2010: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Музычны тэатр

Будзем музычнай сталіцай Еўропы?

/i/content/pi/mast/39/655/11.jpg

«Мефіста» Уладзіміра Кандрусевіча. Сцэна са спектакля.

Напрыканцы снежня, у рамантычны час чакання Новага года прынята падводзіць вынікі. Пра іх задумваюцца кожны творчы чалавек, мастацкі калектыў, цэлая дзяржава. Чым было адметнае наша музычнае жыццё на працягу 2010 года? Якімі падзеямі, прэм’ерамі, фестывалямі запомнілася? Хто быў галоўным героем? Пра гэта і хацелася б паразважаць.

Фестывалі, фестывалі…

Менавіта іх трэба, на маю думку, лічыць самымі значнымі дасягненнямі года. Спачатку былі прэзентаваныя «Вечары беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў» (мастацкія кіраўнікі Вячаслаў Воліч і Віктар Скорабагатаў). У сваю праграму праект уключыў оперу «Чужое багацце нікому не служыць», напісаную некалі менавіта ў Нясвіжы і ўпершыню тут прадстаўленую, балет «Шапэніяна», гала-канцэрт з удзелам аркестра і лепшых салістаў і канцэрты камернай музыкі.

Паказаныя на пачатку ліпеня «Вечары...» выклікалі велізарны рэзананс. Кожная жывая мастацкая ідэя каштоўная тым, што можа развівацца. Наступным годам арганізатары абяцаюць паказаць у натуральных, прыродных дэкарацыях оперу Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» (адкрыю невялікі сакрэт: у прадстаўленні прымуць удзел сапраўдныя коні) і балет «Трыстан і Ізольда», дзеянне якога таксама адбываецца ў інтэр’ерах старадаўніх палацаў. Плануецца зрабіць нясвіжскі фестываль больш працяглым па часе — з мая па верасень — і запрашаць на яго славутых выканаўцаў з іншых краін.

Яшчэ больш магутная, грандыёзная акцыя чакала меламанаў у снежні — гэта быў Першы Мінскі міжнародны калядны оперны форум. У ягонай праграме — пяць спектакляў і гала-канцэрт. Так, з гэтых пяці — пакуль што тры з нашага рэпертуару («Набука», «Кармэн», «Тоска»). Але ўдзельнічала ў іх шмат замежных знакамітых дырыжораў і вакалістаў-зорак — з Іспаніі, Сербіі, Літвы, Расіі, Азербайджана. Убачылі мы і два спектаклі гасцей — «Травіяту» Латвійскай оперы і «Севільскага цырульніка» маскоўскага тэатра «Новая опера» імя Яўгена Колабава. Чакаецца, што падчас наступных форумаў выбар спектакляў, прадстаўленых гасцямі, будзе большым. Бо тэатр падпісаў мемарандумы пра супрацоўніцтва з многімі калектывамі СНД, а таксама еўрапейскімі трупамі. Правядзенне фестывалю не вымагала вялікіх бюджэтных выдаткаў, фінансавыя пытанні Оперны вырашыў праз павышэнне кошту квіткоў і спонсарскую дапамогу.

Пра ролю асобы ў гісторыі

Агульнавядома, што тэатр — справа калектыўная і мастацкі вынік залежыць ад намаганняў многіх. Але тыя змены, якія на працягу апошняга года зведаў Беларускі акадэмічны музычны тэатр, пацвярджаюць ролю асобы ў вызначэнні накірунку пошукаў. У калектыве змянілася кіраўніцтва: з’явіўся новы дырэктар, вопытны менеджар Аляксандр Пятровіч; мастацкім кіраўніком прызначаны Адам Мурзіч, аўтарытэтны вакальны педагог; на пачатку восені галоўным балетмайстрам стаў вядомы харэограф Уладзімір Іваноў.

Уражанне, што нечакана адкрыліся шлюзы, пасля доўгай зімы прыйшла вясна, а трупа перажывае перыяд творчага аднаўлення! Па-першае, з афішы зніклі маральна састарэлыя, не вартыя акадэмічнай сцэны спектаклі. Раптам высветлілася, што з тэатрам імкнуцца супрацоўнічаць вядомыя дырыжоры, рэжысёры, спевакі. Свежы прыклад — цыкл канцэртаў «Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым».

