Птушкі ляцяць да сонца...

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

Формулы тэкстылю

/i/content/pi/mast/40/685/43.jpg

Апошнія ліхтары. Габелен. 1991.

У мінскім Петрапаўлаўскім саборы — першая ранішняя літургія. Сюды часта
ходзіць маліцца сталічная інтэлігенцыя. Амаль усе адзін аднаго добра ведаюць.

Галіна Маркавец (Крываблоцкая), увайшоўшы ў сабор, са многімі вітаецца.
Ідзе на споведзь. Далей — служба і агульная малітва. А потым Галіна кіруецца ў творчую майстэрню. Шлях праз Храм да Мастацтва выпрацаваўся ў яе цягам многіх год, стаў спосабам існавання, камертонам у стасунках не толькі з творчасцю,
але і з абставінамі жыцця.

Неяк само сабой думаецца пра гэта, калі гартаеш альбом з рэпрадукцыямі.
Узгадваюцца работы мастачкі на групавых экспазіцыях і яе персанальныя выстаўкі, якіх больш чым за трыццаць год творчай дзейнасці адбылося некалькі дзясяткаў.

Каб не згасала свечка...

Вобраз свечкі. Ён дамінуе ў габеленах Галіны Маркавец. Мы заўважаем яго ў розных формах і якасцях — то вядучым мастацкім элементам, то эпізодам кампазіцыі, то пасылам да разумення тэмы ці паглыблення ў яе.

У міні-габелене «Свечка» (1985) просты вобраз вырашаны творцай праз фармальны пошук, дзе вібрацыі полымя ў мастацка-вобразнай прасторы напаўняюцца эмацыйнай афарбоўкай і духоўным сэнсам.

У габелене «Памяці ахвяраў 37-га. Курапаты» (1990) да свечак падобныя ствалы дрэваў.

Сімвалічны дымок згаслага агеньчыка ў кампазіцыі
«...Вось і ўсё» (2001) — асэнсаванне адыходу з жыцця любага таты.

У гэтых і многіх іншых творах мастачкі вобразы свечкі, агню, духоўнага святла ўвасобленыя як тэма пакаяння, ахвярнасці, любові і пакорлівасці чалавека Боскай волі, нейкаму вышэйшаму плану, паводле якога ўсё існуе на Зямлі...

Высокай мовай сімвала пазначаны і габелен «Апошнія ліхтары» (1991), які мастачка прысвяціла годным постацям сваіх памерлых дзядоў. Дзед Алесь быў глыбока веруючым чалавекам, асобай вялікай унутранай духоўнасці і шырокага інтэлектуальнага кругагляду. Бабку Марыльку ведалі як выдатную майстрыху і надзвычай добрую, мудрую жанчыну. «...Яна ткала пры нас, мы выраслі з гэтага», — згадвала Галіна.

Прастакутнік гладкатканага палатна ў верхняй і ніжняй частках перакрываюць сегменты сонечнага круга. Абодва (верхні — белы, ніжні — чырвоны) набываюць асаблівае, узмоцненае гучанне ў кантрасце з чорным фонам плоскасці габелена. Лініі дуг паралельныя між сабой — нібы Ніжні і Верхні свет: жыццё на Зямлі і жыццё ў іншым вымярэнні, у памяці людзей. Рэфрэнам гэтым паралельным дугам выглядае трэцяя — чырвоная лінія-дуга, што прасціраецца ад краю да краю пасярэдзіне кампазіцыі. Яна вылучае, акрэслівае сэнсавую важкасць нібы паўсталых з яе свечак з анёльскімі крыламі — вобразаў продкаў, што скончылі зямное існаванне, але і надалей, па-за рэальным жыццём, застаюцца ахоўнікамі-апекунамі чалавека на Зямлі.

