Ігар Палівода. Між іроніяй і чуллівасцю

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Яго радкі і згадкі пра яго

/i/content/pi/mast/40/687/51.jpg
 
Жыццё Ігара Паліводы пранеслася імкліва, як камета.
Ён жыў «на разрыў», не шкадуючы сіл, быццам ведаў, што адмерана яму зусім няшмат. Не атрымаў ніякіх афіцыйных рэгалій і званняў, дый не імкнуўся іх атрымаць. Вялікі, шчодры талент Ігара Паліводы выявіўся ў яго цудоўнай музыцы і вершах, літаратурных эсэ, малюнках і дзённіках.
Яны і акрэсліваюць гэтую светлую постаць.

Памятаю яго — сціплага, усмешлівага, заўсёды стрыманага і надзвычай прыгожага. Памятаю яго ціхі голас і павольную гутарку з прыкметным заіканнем. Напэўна ж, як творца ён ведаў сабе цану. Ведалі і яго блізкія сябры-музыканты. Але толькі цяпер, з часавай адлегласці, калі прамінула ўжо амаль 15 гадоў з таго сумнага дня, калі Ігар пайшоў з жыцця, можна ацаніць сапраўдны маштаб яго асобы.

Такіх, як Ігар Палівода, звычайна называюць абранымі, не ад гэтага свету. І, напэўна, ягоная заўчасная смерць была нейкай адплатай за талент, чарговы раз пацвердзіўшы сумную заканамернасць: геніяльныя творцы доўга не затрымліваюцца на зямлі...

Ігар Палівода нарадзіўся 16 мая 1950 года ў башкірскім Сцерлітамаку, а праз некалькі месяцаў яго бацькі пераехалі ў Мінск. Ігар належаў да старадаўняга роду, з гісторыяй якога яго пазнаёміў дзядуля па бацьку, Пётр Іоўлевіч. У 1983 годзе дзед стварыў рукапісную кнігу ўспамінаў, дзе было намалявана генеалагічнае дрэва сям’і аж да 7-га калена! Прозвішча мае ўкраінскае паходжанне, але больш як 200 гадоў таму адзін з Паліводаў пусціў карані пад Клецкам (і дагэтуль там ёсць дзве вёскі — Яжавічы і Шэпічы, дзе жывуць цэлыя сем’і Паліводаў). Пад Клецкам нарадзіўся і сам Пётр Іоўлевіч. У 1909 годзе ён скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і ўсё жыццё займаўся выкладчыцкай працай. Быў бліскучым знаўцам паэзіі, ведаў на памяць мноства твораў Пушкіна і Лермантава. Ад яго ўнук пераняў не толькі захапленне літаратурай, але, як ён пазней пісаў, і «схільнасць да крэмзання паперы». А прыродная музыкальнасць перайшла яму ў спадчыну ад бацькі, выдатнага піяніста Ігара Пятровіча Паліводы.

Дыяпазон — ад Баха да «Шэранькага козліка»

/i/content/pi/mast/40/687/54.jpg
Славуты фартэпіянны дуэт — Васіль Раінчык і Ігар Палівода. 1985
У Ігара-малодшага вельмі рана выявілася схільнасць да музыкі, і ў 1957 годзе бацька адвёў сына ў музычную школу пры Беларускай кансерваторыі.

«Бацька абраў Рыгора Ільіча Шаршэўскага, якога справядліва лічыў лепшым з фартэпіянных педагогаў. Выбар быў мудры, але бацька, відаць, забыў папярэдзіць настаўніка, што яму давядзецца мець справу не з простым дзіцем, а з вундэркіндам, — узгадваў Ігар у адным з дзённікаў з уласцівай яму іроніяй. — Пазнаёміліся.

— Можа быць, ты што-небудзь сыграеш? — далікатна спытаў Рыгор Ільіч.

Абстрыжаны пад «нуль» вундэркінд нядбайна кіўнуў: можна.

— Ну, сыграй!

— Што?

— А что ты ўмееш?

Хлопчык паціснуў плячыма:

— У-УСЁ!

Рыгор Ільіч паверх акуляраў зірнуў на бацьку. Той, усміхаючыся, таксама паціснуў плячыма.

