Рарытэты музейнай калекцыі

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Апошнія пяць гадоў Нацыянальны мастацкі музей вёў закупку твораў мастацтва для экспазіцый Мірскага замка.

Дзякуючы значнай фінансавай падтрымцы ўрада, які вылучыў немалыя сродкі для рэстаўрацыі і музеефікацыі замка, удалося набыць больш за 1500 экспанатаў гісторыі і культуры — мэблі, прадметаў побыту і археалогіі, прыкладнога мастацтва, карціны, узоры нумізматыкі, картаграфіі, зброю, фарфор і срэбра. Сярод экспанатаў ёсць рэчы, унікальныя для музейнага фонду Беларусі.
Гэта помнікі мастацтва XVII–XVIII стагоддзяў — прадметы мэблі і прыкладнога мастацтва краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Шпалера «Паляванне на тура». Воўна, шоўк, ткацтва. Аўдэнардзэ (Одэнардзэ), Фландрыя. Канец XVI – пачатак XVII стагоддзя.

/i/content/pi/mast/42/708/8.jpg
Асаблівы гонар калекцыі Мірскага замка складаюць дзве фламандскія шпалеры XVII стагоддзя — «Антычны сюжэт» і «Паляванне на тура», выкананыя на ткацкіх мануфактурах Бруселя і Аўдэнардзэ. Гэта ўнікальныя, адзіныя ў Беларусі экспанаты. Шпалеры ў інтэр’ерах замкаў эпохі Рэнесансу і барока неслі падвойную функцыю — уцяплення сцен і іх упрыгажэння. Яны ткаліся ўручную шляхам перакрыжаванага перапляцення нітак. Працэс ткацтва быў досыць доўгім, і шпалеры — бязворсавыя дываны — цаніліся вельмі дорага. Гэта мастацтва дасягае свайго найвышэйшага росквіту ў XVI–XVII стагоддзях, калі да яго звяртаюцца шматлікія выбітныя жывапісцы, каб стварыць праекты кардонаў найболей значных серый. Аднак ужо ў XVIII стагоддзі ў сувязі са зменай убрання інтэр’ераў шпалеры паступова губляюць сваю мастацкую актуальнасць і выкарыстоўваюцца як тканыя карціны, усё часцей саступаючы ім месца.

Мірскі замак, у адрозненне ад Нясвіжскага, да канца XVII стагоддзя страціў сваё першапачатковае прызначэнне фартыфікацыйнага збудавання і стаў выкарыстоўвацца яго гаспадарамі — князямі Радзівіламі — для забаў на ўлонні прыроды, правядзення паляванняў і прыёму пасля іх гасцей з наладжваннем феерверкаў. Сярод шляхецкіх заняткаў паляванне набыло галоўнае месца (пасля ўдзелу ў войнах), стала знакам свецкага жыцця і годнага баўлення часу. Адмова ад яго расцэньвалася як неадпаведнасць статусу шляхціца і яго ўкладу жыцця, выклікала здзіўленне і пагарду. Існавала спецыяльная «індустрыя» палявання — для яго рыхтавалі сабак, лоўчых птушак, коней, шылі адмысловую адзежу, выраблялі дарагое ўзбраенне. Паляванне на тура — дзікага быка, блізкага суродзіча зубра — было найбольш небяспечным. (Вядома, што апошняга тура на тэрыторыі Рэчы Паспалітай знішчылі ў 1627 годзе ў лясах пад Варшавай. Музей набыў і такі рэдкі экспанат, як рогі тура, знойдзеныя ў рацэ Шчара пад Слонімам.) Тэма палявання стала знакавай і прыярытэтнай для ўбрання большасці замкаў.

На шпалеры ўвасоблена кульмінацыя дзеяння — момант адзінаборства князя з турам. На звера наступаюць пешыя і конныя паляўнічыя з дзідамі і сабакамі. Менавіта князю-гаспадару належала права забіць загнанага ў пастку дзікага звера. Сцэна разгортваецца на фоне пейзажу з замкам з высокай дазорнай вежай, што бачны ўдалечыні. Шпалера дэкаравана па перыметры шырокай аблямоўкай з малюнкам пладоў, кветак, дзіўных звяроў, жаночых і мужчынскіх постацей.

