Cінтэз агню і вольнага паветра

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

Пленэрныя эксперыменты на сталічнай выставе

/i/content/pi/mast/41/692/16.jpg

Алег Ткачоў. Сонца. Шамот, паліва, рэдукцыя. 2010.

Напрыканцы мінулага года ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася выстава керамікі «Кола агню». Каб асэнсаваць работы, прадстаўленыя ў гэтай экспазіцыі, неабходна згадаць, як і пры якіх умовах яны ствараліся.

Керамічныя вырабы, што паказваліся ў музеі, сталі вынікам восьмага Міжнароднага пленэру «Арт-жыжаль», які праходзіў летам пад Бабруйскам на беразе Чыгірынскага вадасховішча. У ім прынялі ўдзел 23 мастакі з Беларусі, Венесуэлы, Германіі, Расіі, Літвы, Малдовы, Украіны.

Дзея мела свой дэвіз: «Досвед майстэрства: традыцыі і сучаснасць». І сапраўды: творчая пераемнасць і пошук актуальнай формы — вось чыннікі, якія вызначылі сутнасць «Арт-жыжаля». Ён адбываўся — як і раней — у вольнай атмасферы майстар-класаў па абмене вопытам паміж сталымі керамістамі і моладдзю.

З’явілася і новая традыцыя, запачаткаваная пазалетась: удзельнікі пленэру адмыслова робяць творы для культурных устаноў горада Бабруйска. Гэтым разам афармлялася кавярня мясцовага Палаца мастацтва. Насценныя вазы, керамічныя пласты і асвятляльныя прыборы былі ўвасоблены паводле прадуманай канцэпцыі і агульных модуляў. Гэта паспрыяла таму, што, нягледзячы на індывідуальныя адрозненні ў формаўтварэнні і прыёмах дэкаравання, ва ўсіх працах назіралася стылёвае адзінства. Дарэчы, гэтыя керамічныя аб’екты пасля заканчэння пленэру экспанаваліся на выставе ў Бабруйску.

Але галоўны плён «Арт-жыжаля» ў тым, што мастакі атрымалі цудоўную магчымасць папоўніць сваю творчую скарбонку шэрагам эксперыментальных работ.

Для кожнага ўдзельніка пленэр пачынаецца даволі празаічна — з падрыхтоўкі шамотнай масы, фармоўкі, дэкаравання і сушкі вырабаў у цені, на сонцы і з ветрыкам. У першыя дні праводзіцца раскансервацыя печаў, іх рэканструкцыя і рамонт, падрыхтоўка месца да трох тыдняў жыцця на прыродзе і творчых эксперыментаў.

З кожным днём працоўны рытм паскараецца, а творчы працэс ускладняецца: фармоўка, дэкараванне, сушка, абпалы, глазіроўкі, загрузка-разгрузка печаў, дымленне, абвара, пераглазіроўкі, зноў абпалы, апрацоўка вырабаў нараніцу, колка дроў і... усё спачатку. Накопліваецца стомленасць, якой спрыяе і хранічнае недасыпанне. Днём спёка, вечарам — дым, сажа, пара, распаленыя вырабы, апілкі, пясок — усё гэта ўваходзіць у асартымент «забаў» прагавітых творцаў эксклюзіваў. Кіпяць жарсці вакол печаў. І яшчэ якія жарсці! Іх можна змякчыць толькі сяброўскімі стасункамі, начнымі купаннямі, лазняй і лёгкім фуршэтам. Нягледзячы на экстрэмальную гарачыню, навальніцу і нават нечаканы ўраган, адбываўся неперарыўны працэс нараджэння па-сапраўднаму ўнікальных вырабаў — розных па ступені складанасці, стылях, памерах і па ўзроўні аўтарскіх амбіцый.

Адным з апошніх дасягненняў пленэру стала засваенне тэхнік «абвары» і «раку» ў спалучэнні з ангобным пакрыццём — гэта дало новы дэкаратыўны эфект. Ідэю і тэхніку прывезла з Масквы Вольга Равінская, а найбольш плённым эксперыментатарам стала мінчанка Ганна Амбросава.

Як заўсёды, вынікі пленэрных шчыраванняў дэманстраваліся напрыканцы года на адмысловай выставе, гэтым разам — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Экспазіцыю склалі каля сямідзесяці твораў, большасць з іх — многапрадметныя. Шмат было і буйнафарматных вырабаў: мастакі паспяхова абыходзілі абмежаванні, што дыктуюцца памерамі печы. Асобныя дэталі складваліся ў цэласныя кампазіцыі, раз’ёмы хаваліся ці, наадварот, падкрэсліваліся. Усё залежала ад таго, якія задачы ставіў перад сабой мастак.

Напрыклад, Яўген Адзіночанка і Максім Калтыгін спалучаюць дэталі паміж сабой у адзіную і непадзельную лагічную структуру накшталт піраміды ці своеасаблівага «Лега». Анатоль Концуб стварае складаныя кампазіцыі з некалькіх асобных элементаў. Ірына Шчасная і Юрый Білей выраблялі выразныя дэкаратыўныя пласты. Генадзь Мерц з Венесуэлы прадставіў антрапаморфныя кампазіцыі на міфалагічныя тэмы, а Алег Ткачоў з Бабруйска — фантастычную машынерыю.

Удзельнікі з розных краін вызначылі шырокі дыяпазон творчых знаходак. Міжнародны пленэр па кераміцы — саюз розных паводле ўзросту, нацыянальнасці, тэмпераменту і характару асобаў. І ў гэтым — умова поспеху і выставы, і пленэру.

Чарговы — дзявяты — «Арт-жыжаль» адбудзецца ў Бабруйску летам 2011 года.

 Валерый Калтыгін