зіхатлівае, надзвычай прыгожае мора. Шырокая панарама горада, прычым, яго гістарычны цэнтр добра захаваўся. Крэпасць, старыя дамы, шыкоўныя вуліцы, адбудаваныя за грошы Альфрэда Нобеля. Адкуль жа Нобелеўская прэмія?.. Дзякуючы Баку і азербайджанскай нафце.
Прыгожы, вельмі інтэрнацыянальны горад. Гучалі мовы руская, армянская, азербайджанская. Паркі, рэдкія дрэвы. Багацейшыя, шыкоўнейшыя ўсходнія базары з экзатычнымі пладамі, якіх ніхто не бачыў у сярэдняй паласе Расіі або ў Беларусі. Каспій, чые гукі і літаральна выццё хваль былі чуваць далёка ад мора...

 * * *
Бацькі да мастацтва не мелі ніякага дачынення. Бацька быў ваенным, «тэхнаром». Скончыў Вышэйшую аўтамабільную акадэмію ў Ленінградзе, прайшоў вайну, потым працягваў працаваць у аўтамабільнай прамысловасці. Маці -- галоўны бухгалтар Акадэміі навук Азербайджана. Ёй падпарадкоўваліся 18 навукова-даследчых інстытутаў. Уяўляеце, якая адказнасць! Зусім маладой дзяўчынай маці ваявала, у яе нават медалі ёсць. Калі немцы прарваліся на Каўказ, мабілізавалі літаральна ўсіх!

 * * *
Як я адкрыў для сябе танец? У нашым велізарным двары ўсе нечым займаліся і хадзілі ў гурткі. Многія -- у танцавальны гурток пры Бакінскім Доме афіцэраў, бо ён быў лепшым. Прычым захапляліся танцам і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Спачатку я хадзіў за кампанію, а потым уцягнуўся.
Бацькі заахвочвалі заняткі танцам. Пачаў з дзіцячай самадзейнасці, а потым паступіў у Бакінскае харэаграфічнае вучылішча. Там выкладаўся і класічны танец, і народны. Былі заняткі і па азербайджанскім танцы.
Нават у дзяцінстве я быў вельмі засяроджаным, мэтанакіраваным. Разумеў, што лепшая балетная адукацыя -- у Ленінградзе. Трапіць туды было маёй марай.
У Ленінградскім вучылішчы правучыўся чатыры гады. Цікава, што адзенне -- паліто, шапку, школьную рэпетыцыйную форму -- нам выдавалі бясплатна. Адзін раз на тыдзень вадзілі ў лазню. Успамінаю той час з вялікай настальгіяй. Бо ўвесь клопат пра дзяцей, якія займаліся ў вучылішчы, дзяржава брала на сябе. Напэўна, цяпер гэта немагчыма...
У Ленінградзе шмат часу аддаваў будучай прафесіі. Хоць мае здольнасці танцоўшчыка аказаліся сярэднімі. Скачок, праўда, быў велізарны. Думаю, што з мяне атрымаўся б артыст гратэскавага плана.
У вучэльні не было свайго тэатра. І школьны спектакль «Шчаўкунок» паказваўся на сцэне Марыінкі. Танцаваў я Арлекіна, самога Шчаўкунка, выконваў кітайскі танец. Напрыканцы вучобы вельмі зацікавіўся сачыненнем танца. У старшых класах нават пачынаў ставіць для малодшых вучняў.

 * * *
На балетмайстарскі факультэт Ленінградскай кансерваторыі паступіў у 1967 годзе. Менавіта тады курс набіраў вядомы балетмайстар Ігар Бельскі. Чалавек з імем, аўтарытэтны... Трапіць да яго ў клас было мэтай жыцця. Паступіла 14 чалавек, а закончыла ўсяго 4. Са мной на курсе вучыўся харэограф Генрых Маёраў.
Піцерская прафесура -- гэта штосьці грандыёзнае! Пра кожнага ўспамінаю з вялікай цеплынёй. Калі трапляю ў Санкт-Пецярбург, заўсёды заходжу ў кансерваторыю. Студэнтам трэцяга курса перамог на тагачасным Усесаюзным конкурсе харэографаў. А імёны і прозвішчы ўсіх пераможцаў конкурсаў у зале Рубінштэйна пісалі залатымі літарамі. Праўда, потым чамусьці ўсе прозвішчы замазалі...