Спецыялісты па мастацкім тэкстылі з Літвы, запрошаныя для кансультацый і атрыбуцыі шпалеры, лічаць, што яна была зроблена ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя фламандскімі майстрамі ў шпалерных майстэрнях горада Аўдэнардзэ — другім вядомым нароўні з Бруселем цэнтрам ткацтва Фландрыі. Творы, выкананыя ў майстэрнях гэтага горада, рэдка сустракаюцца ў музейных зборах. Шпалеры Аўдэнардзэ адрозніваліся ад сталічных — брусельскіх — падрабязнай і дэталізаванай кампазіцыяй, больш грубымі і тоўстымі ніткамі, якія стваралі буйнарубчатую фактуру дывана, і галоўнае — пазнавальнай умоўнай каларыстычнай гамай, вытрыманай у вохрыста-карычневых і зеленавата-сініх тонах.

 

Шпалера «сюжэт на тэму траянскай вайны». Воўна, шоўк, ткацтва. Брусель, Фландрыя.  Канец XVII — пачатак XVIII стагоддзя.

/i/content/pi/mast/42/708/10.jpg
Адзін з самых цікавых набыткаў музея для Мірскага замка — шпалера, магчыма, выкананая на самай знакамітай брусельскай мануфактуры канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя ў майстэрні Жана-Батыста Верміёна. З XVI стагоддзя брусельскія шпалеры — вандтапейты (з галандскага — «гладкі насценны дыван») — становяцца самымі папулярнымі ў краінах Еўропы. Брусельскія майстэрні выпрацавалі свой, не падобны ні да якіх іншых школ прынцып ткацтва. Толькі гэтыя мастакі-картаньеры «апраналі» персанажаў у модныя адзенні «свайго» стагоддзя незалежна ад сапраўднага стылю гістарычнага сюжэта. Вандтапейты вылучаліся буйнапланавай кампазіцыяй, яркай мажорнай гамай, падкрэсленай дэкаратыўнасцю, умелай стылізацыяй твараў і адзежы персанажаў, а таксама вузкім кветкавым бардзюрам, які заключаў сюжэт дывана ў кампазіцыйную рамку. Гэта шпалеры «вялікага стылю» — барока.

Для брусельскіх мануфактур працавалі вядомыя фламандскія мастакі. Вандтапейты сталі прадметам раскошы, іх закуплялі самыя вядомыя еўрапейскія двары, іх калекцыянавалі. «Сюжэт на тэму Траянскай вайны» прайшоў папярэднія ўмацаванне і кансервацыю на Барысаўскім мастацка-вытворчым камбінаце імя Аляксандра Кішчанкі. Твор патрабуе дадатковых даследаванняў і вывучэння, магчыма, кансультацый знаўцаў мастацкага тэкстылю, але найперш — атрыбуцыі антычнага сюжэта, дакладнага ўстанаўлення майстэрні вырабу і імя мастака-картаньера.

 

Пояс Слуцкага тыпу. Два фрагменты. Шоўкавая, сярэбраная, залатая ніці, ткацтва. 1770–1780.

/i/content/pi/mast/42/708/11-.jpg
Яшчэ адзін вельмі рэдкі экспанат, які ўдалося набыць у калекцыю Мірскага замка, — пояс слуцкага тыпу ў двух добра захаваных фрагментах. Улічваючы, што на тэрыторыі Беларусі цяпер вядома каля 40 кунтушовых паясоў і толькі 11 з іх захаваліся цалкам, гэты экспанат, падаецца, выкліча асаблівую цікавасць, бо не ва ўсіх музеях такія каштоўныя тканіны выстаўлены ў экспазіцыі. Пояс мае метку «F.S.», якая тлумачыцца даследчыкамі па-рознаму: як «fecit Sluck» («мяне зрабіў Слуцак») і як ініцыялы французскага майстра Франсуа Салімана, які працаваў на гарадзенскай мануфактуры. Польскія спецыялісты, у чыіх музеях захоўваецца самая поўная калекцыя кунтушовых паясоў, вызначылі, што гэты пояс выраблены «на крэсах» ці ва ўскраінных майстэрнях Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII стагоддзя па загадзе Радзівілаў. Традыцыйная малінава-зялёная і сіне-карычневая арнаментыка двухбаковага пояса, «сухарыкі» — распаўсюджаны тып арнаменту ў яго «галаве» — дазваляюць распазнаць слуцкую мануфактуру і змясціць пояс у экспазіцыю, прысвечаную князям Радзівілам — уладальнікам гэтай мануфактуры.

