2010: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Кінамастацтва

«Лістапад», «Magnificat», «Кінагрань»...

/i/content/pi/mast/39/656/16.jpg

«Масакра». Рэжысёр Андрэй Кудзіненка. Марыя Курдзяневіч (Ганна).

Багатым на кінападзеі аказаўся 2010 год. Некаторыя з іх нараджаюць спадзяванні на лепшую будучыню айчыннага кінематографа.

Найбольш значнай з’явай, на мой погляд, стала адкрыццё кінафакультэта ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Для гэтага былі вельмі моцныя падставы: у Акадэміі ўжо існавалі дзве кафедры — рэжысуры кінатэлемастацтва і аператарскага мастацтва. Цяпер да іх далучылася трэцяя, якой неставала, — кафедра гісторыі і тэорыі экраннага мастацтва і менеджменту. Тут будуць рыхтаваць патрэбных для кінавытворчасці спецыялістаў — прадзюсараў, рэдактараў, кінатэлезнаўцаў. Нягледзячы на скепсіс некаторых дзеячаў, адкрыццё факультэта стварае грунт для з’яўлення новай генерацыі кінематаграфістаў.

Галоўнае для кінамастацтва — самі фільмы. Вылучаюцца тры стужкі, якія сёлета выйшлі ў шырокі пракат: «Ваўкі», «Дасціш фантасціш» і «Масакра». Апошняя стала сапраўднай сацыяльна-культурнай з’явай. Можна спрачацца пра мастацкія якасці стужкі, але існуюць моцная глядацкая зацікаўленасць, вялікая колькасць водгукаў у інтэрнэце і яскравы слоган — «бульба-хорар». У фільме прысутнічае бясспрэчная «беларускасць» — у самім сюжэце, у саламянай фактуры, у інтэр’еры старадаўняга палаца, што знаходзіцца ў пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна. Але ёсць перанасычанасць алюзіямі на розныя творы мастацтва — Гогаля і Баршчэўскага, Рубінчыка і Арджэнта. Зашыфраванасць мастацкіх кодаў часам прыводзіць да сэнсавай недакладнасці. Мабыць, толькі выразная музыка Алега Хадоскі надае фіналу прасветленае пачуццё.

Фільм «Ваўкі» Аляксандра Колбышава падаецца больш цэласным па кампазіцыі і дакладным па аўтарскай пазіцыі. Стужка накіравана супраць страху, агульнага, фізіялагічнага, яна — за міласэрнасць і справядлівы маральны выбар. Што тычыцца «Дасціш фантасціш» Аляксандра Канановіча, то карціну лёгка крытыкаваць, ёй бракуе шмат чаго — якаснай драматургіі, мастацкага густу, візуальнай культуры. Але не варта выплюхваць дзіцё разам з вадой. Быць камедыёграфам — справа няпростая. У Канановіча гэта атрымлівалася ў межах «кароткага метра», у дыпломнай рабоце «Колер кахання». Цяпер маладому аўтару застаецца толькі крочыць па шляху актыўнага прафесійнага развіцця. Наогул тры знакавыя стужкі года даюць падставу для сур’ёзнай размовы пра рэжысуру — прычым не толькі як светапоглядную катэгорыю, але і рамяство.

Кінафэсты 2010-га прынеслі новыя павевы, новыя ідэі. Змяніўся фармат Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад»: ён стаў у большай ступені скіраваным менавіта на кіно, зменшыліся маштабы мерапрыемстваў. Але камернасць не тоесная дробнасці задум. Упершыню ў праграму быў уключаны конкурс маладога ігравога і неігравога кіно, было шмат пазаконкурсных праграм. Галоўным стала прафесійнае журы. Акрамя яго, планавался праца журы кінакрытыкаў, своеасаблівага беларускага FIPRESCI. На жаль, кінапрэсе так і не давялося ўручыць свае прызы грузінскай ігравой карціне «Прагульшчыкі» і беларускай дакументальнай стужцы «Днюка». Аб прызах айчыннай кінапрэсы, мабыць, проста забылі арганізатары. Глядацкага журы цяпер няма, хоць, на мой погляд, яно было «разыначкай» нашага фестывалю фестываляў. Наогул конкурсная і пазаконкурсная праграмы вылучаліся высокім мастацкім узроўнем, аўтарскім светапоглядам. Але кідалася ў вочы і дамінаванне «чарнухі», што яскрава прадэманстравала стужка «Шчасце маё» Сяргея Лазніцы, якая атрымала Гран-пры форуму.