— Сыграй, што хочаш, — сказаў ён сыну.

Не раздумваючы, той выдаў сваё «кароннае» — «Неапалітанскую песню» Чайкоўскага ў до-мажоры. Усё было сыграна адным пальцам, што прымусіла спрактыкаванага педагога збянтэжыцца: усё-такі бацька сам прафесійны піяніст, мог бы і падказаць нашчадку, як іграць.

— Добра, — сказаў Рыгор Ільіч, ветліва даслухаўшы ГЭТА да канца. — Хутка мы будзем іграць тое ж па нотах.

Ён дастаў з кішэні грабянец і, хітра гледзячы на падыспытнага, рытмічна прастукаў па дрэве раяля.

— Можаш паўтарыць? — і працягнуў малому грабянец.

Хлопец здзіўлена паглядзеў на бацьку, але грабянец узяў і лёгка адстукаў неабходнае. Рыгор Ільіч зноў завалодаў грабянцом і прапанаваў новую фігуру — крыху больш складаную, — якую той без цяжкасцей паўтарыў, не разумеючы, навошта гэта патрэбна. Аднак пасля трэцяй «марзянкі» вундэркінд грабянец не ўзяў, хоць скапіраваць рытм мог без аніякіх праблем. Самалюбства яго было абражана. Пры чым тут грабянец? Што за здзек на самай справе! Горкі камячок крыўды сціснуў горла, і вочы сямігадовага «музыканта» напоўніліся слязамі.

— Усё, усё, усё! — замітусіўшыся, прамовіў Рыгор Ільіч тонам зубнога ўрача. — Больш не буду, больш не буду...

Смеючыся, бацька вывеў мяне адтуль за руку. На вуліцы пачаставаў марожаным і, зацягнуўшы ў ГУМ, у аддзеле цацак на першым паверсе купіў вялікі жалезны самазвал».

Ігар Палівода аказаўся здольным вучнем. Адвучыўшыся ў 11-годцы, ён без цяжкасцей паступіў на фартэпіяннае аддзяленне Беларускай кансерваторыі ў клас усё таго ж Рыгора Ільіча Шаршэўскага. У 1972-м, студэнтам 4-га курса, ён зрабіўся дыпламантам IV Усесаюзнага конкурсу піяністаў, што ладзіўся ў Мінску. Па выніках І-га тура пасля выканання санаты Гайдна Палівода займаў 1-е месца. Потым, на ІІ-м і ІІІ-м турах, ён саступіў. Але сябры згадваюць, што Ігар і не імкнуўся ў пераможцы. Ён успрымаў удзел у конкурсе як простую неабходнасць, таму і не рыхтаваўся сур’ёзна. «У Ігара гнуткія, моцныя, дакладныя пальцы — цудоўная якасць піяніста, — пісалася ў адной з рэцэнзій на яго конкурснае выступленне. — Ён іграе жвава, паўнакроўна, мае віртуозную тэхніку».

У кансерваторыі выявілася яшчэ адна рыса таленту Ігара Паліводы — дар імправізатара, здольнасць ствараць музычныя пародыі. У памяці многіх тагачасных студэнтаў засталіся знакамітыя кансерваторскія «капуснікі». «Цвіком» праграмы заўсёды быў фартэпіянны дуэт Ігара Паліводы і Васіля Раінчыка. Яны ігралі «музычныя кактэйлі» — папуры з вядомых песень уперамежку з класікай. Выступленні нязменна суправаджаў дружны рогат аўдыторыі.

Рэдкае пачуццё гумару Ігара яшчэ не аднойчы знойдзе сваё адлюстраванне ў яго музыцы. Чаго вартая, напрыклад, «Раймонда» — папуры на тэмы песень Райманда Паўлса, напісанае Паліводам для Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі і выкананае ў снежні 1985 года падчас навагодніх філарманічных канцэртаў! Пра гэта нагадвае і наступны фрагмент з дзённіка кампазітара.