 

Восем несмяротных. Фарфор. Кітай. Правінцыя Фуцзянь. Майстэрні Дэхуа. Дынастыя Цын (1644—1911).

/i/content/pi/mast/42/708/11.jpg
Уплывовыя магнаты яшчэ ў XVI стагоддзі былі гатовыя плаціць вялікія грошы за прывезеныя з Паднябеснай каштоўны шоўк, скрыначкі чорнага лаку, танкасценны посуд і вытанчаныя статуэткі. У каралеўскіх палацах Еўропы — Сан-Сусі, Версалі — з’явіліся раскошныя «парцалянавыя» кабінеты. У сярэдзіне XVII стагоддзя фарфор стаў знакам дабрабыту і высокага становішча ў грамадстве.Такім ён заставаўся і напачатку ХХ стагоддзя.

Кітайскія статуэткі вырашана было скарыстаць для экспазіцыі гасцёўні князя Міхала Святаполк-Мірскага:

у маладосці ён служыў у рускай місіі ў Кітаі. «Восем несмяротных» ён мог набыць ці атрымаць у якасці падарунка. Кітайцы вераць, што прысутнасць у хаце гэтых выяў дорыць шчасце, поспех і добрае здароўе кожнаму члену сям’і: «восем несмяротных» сімвалізуюць мудрасць; гэта пажаданне доўгіх гадоў жыцця, намёк на высокіх нябесных заступнікаў.

Восем несмяротных багоў даоскага пантэона святых эпохі Цын увасабляюць: даоскага патрыярха з магічным мячом Лю Дунбіня; заступніка літаратуры і... цырульнікаў, абаронцу хворых Лі Цегуая з жалезнай кульбай; заступніка салдатаў — Ці Чжун

Цуаня з веерам; музыкантаў — Хань Сянцзы; акцёраў і мімаў — Цаа Гоцзю з нефрытавай дошчачкай; старых — Чжан Голаа; прадаўцоў кветак і садоўнікаў — Лань Цайхэ з лотасам; заступніцу хатніх гаспадынь — Хэ Сяньгу з кошыкам кветак. Дробная пластыка з фарфору, вырабленая ў правінцыі Фуцзянь у старадаўніх майстэрнях Дэхуа, якія працавалі яшчэ з X стагоддзя, вылучаецца незвычайнай чысцінёй матэрыялу, вялікай вытанчанасцю і дасканаласцю формы. Статуэткі пакрываліся празрыстай глазурай — падчас абпалу яна магла набываць розныя адценні — ад ружаватага да (як у нашым выпадку) малочна-белага.

 

Невядомы мастак. Бітва хрысціян і мусульман. (Аблога Бялграда войскамі Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1688 годзе (?)).Палатно, алей. Канец XVII — пачатак XVIII стагоддзя.

/i/content/pi/mast/42/708/12.jpg
Гэта карціна паступіла ў музей з умоўнай назвай «Бітва хрысціян і мусульман» і была прызначана для інтэр’ера «Сталовай ізбы», сцены якой звычайна ўпрыгожваліся батальнымі палотнамі. Карціна напісана правінцыйным усходнееўрапейскім майстрам. Яе датаванне (канец XVII — пачатак XVIII стагоддзя) было пацверджана хіміка-тэхніка-тэхналагічнай экспертызай, праведзенай музейнымі спецыялістамі. Падрабязны гістарыяграфічны аналіз амуніцыі і ўзбраення мінскага даследчыка гісторыка Аляксея Доўнар-Запольскага і знойдзеная ім гравюра невядомага аўтара са збору Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Сербія ў Бялградзе, датаваная прыблізна паловай ці сярэдзінай XVIII стагоддзя, паказваюць сувязь паміж двума гэтымі творамі падобным ландшафтам поля бітвы. Прычым карціна магла быць створана раней за гравюру: яна выглядае больш архаічна. На палатне мастак будуе кампазіцыю з умацаваным сценамі горадам у левым верхнім куце палатна. Па меркаванні даследчыка, ён увасабляе адзін з момантаў аблогі і ўзяцця тады прыналежнага туркам-асманам Бялграда войскамі Свяшчэннай Рымскай імперыі пад камандаваннем баварскага курфюрста Максіміліяна II у жніўні-верасні 1688 года. На гравюры на фоне ўмацаванага горада ўвасоблена масавая батальная сцэна, падзеі якой адбываліся на 28 гадоў пазней — у 1716-м, пры аблозе Бялграда ўжо аўстрыйскімі войскамі пад камандаваннем прынца Яўгена Савойскага, пра што сведчыць надпіс на італьянскай мове, зроблены ў ніжняй частцы гравюры. Гэта версія атрыбуцыі сюжэта можа быць прапанавана як гіпотэза пры даследаваннях карціны.