У гэтым жа габелене фрагментарна вымалёўваецца сюжэт вясёлкі — аднаго са знакаў хрысціянства. Вобраз вясёлкі — ці ў эпізадычных варыянтах, ці на ўвесь голас — не раз з’яўляецца ў творчасці мастачкі. Напрыклад, у «Апошніх ліхтарах» праз прасветленую колеравую гаму ён прыўнёс эмацыйную нотку ў разуменне ўзнёслых сімвалаў. Ён жа — вясёлкавымі фарбамі матыву веры, асветленай добрай памяццю пра тых, чыё жыццё мы працягваем любоўю і ўшанаваннем — змякчае дамінуючыя ў кампазіцыі сюжэтныя матывы трагізму, абумоўленыя вастрынёй болю стратаў блізкіх, дарагіх людзей, узмацняе музычную фабулу колеравага гучання габелена.

Мастацкі твор «Апошнія ліхтары» перасягае духоўна-прасторавыя межы сямейнай трагедыі. Як і многія іншыя габелены Галіны Маркавец, што мастацка-вобразным ладам, здавалася б, грунтуюцца на канкрэтыцы падзеяў, ён вырастае да ўзроўню шырокага абагульнення, мастацкай формулы таго агульначалавечага, што кранае кожнага. У гэтым асаблівы талент мастачкі, яе вышэйшае творчае крэда і дасягненне.

Айчыне прысвяціць душэўныя парывы

/i/content/pi/mast/40/685/44.jpg

Актава. Габелен. 1978.

Сярод твораў з сімволікай агню, Боскага святла і габелен «Светач» (1990), выкананы да 500-годдзя Францыска Скарыны. Яго стрыжнявой мастацка-вобразнай ідэяй з’яўляецца шэраг свечак — правобразаў Асветніцтва на нашай зямлі. Назва працы ўтрымлівае ў сабе вызначальны для ідэі твора корань: «свет», «святло», «свечка», «прысвячэнне» — усе гэтыя словы з адным і тым жа ўнутраным сэнсам перадаюць сутнасць серыі габеленаў, створаных мастачкай у гонар выдатных дзеячаў і важных падзей нашай гісторыі і культуры. Міні-габелен «Калыска паэта» (1982) ткаўся да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, «Люцынка» (1983) — да юбілею Дуніна-Марцінкевіча, «Заслаўскія напевы» (1985) — да тысячагоддзя горада Заслаўе...

Кожны з дзясяткаў твораў-прысвячэнняў мае ўласную мастацка-вобразную структуру, адэкватную яе, Галіны Маркавец, успрыманню той або іншай падзеі ці асобы.

Кампазіцыйная інтрыга трыпціха «Паўстанне 1863» (1988) будуецца на кантрасце трохкутніка — цэнтральнай часткі з чатырохкутнікамі міні-габеленаў па баках. Напаўняючы форму эфектнай дынамікай малюнка і выразнымі проціпастаўленнямі спалучэнняў чырвонага і чорнага колераў, мастачка правакуе ў гледача вострае адчуванне трагедыі. Яна знайшла тую непаўторную формулу твора, якая дала падставы мастацтвазнаўцам далучыць трыпціх да шэрагу адметных з’яваў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сучаснасці.

Не менш эфектны па форме і сэнсе адзін з ранніх габеленаў Галіны — «Докшыцкая батлейка» (1983), прысвечаны народнаму тэатру сям’і Патупчыкаў, які працаваў у 1909—1916 гады на радзіме мастачкі. Выцягнуты ў вышыню, габелен умоўна падзелены па гарызанталі на тры часткі: цэнтр кампазіцыі займае сама батлейка з шырока расчыненымі дзверцамі; у ніжняй частцы на фоне чырвонага — у дадзенай інтэрпрэтацыі колеру жыцця, надзеі, радасці і аптымізму — лялечныя персанажы; верхняя частка кампазіцыі змяшчае вобразы акцёраў. Праз рытміку ліній ды колераў, праз пульсуючы тон пачуццёвага і настраёвага ладу габелена і семантыку выяў Галіна стварыла адметны вобраз, што ўяўляе мастацкую і гісторыка-культурную каштоўнасць.

