На хвалі мэнстрыму

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

Харэапластыка ў Віцебску

Найстарэйшы і самы стабільны танцавальны фестываль падобнага кшталту на постсавецкай прасторы, IFMC даў «пуцёўку ў жыццё» многім прызнаным майстрам расійскага contemporary dance. Сёлета прыспеў час і для беларускіх творцаў. Лепшыя з іх аказаліся ў авангардзе міжнароднага конкурсу і абышлі замежных калег па цэху. Яшчэ некалькі гадоў таму, калі нашыя харэографы нават не траплялі ў фінал, такі вынік уяўляўся немажлівым...

Маштаб, героі і тэмы для роздуму

/i/content/pi/mast/41/691/15.jpg

«Пра што мараць дзяўчаты». O.Z. Modern Dance Company. (Латвія).

Калі абстрагавацца ад мастацка-культурнага кантэксту, становіцца відавочным, што цуд IFMC і яго дасягненні — гэта, найперш, гераічныя намаганні Марыны Раманоўскай, стваральніка, нязменнага арганізатара, мастацкага кіраўніка фэсту, і яе «гарачай» каманды. Бо трэба быць самааддана ўлюбёным у справу, каб штогод рэалізоўваць такі маштабны праект — еўрапейскі па ўзроўні арганізацыі і пазбаўлены камерцыйнага прагматызму.

У гэтым плане ХХІІІ IFMC быў прадстаўнічы, як ніводны з мінулых фэстаў. Толькі ўявіце: 26 калектываў-удзельнікаў (з іх 6 беларускіх) з усіх канцоў СНД і далёкага замежжа, якія цягам двух конкурсных дзён паказалі 13 аднаактовых балетаў і 24 мініяцюры, 6 прэм’ер у межах гасцявых праграм. А яшчэ адбыліся майстар-класы, прэс-канферэнцыі і дыскусійныя абмеркаванні ўбачанага, фотавыставы, урачыстыя гала-канцэрты лаўрэатаў... Карацей кажучы, мора ўражанняў! Міжнародны статус фестывалю, інтэрнацыянальны склад журы (на чале з Валянцінам Елізар’евым) і экспертнай рады, куды ўвайшлі прадстаўнікі Расіі, Беларусі, Эстоніі, Літвы, Украіны, Польшчы, Германіі, Кітая.

Упершыню за сваю гісторыю IFMC перакінуў «мост» з Віцебска ў Мінск, з эксперыментальнай сцэны на сцэну акадэмічную — у Вялікі тэатр оперы і балета. Абраны дзеля гэтай «місіі» спектакль «Шчаўкунок» Раду Паклітару, паказаны трупай «Кіеў мадэрн-балет», выразна пераконваў у шырокім дзяржаўным прызнанні некалі афіцыйна-маргінальнага танцавальнага форуму.

Курс на разняволенасць

Арганізатары IFMC заўсёды імкнуцца адгукацца на актуаліі часу, не здраджваючы ўласным мастацкім прыярытэтам. Сёлета фестываль зноў пацвердзіў рэпутацыю харэаграфічнага форуму, дзе твор ацэньваецца ў сукупнасці кампанентаў — вобразнага і мастацка-канцэптуальнага рашэнняў, пастановачных прыёмаў і майстэрства выканальніцкай інтэрпрэтацыі, сінтэзу музыкі і харэаграфіі. Разам з тым, не абышлося і без новаўвядзенняў. Галоўныя з іх датычыліся крытэрыяў адбору і ацэнкі конкурсных работ. «Якасна ці няякасна — гэта ўжо не вельмі актуальна, бо танцаваць “на ўзроўні” навучыліся ўсе, — справядліва адзначыла Марына Раманоўская на прэс-канферэнцыі. — Больш плённымі сёння з’яўляюцца патрабаванні мнагаграннасці, разнапланавасці, шматжанравасці. Гэтым мы і кіраваліся пры стварэнні фестывальнай праграмы».

Абвешчаная інтэнцыя закранула не толькі конкурсныя паказы, але і «драматургію» гасцявых выступаў, якія пакінулі сапраўдную поліфанію ўражанняў. Найперш гэта датычыла праграмы, паказанай Раду Паклітару. Канцэрты іншых гасцей не мелі такога шырокага розгаласу. «Балет Яўгена Панфілава», фаварыт Віцебска, прэзентаваў работы, створаныя ў супрацоўніцтве з запрошанымі харэографамі. Адна з іх — спектакль Ларысы Аляксандравай «Адарванне», двойчы ганараваны «Залатой маскай», — не стала навіной, бо пад назвай «Casting off» была прадэманстравана яшчэ падчас IFMC-2008. Другая пастаноўка, танцспектакль «За краем край» вядомага лідара «эксцэнтрыкаў» Сяргея Смірнова, нягледзячы на прэм’ерны статус, нічога эксклюзіўнага да творчага аблічча пермскага тэатра і харэографа не дадала. Ідэнтычнасць вобразных прыёмаў з тымі, што былі выкарыстаны ў балетах Смірнова апошніх гадоў, стварала ўражанне механічнага пераносу колішніх знаходак на індывідуальнасць іншай трупы.

Серыйныя танцы

/i/content/pi/mast/41/691/15-.jpg

«Асэнсаванне». Дзяржаўны ансамбль танца Кітайскай народна-вызваленчай арміі.

