Джаз, дзяўчаты і Чыкага

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Хто і як адкрывае Амерыку?

/i/content/pi/mast/39/659/23.jpg

Леся Лют (Шугар), Дзмітрый Якубовіч (Джо).

Адна з апошніх па часе прэм’ер Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра — музычнае рэвю «Аднойчы ў Чыкага», створанае па матывах брадвейскіх мюзіклаў.

Агульнавядома, што ісціна нараджаецца як ерась, а памірае як забабоны. У 2003 годзе музыказнаўца Вольга Брылон апублікавала ў «Вячэрнім Мінску» досыць рэзкі артыкул, у якім даказвала, што музычны тэатр павінен звяртаць больш увагі на брадвейскія жанры. Да таго часу амерыканская спадчына ўжо ставілася на сцэне тэатра: «Хэло, Долі!» Джэры Германа (1992) і «Цалуй мяне, Кэт!» Кола Портэра (1998). Але найбольшыя спадзяванні і аўтар артыкула, і музычная грамадскасць звязвалі з першымі спробамі выпускнікоў «эксперыментальнага» курса Барыса Уторава, якія вучыліся ў Беларускай акадэміі мастацтваў (рэжысёр Настасся Грыненка, салісты Ілона Казакевіч, Кацярына Дзегцярова, Дзмітрый Якубовіч i Аляксей Грыненка).

Цікава, што вучні Уторава ажыццяўлялі свае творчыя пошукі на самых розных пляцоўках, але толькі не ў сябе «дома». Цягам апошняга дзесяцігоддзя імі былі паказаны мюзікл Рычарда i Роберта Шэрманаў «Мэры Попінс збірае сяброў» у малой зале Палаца Рэспублікі, «Папялушка» Рычарда Роджэрса ў канцэртнай зале «Мінск», рэвю «Прывітанне, Брадвей!» на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі (рэжысёр усіх пастановак — Настасся Грыненка). «Амерыканскія павевы» досыць доўга не былі запатрабаваныя ў Музычным тэатры. Калі сёлета, на пачатку года, там змянілася кіраўніцтва, нечакана высветлілася банальная ісціна: без амерыканскіх мюзіклаў, якія ставяцца па ўсім свеце і патрабуюць ад выканаўцаў высокай тэхнікі — спеўнай, танцавальнай, размоўнай, творчае жыццё тэатра будзе абмежаваным.

Чым жа адметны мюзікл? Для яго характэрныя вострыя драматычныя калізіі, вялікая дынамічнасць дзеяння, разнастайнасць музычна-песенных форм. Даследчыкі лічаць, што вытокі мюзікла — у такіх жанрах, як рэвю, мюзік-хол, шоу, мінстэл-шоу, а сам ён з’яўляецца адной з разнавіднасцей рок-оперы. Мюзікл — вядучы камерцыйны накірунак на лонданскіх і нью-ёркскіх сцэнах і моцна ўплывае на развіццё сусветнай забаўляльнай культуры. Да найбольш папулярных твораў гэтай плыні належаць два мюзіклы Эндру Лойда Уэбера — «Cats» («Коткі») і «Phantom of the Opera» («Фантом оперы»). Лонданская прэм’ера першага адбылася амаль 30 гадоў таму, першы паказ другога — больш за 20 гадоў таму. З таго часу яны не сыходзяць з вядучых сцэн свету.

Але вернемся ў Мінск. Сусанна Цырук, аўтар лібрэта і рэжысёр-пастаноўшчык «Аднойчы ў Чыкага», выкарыстала ў рэвю сюжэт знакамітай камедыі «У джазе толькі дзяўчаты» (1959). У Чыкага часоў Вялікай дэпрэсіі саксафаніст Джо (Дзмітрый Якубовіч) і кантрабасіст Джэры (Дзяніс Мальцэвіч) становяцца сведкамі злачынства, здзейсненага мафіяй. Каб выратаваць уласныя жыцці, яны ўладкоўваюцца ў джазавы аркестр Світ Сью (Святлана Мацыеўская). Але паколькі калектыў жаночы, сябры пераапранаюцца (Джо становіцца Джазэфінай, Джэры — Дафнай) і накіроўваюцца далей ад гангстараў у сонечнае Маямі. Там, акрамя камічных сітуацый, Джэры чакае празмерная ўвага з боку мільянера Осгуда Філдынга (Ігар Бычкоў), а Джо — каханне да салісткі Шугар Кейн (Настасся Цялежнікава-Шапо, Леся Лют).

Да гэтага сюжэта Сусанна Цырук звяртаецца не ўпершыню. У сезоне 2003/2004 яе спектакль пад назвай «У джазе толькі дзяўчаты», пастаўлены ў Новасібірску, нават атрымаў расійскую «Залатую маску». Прычым у тым спектаклі прымалі ўдзел саліст нашага тэатра Дзяніс Нямцоў і балетмайстар Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч. Але мінская прэм’ера не стала механічным пераносам. Рэжысёр перапісала асобныя дыялогі, дадала некаторыя музычныя нумары, ды і выканаўцы вядучых партый былі, натуральна, зусім іншыя. Зрэшты, такі падыход не выклікае здзіўлення. Цырук пачынала сваю дзейнасць менавіта ў Беларусі і паставіла тут шэраг цікавых спектакляў («Травіята» дагэтуль ідзе ў Тэатры оперы і балета). Больш за дзесяць гадоў таму Валерый Гергіеў запрасіў Сусанну ў Марыінскі тэатр, і з таго часу рэжысёр існуе ў еўрапейскай сістэме каардынат.