Касанэ. Мораны дуб. Германія. 1680-я гады.

/i/content/pi/mast/42/708/13==.jpg
Касанэ — гэта куфар, упрыгожаны разьбой. Хтосьці трапна назваў куфры патрыярхамі мэблі. Гэта быў сімвал багацця сям’і. У іх захоўвалі літаральна ўсё — ад манет да тканін, ад харчовых запасаў да святочнага адзення і каштоўнасцей. У эпоху Рэнесансу куфры сталі эстэтызавацца, яны лічыліся сапраўднымі творамі сталярства і мастацтва разьбы. У XVII стагоддзі куфры страцілі пануючае месца ў інтэр’еры, саступіўшы яго шафам. Касанэ з калекцыі Мірскага замка належыць да тыповых вырабаў нямецкіх майстроў мастацтва эпохі барока, выкананых пад уплывам позняга Рэнесансу. У ім ужытае рамачна-філянговае сучляненне дэталяў. Разьба з матывамі ночы (дэманы, ільвы, кажаны) зачароўвае вока, прымушаючы разважаць пра густ уладальніка, які застаецца невядомым: выразаны ў цэнтральнай філёнзе герб гаспадара пакуль не вызначаны. Асноўны дэкор выбудоўваецца менавіта на філёнгах, якія ўстаўляюцца ў рамку. Такая канструкцыя не дазваляе дрэву рассыхацца, стварае абарону ад уздзеяння вільгаці і супрацьстаіць магчымым ударам. Куфар па абрысах нагадвае саркафаг, ён пастаўлены на ножках у форме постацей ільвоў з незадаволенымі сваёй доляй пысамі, аздоблены выявай ці то арлоў, ці то кажаноў з раскрытымі крыламі. На бакавых філёнгах выразаны малюнкі дэманаў ці хімер, якія павінны адпудзіць магчымага рабаўніка. Майстар-разьбяр не выкарыстоўваў у рабоце прынцып сіметрыі, характэрны для папярэдняй эпохі Рэнесансу.

 

Сатыр. Мармур. Заходняя Еўропа. Першая палова ХІХ стагоддзя.

/i/content/pi/mast/42/708/13.jpg
Вольная копія XIХ стагоддзя невядомага еўрапейскага скульптара з класічнага фракійскага бюста «Усмешлівага сатыра» І–III стагоддзяў нашай эры. Міфічных казланогіх істот, спадарожнікаў Вакха, у антычныя часы ўвасаблялі ў выглядзе прывабных юнакоў з маленькімі рожкамі на галаве ці адросткамі на шыі. У чэрвені 2009 года падобны бюст сатыра быў выстаўлены ў Дзяржаўным музеі Усходу на выставе «Выратаваныя скарбы Старажытнай Фракіі з калекцыі Васіля Бажкова». Такія бюсты звычайна ўпрыгожвалі інтэр’еры палацаў ці грамадскіх будынкаў.                                                                                                           

Веер. Слановая косць, тканіна, размалёўка. Заходняя Еўропа. ХVІІІ стагоддзе.