«Сеpада. 8.I.1986 г. Адной з апошніх буйных прац у галіне напаўлёгкага жанру была «Раймонда». Яна заслугоўвае асаблівай увагі. Палатно было створана за шэсць дзён і тры ночы. Як у светлыя кансерваторскія часы, мы з Леанідам Гуціным, цяпер кампазітарам, акуратна расчарцілі партытурную паперу і, папляваўшы на далоні, пачалі запаўняць такты неймавернай мешанінай мелодый, вядомых у нашай краіне як творы Райманда Паўлса, уперамежку з папулярнымі тэмамі сусветнай класікі, са старой эстрадай, мелодыямі з аперэт і г.д. Атрымаўся ронда-санатны кампот з рэфрэнам Allegro Mafioso (песенька «Делу время» ці «Эй вы там, наверху»).

Пасля напісання твор быў неадкладна выкананы. Навагоднія канцэрты. Шаноўная публіка, якая запоўніла залу, апладзіруе стоячы і заходзіцца ў крыках «брава». Такога фурору даўно не бачыла наша канцэртная зала, у ёй асыпалася тынкоўка, і там цяпер прыйдзецца рабіць рамонт...

У тых жа канцэртах успомнілі з Раінчыкам маладосць, выканаўшы на двух раялях п’еску кансерваторскіх часоў — на тэму «У лесе нарадзілася ёлачка». Паставіліся да выступлення з колішняй сур’ёзнасцю, пачаўшы рэпетыцыі амаль за тры тыдні да выступленняў. Фартэпіянна-выканальніцкі бляск, які крыху пабляк з гадамі, кампенсаваўся высакаякаснай японска-амерыканска-заходненямецкай акустычнай апаратурай. Публіка прыняла нас горача, і нават не абышлося без кветак.

Увогуле праграма канцэртаў была зроблена хоць і хутка, але з вялікім энтузіязмам, асабліва праяўленым маэстра Ігарам Галаўчыным, які не толькі дырыжыраваў, але і вёў канцэрт, бахаў з пісталетаў і хлапушак, іграў на кастаньетах (па волі аўтараў «Раймонды») і нават стварыў аркестравае пералажэнне папулярнай песні Пола Макартні для фіналу праграмы.

Падобных канцэртаў Мінск не бачыў з тых часоў, калі трапілі ў вечнасць кансерваторскія капуснікі, а мы былі бязвусымі юнцамі. Тады здаралася і не такое...»

Фантазія «Раймонда» ў свой час была запісана на Беларускім радыё. І па сённяшні дзень гэты таленавіты твор упрыгожвае рэпертуар Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі і ледзь не штогод выконваецца на першакрасавіцкіх канцэртах пад назвай «Музыканты жартуюць». А сюіта для камернага ансамбля «Шэранькі козлік»! А харавая фуга «У попа была собака», якая, у поўнай адпаведнасці з законамі поліфаніі, уяўляе сабой бясконцы падвоены 4-галосны канон! Не памятаю, каб хтосьці з сучасных кампазітараў апошніх дзесяцігоддзяў так прафесійна ствараў падобныя высокамастацкія музычныя жарты. Хіба толькі Шастаковіч!

У «Песнярах»

У канцы 1970-х Ігар Палівода трапляе ў ансамбль «Песняры» ў якасці піяніста і аранжыроўшчыка. Пазней ён напіша ў дзённіку: «[у «Песнярах»] з 1979 па 1984 і з 1988 па 1989 год я, як вядома, служыў донарам»... Ансамбль знаходзіўся на піку папулярнасці, а праца ў ім была на выжыванне — бясконцыя рэпэтыцыі, гастролі, пераезды. Ігар аказаўся свайго роду летапісцам «Песняроў», рупліва адлюстроўваючы ў сваіх запісах падзеі гастрольнага і творчага жыцця калектыву.

«На працягу мінулага 1979 года ансамбль «Песняры» правёў 340 канцэртаў (плюс 3 «шэфскія» — у выніку 343) у 19 гарадах краіны. Гэта складае 686 гадзін, праведзеных на сцэне, — згадвае ён у сваіх нататках. — За гэты перыяд мы 5 разоў пабывалі ў сталіцы (Маскве. — В.Б.) і 13 разоў у Мінску».

