Сфера камунікацыі

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Канцэпцыя ўкраінскага арт-цэнтра

/i/content/pi/mast/40/686/49.jpg

Экспазіцыя Нікаласа Глоба (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка) на выставе намінантаў
на атрыманне прэміі Future Generation Art Prize. 2010.

PinchukArtCentre — адметнае месца прыцягнення для ўсіх, хто прыязджае ў Кіеў. Гэта цэнтр сучаснага мастацтва, які існуе на прыватныя сродкі вядомага ўкраінскага мецэната Віктара Пінчука. І не проста існуе: тут паказваюць творы сусветнага ўзроўню, грунтоўна прадумваюць стратэгію, тактыку і інфраструктуру. У чым прыцягальнасць сучаснага мастацтва? Як трэба працаваць, каб ва ўмовах канкурэнцыі шматлікіх культурных акцый кожная выстава станавілася падзеяй? Пра гэта мы гутарым з PR-дырэктарам цэнтра Дзянісам Казванам.

Мультыкультурныя масты

На сайце арт-цэнтра сцвярджаецца, што ваша місія — прадстаўленне вядучых мастакоў, якія ўсведамляюць складанасці сённяшняга свету і ўвасабляюць іх у новых формах. Чаму так пафасна? Што вы маеце на ўвазе?

— Адзін з кірункаў дзейнасці цэнтра — падтрымка сучаснай культуры, бо працэсы, што ў ёй адбываюцца, у найвялікшай ступені спрыяюць узаемнай інтэграцыі. Усе даследаванні паказваюць, што менавіта культура — музыка, кнігі, візуальныя мастацтвы — ідзе ў авангардзе працэсаў глабалізацыі.

Пры стварэнні PinchukArtCentre ключавым напрамкам выбрана прэзентацыя выбітных мастакоў сучаснасці. Наша партфоліа выстаў сведчыць само за сябе. Мы прывезлі ва Украіну брытанскіх творцаў Дэміена Хёрста, Аніша Капура, нямецкага фатографа Андрэаса Гурскі. Для большасці з 46 мільёнаў нашых суайчыннікаў складана патрапіць на выхадныя ў Луўр, таму мы вырашылі паказваць выставы, супастаўныя з тымі, што дэманструюцца ва ўсім свеце, то-бок — лепшы сусветны мастацкі досвед. Аднак мы прадстаўляем не заўсёды толькі вядомых, часам — і маргінальных маладых творцаў. Акрамя таго, адзін з нашых трэндаў у апошнія два гады — сусветныя прэм’еры, тое, што яшчэ нідзе не выстаўлялася.

Іншы кірунак — прэзентацыя ўкраінскіх мастакоў (Сяргея Браткова, Васіля Цаголава, Ільі Чычкана, Барыса Міхайлава) за мяжой, што мусіць паспрыяць іх упісванню ў еўрапейскі кантэкст.

Па просьбе Міністэрства культуры PinchukArtCentre прадстаўляў Украіну на 52-ім і 53-ім Венецыянскіх біенале. Да гэтага ў Венецыі гадоў з пяць таму быў арганізаваны альтэрнатыўны ўкраінскі павільён — паказ часткі нашай калекцыі. А потым адбыўся першы афіцыйны праект, ён меў назву «Паэма пра ўнутранае мора» (парафраз украінскага кінарэжысёра Аляксандра Даўжэнкі). Чатыры нашыя і чатыры заходнія творцы ўвасобілі свой погляд на Украіну: знутры і звонку. Тады такі незвычайны падыход выклікаў рэзананс: было незразумела, чаму замежныя мастакі паказваюць Украіну. Аднак ужо летась англічанін ацэньваў Германію, а сёння гэты досвед стаў новай практыкай узаемадзеяння.

Летась на Венецыянскім біенале мы прэзентавалі тандэм двух мастакоў — украінца Ільі Чычкана і японца Міхара Ясухіра. Праект зваўся «Стэпы летуценнікаў». У канцэпцыі была скарыстана легенда пра Марка Пола: калі ён падарожнічаў на Усход, дык нібыта праходзіў і праз паўднёвыя ўкраінскія стэпы. Нарадзілася ідэя з’яднаць тры прасторы: Італію (Венецыю), Украіну і Японію, дзе вандроўнік завяршыў свой шлях. Мы ўзнавілі міфічнае падарожжа, якое ён здзейсніў: на першым паверсе прыгожага старадаўняга палаца дожаў быў насыпаны пясок, на другім дзіўная дзяўчынка, якая нагадвала прывід, каталася на роліках, узнікалі светлавыя эфекты — як рэакцыя на перасоўванне людзей...