 * * *
Калі прыехаў у Мінск, прыйшоў у тэатр. Сцэна была пустая, ніякіх дэкарацый, і каробка сцэны ўся раскрытая. Я быў у захапленні ад самой сцэнічнай прасторы! Глядзельная зала зрабіла меншае ўражанне.

 /i/content/pi/mast/3/71/Elizarjeu1.jpg

«Карміна Бурана» К.Орфа.

Трупа здалася крыху дзіўнай. Была вельмі здольная моладзь -- Люда Бржазоўская, Ніна Паўлава, Юра Траян, Валодзя Камкоў, Віця Саркісьян, Валодзя Іваноў. І была генерацыя артыстаў, якія ўжо заканчвалі кар’еру. Яны нібыта з’яўляліся тварам тэатра, а на самай справе ўжо сыходзілі.
Сустрэлі мяне па-рознаму. Пакуль не паставіў першы спектакль, адносіны былі такія... ведаеце, вельмі сумніўныя. Казалі за маёй спіной, маўляў, хлапчук... Мяне прызначылі галоўным балетмайстрам у 26 гадоў, а вакол -- народныя артысты, майстры, якія шмат гадоў танцавалі.
У першым спектаклі зрабіў стаўку на моладзь. Пасля «Кармэн-сюіты» нядобразычліўцы прыціхлі. Пасля «Стварэння свету» -- тым больш... Спектаклі мелі неймаверную папулярнасць у публікі. Памятаю, на першыя 50 ці нават 100 паказаў «Стварэння» немагчыма было купіць білеты. Сапраўдны ажыятаж...
Самі артысты былі ўлюбёныя ў гэтыя спектаклі. І таму з задавальненнем іх танцавалі. Вядома, першыя выканаўцы, на якіх балеты ставіліся, лепш за ўсіх пранікалі ў задуму. Надавалі спектаклям глыбіню. Наогул, люблю свае спектаклі, калі ў іх танцуюць маштабныя артысты. Без асэнсавання вобраза, без адухоўленасці балет нецікавы...

 * * *
Што датычыць цяперашняй балетнай моладзі, дык лічу, што ніколі раней у нас не было столькі таленавітых артыстаў. Проста неверагодны россып! Асабліва мужчын... Іх заўсёды не хапала. Ніколі не здаралася, каб адразу столькі розных, здольных, таленавітых. У галіне выканальніцтва тэатр перажывае цяпер росквіт. Раней некалькі выпускаў харэаграфічнага вучылішча проста з’ехалі ў Амерыку, іх перакуплялі. Гэта вельмі сур’ёзная праблема...

 * * *
Адна з галоўных задач калектыву -- захаваць уласны твар, непаўторнае аблічча. Спектаклі, якія стварыў і я, і іншыя харэографы, унікальныя. Уласныя пастаноўкі я як балетмайстар нідзе не тыражую. За мяжой ставіў толькі класіку. Са сваіх спектакляў -- «Спартака». У Турцыі, у Анкары... Але з іншым, турэцкім сцэнографам і мастаком па касцюмах. Таму той «Спартак» зусім не падобны на наш.

 * * *
Апошнія гады мяне досыць часта запрашаюць членам журы на міжнародныя конкурсы артыстаў балета. У Маскву, Варну, Нагою, Кіеў, Джэксан (ЗША), у Пекін, Шанхай. Таленавітых харэографаў вельмі мала. Яны -- рэдкасць. Нават у велізарным Кітаі, велізарнай Расіі, велізарнай Амерыцы (маю на ўвазе колькасць тэатраў). Талентаў -- адзінкі... Большасць нумароў, якія бачыш на конкурсах, нецікавыя. Амаль 95% з іх… Вельмі рэдка з’яўляюцца новыя імёны.