Мода на вееры прыйшла ў Еўропу ў эпоху Адраджэння з Усходу, верагодна з Венецыі, дзе імі карысталіся падчас карнавалаў. Вытанчаны і далікатны выраб хутка заваяваў прызнанне як прыгожы дадатак да параднага ўбору і нават годны
/i/content/pi/mast/42/708/13--.jpg
дыпламатычны падарунак. Ужо ў XVII–XVIII стагоддзях ён становіцца ўлюбёным аксесуарам жаночага касцюма. Ост-індскія кампаніі прывозілі вееры з Кітая, і яны шанаваліся як экзатычныя і дарагія рэчы. Кожны веер быў непаўторны, і дама падбірала яго ў адпаведнасці з колерам сукенкі і загадамі моды. Веер — заўсёды загадка: у закрытым выглядзе ён нічога не кажа пра сябе, а адкрыты — здзіўляе сваім водарам, рэдкім матэрыялам і вытанчанасцю аздаблення. Асаблівым поспехам карысталіся складныя вееры. У калекцыі Мірскага замка знаходзіцца веер тыпу «brise» — складны, двухбаковы, з пласцінкамі са скразной разьбой, якія заходзяць адна на адну, што стварае лёгкі ветрык-брыз. Веер упрыгожаны пачуццёвымі сцэнамі палацавага гарэмнага жыцця з амурамі і адаліскамі. Пастэльна напісаныя тонкія малюнкі перамяжоўваюцца з залацістымі арабескамі.

Ваза фірмы Гале. Шматпластовае шкло. Пачатак ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/mast/42/708/14.jpg
Адным з самых каштоўных экспанатаў замка з’яўляецца ваза «гале» ў стылі мадэрн. Тып гэтых ваз атрымаў назву па прозвішчы вядомага французскага дызайнера і мастака шкла, які даў сваё імя цэламу кірунку ў развіцці дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Эміль Гале (1846–1904) быў унікальнай асобай — надзвычай таленавітым і энцыклапедычна адукаваным навукоўцам-батанікам, выдатным хімікам, пісьменнікам, мастаком і філосафам. Узначаліў у сярэдзіне сямідзясятых гадоў XIX стагоддзя Гандлёвы дом «Гале-Рэйнемер» — сямейнае прадпрыемства бацькоў, якое выпускала люстэркі, вырабы са шкла і керамікі.

Наступным этапам становіцца распрацоўка Эмілем Гале шкляных вырабаў з кветкавымі формамі. Аднак сусветную славу дызайнеру і яго знакамітаму стылю стварылі непераўзыдзеныя вазы. Своеасаблівы імпульс развіццю творчасці Гале далі вырабы з каляровага шматпластовага разьбянога шкла кітайскіх майстроў і англійскія «камейныя» вазы. Як вялікі мастак і навуковец, ён не капіруе папулярныя вырабы, а адштурхоўваючыся ад досведу вядомых фірмаў, удасканальвае тэхніку шматпластовага шкла, вядомую з антычных часоў. Схема даволі простая, але складаная па тэхналогіі: з рознакаляровых кавалачкаў шкла збіраецца карціна, і пасля ўздзеяння высокіх тэмператур гэтыя кавалачкі спякаюцца, ствараючы адно цэлае. Эміль Гале першым пачаў прымешваць да шкляной масы вокіслы металаў, пракладаць паміж пластамі металічную фольгу, дадаваць да тэхнікі складанага шматпланавага траўлення тэхніку маркетры. На выраб вазы ішло 2–3 месяцы.

Ён імкнуўся да дасягнення гармоніі формы і зместу, да выражэння сродкам малюнка сваіх ідэй філосафа-сімваліста. Вытанчаныя вазы і свяцільнікі, ад самых маленькіх да велізарных, упрыгожаныя малюнкамі кветак, стракоз і матылькоў, выклікаюць рамантычны настрой. Дзівосная глыбіня і мяккія ненавязлівыя колеры, што плаўна пераходзяць адзін у другі, зачароўваюць погляд.

Руская публіка ўпершыню ўбачыла мастацкае шкло Гале на французскай выставе 1899 года ў Маскве. Засвоіўшы тэхніку Гале, расійскія майстры па-іншаму падышлі да выбару формы: іх вырабы былі галоўным чынам стволападобнымі ці конуснымі.

Аўтарскія творы Гале — адно з вышэйшых дасягненняў сусветнай шкловытворчасці. Ніводны жылы інтэр’ер у Заходняй Еўропе і Расіі на мяжы XIX—XX стагоддзяў не абыходзіўся без ваз «гале».

Феліцыян Каварскі (1890–1948). Мірскі замак Палатно, алей. 1929.