Мы пастаянна імкнемся ўзводзіць мультыкультурныя масты, каб злучыць Украіну са светам. У 2007 годзе нямецкі творца Юрген Тэлер, які ўваходзіць у пяцёрку найлепшых фатографаў, прадставіў выставу пра Украіну ў Нью-Ёрку.

PinchukArtCentre рэгулярна арганізуе «круглыя сталы», семінары, майстар-класы з заходнімі мастакамі, галерыстамі і куратарамі. Калі Джэф Кунс і Васіль Цаголаў, Арсен Савадаў і Ілья Чычкан абмяркоўвалі ролю мастака ў XXI стагоддзі, было відавочна, што сутыкнуліся два зусім розныя светы.

Кожны няцотны год мы праводзім Нацыянальны конкурс і ўручаем Нацыянальную прэмію, кожны цотны — міжнародны Future Generation Art Prise, дзе таксама могуць удзельнічаць і ўкраінцы. У 2010 годзе конкурс, якому мы далі старт у Нью-Ёрку, сабраў больш за шэсць тысяч заявак з усяго свету. Экспертнае журы адабрала дваццаць фіналістаў плюс яшчэ аднаго — лаўрэата ўкраінскай прэміі. Прыкладна палова ўдзельнікаў з Еўропы, астатнія размеркаваліся паміж Афрыкай, Лацінскай Амерыкай, Блізкім Усходам і Японіяй. У выніку паўстае актуальны зрэз мастацтва: творцам у асноўным ад 28 да 32 гадоў, але яны ўжо сфармаваліся і сталі вядомымі. Мы падрыхтавалі выставу фіналістаў, а журы будзе абіраць аднаго пераможцу, які атрымае 100 000 долараў. З гэтай сумы 60 000 — наяўныя грошы, а 40 000 — у выглядзе гранта для новых работ. Гэта прэмія была арганізавана адмыслова для таго, каб шукаць і прасоўваць маладых мастакоў.

Паводле версіі часопіса «Таймс», Віктар Пінчук увайшоў у спіс ста самых уплывовых людзей свету...

— Хоць Віктар Міхайлавіч і не паставіўся да публікацыі сур’ёзна, важна, што адбылося сусветнае прызнанне важкасці яго філантрапічнай дзейнасці. Упершыню ў рэйтынг патрапіў не дзяржаўны дзеяч, а прыватная асоба.

Паняцце «ўплывовасць» уключае працу з інтэлектуальным мастацтвам?

— Так, мастацтва — складовая частка ўплыву, гэта найболей медыйны кірунак, які захоплівае і моладзь.

Калі прааналізаваць праекты Пінчука, відаць, што яны разлічаны на вельмі розныя аўдыторыі: гэта неанатальныя цэнтры для маленькіх дзяцей па ўсёй Украіне, стыпендыяльная праграма (для 300 студэнтаў на працягу 4 гадоў, у дадатак — дапамога экспертам, аспірантам: у правядзенні семінараў, навучанні за мяжой). PinchukArtCentre —
адзін з вектараў, і ён вельмі важны. Але сіла фонду — у сукупнасці ўсіх кірункаў. Агульныя задачы — інвестыцыі ў чалавека, у грамадства, у свет.

Уласныя праграмы за ўласныя сродкі

PinchukArtCentre быў створаны чатыры гады таму. Як сталася, што Віктар Пінчук
адкрыў для сябе сучаснае мастацтва, а ўкраінскае грамадства аказалася гатовым да яго ўспрымання?

— Віктар займаўся дабрачыннасцю досыць даўно, з тых часоў, калі жыў у Днепрапятроўску. А ў 1994-м, яшчэ да ўзнікнення нашай палітычнай турбулентнасці, сышоў з парламента, вырашыўшы засяродзіцца на бізнесе і філантропіі.

Прыватная дабрачыннасць цікавая тым, што чалавек мае магчымасць выкарыстоўваць сваё бачанне, свае рэсурсы і свой драйв для рэалізацыі важных сацыяльных праектаў. І тады быў створаны «Фонд Віктара Пінчука», які кансалідаваў усе асобныя кірункі пад агульным брэндам.

