Замак

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Ян Булгак — беларуска-польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст — валодаў і выдатным літаратурным талентам. Тэкст пра замак Радзівілаў у Міры — таму пацвярджэнне. Пераклад з польскай мовы быў зроблены Валерыем Вядрэнкам з максімальным захаваннем аўтарскай стылістыкі.

/i/content/pi/mast/42/707/6.jpg

Калі хто завітае ў Навагрудскі край з усходу, ад пясчаных панёманскіх адхонаў у ваколіцах Стоўбцаў, Свержаня і Жукава Бору, той, паводле слоў паэта, сам спыніць каня, які ледзь дастае свае ногі ды колы брычкі з сыпучага, шэра-жоўтага пяску, што гаспадарыць наўкол разам з рэдкімі соснамі, ядлоўцам, папараццю і сухацветам. (...) І вось перад намі мястэчка Мір. Гэта азначае — маса бярвення, цэглы, дахаў і балота. І над сметнікам гніючага дрэва ўзвышаецца замак, разважна падпіраючы неба пяццю зграбнымі вежамі. Нібыта сярэднявечны дух, зачараваны ў камень, ён раптам з’явіўся цудоўным відовішчам пасярод калавароту сучаснага свету. Нібы рыцар у стальных латах апынуўся ў сярэдзіне бескаляровага і лямантуючага кірмашовага балагану — і застыў у задуменні, ствараючы кантраст сваёй моцы з навакольнай недарэчнай мітуснёй.

Спынімся ў «першаразрадным» гатэлі, дзе за 50 капеек у дзень атрымаем пакой, не столькі прасторны, колькі пусты. Тут нас сустрэне няўдалая імітацыя неабходнай мэблі і ad libitum — насякомыя і ўсюдыісны пах цыбулі. Выходзім у мястэчка. Якраз гандлёвы дзень, і рынак раве, поўніцца какафоніяй гукаў і пахаў, якія не маюць нічога агульнага з арфай Эола і фіялкамі. (...) Нарэшце выходзім на бакавую вуліцу, што вядзе да замка, дзе адразу становіцца прасторней і цішэй, набліжаемся да замкавага пагорка, размешчанага непадалёк ад крутога гасцінца са старымі бярозамі. Рамантычныя руіны вырастаюць на вачах. Але іх пільнуе высокі паркан без брамы. Замак не прызначаны для публічнага наведвання. Ён ужо шмат гадоў з’яўляецца часткай Замірскага парку, на краі якога мы і знаходзімся. Аднак варта наблізіцца да паркану, каб знайсці адпаліраваны ад штодзённага выкарыстання пералаз, што створаны больш арганізаванымі турыстамі, якіх уяўляе сабой маладое пакаленне юдэйскага веравызнання. Крок уверх, крок уніз, і мы ўжо за рысай горада, у алеі маладых клёнаў і таполяў ля падножжа замка. Вялізны, моцна складзены з валуноў у адвечных сценах, увянчаных вежамі, замак прыцягвае погляд наведвальніка, прыкоўвае сваёй магутнасцю, уражвае, вітае і міжволі пагражае. Вакол нейкая ўрачыстая цішыня — шум горада застаўся дзесьці там, а тут усё прасякнута магутнасцю смерці і сусветным смуткам па вялікіх, але даўно мінулых справах. Праз вялікую браму сярэдняй вежы з высокім арачным праходам трапляем на квадратны падворак — шырокі, зарослы высокай травой і лапушнікам. Там, у векавым забыцці, стаяць іржавыя муры з шэрагамі пустых вокнаў, і налітымі крывёй вачыма жмурацца байніцы. Цямнеюць панурым мрокам скляпенні ў вежах. Вінтавыя лесвіцы, спускі, пераходы з таямніча закручанага лабірынта вырываюцца з-пад зямлі чорнымі сківіцамі глыбокіх арачных праёмаў. Шуміць вецер у ніцых дрэўцах, што нараслі паміж маналітных валуноў, хапаючыся за жыццё зблытанымі каранямі, рэхам адказваючы грамадам птушыных чарод, якімі населены непрыступныя байніцы. І на схілах вежаў, нібы на варце, нясуць дазор важныя буслы. Ціха, сумна, як у кожнай грабніцы. Але калі на рэштках замкавага бруку звонка загучаць крокі вандроўніка, калі вячэрнія прыцемкі сыдуць на падворак і мяккі шэры туман пакрые магутныя муры, — мроіцца, што вакол, у гэтай вялізарнай і ціхай труне абуджаецца памерлае рэха мінулага. А ў залах і пакоях, разбураных нягодамі часу, з гулам змешаных галасоў, стальных латаў і адзенняў, са ззяннем залачоных сякер, — узнікаюць прывіды карагода падзей старажытнай шляхецкай Польшчы. Адважнай і падцягнутай, магутнай і ўпэўненай, рыцарскай і высакароднай. І такія жывапісныя, такія прыгожыя гэтыя мроі! І, на жаль, такія далёкія ад нас.