У «Песнярах» у 1980 годзе Ігар упершыню паспрабаваў сябе на ніве кампазіцыі. Уладзімір Мулявін прапанаваў яму стварыць для ансамбля цыкл песень на словы Роберта Бёрнса.

«Ідэю пакласці на музыку вершы Роберта Бёрнса (1759 — 1796) не назавеш новай: яны быццам створаны для песенак, — пісаў Палівода ў дзённіку ад 5.02.1981. — Але Галава (Уладзімір Мулявін. — В.Б.) падкінула ідэю мне — у дачыненні да «Песняроў». Спярша ўсміхаўся, думаў — жартуе. Але Галаве цяпер не да жартаў, і я прызадумаўся. Прызадумаўся — паспрабаваў, патурбаваў тленны прах Роберта.

Не ведаю, ці такую музыку меў на ўвазе нябожчык, але сёння ў наяўнасці палатно з тузіна песень, якое павінна прабіць сабе дарогу ў новыя праграмы «Песняроў». Да супрацоўніцтва запрошаны рэжысёр і мастак.

Цяпер дзецішча тэрмінова «абкатваецца» ў складаных дарожна-кліматычных умовах. У якасці першага палігона абраны гарадскі Палац культуры горада Фрунзэ. Наша музыка ўсебакова выпрабоўваецца на кіргізах. Кіргізы пераносяць новыя песні з цярпеннем і мужнасцю джыгітаў».

— Атрымалася еўрапейская музыка, — успамінаў Уладзімір Мулявін (у інтэрв’ю для радыёфільма Беларускага радыё «Ігар Палівода. Відавочнае і патаемнае». 2000 год, аўтар — Вольга Брылон). — Калі я прынёс чарнавы варыянт запісу на фірму «Мелодыя», у мяне спыталі: «А тэксты вы “залітавалі”?..» Альбом гэты так і не выйшаў, хоць працавалі мы над ім з вялікім задавальненнем. Музыка Ігара падалася вельмі складанай, няшлягернай... Ён быў надзвычай здольны музыкант, чалавек з выключным гумарам і вялікім інтэлектам. Напрыклад, такі выпадак. Ідзе рэпэтыцыя... Ён іграе на клавішах, цалкам засяроджаны на нотах. Падыходжу бліжэй і бачу: замест нот на пюпітры ляжаць шахматныя задачкі. Ён іграў — і паралельна рашаў шахматныя задачкі, уяўляеце?! Але, думаю, Ігар мог адначасова з гэтым і яшчэ што-небудзь рабіць. І я ў яго нечаму вучыўся, і ён, вядома, шмат чаго ўзяў у ансамблі. З удзячнасцю яго ўспамінаю, нягледзячы на ўсе «закідоны», бо таленавіты чалавек не бывае без хібаў. А Палівода быў таленавіты ва ўсім, за што б ні браўся. Вельмі шкада, што так хутка пайшоў з жыцця. Ён толькі знайшоў сябе...

У рэцэнзіі на праграму па Бёрнсу, якую «Песняры» некалькі разоў паказалі на гастролях, Ігару быў праспяваны сапраўдны дыфірамб: «Палівода — гэта разынка ансамбля, — пісаў крытык, — імклівы, рэактыўны, зіхатлівы агеньчык».

Зробленае ім для «Песняроў» цяжка пераацаніць. Ён стаў часткай легенды. З імем Ігара звязаны лепшыя творчыя дасягненні ансамбля. Яго віртуозны піянізм зрабіўся вызначальнай рысай інструментальнага стылю «Песняроў». Як аранжыроўшчык Палівода ўвогуле рэвалюцыйна змяніў якасць вакальна-харавога гучання. Разам з Уладзімірам Мулявіным, Валерыем Дайнекам і Уладзімірам Ткачэнкам Ігар актыўна працаваў над каляндарна-абрадавай праграмай — адной з лепшых і самых удалых у рэпертуары «Песняроў». А на пачатку 1980-х, калі Мулявін паступова адышоў ад клопату аранжыроўшчыка, Ігар зрабіўся ў ансамблі вядучым майстрам гэтага жанру. Мастацкі кіраўнік даручаў яму самыя складаныя працы.