І што было потым? Як вы развіваліся?

— Цяпер у нас трэці этап эвалюцыі. Першым быў запуск, калі ў нас працавалі ўкраінскі выканаўчы дырэктар, заслужаны дырыжор Дзмітрый Гарыевіч Логвін, і заходнія кансультанты. Потым з’явіўся новы прэзідэнт — Пітэр Дарашэнка (амерыканскі куратар). Пры ім распрацоўвалася доўгатэрміновая стратэгія з сярэднетэрміновымі планамі. Два гады таму да нас прыйшоў новы генеральны дырэктар, унікальны чалавек Экхард Шнайдэр. Ён уваходзіць у дзясятку сусветных топ-менеджараў у сферы мастацтва.

Наша стратэгія вызначае, у якім кірунку мы рухаемся, што мы робім і навошта. У яе рамках плануецца выставачная дзейнасць — на паўтара-тры гады наперад. Мы вылучаем тры лагічныя блокі. Першы (зіма/вясна) — два топавыя мастакі, адзін з іх з нашага рэгіёна. Наступны блок (канец вясны/пачатак восені) — самы вялікі праект: адна магутная групавая выстава ці буйная рэтраспектыва, напрыклад, Дэміена Хёрста. Трэці блок — выстава фіналістаў нашых конкурсаў.

Акрамя гэтага, PinchukArtCentre цягам трох-чатырох тыдняў можа арганізоўваць невялікія экспазіцыі маладых мастакоў.

У снежні мы анансуем нашы планы, і ўся група працуе над гэтымі праектамі. Планаванне і арганізацыя выставы — надзвычай складаны працэс, ён займае ад трох-чатырох месяцаў да аднаго года.

Сёння ў цэнтрах сучаснага мастацтва на першае месца выходзіць экспазіцыйны дызайн. Як вы працуеце са сваёй прасторай?

— Камунікацыі адбываюцца на ўзроўні нашай куратарскай групы, якая выдатна разумее, што сабой уяўляе гэтая прастора. Яна складаная, таму што PinchukArtCentre размяшчаецца ў будынку XIX стагоддзя.

Куратарская група стасункуецца з мастаком, у якога ёсць уласнае разуменне таго, як павінна прэзентавацца яго праца, і з галерэяй, што прадстаўляе нейкага аўтара і мае сваё меркаванне і досвед. Але ўсё падпарадкоўваецца куратарскай задуме.

Апошняя выстава «Сексуальнасць і трансцэндэнтнасць» складалася з дзевятнаццаці монапрастораў, свайго роду міні-экспазіцый, не злучаных паміж сабой нічым, акрамя генеральнай канцэпцыі. Зразумела, што для гэтага патрабавалася вельмі выразнае стратэгічнае бачанне. Звычайна куратарам выступае Экхард Шнайдэр. У яго ў кабінеце ёсць макет усіх нашых пяці паверхаў, на якім плануецца размяшчэнне прац розных выстаў. Так адбываецца заўсёды.

/i/content/pi/mast/40/686/49-.jpg

Сяргей Браткоў (Украіна). Баклаеўскі кураж.
2009.

Энергетыка сучаснасці

Якую выставу вы лічыце найбольш удалай?

— Варта нам вылучыць «самую ўдалую», як з’яўляецца новая і здаецца, што яна яшчэ цікавей. Таму кожную трэба ацэньваць якасна, колькасна, сувымяраючы з тым перыядам часу, калі яна праходзіць.

Выпадковых выстаў не было, але ёсць фаварыты. Самая гучная падзея — «Reflections», адзіная экспазіцыя, якая была падоўжана: замест трох месяцаў выстава працавала пяць. Увесь час стаяла чарга, і «Reflections» убачылі 150 тысяч чалавек.

Мегарэзананс выклікала выстава Хёрста — і ў нас, і ва ўсім свеце.

Публіку прыцягваюць выставы маладых мастакоў. Напрыклад, «Generations. UsA», якая прадстаўляла 10 амерыканцаў і 10 украінцаў. Цікавасць моладзі адразу вырастае на парадак. Адна справа — «зоркі», але калі выстаўляюць таго, хто жыве ў тым жа горадзе, той жа краіне, што і ты, і вы ў агульным кантэксце, — гэта вельмі многа значыць.