Унутры «Лістапада» хапала падзей. Сярод іх — візіт славутага рэжысёра Эміра Кустурыцы. Яго майстар-клас у БДАМ выклікаў неверагодны інтарэс кінематаграфічнай суполкі. Кустурыца не толькі творца надзвычайнага ўзроўню, але і харызматычная, моцная асоба. Яго выказванні — афарыстычныя і ёмістыя, філасафічныя і гумарыстычныя. Трэба было бачыць захопленыя вочы студэнтаў, якія задавалі пытанні любімаму майстру.

У рамках «Лістапада» прайшлі дзве нацыянальныя прэм’еры дакументальных фільмаў «Андрэй» Віктара Аслюка і «Манашка» Галіны Адамовіч. Гэтыя стужкі прымушаюць думаць, вабяць кінамовай, захопліваюць незвычайнасцю героеў. Асабліва ўразіў мяне музычна-пластычны аповед пра няпросты шлях да Бога харавога дырыжора Ірыны Дзянісавай.

Моцная праграма неігравога кіно сапраўды ўпрыгожыла агульную кінапанараму. Яе галоўны пафас — светлы, спагадлівы погляд на чалавека, на сусвет. Сапраўдны шэдэўр дакументальнага кіно — нямецка-швейцарскі фільм «Жанчына з пяццю сланамі». «Сланамі» гераіня фільма Святлана Гаер, вядомая ў Германіі перакладчыца, называе пяць раманаў Дастаеўскага, якія яна перастварыла на нямецкай мове. Спачуваннем да чалавека прасякнуты і іншыя фільмы неігравой праграмы — армянскі «Апошні канатаходзец Арменіі», расійскі «Глыбінка 35 45», латвійскі «Гукі пад сонцам».

Што тычыцца VII Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў у Брэсце, які не ладзіўся на працягу трох гадоў, то, акрамя Гран-пры стужцы «Ваўкі», ён прынёс новую для айчыннай кінакультуры акцыю — паказ расійска-беларускага фільма «Брэсцкая крэпасць» у самой крэпасці, роўна ў чатыры гадзіны раніцы. Вось яны, новыя формы прамоўшна! Журы ў чарговы раз адзначыла высокі патэнцыял нашага дакументальнага і анімацыйнага кіно. Заслужаны поспех меў анімацыйны цыкл «Аповесць мінулых гадоў». Наогул рэкордная колькасць беларускіх стужак — 8 ігравых, 10 дакументальных і 12 анімацыйных — дае падставу разлічваць на пераход колькасці ў якасць.

ХIII Міжнародны фестываль анімацыйнага кіно «Анімаёўка», які праходзіў у Магілёве, значна пашырыў геаграфію краін-удзельніц. Упершыню ў фестывальных праграмах з’явіліся работы рэжысёраў з Венгрыі, Чэхіі, Башкірыі. Беларуская анімацыя не паказала навацый, але атрымала чаканыя ўзнагароды. Прыз «Крыштальны аловак» за лепшае выяўленчае вырашэнне ў фільме «Папяровыя ўзоры» атрымаў Міхаіл Тумеля. «Крыштальны аловак» у намінацыі «Майстру» ўручаны рэжысёру Ірыне Кадзюковай.

Узмацняецца аўтарытэт Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлеперадач «Magnificat», акрэсліваецца яго месца ў айчыннай культурнай кінапрасторы. Адметнасцю апошняга, 6-га, фестывалю стала моцная праграма праваслаўнага кінематографа. Між тым у конкурсе былі прадстаўлены ўсе хрысціянскія канфесіі. Галоўны прыз атрымала цікавая італьянская стужка «Дзённік горнага святара» рэжысёра Стэфана Саверыёні. Святар служыць у горным паселішчы і захапляецца фотамастацтвам, дзе працуе ў авангарднай стылістыцы. Кантраст натуральнага жыцця і сімвалічнай мовы фатаграфій надае асаблівую аб’ёмнасць вобразу незвычайнага чалавека. На фестывалі сур’ёзна заявіла пра сябе Студыя ў імя Св. Іаана Воіна пры Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску. Фільмы «Галоўная роля» Анатоля Любецкага і «Лямпа не гасне» Максіма Міхальцова паказалі высокую ступень шчырасці герояў перад камерай, паднялі праблемы наркаманіі і СНІДу без смакавання так званай «чарнухі», у іх ёсць спроба вобразнага асэнсавання «жорсткага» жыццёвага матэрыялу.

