Жанна Грак

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Кропка, рух, аб’ём, прастора

Жанна Грак нарадзілася ў Мінску, скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка і Беларускую акадэмію мастацтваў (1998).
Ужо ў сваіх ранніх працах яна выявіла канцэптуальны падыход да рашэння праектаў у кераміцы. Гэты досвед развіўся і ўмацаваўся ў далейшым яе навучанні за мяжой: у Рытвельд- акадэміі ў Амстэрдаме і ў Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў у класе Даніэля Бюрэна.

Сёння Жанна Грак жыве ў Дзюсельдорфе. У сваіх аб’ектах і інсталяцыях мастачка даследуе скульптурную трансфармацыю геаметрычных формаў і надае адмысловую ўвагу архітэктурным пытанням.

Сяргей Кірушчанка

 

/i/content/pi/mast/39/670/29.jpg

Аб’ёмная плоскасць. Інсталяцыя. Мастацкая акадэмія. Дзюсельдорф. 2006.

Ці запомніўся табе твой першы выкладчык?

— У школе-інтэрнаце гэта быў Пётр Пятровіч Шарыпа. На заняткі ён заўсёды апранаў адзін і той жа касцюм, і калі я запыталася, чаму так, растлумачыў, што настаўнік павінен быць падобны на мальберт, каб не раздражняць вучня.

Вельмі дзіўная пазіцыя. Па-мойму, наадварот: задача настаўніка — раздражняць вучня і тым самым выцягваць з яго ўсё магчымае.

— Але самы вялікі ўплыў на мяне аказалі вы, Сяргей Іванавіч, і Тамара Сакалова. Менавіта яна навучыла ператвараць кераміку ў скульптуру. Першыя гады ў Акадэміі даліся цяжка, бо ўсе настаўнікі сцвярджалі, што мае працы плоскія, як графічны аркуш, і трэба было выходзіць з гэтай плоскасці ў аб’ём. Я ніколі не хацела быць, як бацька, графікам (хоць пасля ўдала выкарыстоўвала гэты від мастацтва ў сваёй творчасці), але нейкі своеасаблівы графізм сядзеў ува мне вельмі моцна.

Мне пашанцавала яшчэ заспець Уладзіміра Угрыновіча, выдатнага выкладчыка і мастака. За два семестры ён навучыў многаму, але, на жаль, неўзабаве пайшоў з жыцця. Наш курс узяла Аляксандра Дзятлава. Яе стыль выкладання нагадваў метады, з якімі я пазней сутыкнулася ў замежжы. Мы садзіліся за адзін стол, паказвалі эскізы і абмяркоўвалі праекты. Усе глядзелі, цікавіліся і выказваліся.

Калі выкладчык сам добры мастак, тады ён і як педагог больш творчы і вольны, адначасова — патрабавальны і прынцыповы. Распавядзі, калі ласка, пра «Free city», працу, зробленую яшчэ падчас навучання ў Акадэміі.

— Мы атрымалі заданне прыдумаць модуль і пабудаваць з яго ўсё, што хацелі. Я ўзяла тэму горада і вызначыла модуль, з якога сканструявала Калізей, Пізанскую вежу і гэтак далей.

Перад дыпломам у цябе адбылася персанальная выстава...

— Яна праходзіла ў гродзенскай галерэі «У майстра» і называлася «Вялікае свята для 73 прадметаў». Я паспрабавала выбудаваць цікавую экспазіцыю не з імбрычкаў і кубкаў, а з аб’ектаў і атмасферы.

Фактычна гэта быў твой першы «выхад у свет», аднак ты адразу падышла да экспазіцыі вельмі прафесійна: не проста прывезла аб’екты, а ўвасобіла цэласны праект. Ці важна студэнтам удзельнічаць у выставачнай дзейнасці?

— Лічу, вельмі важна, бо студэнт можа зразумець тое, што ён робіць, і асэнсаваць свой узровень. Убачыць сябе не ў рамках Акадэміі, а «на волі», ацаніць сябе як мастака. Трэба навучыцца ўяўляць канчатковую прэзентацыю сваёй работы.

Твой дыплом, абаронены ў нашай Акадэміі, цяпер уласнасць мінскага Музея сучаснага мастацтва, ён паказваўся на вельмі сур’ёзных выставах...