Нашмат горш украінцы рэагуюць на відэа-арт, асабліва на ранні і канцэптуальны — 70-х гадоў.

Вельмі добра, эмацыйна ўспрымаецца фатаграфія: самай пранізлівай была выстава з калекцыі Элтана Джона, якую ён сабраў адмыслова для нас. Фатаграфія звяртаецца непасрэдна да чалавека, і яна не выклікае гэткіх спрэчак, як той жа Хёрст ці экспазіцыі накшталт «Сексуальнасці і трансцэндэнтнасці». Апошні праект аказаўся занадта канцэптуальным для нашай публікі.

Ці азначае гэта, што актуальнае мастацтва — закрыты свет, які існуе сам для сябе?

— Гэта свет вельмі складаны і невымяральны катэгорыямі «падабаецца/не падабаецца». Гэты кангламерат як капуста: для таго каб зразумець, ты павінен здымаць пласт за пластом, у адпаведнасці са сваімі досведам і адукацыяй.

Таму PinchukArtCentre такі папулярны. Моладзь прыязджае з ускраін Кіева, з розных рэгіёнаў Украіны — часта і без спецыяльнай адукацыі, і без адпаведнага досведу, але падпарадкоўваючыся прыцягненню энергетыкі сучаснага мастацтва. Інтэлектуалы знаходзяць сваё — іх захапляюць больш глыбокія пласты.

Віктар Пінчук неаднаразова падкрэсліваў, што мастацтва — інтэгратар грамадства, які прымушае нас выпрацоўваць адзіны культурны код. Таму што нацыянальная ідэнтыфікацыя на постсавецкіх прасторах страчваецца, а аб’яднаць людзей (як і інтэграваць украінскае грамадства ў свет) сродкамі мастацтва — рэальна.

PinchukArtCentre не зацыкліваецца на чымсьці адным. Разнастайнасць не дазваляе людзям стаміцца ад манатоннасці. Той жа Хёрст, калі прыехаў сюды, сказаў, што страшэнна здзіўлены тым, як украінцы ўсё ўбіраюць у сябе: у нас проста жахлівы інфармацыйны голад у параўнанні з заходнім светам, з іх снабізмам, калі ўсе перакормлены мастацтвам. Таму ён вырашыў прадставіць сваю новую жывапісную калекцыю менавіта ў нас. Цяпер мы разумеем гэту тактыку: брытанскія крытыкі не любяць яго за непадобнасць, за поспех...

Неаспрэчны факт, што PinchukArtCentre рэгулярна становіцца цэнтрам прыцягнення ў свеце мастацтва, — як і Парыж, Лондан, Токіа.

Сакрэты галерэйнай практыкі

Я чула такі выраз ад галерыста-пачаткоўца: трэба «зрабіць месца». Што б вы сказалі гэтаму чалавеку?

— Пасля адкрыцця нашага цэнтра, па маіх падліках, у нас распачалі дзейнасць пяць новых галерэй сучаснага мастацтва. Мы сталі каталізатарамі гэтага працэсу.

Мне цяжка разважаць пра камерцыйныя аспекты ў галерэйнай справе. Таму што PinchukArtCentre — некамерцыйная арганізацыя. Мы нічога не прадаем.

Калекцыя PinchukArtCentre фармуецца на аснове калекцыі Віктара Пінчука, якую ён ствараў у 2003—2004 гадах; гэты збор працягвае развівацца і неаднаразова адзначаўся ў рэйтынгу часопіса «Арт-рэвю». Забягаючы наперад, скажу, што адна з нашых задач — заснаванне ў Кіеве Музея сучаснага мастацтва, прычым у новым будынку, які ўзвядуць паводле праекта аднаго з самых вядомых сучасных архітэктараў.

Вяртаючыся да тэмы «зрабіць месца», я хацеў бы згадаць нашага Эрхарда Шнайдэра. Ён рэалізаваў процьму незвычайных праектаў і сёння гаворыць так: калі мы думаем, што паказваем карціны, дык памыляемся. Усё, што мы робім, — гэта камунікацыі.

Найперш трэба сабе самому адказаць на пытанні: «Для чаго я хачу адкрыць галерэю? Каб зарабляць грошы? Ці для мяне гэта шалёны драйв? Ці пашырэнне разумення мастацтва ў маім горадзе і маёй краіне?» Гэта ўсё розныя мадэлі.

