Адкрыцці Уладзіміра Співакова

№ 1 (334) 01.01.2011 - 31.01.2011 г

«Віртуозы Масквы» — у Беларусі

/i/content/pi/mast/40/671/spivakov.jpg
Дырыжор Уладзімір Співакоў
На пачатку зімы ў нашай краіне з вялікім поспехам прайшоў Міжнародны музычны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае». Уладзімір Тэадоравіч, выдатны скрыпач і дырыжор, стваральнік легендарнага аркестра «Віртуозы Масквы», невыпадкова лічыцца адной з найбольш значных постацей не толькі рускага, але і сусветнага выканальніцтва. Акрамя таго, ён — вядомы грамадскі дзеяч, мецэнат, прэзідэнт Маскоўскага міжнароднага Дома музыкі.

Маштабны музычны форум, назва якога ўтрымлівае імя Співакова, быў упершыню арганізаваны ў Маскве ў 2001 годзе і з таго часу з поспехам ладзіцца ў Расіі і Францыі. З ім ахвотна супрацоўнічаюць буйнейшыя музыканты сучаснасці. Нарэшце фестываль прыехаў у Беларусь. Канцэрты «Віртуозаў Масквы» адбыліся ў Мінску, Гомелі і Магілёве. На закрыцці форуму выступаў Нацыянальны філарманічны аркестр Расіі. Заўважу, што мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам абодвух калектываў з’яўляецца Уладзімір Співакоў, а ў канцэртах удзельнічалі расійскія зоркі і маладыя беларускія выканаўцы.

У нашай краіне фестываль адбыўся дзякуючы генеральнаму партнёру «Альфа-Банку», Міждзяржаўнаму фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД. У гэтым матэрыяле — думкі знакамітага музыканта, занатаваныя на прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

З якім пачуццямі, у якім настроі вы прыехалі ў Мінск?

— Шчыра кажучы, не верыцца, што фестываль у Беларусі атрымаўся. Бо «Віртуозы Масквы» толькі што вярнуліся з вялікага турнэ па буйнейшых гарадах Амерыкі. Пасля форуму ў Мінску адпраўляемся ў Маскву, дзе пад патранатам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ладзіцца Фестываль духоўнай музыкі. Цікава, што на ім выконваецца не толькі праваслаўная духоўная музыка. Прыязджае шмат прадстаўнікоў розных канфесій — хары з Англіі, з Вестмінстэрскага абацтва, з Ватыкана і  г.д. Далей вылятаю ў Ізраіль, дзе адбудуцца гастролі аркестра. Адтуль у Турцыю, потым у Францыю. Затым — Швейцарыя, Масква, Уфа. Адзін журналіст мяне спытаў: «Гэта ваш план на год?» Не, толькі на адзін месяц...

Ваш дабрачынны фонд шмат гадоў дапамагае таленавітай моладзі Беларусі. Так, ім было выдзелена сем заахвочвальных спыпендый нашым маладым музыкантам, а таксама адна вялікая — Алегу Яцыну, вучню гімназіі-каледжа пры нашай Акадэміі музыкі. Яму вы падаравалі скрыпку работы французскага майстра.

— У Беларусі сапраўды ёсць падораныя мной інструменты. Але ў Евангеллі напісана, што калі правая рука робіць дабро, левая не павінна пра гэта ведаць...

Якія ўражанні засталіся ў вас ад знаёмства з сучаснай музычнай культурай Беларусі?

— У вас адрэстаўраваны тэатр оперы і балета. Акадэмія музыкі і музычнае вучылішча таксама існуюць у дастаткова добрых умовах. Пабудавана «Мінск-Арэна», дзе ладзяцца канцэрты для вялікай колькасці гледачоў, на ўсе густы. Музыканты, якія выходзяць з кансерваторыі, маюць сусветны ўзровень. Дастаткова згадаць саліста, які іграе з намі ў адным з канцэртаў фестывалю, — Івана Карызну. Гэта хлопчык, якога наш фонд падтрымлівае, напэўна, з 12-гадовага ўзросту. Не так даўно ён паступіў, прычым нумарам першым, у Парыжскую кансерваторыю і цяпер там вучыцца. Разам з кантрабасістам Рыгорам Ільічом Кавалеўскім мы пераканалі аднаго багатага чалавека, каб той купіў Івану сапраўдную віяланчэль. І выдатны смычок... Але Іван як выканаўца і лаўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў варты гэтага.