Адным з вызначальных на творчым шляху Галіны Маркавец стаў габелен «Рэквіем. Трасцянец» (1984). Мастачка заўжды з хваляваннем распавядае пра яго гісторыю ўвасаблення і канцэпцыю: «У мастацтве я найчасцей карыстаюся класічнымі прыёмамі гладкага ткацтва. Але пры стварэнні любой работы на першым месцы духоўны, душэўны імпульс, што ідзе ад тэмы. У адпаведнасці з ім нараджаецца задума, а ўжо потым яна афармляецца ў мастацкую форму... Мне падалося, што для ўвасаблення трагедыі ахвяраў Трасцянца магчымасцей класічнай тканай формы недастаткова. Таму вырашыла, што эмацыйныя акцэнты найлепш могуць быць выяўленыя праз прасторава-аб’ёмную форму кампазіцыі».

На фоне гладкатканага габеленавага палатна з увасабленнем колеравых мігценняў клубоў чорнага і шэрага дыму размешчана кампазіцыя з сямі аб’ёмных габеленавых формаў, што нагадваюць струмені энергетычных выкідаў. Яны і спрыяюць уражанню эмацыйна-вобразнай вібрацыі твора ў прасторы вакол яго...

У свой час габелен «Рэквіем. Трасцянец» стаў адной з галоўных падзеяў на Рэспубліканскай выстаўцы да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У хуткім часе ён быў набыты дырэкцыяй Музея прыкладнога мастацтва народаў СССР.

Дзе песні нашай вытокі...

І мастачка, і яе сёстры Валянціна і Ганна, майстры габелена і сцэнічнага касцюма, хораша спяваюць народныя песні. Галіна Маркавец распавядае: «Дома, на імправізаванай сцэне, мы наладжвалі канцэрты: Валя іграла на цымбалах, а потым на гітары, я — таксама на цымбалах, брат Віктар — на кларнеце, тата — на гармоніку, Аня, яшчэ малая, — на бубне».

Сямейныя традыцыі паўплывалі на тэмы творчасці, на самі «формулы» яе мастацтва. Тэмай дыпломнай работы ў тэатральна-мастацкім інстытуце (1976) сталіся сцэнічныя касцюмы для новай праграмы вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Калі дзяржаўная камісія знаёмілася з планшэтамі эскізаў касцюмаў да праграмы «Песні пра долю», «Песняры» ўжо выступалі ў гэтых касцюмах ў Аўстрыі, Чэхаславакіі і на радзіме.

Яшчэ падчас вучобы ў інстытуце мастачка праектавала і выконвала сцэнічныя касцюмы для «Харошкаў» і іншых фальклорных калектываў рэспублікі. У далейшым былі гады працы на Барысаўскім мастацкім камбінаце, але да супрацоўніцтва з «Песнярамі» Галіна вярталася зноў і зноў.

Яе габелены, як і акварэльныя эцюды, якімі мастачка захапляецца, і сцэнічныя касцюмы для розных калектываў поўняцца паэзіяй і музычнасцю. Гэтыя якасці натуральна нарадзіліся з дзіцячых успамінаў: «Сувязь з народным мастацтвам, напэўна, ужо генетычна закладзеная ў нашай свядомасці...»

Але з народнай культуры творца ўзяла штосьці большае за проста песенныя матывы і мелодыку мовы. Яна праніклася семантыкай традыцыйнага мастацтва, увяла яе адметныя праявы ў выяўленчыя формы, стварыўшы ўнікальныя ўзоры беларускага этнамадэрну. Яны паўсталі ўжо на ранніх этапах творчасці ў габелене «Актава».

Дамінуючым вобразам яго арнаментальнай кампазіцыі з’яўляецца вобраз Перуна (ва ўзорах — матывы стралы). Здаецца, усё хараство, выразнасць і вобразнасць матываў Бацькаўшчыны ўвасобіліся ў рытмах і фарбах гэтага габелена, які акумуляваў у сабе матывы стромкіх беларускіх гатычных храмаў і элементы дэкору рэнесансных замкаў, сістэму сімвалаў і знакаў традыцыйных паясоў і волю магічных арнаментаў вышывак і ткацтва...

Мастацтвазнаўца Галіна Багданава ёмка сказала пра гэты твор: «...чырвоны колер у сугуччы з узнёслым белым і журботным чорным стварыў своеасаблівы і непадзельны арнамент-код існасці...»

