Рэха конкурсу

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

У Мінску сустрэліся піяністы з дзевяці краін

/i/content/pi/mast/40/673/7.jpg

Фаціма Мярданава.

Конкурс быў, без перабольшання, доўгачаканым, бо адбыўся на год пазней запланаванай даты. Ён сабраў 60 удзельнікаў, палова якіх прадстаўляла Беларусь. З Расіі прыехалі 9 выканаўцаў, з Украіны — 16. Па адным музыканце з Арменіі, Грузіі, Латвіі, Малдовы, Японіі, Кітая.

У журы працавалі 13 вядомых піяністаў, у тым ліку лепшыя прадстаўнікі беларускай школы фартэпіяннай педагогікі і прызнаныя замежныя майстры. Спаборніцтва ладзілася ў тры туры. Выступленне ў І туры прадугледжвала выкананне праграмы працягласцю 20—25 хвілін: класічны твор, два віртуозныя эцюды і адзін з дзевяці абавязковых твораў беларускага кампазітара (у тым ліку Галіны Гарэлавай, Уладзіміра Дарохіна, Уладзіміра Кур’яна, Ларысы Мурашкі, Алега Хадоскі, Дзмітрыя Лыбіна).

Журы дапусціла да ўдзелу ў ІІ туры максімальную колькасць канкурсантаў, дазволеную правіламі: роўна палову. Такім чынам, выступленне ў другім этапе, падчас якога з 30 піяністаў адбіраліся 6 фіналістаў, сталася для іх вырашальным. Трэба было прадставіць свабодную праграму працягласцю каля 50 хвілін. Надзвычай важнымі фактарамі маглі стаць як высокая якасць выканання, так і эфектнасць твораў.

Разгарнулася сапраўднае змаганне. Праграма давала прастор для паказу санат, сюіт, цыклічных твораў. На конкурсе былі шырока прадстаўлены санаты Скрабіна і Пракоф’ева (і вельмі сціпла — некалі культавыя санаты Бетховена). І, безумоўна, сапраўдны россып бліскучых твораў Ліста — без іх піяністу цяжка пакінуць яркае ўражанне. (Цікава, што сачыненні, якія некалі здатны быў выканаць толькі іх надзвычай тэмпераментны аўтар, сёння іграюць грацыёзныя дзяўчаткі.)

У дзень праслухоўваліся па шэсць чалавек. Узровень канкурсантаў быў даволі роўным. На гэтым фоне вылучаліся некалькі яркіх фігур, якія годна прэзентавалі сябе. Сярод іх Андрэй Шычко (клас Наталлі Ташчылінай), самы малады ўдзельнік конкурсу, навучэнец гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі. У свае 16 гадоў Андрэй — лаўрэат васьмі міжнародных конкурсаў юных піяністаў: пяці расійскіх, аўстрыйскага, французскага і беларускага. У І туры ён паказаў сябе надзвычай тэхнічным выканаўцам — у адпаведнасці з п’есай «Віртуозы» Уладзіміра Кур’яна, выдатна ім сыгранай.

Але прыз за лепшае выкананне гэтага твора атрымала Кацярына Марэцкая, якая засурдзініла струны раяля і дасягнула незвычайнага гучання. Дарэчы, дзяўчына, маючы выключна складаную праграму ІІ тура, сур’ёзна прэтэндавала на выхад у фінал. Яна скарыла публіку індывідуальнай трактоўкай кожнага твора: найтанчэйшым піянісіма ў Санаце №10 Скрабіна, гуллівым Скерца №4 Шапэна, шматслойнымі па тэмбры і дынаміцы «Лодкамі» і «Альбарадай» Равэля, а таксама дыяметральна супрацьлеглым ім па настроі змрочным творам Ліста. На маю думку, ацэнка за выступленне Кацярыны была відавочна заніжана.

Добра паказала сябе студэнтка Акадэміі музыкі Кацярына Матах, якая, як і іншыя вучні Людмілы Шаламенцавай, вылучаецца высокай культурай гуку, дакладнасцю кожнай інтанацыі, што і было прадэманстравана падчас выканання 24 прэлюдый Шапэна. Заслугоўвае прызнання і расіянка Лізавета Іванова: выдатнай тэхнікай яна кампенсавала некаторыя недахопы валодання буйной формай і выдатна праявіла гэта ў Шостай санаце Пракоф’ева.

Не была ацэнена выхадам у фінал фенаменальная гучнасць Аляксандра Іванова (клас Зоі Качарскай, Беларуская акадэмія музыкі), які ў лістаўскіх «Успамінах пра оперу Моцарта “Дон Жуан”» прадставіў яркі вобраз «разбуральніка раяляў». Годна паказалі сябе выхаванцы класа Валерыя Шацкага: вопытны канкурсант Павел Кашчэва з іскрыстым «Ісламеем» і малады студэнт Дзмітрый Горбач, які ўвасобіў складаныя і тонкія па фактуры творы Скрабіна і Дэбюсі.