Ці існуе філіял фонду Уладзіміра Співакова ў Беларусі?

— Такога філіяла няма. Але ўсё роўна мы ўважліва ставімся да юных беларускіх творцаў. У Магілёве жыве Ганна Паўлава, якую я лічу прыроджанай і надзвычай таленавітай мастачкай. Тэатральнай — гэта ўжо дакладна. Яна з 12 гадоў у маім фондзе.

У канцэрце Дзмітрыя Шастаковіча, які выконваюць «Віртуозы Масквы» і Дзяніс Мацуеў, адзін з лепшых піяністаў сучаснасці, на трубе іграе Кірыл Салдатаў, якім з 10-гадовага ўзросту апякуецца мой фонд. Мы дапамаглі сфарміравацца яму як музыканту. Дарэчы, у Расіі, дый не толькі ў ёй, навучанне на духавых інструментах — даволі слабое месца. Што рабіў фонд? На працягу некалькі гадоў выпраўлялі Кірыла на майстар-класы да выдатнага французскага трубача Марыса Андрэ, які выкладаў у Цюрыху. І я выкладаў там — для таго, каб яны бралі дзяцей фонду на майстар-класы. Аднойчы сустрэў Марыса Андрэ, ён сказаў, што глыбока крануты тым, як іграе Кірыл...

Ці будзеце вы і далей падтрымліваць юных таленавітых музыкантаў — і расійскіх, і беларускіх?

— Вядома. Будзем запрашаць іх і ў канцэрты.

Напрыканцы лістапада адбылося закрыццё Года культуры Беларусі ў Расіі. Цікава, што ў той жа дзень у Вялікім Крамлёўскім палацы распачынаўся фестываль «Узыходзячыя зоркі ў Крамлі». І адкрываў гэты канцэрт студэнт нашай Акадэміі музыкі Павел Бацян, якога вы творча патрануеце...

— Сапраўды, ён вельмі перспектыўны музыкант.

Чым вы патлумачыце тую акалічнасць, што многія нашы студэнты імкнуцца навучацца ў заходнееўрапейскіх кансерваторыях і акадэміях музыкі?

— Асобныя краіны — гэта не замкнёная прастора. Бо свет адзіны... Беларусь — гэта таксама Еўропа. Калі дазволіць эканоміка і будуць сродкі запрашаць сюды выдатных педагогаў, ніхто з’язджаць не стане. Тыя, хто едуць, потым, як правіла, хочуць вярнуцца назад.

У 2007 годзе, у час правядзення Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага, вы падтрымалі нашага ўдзельніка, таленавітага скрыпача Арцёма Шышкова, і выказалі думку пра тое, што неабходна купіць для яго адпаведны інструмент. Беларусь ужо набыла скрыпку Гварнэры XVII стагоддзя, яна знаходзіцца ў нашай Акадэміі музыкі. І лепшыя айчынныя музыканты будуць мець магчымасць іграць на гэтым інструменце... Скрыпкі і наогул струнныя інструменты старадаўніх майстроў надзвычай высока цэняцца. Ці можна ў ХХІ стагоддзі вынайсці і ўжываць такія тэхналогіі, каб сучасныя майстры маглі вырабляць інструменты, якія б праз нейкі час гэтак жа цаніліся і былі такімі ж каштоўнымі — і духоўна, і матэрыяльна?

— Цяжка выхаваць новага Мікеланджэла, новага Рафаэля ці Леанарда да Вінчы. Тое ж датычыць Страдывары і Гварнэры. У нас цяпер модныя словы «інавацыі», «мадэрнізацыі», «нанатэхналогіі»... Але забываюцца, што выраб інструментаў — мастацтва. І найперш — духоўныя намаганні. Мала вывучыць склад лаку, таўшчыню дрэва, інструменты, якімі працавалі старыя майстры. Існуе яшчэ штосьці, чаму навучыць нельга. Чэхаў назваў гэта простымі словамі — «Божая іскра».

Ідэя фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае» падтрымана ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, прадугледжана фінансаванне форуму. А калі ж адбудзецца наступны фестываль?