З’явіліся праграмы, складзеныя з айчыннай музыкі, цыкл «Музычны калейдаскоп», спектакль «Споведзь жанчыны», асновай якога зрабіўся жанр раманса. Для пастаноўкі мюзікла «Аднойчы ў Чыкага» тэатр запрасіў Сусанну Цырук, вопытнага рэжысёра, які мае досвед супрацоўніцтва з Марыінскім тэатрам. Прайшлі кастынгі выканаўцаў будучага мюзікла «Блакітная камея» вядомага расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга.

Так што Беларускі музычны тэатр не толькі досыць хутка рэабілітаваў сябе ў вачах грамадскасці (хоць я пераканана, што наступнікі за папярэднікаў не адказваюць!), але і паступова пачынае сур’ёзна канкурыраваць з Тэатрам оперы і балета. Карацей кажучы, робіцца не «аперэткай», не «музкамедыяй», а менавіта «акадэмічным музычным тэатрам» (апошні тэрмін прадугледжвае разнастайнасць жанраў, стыляў, накірункаў).

Прэм’ера як вынік і адлюстраванне

Нагадаем пра самыя значныя музычныя прэм’еры года. Сярод іх першае месца, бясспрэчна, зойме опера «Набука» Вердзі, увасобленая новым галоўным рэжысёрам Тэатра оперы і балета Міхаілам Панджавідзэ. Бадай, гэта самая маштабная прэм’ера 2010-га. Поспех шмат у чым тлумачыцца выкарыстаннем найноўшых тэхналогій, дзівоснай свабодай прасторавых вырашэнняў і тым, што рэжысёр здолеў віртуозна прэзентаваць публіцы і тэатру тэхнічныя магчымасці новай сцэны. Умоўна кажучы, «адкапаў» і прымусіў працаваць схаванае пад сцэнай унікальнае абсталяванне коштам 16 мільёнаў еўра. «Набука», на маю думку, найбольш магутная і відовішчная пастаноўка мінулага сезона (і не толькі ў оперы). «Тоска», таксама пастаўленая Панджавідзэ, выклікае больш пытанняў.

Нацыянальны балет у 2010 годзе захапіўся аднаактовымі спектаклямі («Шапэніяна», «Трыстан і Ізольда»). Камерныя па сваёй сутнасці, яны прайграюць па маштабнасці і вастрыні ідэй таму ж балету «Мефіста» (музыка Уладзіміра Кандрусевіча, харэаграфія Уладзіміра Іванова), паказанаму Беларускім акадэмічным музычным тэатрам. «Мефіста» выглядае найбольш значнай харэаграфічнай прэм’ерай года. А мо, і не аднаго...

Дарэчы, калі часопіс падводзіў вынікі 2008 года, да ліку самых цікавых належалі праекты, прэзентаваныя ў філармоніі: «Вяселейка» Ларысы Сімаковіч і «Тоска», увасобленая аркестрам Аляксандра Анісімава. Цяпер Тэатр оперы і балета адрамантаваны, новы кірунак пошукаў абраў Беларускі музычны тэатр, і таму цэнтр глядацкай цікавасці перамясціўся.

Але вялікая і малая залы філармоніі аказаліся надзвычай запатрабаванымі падчас канцэртаў, што ладзіліся ў лістападзе ў межах ХV з’езда Саюза беларускіх кампазітараў. Яны прадставілі шмат прэм’ер, сачыненняў менавіта апошніх гадоў, а ў рэшце рэшт — шырокую панараму айчыннай музыкі: ад сімфанічнай да харавой, ад камерна-вакальнай — да інструментальнай. Асабліва вылучаліся прэм’еры буйных твораў айчынных аўтараў, яны сведчылі (і «Апошні Інка» Сяргея Картэса, і «Кароль Лір» Сяргея Бельцюкова, і паказаная раней «Клеапатра» Вячаслава Кузняцова) пра бясспрэчную цікавасць да харэаграфічнага жанру. І запаветную мару кожнага кампазітара, каб яго партытура была ўвасоблена на акадэмічнай музычнай сцэне.