Коды народных архетыпаў не абмяжоўваюць волю мастачкі. Гэта — шляхі мыслення, якія вядуць да эксперымента і духоўнай адкрытасці, што дае плён ва ўвасабленні сучасных форм.

Птушкі ў небе

«Касцюмы для “Песняроў” і іншых вядучых ансамбляў я часцей за ўсё рабіла ў сааўтарстве з сястрой Валянцінай Маркавец-Бартлавай, — распавядае Галіна. — У першых варыянтах гэтых касцюмаў мы імкнуліся этнаграфічна дакладна перадаваць хараство і вобразнасць традыцыйных беларускіх народных строяў. У далейшым мы ўскладнілі сваю задачу. Ужо ў працы 1985 года спрабавалі для кожнага ўдзельніка ансамбля зрабіць індывідуальны сцэнічны вобраз. Узорам для распрацоўкі касцюмаў, у якіх “Песняры” планавалі выступіць на ХІІ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве, паслужылі беларускія народныя світкі. У выніку атрымаліся падоўжаныя прасторныя пінжакі з доўгімі паясамі. Быў распрацаваны спецыяльны строй і для вядучай праграмы Святланы Пенкінай».

Адзін са сваіх галоўных твораў — габелен «Мелодыі Зямлі» (2006) для інтэр’ера Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — мастачка прысвяціла памяці Уладзіміра Мулявіна, а таксама свайго сябра і настаўніка Міхася Раманюка, Яўгена Куліка, Фёдара Янкоўскага і яшчэ многіх і многіх таленавітых і сумленных людзей, што жылі і працавалі на беларускай зямлі. Габелен утварае пачуццё палёту над прасторай Зямлі. У спалучэнні ліній, у вібрацыях каларыстычных імпрэсій то праяўляюцца, то знікаюць істоты, постаці, з’явы... Вось выразна прачыталіся вобразы птушак, што павольна ляцяць да сонца: тут птахі — нейкі сінтэз паміж жураўлём і голубам, увасабленнямі міру, святла, летуценняў, веры і надзеі... Мастачка выявіла іх парыў да палёту, і не столькі на візуальным, колькі на пачуццёва-эмацыйным узроўні яны злілася з хвалямі ветру і з прамянямі святла, энергетыкай прыроды і цудам Боскага тварэння.

Птушка ў творчасці Галіны з першых крокаў яе ў мастацтве была любімай тэмай. Асабліва гэты вобраз актывізаваўся пасля 1990-х гадоў, калі мастачка наведала Балгарыю і прычынілася да старажытнай культуры балгарскіх храмаў. Міні-габелены «Верабейка» (1998), «Птушка-1» (2001), «Птушка-2» (2001), «Зорны россып» (2001), габелены «Блакітныя птушкі вечнасці» (2002), «Покліч» (2004) і іншыя ўжо выразна неслі ў сабе патэнцыял вялікага хрысціянскага вобраза, што знайшоў увасабленне ў габелене «Мелодыі Зямлі».

Вясёлка

Сваім самым важкім дасягненнем Галіна Маркавец называе манументальны габелен-занавес «Вясёлка» для Малой залы Палаца Рэспублікі.

Яна працавала над ім амаль дзесяць год. Гэтай працы, што абагульняла і падсумоўвала мастацкія пошукі, папярэднічаў перыяд засяроджанага, глыбокага пранікнення ў сутнасць экалагічных і этналагічных трагедый і праблем на нашай Зямлі, у тым ліку — і чарнобыльскай.

Праз вялікую серыю габеленаў пад агульнай назвай «Дыялог з прыродай» (вынікам якой стала персанальная выстаўка ў Мінску) Галіна Маркавец, здаецца, выказала ўсю глыбіню перажыванняў, агульных і ўласных, маштабных і камерных, якімі было перапоўнена жыццё грамадства ў 1990-х гадах. Яна назвала гэта шляхам ачышчэння.

І тады прыйшла прасветленасць, што і ўвасобілася ва ўзнёслым, шматзначным і высокадухоўным вобразе вясёлкі — у галоўным творы мастачкі.

Таццяна ГАРАНСКАЯ