■ ■ ■

Апусціўся вечар, пакрыўшы неба плямамі хмар, а з ім наляцеў вецер і працяжна завыў паміж вежамі. Па развалінах лесвіц, цёмных і слізкіх, пад гук камянёў, што асыпаюцца, і шэлест спалоханых кажаноў падымаемся вышэй, чапляючыся навобмацак за цагляныя выступы, на абаронную сцяну, адкуль адкрываецца шырокі прастор ахутанай імглою ваколіцы. Не без намаганняў падымаемся на вышыню шасці-сямі паверхаў — на дах вежы. Вецер сціхае, хмары рассейваюцца, і поўня выглядвае з-за выразнага сілуэта даху. У касых праменях святла серабрыцца падворак замка, апраўлены цёмнымі сценамі, поўнымі змрочных ценяў. І замак, нібы вялізная чорная труна, адкрывае небу пустэчу сваёй раскрытай бездані.

Толькі гукі соў і пугачоў глухім рэхам зрэдку парушаюць маўклівае прышэсце ночы. Ахоплены жахам і тугой змрочнага сведкі памерлага замка, гляджу на яго...

■ ■ ■

І тут, пахаваны, спіць попел славы і здрады, любові і зайздрасці, прысвячэнняў і страху. Колькі пачуццяў, светлых і глыбокіх, колькі дзікіх парываў і крывавых гісторый зніклага мінулага маглі б расказаць гэтыя сцены...

Тут магутны род Іллінічаў заснаваў рыцарскае гняздо (1500)і абараняў акруговы люд, што дрыжэў перад крывавымі татарскімі набегамі. Абараняў магутнымі плячыма і вартавымі сценамі. Плылі, як чорнае мора, полчышчы паганцаў, у бліскучых зубах сціскаючы крывыя ятаганы, драпежным позіркам шукаючы лёгкую здабычу, гуляючы шырокімі ноздрамі, ласуючыся крывёю ягнят і з асалодай удыхаючы дым пажараў. І як мора ў час прыліву рассыпаецца на мноства дробных хваляў, сутыкнуўшыся з каменнымі мурамі замка, так град ядраў, дождж агню і металу, шквал рыцарскіх стрэл вяртаў хвалю набегу назад.

Тут на працягу трох стагоддзяў стваралася гісторыя і веліч роду Радзівілаў, якія валодалі замкам... Яго асаджалі і ў часы Рэчы Паспалітай шведскія войскі. Вось над вежамі стаяць хмары пажару, сцены ліжуць языкі полымя, стогны параненых змешваюцца з трыумфальным шэсцем пераможцаў, сцякае з каменных сцен кроў герояў. І зноў праца для новых пакаленняў — аднаўляць тое, што разбурылі злосць і нянавісць, каб праз паўстагоддзя (пры Карле XII) з каменняў і попелу, пасля чарговага нашэсця, у трэці раз замак узнёс у неба свае байніцы.

