Магнацкія інтэр'еры

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Спроба рэканструкцыі

Канцэпцыя і яе карэкціроўкі

/i/content/pi/mast/42/706/3.jpg
Сталовая ізба.
Навуковая канцэпцыя музеефікацыі замкавага комплексу «Мір» пачала распрацоўвацца ў 1987 годзе. Гэтым займаліся загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Высоцкая, дырэктар музея Юрый Карачун і навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Дзмітрый Бубноўскі. У 2002-м канцэпцыю прадставілі на разгляд калегіі Міністэрства культуры, яна ў цэлым была ўхвалена і зацверджана як кіраўніцтва да дзеяння. Для ўсеагульнага абмеркавання яе надрукавалі ў газеце «Культура». Наколькі мне вядома, ніякія заўвагі і карэкціроўкі навукоўцаў, што дасылаліся ў рэдакцыю, улічаны не былі.

У 2006 годзе Надзея Фёдараўна Высоцкая пакінула працу на пасадзе загадчыка аддзела старажытнабеларускага мастацтва, і кіраўніцтва аддзелам было зменена. Разам з намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Надзеяй Міхайлаўнай Усавай мы зрабілі захады па пераглядзе канцэпцыі з мэтай пазбегнуць памылак і адаптаваць яе да стану тагачаснай рэстаўрацыі. Ад нечага адмовіліся прынцыпова. Напрыклад, у папярэднім варыянце 2002 года меркавалася распавесці пра жыццё носьбітаў розных нацыянальных культур мястэчка Мір. З гэтым не пагадзіліся, бо замкавы комплекс не выконвае функцый краязнаўчага музея. Акрамя таго, стала вядома, што ва Усходнім корпусе будзе размешчана апартаментная частка і экспазіцыі там не прадугледжваюцца.

У 2008 годзе новы варыянт канцэпцыі адаптацыі замкавага комплексу быў разгледжаны на калегіі Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, ухвалены і зацверджаны. Некалькі разоў яго абмяркоўвалі на Рэспубліканскай радзе па пытаннях музейнай дзейнасці. З улікам усіх заўваг мы пачалі ствараць экспазіцыі.

Копія і арыгінал

Супрацоўнікі музея выдатна разумелі, што арыгіналы ХVІ—ХVІІ стагоддзяў можна атрымаць толькі ў вельмі рэдкіх выпадках, таму ніколі не адмаўляліся ад копій, муляжоў, рэканструкцый неабходных для экспазіцый рэчаў. Да таго ж многія творы знаходзіліся не ў нашай краіне. Рэдкія дакументы, што тычыліся Радзівілаў, якія не маглі нам прадставіць нашы архівісты, даводзілася раздрукоўваць з электронных копій. Гэта звычайная практыка: архіўныя матэрыялы дэманструюцца ў асноўным на часовых выстаўках, бо патрабуюць асаблівых умоў для захавання.

Калі надараўся шанец займець арыгіналы, мы рабілі для гэтага ўсё, што было ў нашых сілах. Магчымасць набываць дарагія і рэдкія экспанаты з’явілася ў нас толькі ў 2008 годзе, калі пачалося планамернае выдзяленне сродкаў з дзяржаўнага бюджэту. Папярэдні час мы трацілі на Мір тыя грошы, якія выдаткоўваліся на ўвесь Мастацкі музей.

Паводле навуковай канцэпцыі, творы мастацтва набываліся для некалькіх рэканструяваных залаў, сярод якіх асаблівую цяжкасць для насычэння экспанатамі ўяўлялі інтэр’еры «Сталовай ізбы» і «Сенцаў» XVII стагоддзя і «Партрэтнай залы» XVIII стагоддзя. Антыкварны рынак Беларусі надзвычай бедны артэфактамі гэтага перыяду. У нас не адпрацаваны механізмы закупкі музеем твораў на аўкцыёнах, таму рэчы шукалі ў прыватных калекцыянераў, якія маюць магчымасць выязджаць за мяжу. Не заўсёды мы атрымлівалі тое, што хацелі, аднак куплялі рэчы дакладныя. Эксперт па мэблі Вольга Стругава з Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве дала такую рэкамендацыю: «Калі вы набываеце рэч у стылі Рэнесансу, але зробленую ў ХІХ стагоддзі, — гэта рэч дакладная; у вас не музей мэблі, дзе вы павінны ўсё падпісаць і прасачыць храналогію. Вы ствараеце інтэр’ер. Для яго могуць быць ужыты і творы пазнейшага часу». Зразумела, што мэблі ХVІ стагоддзя і за мяжой няшмат, а ў нас яе проста няма. Можна знайсці мэблю толькі канца ХVІІІ—пачатку ХХ стагоддзя.