Цікавыя работы маладых аўтараў былі прадстаўлены на IV Мінскім адкрытым фестывалі студэнцкага кіно і відэа «Кінагрань». Сярод іх — дакументальныя стужкі, аматарскія ролікі, фільмы, знятыя камерай мабільнага тэлефона. Большасць прызоў атрымалі студэнты Акадэміі мастацтваў, але з ёй спрачаліся і іншыя ВНУ. Паказальна, што прыз за рэжысуру не прысудзілі, і гэта нагода для разважанняў.

Кінематаграфічная восень, як звычайна, аказалася багатай на падзеі. У верасні адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з дзеячамі кіно, падчас якой узнімаліся праблемы творчыя і вытворчыя. Выступалі крытыкі, рэжысёры, прадзюсары, сцэнарысты. Гучалі думкі рознага маштабу і мэтанакіраванасці. Маладыя кінематаграфісты скардзіліся на нястачу грошай і плёнкі. Прадзюсары выступалі за прадзюсарскае кіно, генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» — за дзяржаўнае, а міністр культуры прапанаваў стратэгічны план дзеяння кінагаліны.

У сярэдзіне лістапада адбыўся чарговы з’езд Беларускага саюза кінематаграфістаў. Баяліся, што не будзе кворуму, але страхі не апраўдаліся. У той жа час з 311 сяброў саюза на форуме прысутнічалі толькі 166. І гэта паказчык стаўлення дзеячаў кіно да свайго аб’яднання, якое некалі было «ўладаром дум», цэнтрам творчых дыскусій і дзяльбы матэрыяльных бонусаў. На з’ездзе востра прагучалі меркаванні пра раз’яднанасць кінематаграфістаў. Найбольш прадуктыўнай была прапанова вылучыць творчыя саюзы з шэрагу грамадскіх аб’яднанняў і даць ім адпаведныя прэферэнцыі, у тым ліку магчымасць камерцыйнай дзейнасці.

Разнастайным быў ён, апошні кінагод. І, на шчасце, не толькі чорна-белым. Думаецца, што на нашых вачах ствараецца той культурны кантэкст, у якім выспяваюць новыя сілы беларускага кіно.

Антаніна Карпілава

акцэнты

Драма, трылер і... рэтраспектыва

Галоўнай кінападзеяй 2010 года лічу выхад на экран драмы «Ваўкі» Аляксандра Колбышава. На мой погляд, гэта этапная з’ява ў гісторыі беларускага кінематографа, сапраўдны прарыў да таго ўзроўню праўды ў экранным прадстаўленні і асэнсаванні нашага мінулага і сучаснасці, без якога не магчымы ні сапраўдныя творы кінамастацтва, ні вяртанне ўвагі і павагі да беларускіх фільмаў з боку як шырокай глядацкай грамадскасці, так і адборшчыкаў аўтарытэтных міжнародных кінафестываляў (МКФ). Шкада толькі, што пры ўсіх сваіх вартасцях «Ваўкі» спазніліся на 15—20 гадоў. Верагодна, гэта тая дыстанцыя, на якую свядомасць арганізатараў нашай кінавытворчасці адстае ад патрэб часу і агульнасусветнай практыкі. Ускосным пацвярджэннем такога адставання з’яўляецца прыкрае, але зразумелае неўключэнне «Ваўкоў» у праграмы шэрагу прэстыжных МКФ: такі ўзровень праўды пра вайну там даўно пройдзены.

Безумоўна, заслугоўвае пільнай увагі містычны трылер Андрэя Кудзіненкі «Масакра». Адмысловую мастацкую канструкцыю (сінтэз жанравага кіно з гістарычнымі алюзіямі), якую аўтары не без гумару назвалі «бульба-хорар», асабіста я ўспрыняў як спробу праз відовішчную форму, уласцівыя трылеру кідкія візуальныя кінавобразы выказаць 400-гадовыя крыўды беларускага народа, як сведчанне пакутлівых і шмат у чым яшчэ небездакорных пошукаў той самабытнасці, якая павінна вызначаць прадукцыю Нацыянальнай кінастудыі.