— Я не схільны ладзіць яго штогод. Слухач павінен крыху засумаваць па высокай музыцы. Увогуле не люблю словы «прапаганда» і «палітыка». Рэпертуарная ці нейкая іншая... Мы зрабілі фестываль, які хацелі зрабіць. Магчыма, не ўсё з таго, што жадалася, здолелі ажыццявіць. Планавалі паказаць у Мінску канцэрт, які прайшоў у Маскве, Кіеве і Уладзівастоку. Там з Нацыянальным філарманічным аркестрам мы агучвалі геніяльны фільм Чарлі Чапліна «Агні вялікага горада». Спадзяюся, калі-небудзь гэты праект здолеем ажыццявіць і ў Беларусі. Бо ідэя арыгінальная і відовішча надзвычай хвалюючае.

Ці ёсць заканамернасць у тым, што для адкрыцця фестывалю ў Мінску вы абралі, акрамя твораў Гайдна і Няруды, твор Шастаковіча? Як вядома, у Дзмітрыя Дзмітрыевіча былі і беларускія карані. Бо ягоны бацька нарадзіўся ў Вільні...

— Сапраўды, камерную сімфонію Шастаковіча мы паставілі ў канцэрт адкрыцця невыпадкова. З ёй звязана маё асабістае адкрыццё. Шмат гадоў таму, у Мінску, я ўпершыню прадырыжыраваў гэтым сачыненнем. І быў узрушаны ім да глыбіні душы. Разумееце, музыка — такая рэч, якая доўга не пакідае цябе ў спакоі...

Прайшоў пэўны час. Памятаю, прачнуўся ў пяць гадзін раніцы, разбудзіў жонку, схапіў партытуру і сказаў: «Я зразумеў, у чым тут справа...» У сімфоніі ёсць надпіс: «Прысвячаецца ахвярам фашызму і вайны». Але сачыненне вельмі асабістае. Гэтаксама, як інтымныя лісты, або квартэты, што пісалі кампазітары, адлюстроўваючы ўласныя асабістыя перажыванні. Невыпадкова ў выдатнага чэшскага кампазітара Яначака ёсць квартэт, які так і называецца — «Інтымныя лісты». Кажу жонцы: «Вось у гэтым фрагменце партытуры Шастаковічу здаецца, што яго забілі...» Сапраўды, у апошняй частцы сачынення ён глядзіць на свет ужо адтуль, з вышыні... Таму я прыйшоў да высновы, што твор прысвечаны не толькі ахвярам фашызму і вайны: Шастаковіч напісаў і ўласны рэквіем. Для сябе...

З таго часу мінула 15 гадоў. Дзмітрыя Дзмітрыевіча не стала. Некалькі гадоў таму выйшла кніга «Пісьмы да сябра. Дзмітрый Шастаковіч — Ісаку Глікману». Разгортваю том і чытаю ў адным з лістоў: «Дарагі сябра! Учора закончыў Восьмы квартэт. Думаю, наўрад ці знойдзецца нехта, каму б прыйшло ў галаву напісаць штосьці ў памяць пра мяне. Таму напісаў твор як рэквіем самому сабе...» Так што я — адгадаў! І гэта адбылося ў вашым горадзе. Таму мне вельмі хацелася вярнуцца да гэтай музыкі...

Увогуле Шастаковіч у пяці словах адлюстраваў уласнае крэда. Прычым надзіва дакладна. Зноў-такі ў гэтых лістах... Музыка для яго — гэта «Мудрасць. Любоў. Творчасць. Смерць. Бессмяротнасць». Але адначасова гэтыя словы адлюстроўваюць ягоны шлях.

Кожны геній — паэт, музыкант, мастак — існуе наперадзе свайго часу. Невыпадкова Ганна Андрэеўна Ахматава сказала, што пасля смерці чалавека на фатаграфіях змяняецца яго аблічча. Чаму так адбываецца? Бо змяняемся мы, змяняецца час. Шастаковіча цяпер слухаюць зусім не так, як раней. Тое самае датычыць і сачыненняў Альфрэда Шнітке. Калі ў Маскоўскім метрапалітэне прагучалі ўзрывы і загінулі людзі, так супала, што ў вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі я выконваў сачыненне Шнітке. І яно ўспрымалася так, як быццам напісана з нагоды гэтай трагедыі!

Выдатныя асобы звычайна на 20-30 гадоў апярэджваюць свой час. Акрамя таго, кожны твор мае шмат пластоў. Іншым разам нават сам мастак дарэшты не ўсведамляе, што ён напісаў...