Узоры і аналагі

Фатаграфій інтэр’ераў Мірскага замка пачатку ХХ стагоддзя — акрамя некалькіх, у тым ліку з выявай кабінета князя Святаполк-Мірскага 1920—1930-х гадоў, не захавалася.

Самы ранні рэканструяваны інтэр’ер — «Сталовая ізба» канца ХVІ — пачатку ХVІІ стагоддзя. Яго прыблізная рэканструкцыя была зроблена навуковым кіраўніком рэстаўрацыі Дзмітрыем Бубноўскім — кесоны, печы, падлогі. На жаль, нягледзячы на нашы аргументы, праект рэстаўрацыі печаў быў рэалізаваны. Дзмітрый Сямёнавіч запазычыў узоры з кракаўскага замка на Вавелі. Пры абмеркаваннях на паседжаннях навуковай творчай групы мы неаднаразова казалі, што каралеўскі палац не можа параўноўвацца са звычайнай летняй рэзідэнцыяй Радзівілаў, дзе ніколі не жылі падоўгу. І такая раскоша была там не патрэбна. Да таго ж вавельскія печы былі рэканструяваны ў 1920–1930-я гады і прыстаўлены да сцен адвольна. Гэта непрафесійная рэстаўрацыя сама ўжо стала гісторыяй.... Тры муляжы печаў ў хаце-сталовай Мірскага замка не могуць паліцца, асабліва тыя, што знаходзяцца ля вонкавых сцен. Знутры печы ніколі не паліліся і ніколі не стаялі на подыумах. Мы замовілі даследаванне па гэтых печах нашаму супрацоўніку гісторыку Івану Сінчуку, які напісаў спецыяльную брашуру.

Для рэканструкцыі інтэр’ера «Сталовай ізбы» мы запрасілі гісторыка Анастасію Скеп’ян, яна склала гістарычную даведку пра тое, што магло ў ёй знаходзіцца ў канцы ХVІ — пачатку ХVІІ стагоддзя. Паводле даведкі мы аднавілі інтэр’ер, набылі мэблю і шпалеру «Паляванне» канца ХVІ стагоддзя. Зрабілі гістарычныя касцюмы, уладкавалі куток для музыкантаў...

Узнаўляючы партрэтную залу ХVІІІ стагоддзя, мы абапіраліся на інвентары, але яны не апісваюць памяшканне, а толькі пералічваюць прадметы і матэрыялы. Напрыклад, там сказана, што сцены былі абабіты зялёнай тканінай — адамашкам, і што яе было шмат. Мы падабралі адпаведную тканіну. Згадваецца, што столь была «ляпная з пазалотай, французсчына». Мы зрабілі ляпную пазалочаную столь. Кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Бажэнава, якая займалася інтэр’ерам залы, знайшла рэдкі альбом з прамалёўкамі арнаментаў мастакоў, што працавалі пры двары Радзівілаў. Мы дакладна ведаем: радзівілаўскія майстры карысталіся гэтым альбомам. У ім пададзены малюнкі трошкі іншай канструкцыі, не такія падрабязныя, як у Заходняй Еўропе. Лепку і ўвесь інтэр’ер прамалявалі нашы дызайнеры з Беларускага камітэта ICОMOS. Яны стварылі ўнікальны дэкор, характэрны для гэтага рэгіёна.

Вядома, што ў магнацкіх інтэр’ерах заўсёды былі люстры і камін (у вопісах Мірскага замкак згадваецца камін зялёнага колеру). Павесілі старую шпалеру, якая вельмі ўдала адбіваецца ў люстрах, адно з іх — сапраўднае, канца ХVІІІ стагоддзя, другое з’яўляецца яго копіяй.

З аднаго боку, інтэр’еры аднаўляліся паводле інвентароў, а з іншага — па гістарычных аналагах. Мы вывучалі сайты замкаў і палацаў. У нас існуе кантракт з польскім музеем Вілянуў, адкуль нам прывезлі дыскі з выявамі інтэр’ераў і паркаў. Цалкам захаваўся радзівілаўскі палац у Небарове ў Польшчы, дзе мы зафіксавалі вельмі шмат узораў інтэр’ераў і прадметаў.

У выніку музеефікацыі быў атрыманы наступны комплекс рэчаў для замка, які падзяляецца на чатыры часткі: дакументы і іх факсімільныя копіі, музейныя прадметы гістарычнага значэння (1246 адзінак); навуковыя рэканструкцыі зброі, касцюмаў, мэблі, фаянсу (каля 500); мастацкія творы сучасных мастакоў (18 работ) і, нарэшце, мастацкія творы XVII — першай трэці XX стагоддзя (241 адзінка). Са сваіх калекцый Нацыянальны мастацкі музей перадаў філіялу 81 музейны прадмет.

 Алена Карпенка