 /i/content/pi/mast/3/71/Elizarjeu3.jpg

«Балеро» М.Равэля.

Што да падрыхтоўкі танцоўшчыкаў, дык самая моцная жаночая школа -- у Пецярбургу, а самая моцная мужчынская -- у Маскве. Магутныя школы -- калі казаць пра навучанне танцу -- французская, дацкая, англійская. Шмат моцных балетных школ у Амерыцы. Але там іншая сістэма адукацыі -- школы прыватныя. На маю думку, многія поспехі звязаны з тым, што ў ХХ стагоддзі ішоў масавы ад’езд балетных педагогаў і артыстаў з Расіі. Выдатная школа навучання артыстаў балета ў Кітаі. За апошнія 50 гадоў Кітай зрабіў столькі, колькі Еўропа за тры стагоддзі.
Японію і Кітай у сэнсе развіцця харэаграфіі нават цяжка параўноўваць. У Японіі -- адзін дзяржаўны балетны тэатр і некалькі невялікіх прыватных. Шэраг прыватных балетных школ -- і ўсё... А ў Кітаі некалькі дзяржаўных тэатраў толькі ў Пекіне, некалькі -- у правінцыі. І ўсе балетныя школы дзяржаўныя.
Вы можаце сабе ўявіць, што ў Пекіне балетная школа мае сорак  балетных залаў?! Акадэмія танца -- цэлы комплекс будынкаў, цэлы горад, у якім ёсць і вучылішча, і Інстытут харэаграфіі, і жылыя дамы. Грунт школы заклалі зноў-такі рускія педагогі -- знакаміты Пётр Гусеў, славуты Мікалай Сярэбранікаў, якія там выкладалі.
На маю думку, і ўвесь заходні балетны тэатр «падцягнуўся» ў першую чаргу за кошт эмігрантаў -- з Расіі, Украіны. Ёсць танцоўшчыкі і з Беларусі, якія працуюць у заходніх тэатрах. Лепей пачалі працаваць балетныя школы -- таксама шмат у чым за кошт педагогаў, якія туды з’ехалі.

 * * *
Мяне доўгі час трымалі «ценявой кандыдатурай» на пасаду галоўнага балетмайстра маскоўскага Вялікага тэатра. Тагачасны міністр культуры СССР запрашаў на сур’ёзныя перамовы. Але галоўным балетмайстрам у той час з’яўляўся Юрый Грыгаровіч, які шмат зрабіў для развіцця балета і да якога стаўлюся з вялікай павагай. «Скінуць» Грыгаровіча, каб на ягонае месца тут жа «пасадзіць» мяне? На такое я не быў згодны і не быў здольны. Калі пасада вольная -- іншая справа...
Але ў Маскве свая тусоўка. Сышоў Грыгаровіч -- наступным днём прыйшоў Васільеў. Потым Гардзееў, Багатыроў, Акімаў, потым Ратманскі.
Дарэчы, вельмі добра адчуваю сябе ў Беларусі. Мяне тут цёпла прынялі, калі прыехаў зусім маладым балетмайстрам. Большую частку свайго жыцця я прысвяціў гэтай краіне і гэтаму тэатру.

 * * *
Ці ёсць спектаклі, якія б вельмі хацеў паставіць? Сярод іх -- балет «Папялушка» С.Пракоф’ева. А «Клеапатру» на музыку В.Кузняцова абавязкова зраблю для адкрыцця тэатра ў адноўленым пасля капітальнага рамонту будынку. Калектыў павінен як след падрыхтавацца і адкрыцца новымі балетамі. У нас ёсць на каго ставіць такія спектаклі! Ёсць выдатныя выканаўцы -- Кацярына Борчанка, Вольга Гайко, здольныя ўвасобіць гэты шматпланавы, сапраўды легендарны вобраз... Пастаноўка «Клеапатры» -- мая галоўная мара і мэта.

                                                                                          Запісала Таццяна Мушынская.