Адразу трэба факусіравацца на чымсьці адным: фатаграфіі ці вызначаным кірунку мастацтва, сумесных ці сацыяльных праектах. Толькі тады ў вас вельмі хутка згуртуецца лаяльная суполка людзей, якая разумее, што і чаму вы робіце. Галерэя, якая здае памяшканні ў арэнду, — гэта не галерэя, а салон, крама. У Кіеве ўжо існуюць свае выставачна-экспазіцыйныя брэнды — «Я-Галерэя» Паўла Гудзімава, «Калекцыя», «Ра». У іх ёсць выразныя прынцыпы, паводле якіх яны працуюць.

Стваральнікі любой галерэі павінны ясна разумець, як будзе выглядаць прастора, што будуць адчуваць людзі, падыходзячы да вітрыны, да дзвярэй, знаходзячыся за сто метраў ад іх.

Добры куратар павінен выбудаваць цэласную доўгатэрміновую праграму. Вельмі важна, каб галерэя паказвала сябе не толькі як разавы арганізатар, каб праграма прадумвалася на цэлы год. І складацца яна павінна не толькі з выстаў, але і з дадатковых відаў дзейнасці — школ, семінараў, майстар-класаў.

Вельмі важна выпрацаваць графічны стыль, што дазволіць зрабіць вашу галерэю пазнавальнай.

Трэба мець сродкі прасоўвання галерэі. Гэта пільная праца з арт-крытыкамі, з выданнямі, пісьменныя глыбокія праекты ў інтэрнэце. Калі хтосьці думае, што журналістаў можна выкарыстоўваць, ён глыбока памыляецца. Трэба быць іх сябрам, але не чакаць, што пра цябе абавязкова будуць пісаць добра. Галоўнае — каб пра цябе хацелі пісаць, а для гэтага рабіць цікавыя праекты і быць гатовым і да ўхвалы, і да крытыкі. У нас бракуе прафесійных аналітыкаў, якія б адыходзілі ад суб’ектыўнасці і эмоцый і спачатку ацэньвалі выставу з пункту гледжання сусветнага кантэксту, а ўжо потым давалі асабістую адзнаку.

Галерэя павінна быць у пастаянным кантакце з публікай: з аднаго боку — прадбачыць, а з другога — фармаваць цікаўнасць і цікавасць.

І, канешне ж, трэба любіць мастацтва, тое, што ты робіш. Інакш — чаму ты адкрываеш галерэю, а не турагенцтва, венчурны фонд ці рэстаран?

Што ў выніку адыгрывае найбольшую ролю: медыйнасць ці мастацкі складнік праекта?

— Адназначна можна сказаць, што сучаснае мастацтва вельмі інавацыйнае. Ад гэтага ўжо не адысці. Праца аўтара — гэта яго выказванне, камунікацыя. А міфатворчасць заўсёды існавала ў мастацтве. Здавалася б, чалавек павінен спачатку насыціцца матэрыяльным, але ж не! Прыкладаў колькі заўгодна: у людзей нічога няма, а вось трэба ім гэта самае мастацтва! Эстэтычнае пачуццё закладзена ў нас ад нараджэння. Таму праект — гэта заўсёды сімбіёз: з аднаго боку, эстэтыка, канцэпцыя, энергетыка, драйв, з іншага — камунікацыі.

Форма і мысленне

Ці існуе дэфіцыт ідэй ва ўкраінскім мастацтве?

— Наш вядомы крытык Анатоль Ульянаў казаў так: заходняму мастаку даеш грант на пяць мільёнаў, і ён робіць праект на пяць мільёнаў. А нашаму даеш пяць мільёнаў, а ён робіць праект на пяцьдзясят тысяч. У гэтым, ён лічыць, асаблівасць украінскіх мастакоў.

Я мяркую, дэфіцыт вынікае з таго, што мы яшчэ недастаткова маштабна думаем. Нашым мастакам хапае крэатыўнасці, сацыяльнасці і тэхнікі — яны прайшлі добрую класічную школу і выдатна малююць, нават тыя, хто працуе з перформансам і відэа. Але ў адрозненне ад заходніх творцаў (і гэта разумееш, трапляючы на вялікія сусветныя выставы) нашы мастакі не ўмеюць мысліць глабальна. Тое, што яны ствараюць, вельмі моцна прывязана да нашай ментальнай і культурнай прасторы. У нас не робіцца складаных відэа- і інсталяцыйных праектаў, якія, як правіла, вельмі выдатковыя. Ёсць лэнд-арт, але шматпластовых канцэптуальных праектаў няма.