Ігару Паліводу належаць выдатныя аранжыроўкі мулявінскіх песень «Разлад», «Людка», «Ну как тут не смеяться», «Не гляди на меня» з праграмы паводле творчасці Янкі Купалы «Я не паэта» (другая назва — «Я нясу вам дар». Як ні дзіўна, некалькі песень з гэтай праграмы былі створаны менавіта на рускай мове, у перакладзе з арыгінала Купалы). У гэтай жа праграме ў яго інструментоўцы ўпершыню загучала знакамітая «Марыся». Дзякуючы майстэрскай паліводаўскай агранцы з песні атрымаўся сапраўдны вакальна-інструментальны шэдэўр. Ігар стылізаваў «Марысю» як старадаўнюю баладу: увёў струнны квартэт (партыю 1-й скрыпкі іграў Барыс Бернштэйн, 2-й — Уладзімір Ткачэнка, альта — Валерый Дайнека, голас віяланчэлі імітаваў на сінтэзатары Аркадзь Эскін). Акрамя таго, аранжыроўшчык дадаў стрынг (тэмбр на сінтэзатары, які імітуе гучанне струннай групы; на сінтэзатары іграў сам Палівода) і акустычную гітару (Уладзімір Мулявін). Празрысты акампанемент струнных, вытрыманы ў традыцыях старадаўняй музыкі з яе характэрнымі меладычнымі і гарманічнымі зваротамі, атрымаў самастойную драматургію і надаў песні непераймальнае гучанне. І па сёння «Марыся» застаецца адной з самых каштоўных перлінаў у творчай спадчыне «Песняроў».

Разам з Уладзімірам Ткачэнкам і Барысам Бернштэйнам Палівода аранжыраваў праграму Мулявіна «Праз усю вайну» (1984). Вядома, што Уладзімір Георгіевіч не пісаў падрабязных клавіраў, тым больш партытур. Ён заўсёды з’яўляўся генератарам ідэй, але часцей за ўсё прапаноўваў для працы эскізныя запісы, аднагалосныя мелодыі, якія належыла давесці да ладу. Калі ён перастаў займацца гэтым сам, аранжыраваннем заняліся яго малодшыя калегі. Дзякуючы таленту Паліводы «па-пясняроўску» загучалі-заззялі знакамітыя мулявінскія кампазіцыі з цыкла «Праз усю вайну» — «Вальс», «Вяртанне», «Тальяначка», «Апошнія залпы», а таксама магутны фінал праграмы. Ігар надаў кампазіцыям непаўторнае аркестравае і харавое гучанне, адшукаў у іх адмысловыя гарманічныя фарбы, узбагаціў цікавымі драматургічнымі знаходкамі.

Вышэйшым дасягненнем Ігара як аранжыроўшчыка, на маю думку, зрабілася песня Ігара Лучанка «Зачарованая». Палівода прачытаў яе па-свойму, цалкам перарабіў канцэпцыю, і, стылізаваўшы як басанову, прыстасаваў яе да песняроўскага гучання так, што песня стала «фірмовай» разынкай рэпертуару ансамбля і дагэтуль лічыцца адным з самых знакамітых класічных хітоў «Песняроў».

Дзякуючы Паліводу ансамбль набыў новае гучанне, новы выканальніцкі стыль — больш віртуозны, акадэмічны, набліжаны да сусветных стандартаў.

Летапісец

Ігар быў ініцыятарам выдання ўнутрыпесняроўскай газеты «Ведамасць»:

«Пятніца. 22.2.1980. Данецк. У Валачыску [...] падчас начной гарбаты нарадзілася нечаканая ідэя стварэння ўнутры Арганізма (так Ігар жартоўна называе ансамбль «Песняры». — В.Б.) свайго друкаванага органа. Ідэя была смелай і належала яна, вядома ж, мне — каму ж яшчэ можа прыйсці ў галаву такое? Дзіўна, але адразу дажджом пасыпаліся матэрыялы. Чатыры купэ, якія мы займалі ў цягніку (а ехалі ў Данецк амаль суткі), нагадвалі добра адладжаны прэс-цэнтр. Так я стаў рэдактарам. І вось ён ляжыць перада мною, свежы нумар газеты «Ведамасць» №1 — унутраны орган СМУРа (Суполкі музычных рамеснікаў).