Урэшце, жорсткі «адсеў» вызначыў фінальную шасцёрку піяністаў — у ІІІ туры яны павінны былі іграць канцэрт у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам дырыжора Андрэя Галанава.

Упэўнена ішла на 1-ую прэмію Фаціма Мярданава, піяністка з Масквы, выхаванка класа Элісо Вірсаладзэ. Але напрыканцы IIІ часткі Трэцяга канцэрта Пракоф’ева яна зрабіла памылку ўсіх піяністаў, якія мала іграюць з аркестрам: пачала слухаць іншыя інструменты і згубіла ўласны тэкст. У выніку атрымала 3-ю прэмію (падзеленую з іншай фіналісткай, беларускай Уладай Шацкай). Шкада, бо Фаціма выдатна зарэкамендавала сябе на першых турах, дзе асабліва запомніліся яе добра агучанае piano, выдатная дробная тэхніка, інтанацыйная выразнасць, прычым на адных толькі кантрастах дынамікі і тэмбру, і нарэшце, ашаламляльны рытмічны тэхніцызм (Прэлюдыя і фуга №21 B-dur Шастаковіча). Улада Шацкая, магістрантка нашай Акадэміі музыкі, скарыла журы стыльным і рамантычным выкананнем Другога фартэпіяннага канцэрта Сен-Санса.

Лепшымі на конкурсе былі прызнаныя расіянін Аляксандр Панфілаў і ўкраінец Аляксандр Самойлаў, якія падзялілі 2-ую прэмію. Абодва ў фінале выконвалі Трэці канцэрт Рахманінава а потым разам сыгралі яго на заключным выступленні лаўрэатаў: Самойлаў — першую частку, Панфілаў — другую і трэцюю. Абодва прадэманстравалі дамінаванне ў фартэпіянным выканальніцтве магутнай мужчынскай энергетыкі. Мая слухацкая прыхільнасць была аддадзена Панфілаву, студэнту Маскоўскай кансерваторыі, сярод здабыткаў якога — дзве першыя прэміі і Гран-пры на конкурсах у Італіі і Сербіі. Гэтым разам першую прэмію журы не прысудзіла нікому.

Дыпломы спаборніцтва атрымалі два беларускія піяністы. Выхад у фінал Яўгена Галанава, студэнта 1-га курса нашай Акадэміі, стаўся прыемным сюрпрызам для большасці аўдыторыі: яго выкананне Інтрадукцыі, харала і фугі Сезара Франка ў ІІ туры запомнілася высокай інтэлігентнасцю. Стрыманасць, высакароднасць і вытанчанасць класічнага стылю асабліва пасуюць Яўгену. Але Другі канцэрт Рахманінава, які канкурсант выконваў у фінале, пакуль не адпавядае яго магчымасцям. Уладальнік другога дыплома Павел Нетук (гімназіст, выхаванец класа Уладзіміра Няхаенкі), здавалася, мог прэтэндаваць на званне лаўрэата, хоць прадстаўленая ім у фінале «Рапсодыя на тэму Паганіні» Рахманінава не магла па маштабе спрачацца з канцэртамі кампазітара.

Але сапраўдны ўзровень 19-гадовы юнак паказаў на ІІ туры, дзе выканаў вялікую праграму з твораў Рахманінава і Ліста (у тым ліку найскладанейшыя «Вялікія эцюды па капрысах Паганіні»). Павел Нетук скарае сваёй музыкальнасцю і эмацыйнасцю.

Конкурс скончаны, але рэха яго яшчэ гучыць, абмеркаванні працягваюцца. Паўстае і заканамернае пытанне: чаму не прысуджана 1-ая прэмія? Гэты рэзананс — доказ таго, што музычная грамадскасць зацікаўлена ў паспяховасці рэдкіх і чаканых фартэпіянных форумаў. Усе 12 дзён, пакуль доўжыўся піяністычны конкурс «Мінск-2010», залы філармоніі былі поўныя.

Пры адсутнасці відавочнага лідара сярод беларускіх піяністаў конкурс засведчыў высокі агульны ўзровень удзельнікаў. Так, Людміла Сяргееўна Шаламенцава, адзін з самых знаных педагогаў нашай Акадэміі музыкі, прадставіла ледзь не палову сваіх цяперашніх вучняў. Студэнты малодшых курсаў выпраўляліся на конкурс, каб «абкатаць» праграмы, загартавацца, падыхаць паветрам сапраўднага спаборніцтва перад будучымі стартамі. І калі ўспомніць, колькі моладзі было на сцэне і ў зале, зусім не песімістычна гучыць пытанне, чаму ж пераможцамі аказаліся не нашы піяністы. Думаю, што ў наступны раз мы абавязкова будзем лідарамі!

Алена Лісава