Супярэчлівыя ўражанні пакінулі конкурсныя работы. Сярод іх былі неакласіка, фальклорныя пластычныя рэфлексіі, абстрактныя кампазіцыі, нават эксцэнтрычныя гэгі, як у выпадку са спектаклем «Пра што мараць дзяўчаты» латвійскай «O.Z. Modern Dance Company», дзе сціраліся межы паміж харэаграфіяй і цыркам.

На жаль, шырокі жанрава-стылёвы дыяпазон паказаных твораў не спрыяў іх вобразна-канцэптуальнай і эмацыянальнай шматпланавасці. У айчынным «новым танцы» сёлета склалася парадаксальная сітуацыя. Калі напачатку харэографам для рэалізацыі крэатыўных «ізмаў» не хапала падрыхтаваных танцоўшчыкаў, дык цяпер новы тэзаўрус засвоілі амаль усе, а ідэй у выніку спарадзілі небагата. «Пустата» выказвання, інфантылізм сэнсу, выкліканыя распаўсюджанай сярод сучасных харэографаў «сюжэтафобіяй», ці, наадварот, банальнасць думкі, што вычэрпвае сябе за імгненні, сталі агульным месцам большасці пастановак. Міжволі згадваецца знакаміты выраз Марыса Бежара, перафразуючы які, заўважу, што танец сёння ні пра што не распавядае, бо яму ўвогуле няма чаго сказаць.

У апошнія гады сучасны танец паступова пакідаюць значныя мастацкія абагульненні, філасофская напоўненасць, глыбіня зместу і, як вынік, — неардынарнасць пластычнага мыслення. Сёння ў айчынным contemporary dance назіраецца працэс «серыйнай вытворчасці». Дзякуючы засваенню замежных тэхнік і данс-стандартаў нашы харэографы далучыліся да агульнасусветнага мэйнстрыму — і на змену былому імкненню да незалежнасці прыйшла вытворчасць сімулякраў і імітацый, пазбаўленых аўтарскай аўтэнтычнасці.

Але, на шчасце, былі і выключэнні на гэтым фоне. Сярод нямногіх — Дзмітрый Залескі, адзін з лідараў танцтэатра «D.O.Z.SK.I.» (Мінск), адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі фэсту — I-й прэміяй за мініяцюру і спецпрэміяй імя Яўгена Панфілава. Апошняя, заўважу, уручаецца лепшаму харэографу, што цалкам заслужана. Дзмітрый ставіць няшмат, але ўзважана, дэманструючы ўласны мастацкі погляд і самабытнасць пластычнага «іншасвету». Уганараваны твор — эксцэнтрычны нумар «Нічога агульнага» — вынаходліва і дасціпна ўздымаў адну з галоўных праблем сучаснага постсавецкага танца — узаемаадносінаў «свайго» і «чужога». Пастаноўшчык прапанаваў два варыянты развіцця тэмы — еўрапейскі і славянскі. Сапраўды — нічога агульнага. І толькі мастацкае ўяўленне балетмайстра здольнае «прымірыць» дзве розныя стыхіі. Нагадаю, што гэта ўжо трэцяя перамога нацыянальных харэографаў у межах міжнароднага конкурсу. Былыя вучні ператварыліся ў майстроў, лепшыя з якіх могуць годна канкурыраваць у сусветнай танцавальнай прасторы.

Толькі некалькі сотых бала аддзялялі Дзмітрыя Залескага ад Гран-пры, які па традыцыі скіраваўся ў Кітай. Шараговая неакласіка, хай сабе і бліскуча выкананая салістамі ансамбля Народнай арміі, можа і спрыяла ўмацаванню беларуска-кітайскага сяброўства, аднак па канцэптуальнасці і нацыянальнай адметнасці значна саступала пастаноўкам мінулых гадоў і не трапляла ў фармат фестывалю.

Водгулле IFMC

ХХІІІ IFMC не толькі выявіў шэраг праблем, якія апрыёры суправаджаюць развіццё сучаснага танца, але і прадэманстраваў якасны зрух, што за апошні час адбыўся ў нацыянальным contemporary dance. Шматгадовая дзейнасць фэсту па папулярызацыі дасягненняў айчынных харэографаў і іх інтэграцыі ў сусветны культурны кантэкст нарэшце пачала прыносіць плён. Ды які! Удзел нашых гуртоў у гасцявой праграме «Маска плюс» XVI Усерасійскага тэатральнага фестывалю «Залатая маска», у Варшаўскім форуме еўрапейскіх танцтэатраў «Zawirowania», у Міжнародным танцавальным кірмашы «Tanzmesse» ў Дзюсельдорфе, сумесныя праекты з замежнымі харэографамі — вось няпоўны пералік падзей.

Ды і сталічнае харэаграфічнае жыццё, якое раней не радавала багаццем уражанняў, сёння пазбавілася прысмаку перыферыйнасці. Рэгулярныя канцэрты танцтэатраў «D.O.Z.SK.I.» і «Karakuli», прэм’еры пластычных спектакляў Яўгена Карняга, першы Мінскі форум па кантактнай імправізацыі, гастролі замежных труп, вечары сучаснай харэаграфіі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і Акадэміі мастацтваў... Усё гэта адбылося цягам аднаго толькі мінулага года — і шмат у чым дзякуючы Віцебскаму фестывалю.

 Святлана Уланоўская