Нашы — за мяжой і «замежнікі» — у нас

Пра гастрольныя вандроўкі айчынных калектываў беларуская прэса пісала шмат. Летам 2010 года наша акадэмічная балетная трупа выступала ў Італіі, дзе прэзентавала «Спартак» і «Жызэль». У верасні ў Арабскіх Эміратах прадстаўляла балет «Рамэа і Джульета», а ў кастрычніку выправілася за акіян, дзе ў экзатычнай Мексіцы паказвала спектакль «Дон-Кіхот».

Упэўнена будуюць сваю міжнародную кар’еру самыя яркія салісты беларускай оперы. Аксана Волкава, маючы вопыт Школы маладых спевакоў пры маскоўскім Вялікім тэатры, паспела выступіць разам з яго трупай на праслаўленых сцэнах — «Ковэнт-Гардэна» ў Лондане і тэатра «Рэал» у Мадрыдзе. У оперы «Яўгеній Анегін» (знакамітая пастаноўка Дзмітрыя Чарнякова) Аксана выконвае партыю Вольгі.

Гэты ж рэжысёр працуе і над сцэнічным увасабленнем оперы «Вішнёвы сад», якая напісана сучасным французскім кампазітарам Філіпам Фенелонам паводле п’есы Чэхава. У галоўнай партыі Любові Ранеўскай выступіла салістка нашай оперы Анастасія Масквіна. Сусветная прэм’ера оперы адбылася ў межах закрыцця Года Францыі ў Расіі на сцэне Вялікага тэатра.

Сёлетняй восенню на айчыннага гледача і слухача літаральна абрынуўся вадаспад уражанняў. І адзін калектыў цікавейшы за другі! У кастрычніку — Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, спектаклі Санкт-Пецярбургскага тэатра балета пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана, нарэшце, «Рускія сезоны», якія прывёз у Мінск Андрыс Ліепа. У лістападзе — гастролі трупы «Кіеў мадэрн-балет», якую ўзначальвае Раду Паклітару. У снежні ў Мінску, Гомелі і Магілёве прайшоў Першы Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае».

У апошнія гады на старонках «Мастацтва» неаднойчы гучала супольная думка самых розных музыказнаўцаў і крытыкаў (у тым ліку і аўтара гэтых радкоў) пра тое, што адсутнасць маштабных музычна-тэатральных форумаў і буйных акцый, гастроляў сусветна вядомых выканаўцаў, славутых оперных і балетных калектываў згубна адбіваецца на айчынным музычным жыцці. Бо мы можам проста «выпасці» з кантэксту агульнаеўрапейскага і нават сусветнага, калі не будзем ведаць, што робіцца ў музычным мастацтве суседніх краін. Так што друкаванае слова мае сілу! Яно моцна ўплывае на рэальнасць, на тое, што адбываецца ў нашых буйнейшых тэатрах. Хоць і не заўжды бывае пачутае адразу...

■ ■ ■

Успамінаеш самыя значныя і адметныя прэм’еры, паказы, канцэрты, прэзентацыі мінулага года, і высновы напрошваюцца самі. Калі і надалей культурны працэс будзе развівацца з гэткай жа інтэнсіўнасцю, дык праз некалькі гадоў Мінск зробіцца адной з сапраўдных музычных сталіц Еўропы.

 Таццяна МУШЫНСКАЯ

 

«Апошні Інка» і іншыя

/i/content/pi/mast/39/655/11-.jpg

«Набука» Джузэпэ Вердзі. Сцэна са спектакля.