Серада. 5.3.1980. Данецк. Заўтра ад’язджаем у Мінск, а 10-га ўвечары на вакзале ўжо будзе чакаць слаўны «блакітны вагон», які павязе нас вядома куды — у Маскву, у «Расію».

Тут, у Данецку, як ужо адзначалася, выйшаў першы нумар газеты «Ведамасць». Спачатку ён быў рукапісным. Убачыўшы яго, члены СМУРа прыйшлі ў такое захапленне, што неадкладна прынялі рашэнне набыць перасоўную друкарню — партатыўную пішучую машынку. Сказана — зроблена. І вось учора ўбачыла свет «Ведамасць» №2 (10 друкаваных старонак), над якой рэдакцыя (у асобе рэдактара) працавала чатыры ночы. Перад гэтым столькі ж часу пайшло на перадрукоўванне №1».

Выйшла некалькі нумароў газеты «Ведамасць». Пісалі туды ўсе «песняры», але шэф-рэдактар, вядома ж, больш за іншых. Ён прыдумваў жартоўным опусам рубрыкі. Друкаваў газету Ігар віртуозна! Гэта быў своеасаблівы «каліграфічны машынапіс» — без адзінай памылкі і памаркі, калонка — з двухбаковымі палямі. Ігара заўсёды захапляў працэс друкавання і пераплёту. Гэта было ягонае хобі. Усе дзённікі (з 1980-га па 1995 год), якія з’яўляюцца неад’емнай часткай яго творчай спадчыны, гэтаксама, як кнігі вершаў і прозы, у тым ліку фантастычны раман у 3-х тамах (!), — надрукаваны і пераплецены ім уласнымі рукамі, як тлумачыў ён сам — «саматужным спосабам, са стосікаў пісчай паперы і набораў “Юны пераплётчык”».

Палівода вырабляў для сябе нават запісныя кніжкі. На форзацы кожнага беражліва пераплеценага яго рукамі нататніка — асабісты экслібрыс. У дадатак Ігар быў выдатным малявальшчыкам-карыкатурыстам. «Калі я быў у чацвёртым ці пятым класе, мне ў рукі трапіў альбом малюнкаў Хэрлуфа Бідструпа, які стаў маёй настольнай кнігай, — узгадвае ён на старонках сваіх дзённікаў. — Асабліва падабаўся малюнак, дзе быў пададзены буйным планам твар чалавека, які смяяўся. Гэты малюнак я разглядваў падоўгу і неўзабаве сам пачаў маляваць штосьці падобнае».

Зноў студэнт

Ужо ў сталым веку Ігар Палівода вырашыў набыць кампазітарскую прафесію.

«Пн. 25. 4.1983. Гродна. Пасля некалькіх удалых мелодый у песнях па Роберту Бёрнсу і дзвюх-трох добрых знаходак у аранжыроўках і апрацоўках для «Песняроў» адчуваю ў сабе патрэбу ў музычным пісьменніцтве. Больш за ўсё цягне да песень. Няважна, гучаць мае практыкаванні з эстрады ці па радыё, бо пакуль гэта толькі прыгожанькія мелодыі, не больш за тое. І вось задумаў я нядобрае... Як кажуць, «пусть меня научат». Дзіка, вядома, але паспрабаваць трэба — паглядзець, які з мяне будзе кампазітар».

Ён паступіў у клас кампазіцыі Дзмітрыя Смольскага. Вынікам вучобы сталі буйныя творы акадэмічных жанраў — Саната для фартэпіяна (1985), Музыка для струнных і фартэпіяна (1986), Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (1987) і кантата «Слова» на вершы рускіх і савецкіх паэтаў (1988). Усё, што напісаў Ігар Палівода ў акадэмічных жанрах за гады вучобы на кампазітарскім аддзяленні і пазней, таксама было адзначана пячаткай яго шчодрага таленту.

— Ігар трапіў да мяне ў клас сталым музыкантам, — успамінае Дзмітрый Смольскі. — Мне было цікава з ім працаваць. Палівода — музыкант велізарнай творчай патэнцыі, таленавітая і адначасова трагічная асоба... У яго было ўсё, каб стаць вялікім музыкантам, каб заняць месца, вартае свайго таленту.