А як наконт праблемы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці культуры і яе інтэграцыі ў сусветны кантэкст?

— Цяпер гэтай праблемы не існуе. Хтосьці відавочна прывязваецца да лакальнага этнаграфічнага кантэксту, а хтосьці пачынае распавядаць urbi et orbi. Мастак — наднацыянальная істота, якая падсілкоўваецца нацыянальнай энергетыкай.

На ўручэнні прэміі адзін з журналістаў спытаў: як дамагчыся таго, каб украінскія мастакі сталі знакамітымі на Захадзе? Куратар адказаў проста і парадаксальна: трэба забыцца пра тое, што вы ўкраінскія мастакі. Прывязка да нацыянальнага павінна быць на падсвядомым узроўні, а не на ўзроўні тэорыі, устаноўкі. Сучасны мастак найперш — філосаф і камунікатар, а рамеснік — па вызначэнні.

Калі мы прасочым, як развівалася мастацтва на працягу стагоддзяў, то ўбачым, што сёння адбываецца вельмі цікавае спалучэнне дзвюх парадыгмаў. Раней было мастацтва мас і мастацтва эліт. На доўгі тэрмін царква манапалізавала мастацтва. А цяпер усе падзелы раптам скасаваліся. Не толькі берлінская сцяна знікла, але і мяжа паміж народнай творчасцю, «каранямі» і высакалобым канцэптуальным мастацтвам. Творцы натхняюцца фальклорам, будыйска-сінтаісцкімі традыцыямі, адкрыццямі ядзернай фізікі. Гэта плавільны кацёл, дзе ёсць побыт, сацыялогія, секс, антрапалогія, філасофія, вера, страхі, рэлігіі, навукі, і сёння нельга сказаць, што мастацтва — для інтэлектуалаў. Яно для ўсіх!

Расійскія цэнтры «Гараж» і «Вінзавод» паўсталі пасля PinchukArtCentre. Упэўнена, што за вашай працай назіраюць многія... Можаце падзяліцца арганізацыйным досведам?

— Так, яго ўжо капіруюць!

Вельмі важным для поспеху PinchukArtCentre стаў бясплатны ўваход.

Другі ўдалы крок, які адрознівае нас ад заходніх інстытуцый: мы адкрыты да дзевяці гадзін вечара. На Захадзе галерэі зачыняюцца ў пяць, а да нас людзі могуць прыйсці і пасля працы.

Трэцяе — адукацыйная работа, якая адбываецца ўвесь час. Двойчы ў дзень праходзяць бясплатныя экскурсіі (у групе да сарака чалавек), па нядзелях дзейнічаюць дзіцячыя школы (таксама бясплатныя), дзе мы распавядаем, што такое музей, як ён уладкаваны, паказваем творы мастацтва, а потым дзеці пачынаюць працаваць самі — з фарбамі, кардонам, пластылінам.

Мы рэгулярна арганізоўваем «круглыя сталы» на разнастайныя тэмы: ад пытанняў ідэнтычнасці да тэмы «production у сучасным свеце». Праводзім сустрэчы з мастакамі.

Нездарма кажуць, што мы жывём у эпоху карнавалаў: у свеце, перагружаным інфармацыяй, неабходна знайсці форму, якую будуць успрымаць найболей ярка.

Праз цэлы комплекс такіх праграм мы можам мадэрнізаваць украінскае грамадства ў сферы культуры. Гэта метадычная сістэмная сур’ёзная праца. У нас спачатку не верылі, тое, што робім, называлі паказухай.

Трэба прызнаць, што мы жывём і ў эпоху нетакратыі — посткапіталістычную эпоху камунікацый. І мова мастацтва таксама камунікацыйная. Творцу нічога не абмяжоўвае, яго палітра настолькі шырокая, што — як вынік — уключаецца камунікацыя: ён павінен «данесці» сябе. Мастака, які штосьці стварае, але не камунікуе з грамадствам, складана назваць мастаком. А інстытуцыі — толькі платформы, пункты канцэнтрацыі мастацтва. Гэта як піраміды. Цікава было б узяць карту і адзначыць цэнтры сучаснага мастацтва: атрымалася б камунікацыйная пляцоўка.

Любоў ГАЎРЫЛЮК