Увесь адыходзячы год быў насычаны музычнымі падзеямі рознага характару, але асабіста мною найбольш ярка і святочна ўспрыняліся канцэрты, звязаныя з 75-гадовым юбілеем кампазітара Сяргея Картэса: аўтарскія вечары ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета і ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі (дзе адбылася прэм’ера сімфанічных фрэсак «Апошні Інка»). Цешыць і поспех оперных спектакляў Картэса — сёлета яго «Мядзведзь» не толькі ўвесь год заставаўся на сцэне Маскоўскага акадэмічнага камернага музычнага тэатра імя Барыса Пакроўскага, але з велізарным поспехам дабраўся да Сібіры, дзе прагучаў пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Анісімава на XII фестывалі рускай музыкі «Пакроўская восень» у Новасібірску. Арыгінальнае і таленавітае ўвасабленне чэхаўскага «Юбілею» з выкарыстаннем мультымедыйных рэсурсаў і тонкім прачытаннем музычнага тэксту было прадстаўлена рэжысёрам Ганнай Маторнай на сцэнах Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Беларускай акадэміі мастацтваў.

Сярод яркіх уражанняў года, звязаных з міжнародным дыялогам культур, — VII Акадэмія старадаўняй музыкі, якую ўзначаліў Ларэнца Тоці, італьянскі музыказнаўца, крытык і мастацкі кіраўнік ансамбля «Romabarocca» (Італія), майстар-класы і творчыя сустрэчы з піяністам Паулем Бадурам-Шкодам (Аўстрыя), Нані Брэгвадзэ (Грузія), японскімі і іранскімі выканаўцамі ў Беларускай акадэміі музыкі.

Для беларускай акадэмічнай школы 2010 год прайшоў пад знакам ХV з’езда Беларускага саюза кампазітараў, а гэта заўсёды прэм’еры, новыя імёны — як аўтараў, так і інтэрпрэтатараў. Найбольш каштоўнымі арыенцірамі ў плыні прэм’ер стала першае выкананне 14-ай сімфоніі Дзмітрыя Смольскага і сімфанічнай сюіты «Клеапатра» Вячаслава Кузняцова. На жаль, не знайшлося належнага фінансавання, каб запрасіць калег-кампазітараў з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, хоць менавіта кантакты, дыялогі, абмеркаванні вострых праблем аказваюцца надзвычай дзейснымі імпульсамі для творчасці.

Напэўна, самым негатыўным момантам у музычным жыцці рэспублікі для мяне як крытыка з’яўлялася адсутнасць на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета прэм’ер, якія ўвасаблялі б сачыненні беларускіх кампазітараў. Можна толькі шкадаваць, што ніводная партытура нашых суайчыннікаў не прыцягнула ўвагу мастацкай рады тэатра. Разам з тым цікавасць саміх кампазітараў да тэатральных жанраў не знікае. Хочацца спадзявацца: створаныя раней оперы і балеты (Андрэя Мдывані, Вячаслава Кузняцова, Алега Хадоскі) і новыя сачыненні (напрыклад, опера «Ладдзя роспачы», над якой цяпер актыўна працуе Сяргей Картэс) змогуць убачыць агні рампы нашага тэатра. Сустрэчы музыкантаў розных краін на снежаньскім оперным форуме ў Мінску дазволілі канструктыўна абмеркаваць праблемы опернай рэжысуры, узровень выканальніцкіх школ і рэпертуарную палітыку нацыянальных тэатраў.

Наталля Ганул

 

Зоркі — на небе і на зямлі

 /i/content/pi/mast/39/655/12.jpg

«Юбілей» Сяргея Картэса. Мультымедыйны оперны праект Ганны Маторнай.

Культурнай візітоўкай Беларусі называюць Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які чарговы раз парадаваў разнастайнасцю: у ім знайшлося месца і для забаўляльных эстрадных праграм, і для высокага мастацтва. Самай яркай фарбай сёлетняга свята для мяне стаў сольны канцэрт Дзмітрыя Хварастоўскага ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Музыканты не ўпершыню выступаюць разам, што сведчыць пра поўнае творчае суладдзе. Зайздросны прафесіяналізм і запал калектыў на чале з Віктарам Бабарыкіным прадэманстраваў і падчас выступлення са славутым іспанскім тэнарам Хасэ Карэрасам.