У аркестры Міхаіла Фінберга

З 1989 года ў жыцці Ігара Паліводы пачаўся новы этап. Ён быў запрошаны ў Дзяржаўны канцэртны аркестр на чале з Міхаілам Фінбергам. Плёнам працы зрабіліся песенныя цыклы — «Максім» паводле Максіма Багдановіча (1992), «Беларушчына» паводле Янкі Купалы (1993) і «Матчын спеў» паводле Аркадзя Куляшова (1994). Дзвюма апошнімі праграмамі адкрываліся І і ІІ Фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Песенны цыкл на народныя словы «Нёман», напісаны ў 1995-м, аказаўся лебядзінай песняй Ігара. Яго не паспелі выканаць пры жыцці кампазітара. Прэм’ера цыкла прагучала летась 14 мая на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі, прысвечаным 60-годдзю Ігара Паліводы (выканаўцы — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча, салісты — Надзея Мікуліч, Якаў Навуменка, Зміцер Вайцюшкевіч, Марына Васілеўская, Аляксандра і Канстанцін. Дырыжор — Аляксандр Крамко).

Самай значнай не толькі ў творчасці Паліводы, але і ў гісторыі беларускай эстраднай песні канца ХХ стагоддзя аказалася поп-опера «Максім» на словы Багдановіча. Яе прэм’ера адбылася 15 лютага 1992 года ў Белдзяржфілармоніі і стала грандыёзнай падзеяй культурнага і грамадскага жыцця краіны. Мне пашчасціла быць сведкай трыумфу гэтага твора. Добра памятаю перапоўненую залу і той нечуваны ўздым, з якім публіка ўспрымала кожную мелодыю. Ігар падрабязна і, як заўсёды, з непераймальным гумарам апісаў падзеі таго дня.

«Аўторак. 18.2.1992. Прэм’ера — з усімі яе наступствамі — такі адбылася. Паціху ачуньваю.

Філармонія. Дзень. Чорна-белая сцэна. Фінберг. Напаўпрыцемненая зала. Пачварны мікшарскі пульт. Нейкія сілуэты вакол. Дзіўныя гукі, урыўкі музычных фраз. Вялізная жанчына ў эксцэнтрычным адзенні і малінавай чалме. Гэта <...> музычны каментатар з тэлебачання. Размаўляе з Фінбергам. Размова хутка трансфармуецца ў дыскусію, дыскусія — у спрэчку, і заканчваецца ўсё скандалам. Маэстра катэгарычна супраць вечаровых тэлевізійных здымак. (Мае рацыю.) Мяркуючы па ўсім, суразмоўца не разумее, пра што ідзе гаворка.

...Далей — зноў філармонія. Перапоўненая зала. Пульт. Змрок. Аркестр і дырыжор на сцэне. Першая фанаграма. Пранікнёны голас Бандарэнкі. Побач за пультам — Макс (гукарэжысёр Максім Вілюга. — В.Б.). Шукаюць, адкуль такі гучны брыдкі фон. Знаходзяць. Выключаюць фон, а заадно і бас-гітару. У гэты час па чарзе выходзяць сінгеры абодвух палоў. Ім з трэскам падыгрывае бас-гітара, эпізадычна з’яўляюцца і знікаюць іншыя інструменты. Медная група цярпліва чакае свайго часу. Затое струнныя ўтвараюць непраходны гукавы буралом. Усе стараюцца. Дырыжор таксама, нягледзячы на стомленасць. Усё часцей паварочваецца тварам да салістаў (заадно і да публікі)...

Тэлекамер і сапраўды не відаць. У зале толькі публіка і пульт. У маленькіх паўзах паміж песнямі (нумарамі поп-оперы) публіка рэагуе надзіва бурна. Гучанне нядобрае. Але непахісны наш люд, які прызвычаіўся да самых разнастайных здзекаў над сабой, пераносіць дэцыбелавую атаку амаль без млоснасці. Нават пляскае ў далоні і часам крычыць «брава!» Скорыкаў з лірай у руках праходзіць на ўра. З баянам — таксама. Атмасфера робіцца ўсё больш эмацыйнай і вырастае ў апафеоз — шматгалосую «Пагоню» з пампезнай кодай. Авацыя, паклоны, кветкі, віншаванні, буфет.