Тут, у адноўленым з яшчэ больш вялікім майстэрствам замку, гучалі віваты князя Пане Каханку, у гэтых чорных лабірынтах цякла шумная хваля раскошы і задавальненняў. Тут браты-шляхта абточвалі каштоўныя дыяменты магната, раскідаўшы свае залататканыя паясы, напаўняючы застолле грубаватым гумарам, жартаўліва гуляючы шаблямі, поўныя фантазіі і бадзёрага духу. І хвацка, разам з вінным духам, уздымаліся ў паветра іх славутыя чубы. Тут гасцяваў апошні польскі кароль, сонца вялікай магутнасці і бязвольны парус сярод віхуры падзей, бацька народаў і закладнік сваёй айчыны. Яго ўрачыста прымалі Радзівілы ў перадсмяротныя гады існавання і замка, і радзімы. На рубяжы стагоддзяў і на рубяжы лёсу ён сутыкаўся са знакамі і стыгматамі смерці, але, верны абавязку, бліскаў свецкім глянцам і багаццем...

А навальнічная хмара ўжо на падыходзе, ужо вісіць над імі, ужо даносіцца яе злосны гул, ужо поўніцца зямля голасам далёкага грому, урываецца вецер, бліскаюць маланкі. І вось захопліваюць замак расейскія войскі (1794), і выбухаюць парахавыя склады (1812), і руйнуецца замак канчаткова і беспаваротна. А са згаслай зоркай Напалеона і разам з арламі легіёнаў жыццё замка скончылася назаўсёды. І з тых часоў плачуць крывавымі слязьмі сляпыя вочы яго вокнаў, енчаць залы рэхам забытай славы, а апусцелыя вежы ў нямым пратэсце цягнуць да неба скатаваныя адчаем і смуткам далоні.

■ ■ ■

...Месяц схаваўся за хмары. Цемра ахапіла ўсё вакол і цяжкай плітой закрыла чорную магільню замка. Ноч забрала яго ў свае ўладанні...

Назаўтра, калі раніцай я вярнуўся ў замак, сонца ўжо расфарбавала яго вежы ружовымі промнямі, а блакітны фон неба надаў ім светлы, радасны і ветлівы настрой. Над усёй акругай ззяла цудоўная архітэктура гэтых васьмігранных калосаў з чырвонай цэглы, багата ўпрыгожаных вытанчанымі лініямі ўзорных фрызаў і абрамленняў, атынкованых белых праёмаў, тарцоў і арнаментаў. Выразная фактура валуноў захавалася і па сённяшні дзень, як і дэкор з часанага камення з мноствам глыбокіх абаронных байніц. Віднеліся вялізныя скляпенні памяшканняў, ужо засыпаныя смеццем і зарослыя травой. (...)...Выдатны будынак нашага старажытнага дойлідства знікае на вачах, і год ад году становішча яго ўсё безнадзейней.

Захацелася на развітанне паглядзець на замак здалёк. Шырокае возера ў яго падножжа ўпрыгожваюць хваёвыя пасадкі, і на іх зялёна-блакітных іголках яшчэ дрыжэлі асветленыя кроплі расы, пакуль не выпітай спякотным сонцам. Зараснікі чароту і явару хваляваліся пад лёгкім подыхам ветрыку, які моршчыў ваду і ламаў адлюстраванне на тысячы фантастычных ліній і плям. А калі на хвіліну вецер сціх і вада супакоілася, у яе люстэрку з’явіўся, як жывы, другі замак, такі ж магутны і велічны, (...) палаючы пурпурнымі водбліскамі прамяністага сонца, узнёсшы верхавіны сваіх вежаў у блакітную бездань. І ўспыхнула ружовая пяцісвечная паходня ў празрыстай чысціні раніцы, адкрыўшы гэта цудоўнае ўваскрашэнне сярэднявечных падзеяў, ускалыхнуўшы памяць аб былой каралеўскай велічы і моцы, раскошы і высакароднасці. Нібы сам бязлітасны час стаў перад памяццю бяссільны. І, уражаны да глыбіні душы, як зачараваны, я глядзеў на гэты замак у нямым захапленні.

Ян Булгак