Нельга не адзначыць і паказаныя ў межах «Лістапада-2010» дакументальныя стужкі «Лямпа не гасне» Максіма Міхальцова і «Днюка» Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі, якія істотна карэктуюць уяўленні пра наша рэальнае быццё. Гэтыя творы — яркае падцвярджэнне прагнозу беларускіх кіназнаўцаў аб тым, што прагрэс у беларускім кіно ў значнай ступені будзе звязаны з праявамі незаангажаванай творчай энергіі так званых «незалежных» (прыватных) кінавідэастудый.

Што датычыць дзейнасці Музея гісторыі беларускага кіно, кіраўніком якога я з’яўляюся, то сярод разнастайных пазнавальных рэтраспектыў — іх колькасць, дарэчы, павялічылася ў параўнанні з мінулым годам з 18 да 27 — вылучу дзве: «Кіно — справа ювелірная» (да 70-годдзя кінарэжысёра Валерыя Рубінчыка) і «Уладзімір Караткевіч — на экране» (да 80-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры). Звычайна такія рэтраспектывы мы спалучаем з тэматычнымі выставамі (эскізаў, плакатаў, фотаздымкаў рабочых момантаў і г.д.), у час падрыхтоўкі якіх фонды музея папаўняюцца ўнікальнымі рарытэтамі. Летась па запрашэнні Музея з трохдзённым (на жаль, апошнім) візітам Мінск наведаў класік дзіцячага кіно Леанід Нячаеў, які падарыў нам шэраг каштоўных экспанатаў. Сёлета мы забяспечылі дастаўку з Канады 21 эскіза касцюмаў персанажаў фільма «Дзікае паляванне караля Стаха», аўтар якіх — мабыць лепшы за ўсю гісторыю кінастудыі «Беларусьфільм» мастак па касцюмах Эла Сямёнава.

Ігар Аўдзееў

 

Хто на п’едэстале?

Аднойчы мой калега, доктар мастацтвазнаўства Анатоль Красінскі, упікаў нас, кінакрытыкаў: маўляў, перахвальваеце дакументалістаў, уздымаеце на п’едэстал тое, што павінна займаць адпаведнае заслугам месца. І ён меў рацыю. Стомленыя ад пасрэднага або дрэннага мастацкага кіно, мы падсвядома зніжалі планку для неігравых фільмаў, бо там жанр рухаўся і развіваўся дзякуючы дваім-траім творцам.

У гэтым годзе «выбухнула» «Брэсцкая крэпасць» — сумесны праект Расіі і Беларусі (рэжысёр — расіянін Аляксандр Кот). Па фестывалях падарожнічалі «Ваўкі» Аляксандра Колбышава, а ў Брэсце і Бярдзянску (Украіна) рэжысёра адзначылі Гран-пры.

У Анапе на вераснёўскім «Кінашоку», Адкрытым фестывалі краін СНД, Латвіі, Літвы, Эстоніі, арганізатары ўпершыню прадставілі мастацкія і анімацыйныя стужкі, зробленыя на нашай кінастудыі ў 2009-м і 2010 гадах. Для анапскіх гледачоў на плошчы дэманстравалі камедыю Аляксандра Канановіча «Дасціш фантасціш». У конкурс «ТВ-шок» увайшла тэлестужка «Трамвай у Парыж» Дзмітрыя Лося. «Ваўкі» былі прадстаўлены ў спецыяльнай праграме. У асноўны конкурс уключылі «Масакру» Андрэя Кудзіненкі. Такім чынам, на «Беларусьфільме» нешта зрушылася: нас заўважылі.

Здаецца, можна апладзіраваць, што і робяць некаторыя мае калегі і журналісты, не кажучы ўжо пра кінаадміністратараў. Уздымаюць на той самы п’едэстал, пра які казаў калега. Аднак калі нашы фільмы на фестывалях трапляюць у кантэкст насамрэч дасканалых аўтарскіх карцін, дык становяцца бачныя іх мастацкія недахопы і хібы драматургіі і рэжысуры. Хтосьці з кінематаграфістаў сказаў, што зрабіць стужку на «Беларусьфільме» — гэта подзвіг. Веру. Многае страчана за апошнія дзесяцігоддзі і мала што набыта. Абставіны такія: няма за кім ісці ўслед, няма спрыяльнай атмасферы і канкурэнтнага асяроддзя, якія даюць творцу стымул.