Думаецца, менавіта гэты перыяд і сфарміраваў творчы почырк і асаблівасці працы Цырук. Заходнія рэжысёры не абавязаны заставацца з пэўнай трупай, яны ставяць па ўсім свеце, прычым кантракты заключаюцца на некалькі гадоў наперад. З аднаго боку, гэта стымулюе пастаноўшчыкаў адказна ставіцца да прафесіі, не расцягваць да бясконцасці ўласныя пошукі. З другога — такі падыход і жорсткі графік далёка не заўсёды спрыяюць творчым адкрыццям. Бо прымушаюць адшліфоўваць да бляску гатовы ці часткова падрыхтаваны прадукт, а не займацца вырабам нечага абсалютна новага.

Яшчэ да прэм’еры Сусанна Цырук прызнавалася, што якасць спектакля яна ацэньвае па прынцыпе «цікава — нецікава». Калі падыходзіць да «Аднойчы ў Чыкага» менавіта так, спектакль сапраўды трымае глядацкую ўвагу. Паміж музычнымі фрагментамі рэвю нельга знайсці прыкметных швоў, якія заміналі б прагляду (дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў). Дыялогі змяняліся музычнымі нумарамі, прычым ніводны з іх не выглядае як устаўны, дывертысментны. Цырук прадэманстравала высокі ўзровень прафесіяналізму.

Адмысловай і канструктыўна-зручнай аказалася і сцэнаграфія Таццяны Каралёвай (шкада, праўда, што яна чамусьці вельмі нагадвала вырашэнне Людмілай Ганчаровай новасібірскага спектакля). Канструкцыя, размешчаная на сцэне, пераўтваралася то ў памяшканне майстэрні, то ў будынак вакзала, то ў палубу яхты. Калі ў мюзікле добра рухаюцца танцоўшчыкі (балетмайстар-пастаноўшчык Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч), гэта зразумела, але такім жа пластычным аказаўся і хор (хормайстар-пастаноўшчык Святлана Пятрова), які рухаўся адпаведна дынаміцы, зададзенай рэжысёрам.

Акцёрскія працы пакінулі супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, у канкрэтна ўзятым спектаклі яны выглядалі выразна. У мужчынска-жаночых партыях напоўніцу выявіў уласныя таленты камедыйны дуэт Дзмітрыя Якубовіча і Дзяніса Мальцэвіча. Асабліва хочацца адзначыць першага. Колькі ў яго творчай біяграфіі можна налічыць «прынцаў» і рамантычных герояў! Здавалася б, штампы непазбежныя... Але і цяпер сцэны з удзелам саліста ўспрымаліся як кранальныя і шчырыя. З другога боку, некаторыя выканаўцы папросту капіравалі сябе ранейшых. Напрыклад, катэгарычная і рашучая з выгляду Світ Сью нагадвала харызматычна-адмоўных гераінь, якіх Святлана Мацыеўская спявала ў мюзіклах Настассі Грыненка.

Спектакль мае шмат станоўчых якасцей, але заслугоўвае і шэрагу крытычных заўваг. Рэвю, заснаванае на мюзікле «У джазе толькі дзяўчаты», чамусьці атрымала назву «Аднойчы ў Чыкага». Прычым дзеянне ў пазначаным горадзе адбываецца толькі ў першых сцэнах, а потым перамяшчаецца ў Маямі. Складваецца ўражанне, што пастановачная група спадзявалася такім чынам прывабіць публіку, якая, магчыма, і не заўважыць розніцы паміж гэтым спектаклем і знакамітым мюзіклам «Чыкага». Не зусім удала пабудавана сцэна, у якой гангстары незнарок забіваюць адзін аднаго. Па сюжэце яны ўрываюцца ўслед за дзяўчатамі ў жаночую прыбіральню, дзе чуюцца стрэлы. Палова гангстараў на чале з важаком Спатсам Палаца (Аляксандр Крукоўскі) забіты. Але куды падзеліся патэнцыйныя ахвяры? Няўжо ў памяшкання два ўваходы? Недарэчным, на маю думку, успрымаецца ўстаўны эпізод з медсястрой і старым у інваліднай калясцы.

У тым выпадку, калі музычны тэатр пэўнай краіны некаторы час існаваў адасоблена ад агульнаеўрапейскіх або амерыканскіх музычных традыцый, ён вымушаны праходзіць шлях паўтарэння і засваення дасягненняў сусветнай музыкі. Толькі тады ён можа зрабіцца паўнавартасным. Пастаноўка «Аднойчы ў Чыкага» далучае беларускага гледача да лепшых прыкладаў сусветнага мюзікла, а нашай публіцы ён амаль незнаёмы.

Дзяніс Марціновіч