— Праца называецца «Трансформер» і складаецца з 9 дэталяў. Я хацела паказаць, што скульптура — гэта аб’ект не статычны і мёртвы, а варыятыўны: ён можа знаходзіцца ў пэўным працэсе і руху, прадугледжвае трансфармацыю і патрабуе ўмяшання гледача. Пры трансфармацыі ствараецца новая скульптура. Першае становішча майго трансформера — розныя абстрактныя формы, якія размяшчаюцца асобна адна ад адной у прасторы. Другое — шляхам перасоўвання дэталяў складаецца ляжачая постаць. Трэцяе — сядзячая постаць і чацвёртае — стаячая. Калі скульптура ляжыць, пераважае сіні колер, калі стаіць — чырвоны. Кожны колер мае сваё значэнне, напрыклад, калі чалавек спіць, адпачывае, яму больш адпавядае сіні, халодны колер. Калі стаіць — ён штосьці робіць, гэта — праява жыцця, таму чырвоны...

Я лічу, што з 1998 года такіх яркіх твораў з’явілася мала — гэта канцэптуальная рэч, своеасаблівае завяршэнне посткубізму. Праца не старэе, наадварот, яна глядзіцца нашмат цікавей і больш сучасна, чым тое, што цяпер у нас адбываецца ў скульптуры. Чаму, на тваю думку, цягам апошніх дзесяці год у беларускім мастацтве назіраецца застой?

— Мне здаецца, што застой не толькі ў Беларусі, але і на Захадзе. Напэўна, штосьці вось-вось павінна адбыцца, можа, з’явіцца наступнае пакаленне, якое зробіць новы крок. Усе ведаюць Джэфа Кунса ці Дэміена Хёрста, яны ствараюць проста вар’яцкае мастацтва і здзіўляюць публіку ўсім, чым толькі магчыма: дыяментамі, распілаванымі акуламі... Але мастакоў, якія робяць сапраўднае мастацтва, няшмат. Так ёсць і было.

Сёння праца з пластыкай адыходзіць на другі план, з’яўляюцца нейкія іншыя прыярытэты?

— Важныя ідэі. І сапраўды, ёсць мастакі, такія як Сол Ле Віт, якія з гадамі і ўласным досведам дайшлі да вельмі моцнага спасціжэння сучаснасці.

/i/content/pi/mast/39/670/31+.jpg

Насценны малюнак. Інсталяцыя. Галерэя «КІТ». Дзюсельдорф. 2008.

Пасля нашай Акадэміі ты вучылася за мяжой — спачатку ў Галандыі, потым у Дзюсельдорфе...

— У акадэмію ў Амстэрдаме прыехала са сваёй сяброўкай Вікай Мітрычэнка, яна таксама керамістка. Мы паказалі свае працы, і нас адразу, без пытанняў, прынялі. Тэхнічны ўзровень быў высокі: мы маглі і ганчарны круг круціць, і з гіпсам працаваць, з парцэлянай, іншымі матэрыяламі. Вучоба ў Мінску адыграла сваю ролю.

Што дало знаходжанне ў Галандыі?

— Я прывыкла, што падчас заняткаў даюцца нейкія заданні і ты іх выконваеш. А тут ты можаш рабіць усё, што жадаеш, да цябе прыходзіць мастак, які як прафесар працуе ў гэтай установе, і абмяркоўвае твае эскізы і праекты. Адзнак няма. Да канца навучання трэба зрабіць дыпломную работу.

Самы цікавы момант з гісторыі тваіх штудый: калі ты патрапіла ў Дзюсельдорф да вялікага мастака Даніэля Бюрэна...

— У яго класе я зрабіла дзве працы. Першая — універсальны акруглы трансформер. У мяне было пяць аднолькавых дэталяў, якія можна складаць, у прынцыпе, да бясконцасці, і ўвесь час атрымліваліся новыя і новыя варыянты.

Наступны праект зваўся «Аб’ёмная плоскасць». Асноўная ідэя — пераўтварэнне плоскага квадрата ў аб’ёмны куб і наадварот. У гэтай працы я адштурхоўвалася ад прасторы. Загадзя ведала, дзе буду паказваць праект, і для мяне было вельмі важна, каб праца «сядзела» ў інтэр’еры. Маючы памеры памяшкання, я ўзяла сярэднія памеры чалавека, пралічыла ў маім разуменні ідэальны памер аднаго элемента, які суадносіўся з чалавекам і інтэр’ерам. Сам элемент не вялікі і не маленькі, для чалавека такі, як трэба. Для мяне было істотна, каб просты глядач стаў удзельнікам праекта, таму пафарбавала працу ў чырвоны колер. Падлога і сцены ў гэтым памяшканні былі белыя, каб праца не здавалася цяжкай і з’яўлялася адчуванне, быццам яна крыху вісіць у прасторы. Ідэя атрымалася. Людзі рухалі, трансфармавалі, складалі і раскладвалі мой твор. Як і планавала — гэта быў сапраўдны, жывы перформанс.