Падзея 2010 года — фільм Генадзя Палокі «Вока за вока» (сумесная вытворчасць Беларусі і Расіі). Маю пазіцыю наконт гэтага фільма амаль ніхто не падтрымлівае, але я бачу твор, зроблены па законах мастацтва. Генадзь Палока вельмі смела «прэпараваў» аповесць Барыса Лаўранёва «Сёмы спадарожнік», у якой адлюстраваны пачатак чырвонага тэрору ў 1918 годзе. Рэжысёр стварыў фільм-калаж ва ўмоўна-рэалістычным стылі пра трагедыю ў найвышэйшай ступені прыстойнага чалавека, што трапіў пад колы рэвалюцыі. Яўген Паўлавіч Адамаў, генерал-маёр, прафесар Ваенна-юрыдычнай акадэміі, не змог прыняць ні «чырвоную», ні белагвардзейскую жорсткасць, бо лічыў: усё ў жыцці трэба рабіць па законах справядлівасці. Цудоўна сыграны галоўныя персанажы (ролю Адамава выконвае калужскі акцёр Міхаіл Пахоменка, ролю каменданта — Уладзімір Гасцюхін). У фільме відавочная думка пра тое, што два сумленныя чалавекі маглі б знайсці агульную мову, каб іх не развялі па розныя бакі барыкады рэвалюцыйныя катаклізмы. Лічу, што праблема ўзаемаразумення — адна з галоўных праблем нашага часу. Што, дарэчы, пацвердзілі высокамастацкія стужкі Захаду і Усходу на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад-2010».

Ала Бабкова

 

Трапіць у кантэкст

Самыя яркія асабістыя кінаўражанні мінулага года — гэта, перш за ўсё, здабыткі айчынных дакументалістаў. Маю на ўвазе дзве нацыянальныя прэм’еры — фільмы «Андрэй» Віктара Аслюка і «Манашка» Галіны Адамовіч. У гэтых рэжысёраў своеасаблівы і адказны погляд на свет і чалавека ў ім. На маю думку, самай моцнай падзеяй мінулага ММКФ «Лістапад» была менавіта дакументальная праграма сусветнага кіно, у якой вельмі арганічна ўспрымаліся творы беларускіх кінематаграфістаў.

Не магу не згадаць фільм «Брэсцкая крэпасць» (расійска-беларускі праект), які дэманстраваўся ў Брэсце ў межах Нацыянальнага кінафестывалю роўна ў 4 гадзіны раніцы, што само па сабе зрабілася адметнай культурнай акцыяй. Фільм «Масакра» рэжысёра Андрэя Кудзіненкі — адна з першых спробаў разбурыць жанравыя традыцыі ў беларускім кіно і трапіць у постмадэрнісцкі кантэкст экраннай культуры.

Яшчэ адна надзвычай важкая падзея. Сёлета ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрыўся факультэт экранных мастацтваў, а на ім узнікла новая кафедра гісторыі і тэорыі экраннага мастацтва і менеджменту, якую мне даручылі ўзначальваць. Гэтую адказную працу ўспрымаю як магчымасць аддаць даніну павагі сваім настаўнікам і прадоўжыць традыцыі, закладзеныя імі. У першую чаргу — прафесарам Вольгай Фёдараўнай Нячай, разам з ёй мы ў 2005 годзе набралі першы ў БДАМ курс кінатэлезнаўцаў. Цяпер яны працуюць на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Беларускім тэлебачанні, у Музеі гісторыі беларускага кіно. У 2010 годзе адбыўся (таксама ўпершыню) набор па спецыяльнасці «кінатэлезнаўства, арганізацыя кінатэлевытворчасці». У выніку факультэт экранных мастацтваў у нечым нагадвае структуру, аналагічную славутаму расійскаму ВГІКу, дзе вучыліся і праз гэта адбыліся як творцы многія вядомыя майстры беларускага кіно.

 Вольга Мядзведзева