/i/content/pi/mast/42/708/15.jpg
Рэдкая карціна польскага мастака Феліцыяна Каварскага напісана ў гады пачатку рэстаўрацыі замка, пры жыцці князя Святаполк-Мірскага. Князь і прафесар Кракаўскай акадэміі мастацтваў маглі быць знаёмыя. Імя Каварскага невядомае ў Беларусі. Феліцыян Шчасны-Каварскі, ураджэнец Старасельцаў пад Беластокам, польскі мастак, скульптар і педагог, скончыў мастацкую школу ў Адэсе ў 1910 годзе і Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу ў 1918 годзе. У 1920-м вярнуўся ў Польшчу. Член польскіх мастацкіх аб’яднанняў «Рытм», «Прызмат» і «Адзінарог». Жыў спачатку ў Торуні, але ўжо з 1923 года стаў прафесарам манументальнага жывапісу Кракаўскай акадэміі мастацтваў. У 1928 годзе ўдзельнічаў у стварэнні паліхромнага роспісу сцен фасадаў — будынкаў рынку Старога горада ў Варшаве. Атрымаўшы замову на роспіс некалькіх плафонаў у замку на Вавелі, верагодна, распачаў вандроўку ў Нясвіж і Мір для вывучэння старадаўніх замкаў і іх манументальнага ўбрання. У 1930 годзе перабраўся ў Варшаву і стаў прафесарам Варшаўскай акадэміі мастацтваў. Крытыкі бачылі ў яго творчасці ўплыў пецярбургскага аб’яднання «Свет мастацтва», але ў гэтай карціне больш відавочна фармальнае перайманне Сезана. Пасля вайны творца працягваў выкладаць у Акадэміі. Памёр у 1948 годзе ў Канстанціне пад Варшавай. Яго работы захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

Святы Хрыстафор. Разьба, паліхромія. ХІХ стагоддзе.

/i/content/pi/mast/42/708/15-.jpg
Дзіўна, але знайсці скульптурную выяву Святога Хрыстафора ў Беларусі амаль немагчыма, хоць гэты святы шанаваўся і каталікамі, і праваслаўнымі (апошнімі — як Хрыстафор Кінакефал «Псаглавец»). Хрыстафор, які першапачаткова насіў імя Рэпрэў, рымлянін велізарнага росту (часам яго малююць з псінай галавой), прыняў хрысціянства і пачаў служыць Ісусу. Па просьбе пустэльніка дапамагаў падарожнікам перасякаць небяспечную плынь у бурнай рацэ, пераносячы іх на сваёй спіне праз брод. Аднойчы яго папрасіў перанесці праз раку маленькі хлопчык. Пасярод ракі ён стаў вельмі цяжкі, і Хрыстафор спалохаўся, што яны патонуць. Хлопчык растлумачыў яму, што ён — Хрыстос і нясе з сабой усе нягоды свету. Затым Ісус хрысціў Рэпрэва ў рацэ, і той атрымаў сваё новае імя — Хрыстафор: «той, які нясе Хрыста». Хрыстафор валодаў такой сілай пераканання, што ўсе вакол яго пераходзілі ў хрысціянства. Лічылася, што ён быў пакараны ў прысутнасці цэзара ў ІІІ стагоддзі. Але магіла Святога Хрыстафора невядомая — гэта досыць рэдка для пакутнікаў. Шанаванне ў каталіцызме яго постаці ў якасці святога крытыкавалася яшчэ Эразмам Ратэрдамскім у «Хвале дурасці». Ватыкан панізіў Дзень памінання Хрыстафора да ўзроўню мясцовых свят у 1969 годзе з-за недахопу рэальных сведчанняў пра яго існаванне, тым не менш святы не быў дэкананізаваны.

Наяўнасць ва Уязной вежы замка сямейнай хатняй капліцы Св.Хрыстафора ў XVIІ стагоддзі пры рэдкасці яго выяў даюць падставы сцвярджаць, што Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка імкнуўся ўзвысіць свайго святога як пакутніка. Яго скульптурны вобраз, выкананы невядомым майстрам, маецца на фасадзе Фарнага касцёла ў Нясвіжы. Драўляная постаць Хрыстафора з калекцыі Мірскага замка адпавядае мясцовым традыцыям. Гэта невялікая паліхромная скульптура, створаная пад уплывам архаічнай народнай беларускай разьбы, вылучаецца экспрэсіўнасцю і выразнасцю, непаўторным духам часу.

Надзея Усава