Чым добрыя гэтыя акадэмічныя прагляды: яны прыцягваюць велізарную колькасць наведвальнікаў. У першы дзень прыходзяць прафесіяналы, крытыкі, галерэйшчыкі, а потым — хто жадае, і гэта сапраўды падзея — і для Акадэміі, і для горада. Прагляд становіцца культурным мерапрыемствам, таму што выстаўляюцца творчыя работы. Пры гэтым на студэнтаў глядзяць сур’ёзна і з павагай.

— Так, гэта вельмі важна. Прафесіяналы сочаць, як студэнт развіваецца, яны размаўляюць з ім, пытаюць пра ідэю праекта... Нашай Акадэміі было б карысна пераняць гэты досвед.

/i/content/pi/mast/39/670/31.jpg

Насценны малюнак. Інсталяцыя. Галерэя «КІТ». Дзюсельдорф. 2008.

Праз некалькі гадоў пасля заканчэння вучобы ты ўдзельнічала ў адной з выстаў галерэі «KIT», якая працуе пераважна з маладымі аўтарамі. Галерэя прадугледжвае наяўнасць актыўнага тэмпераменту ў мастака, таму што яе памеры вельмі вялікія — каля 100 метраў у даўжыню.

— Да ўдзелу былі запрошаны сем маладых скульптараў. Для мяне становішча скульптуры ў прасторы адыгрывае важную ролю, таму я ўлічвала памеры сцен, вышыню столі. Памяшканне было велізарнае, месца вельмі складанае — кут. Па словах куратара, які робіць тут выставы ўжо некалькі гадоў, за ўвесь час існавання галерэі ў гэтым месцы не змаглі размясціць ніводнага праекта. Мая праца звалася «Насценны малюнак».

Успомніла сваё графічнае дзяцінства?

— Часткова. Хоць гэта была выстава скульптуры. Але што рабіць? Пачынаеш працаваць з нуля. Я паставіла пытанне: як наогул мастак стварае новую працу, новую скульптуру? З чаго ўсё пачынаецца? З таго, што ён на аркушы паперы пачынае маляваць эскіз. Бярэ аловак і ставіць на паперы кропку. Калі кропка рухаецца — атрымліваецца лінія. Калі лінія рухаецца — атрымліваецца плоскасць. І калі плоскасць рухаецца — атрымліваецца аб’ём. Гэты эскіз паслужыў асноўнай ідэяй да стварэння праекта, які складаецца з пяці частак, што маюць свае назвы: «Кропка», «Лінія», «Рух», «Плоскасць» і «Аб’ём». Кожная зроблена з 64 модуляў — гэта скрынкі, якія злучаны паміж сабой шарнірамі. Кропка пераходзіць у лінію, лінія плаўна пераўтвараецца ў рух, рух у плоскасць...

Якога памеру гэтыя модулі?

— 46 на 46 сантыметраў, а ўся інсталяцыя 18 метраў у даўжыню і 4 — у вышыню. Я захавала модуль свайго чырвонага квадрата. Склаўшы пэўную колькасць фрагментаў, можна было атрымаць суцэльны паўнавартасны куб. Апошняя, пятая, частка гэтага аб’екта выходзіла ў аб’ём і колер, туды мог зайсці глядач, перасоўваць, рассоўваць, адкрываць і зачыняць квадраты. Амаль уся праца была пафарбавана чорным графітным пігментам — як стрыжань алоўка. Апошні элемент знутры быў каляровым. Колеры я выбірала па прынцыпе таго ж куба. У яго 6 бакоў, і кожны бок мае процілеглы. Кожны колер таксама мае процілеглы. Да прыкладу, цёплы — халодны, яркі — цьмяны, светлы — цёмны.

Ці ёсць у цябе пасля больш чым дзесяцігадовага знаходжання за мяжой пачуццё, што ты засталася беларускім мастаком? Калі б была магчымасць у Беларусі прэзентаваць тваё мастацтва...

— Я, безумоўна, беларускі мастак. Таму з задавальненнем прыехала б...