Пэндзаль, варты бронзы

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

Раніца Валенція Ваньковіча

/i/content/pi/mast/41/693/17.jpg
 
Напрыканцы снежня каля Дома Ваньковічаў у Мінску (філіяла Нацыянальнага мастацкага музея) адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Раніца мастака», прысвечанай беларускаму жывапісцу ХІХ стагоддзя Валенцію-Вільгельму Ваньковічу. Аўтары твора — скульптар Уладзімір Слабодчыкаў і архітэктар Юрый Казакоў.

Для Уладзіміра Слабодчыкава распрацоўка гэтай тэмы ператварылася ў шматгадовую эпапею. І дала падставу паразважаць пра выпрабаванні, якія мусіць зведаць творчая воля на шляху да сапраўднай рэалізацыі.

Уладзімір Слабодчыкаў пачаў працаваць над вобразам Ваньковіча яшчэ ў 1985 годзе — тады ўзнікла ідэя стварэння бюста. У 1988-м паўстаў невялікі скульптурны партрэт, які сёння захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Праект помніка не праходзіў: выдатны мастак ХІХ стагоддзя не ўпісваўся ў кола тагачасных дзяржаўных прыярытэтаў. Нарэшце — у 1997 годзе — з’явілася замова Міністэрства культуры на помнік Валенцію Ваньковічу. Уладзімір Слабодчыкаў спачатку прапанаваў паставіць бюст, але потым сваё рашэнне змяніў: постаць лепш стасавалася з атмасферай двара сядзібнага дома.

Скульптар увасобіў ідэю вельмі хутка — за тры-чатыры месяцы. Меркавалася, што помнік будзе пастаўлены да 200-годдзя Ваньковіча, у 2000-м. Але гэтага не здарылася, і наступныя дзесяць гадоў скульптура прастаяла на мастацкім камбінаце. Адна з прычынаў — рэканструкцыя сядзібы. Затрымаў устаноўку ўжо адлітай скульптуры і недахоп сродкаў.

«У гэтым помніку, — разважае скульптар, — нібы ўвасобіўся лёс Ваньковіча, блуканні яго непрытульнай душы. Калі пачаў працаваць над ім, мне было за сорак, як і майму герою. Я “жыў” гэтым мастаком, доўга вывучаў архіўныя матэрыялы, лёс яго твораў. Вельмі дапамагала супрацоўніца мастацкага музея Ірына Паньшына, яна так і не дачакалася адкрыцця. Усё зрушылася з мёртвай кропкі год таму. Міністр культуры Павел Латушка сказаў, што помнік паставіць абавязкова. І слова сваё стрымаў. Частку сродкаў на стварэнне скульптурнай кампазіцыі выдзеліў генеральны партнёр Нацыянальнага мастацкага музея».

Падчас працы над скульптурай Уладзімір Слабодчыкаў адразу адмовіўся ад манументальнага фармату, ад халоднага афіцыёзу. Ён распрацаваў жанравую кампазіцыю, якая вельмі арганічна ўпісваецца ў атмасферу двара і стварае ўражанне рэальнай прысутнасці мастака. Накінуўшы халат на адно плячо, Ваньковіч нібы толькі што выйшаў з майстэрні на падворак свайго дома, трымаючы ў руцэ пэндзаль і палітру. Паводле ідэі скульптара — развітацца. Бо гэта — апошнія дні жывапісца, праведзеныя ў Мінску. Складаная палітычная сітуацыя ў Паўночна-Заходнім краі, якая наступіла пасля падаўлення паўстання 1830-га года, і жаданне ўбачыць творы вялікага мастацтва змушаюць яго з’ехаць у Еўропу. Ён прыязджае ў Парыж, дзе неўзабаве памірае ва ўзросце 42 гадоў у доме свайго сябра Адама Міцкевіча.

«Ён выйшаў, каб развітацца, — паўтарае скульптар, — паехаў у Парыж, каб знайсці сябе як мастака». Рэха рамантычнай эпохі і рамантызм жывапісу Ваньковіча — усё гэта яркім вобразам застыла ў бронзе. У якасці невялікага пастамента быў выбраны натуральны камень, які не ўздымае постаць над гледачом, а толькі пазначае ўмоўную прастору. Рух адзення пад ўздзеяннем ці то ветру, ці то душэўных парыванняў, пачуццёвая рука і тонкі твар, што нібы ловіць свежы подых ракі, — скульптар вяртае нам Ваньковіча, які стаў яму блізкі і сваімі творчымі імкненнямі, і такой жа апантанай душой. Дыялог паміж мастакамі адбыўся і таму працягвае доўжыцца — з наведнікамі сядзібы.

«Раніца мастака» стварыла своеасаблівы арыенцір у архітэктурным абшары: бронзавага гаспадара дома відаць ужо з вуліцы, што ідзе ўздоўж сядзібнага двара, яго прысутнасць надае месцу адчуванне абжытасці і дух жывой гісторыі. Жанравая скульптура робіць відавочнай інтэлектуальную працу аўтара: ён зразумеў і ацаніў прастору, прапрацаваў яе, стварыў візуальную дамінанту і сканцэнтраваў сэнс у ёмістай форме. Пакінуў творчы пасыл, які выразна ўспрымаецца. Чаму яму давялося прайсці такі доўгі шлях?

P.S. Акрамя помніка каля Дома Ваньковічаў, Уладзімір Слабодчыкаў стварыў бюст жывапісца, які ўстаноўлены ў Беразіно на тэрыторыі мастацкай школы, і мемарыяльны знак на вуліцы Ваньковіча ў Мінску.

Алеся Белявец