У маленькім дырыжорскім пакоі, куды набіваецца шмат набліжаных, мастацкі кіраўнік філармоніі гаворыць вялікую прамову. Яго ніхто не слухае. Усіх займаюць шампанскае, каньяк, гарэлка і бутэрброды. Маэстра сядзіць у цёмным куце, паглыблены ў сябе, і павольна разгойдваецца...»

У поп-оперы «Максім» у выкананні Алены Саўленайтэ ўпершыню загучала песня «Па-над белым пухам вішняў». Нават калі б Ігар напісаў толькі яе адну, яго ўжо можна было б залічыць у класікі песеннага жанру. Але хіба не класіка ягоная «Талака»? Хіба не класіка песня «Маладзечна» на словы ўсё таго ж Леаніда Пранчака, якая стала гімнам гэтага горада?

— Ігар не разумеў і не прымаў кан’юнктуры, — узгадвае паэт Леанід Пранчак. — Ён быў носьбітам «чыстага мастацтва». А гэта, згадзіцеся, вялікая рэдкасць! Я сумую без яго і заўсёды буду захапляцца тым, што ён зрабіў у беларускай песні.

На пачатку 1990-х у якасці клавішніка і аранжыроўшчыка Палівода шмат часу аддаваў працы ў джазавым гурце «Пяты вугал» пад кіраўніцтвам Ігара Сафонава. Назву групе — паводле ўласнай аднайменнай п’есы — прыдумаў менавіта Палівода. У складзе «Пятага вугла» ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х ён удзельнічаў ва Усесаюзных джазавых фестывалях, якія ладзіліся ў Віцебску, стварыў для групы мноства джазавых аранжыровак і песень.

Увогуле Паліводавы «зонгі», як ён сам жартоўна іх называў, — гэта музыка высокага кшталту, сімфанічная па духу. Ці не таму на конкурсах маладых выканаўцаў беларускія ўдзельнікі з зайздросным пастаянствам абіраюць менавіта кампазіцыі Паліводы? Бо ў іх адмысловых напевах — тая цнатлівая прыгажосць, што ідзе ад самых глыбінь беларускіх народных песень, якія Ігар адчуваў на генным узроўні. У яго няма прамых цытат, але інтанацыямі беларускага народнага меласу нібыта дыхаюць старонкі яго партытур і клавіраў.

«Вечны агонь»

Музыкант прадчуваў уласную смерць, нават прадказаў яе на старонках сваіх дзённікаў. Ён працаваў днём і ноччу, без адпачынку. Часу на сябе заўжды не ставала. Ігар Палівода памёр 28 лютага 1996 года ад сардэчнага прыступу. Яму ішоў толькі сорак шосты год...

Чым глыбей спасцігаеш яго творчую спадчыну, тым лепш асэнсоўваеш значнасць яго асобы. І тым больш адчуваеш горыч страты. Яму і сапраўды было дадзена бачыць і чуць тое, чаго не бачылі і не адчувалі іншыя.

Ён настойліва шукаў ісціну. І прыйшоў да Бога. Гэта быў адзін з самых значных крокаў у яго жыцці. За тры дні да смерці паспавядаўся і прычасціўся, быў прасветлены і шчаслівы...

У вершы, які прысвяціла яму малодшая сястра Вольга, ёсць вобраз агеньчыка свечкі. Ён сплятаецца не толькі з вобразам сінякрылага агеньчыка-матылька з самай лепшай песні Ігара, але і з мянушкай «Вечны агонь», якую жартоўна далі яму сябры — ён бясконца паліў. Але сёння гэтае словазлучэнне ўспрымаецца інакш. Вечны агонь ён запаліў у сэрцах тых, хто сёння атрымлівае асалоду ад яго сачыненняў. Гэта і памяць пра Ігара Паліводу, і сімвал нязгаслай сілы ягонай творчасці, і вобраз вечнай любові да роднай зямлі і людзей, што жывуць на ёй.

Вольга БРЫЛОН