З вялікім задавальненнем назірала я таксама за творчымі падзеямі ў Нацыянальным тэатры оперы і балета. Асаблівую цікавасць выклікала пастаноўка оперы «Набука» Вердзі, гэта першая сумесная работа тэатра і цяперашняга галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ, якая, апроч іншага, уразіла выкарыстаннем сучасных тэхнічных магчымасцей сцэны. Яны паспрыялі і ў чарговым увасабленні «Тоскі» Пучыні. Але галоўную ўвагу выклікалі салісты. У абодвух спектаклях варта адзначыць надзвычайнае майстэрства народнага артыста Беларусі Уладзіміра Пятрова.

Новы віток у сваім жыцці пачаў Беларускі акадэмічны музычны тэатр. Пашырэнне палітры выявілася ў звароце да жанру музычнага рэвю, у правядзенні вечароў з удзелам аркестра і хору. Гэта ацаніла публіка, раскупіўшы квіткі і на прэм’еру спектакля «Аднойчы ў Чыкага», і на канцэрты цыкла «Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым».

Яркімі канцэртамі вабіць меламанаў Дзяржаўны камерны аркестр на чале з Яўгенам Бушковым. У межах фестывалю Юрыя Башмета калектыў прэзентаваў разнастайную па стылі праграму, у якой прыняў удзел славуты піяніст Пауль Бадура-Шкода. Гэты шыкоўны канцэрт запомніўся не толькі бездакорным выкананнем, але і магутным эмацыянальным уздымам музыкантаў.

У россыпе падзей не згубіўся і радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі», які прайшоў у эфіры Першага нацыянальнага канала. Галоўная выснова: творчая моладзь краіны актыўна праяўляе сябе ў розных жанрах музыкі. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 300 інструменталістаў і вакалістаў. Апрача дыпломаў і падарункаў пераможцы атрымалі права на ратацыю ў эфіры Першага канала Беларускага радыё, што важна для пачаткоўцаў.

Кульмінацыя музычнага года (перш за ўсё дзякуючы маштабнасці, высакароднай ідэі культурнага аб’яднання моладзі) — Міжнародны дзіцячы конкурс «Еўрабачанне-2010». У дні правядзення форуму пасля 18-гадовага перапынку Беларусь наведала зорка сусветнай оперы Марыя Гулегіна, якая пачынала ўзыходжанне на музычны алімп на сцэне нашага Опернага тэатра. Яе цяперашні візіт у якасці Пасла добрай волі ЮНІСЕФ, падчас якога спявачка прыняла ўдзел у праграме «Еўрабачання» і прэзентацыі літаратурна-адукацыйнага выдання «Беларускія народныя казкі для дзетак», падараваў надзею на творчую сустрэчу з ёй у наступным годзе.

Не хочацца згадваць пра расчараванні, але ж і без іх жыццё не абыходзіцца. Па-ранейшаму не вельмі радуе маладое пакаленне эстрадных выканаўцаў, якім хацелася б пажадаць больш крытычна ставіцца да сябе, не гуляць у «зорак», бо яны бываюць толькі на небе, няспынна працаваць над сабой, не абмяжоўвацца чымсьці адным, цікавіцца рознымі жанрамі музычнага мастацтва. І памятаць, што не бывае лепшых ці горшых жанраў, а бывае добрая і дрэнная музыка. І — непрафесійныя выканаўцы...

Таццяна Якушава

  

Ад «Клеапатры» да «Драй швэстэрн»

/i/content/pi/mast/39/655/11+.jpg

Ніна Ананіяшвілі на рэпетыцыі ў Мінску.

Самай яркай падзеяй года для мяне сталася прэзентацыя музыкі балета Вячаслава Кузняцова «Клеапатра» ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Наўмысна не выкарыстоўваю назву «харэаграфічная сімфонія», прапанаваную дырыжорам для канцэртнай версіі, дзе да абраных ім самім фрагментаў партытуры ён далучыў яшчэ літаратурныя фрагменты, што мусілі тлумачыць слухачу сюжэтныя перыпетыі. З гэтым жанравым азначэннем (як і з дарэчнасцю моўнага дадатку) можна спрачацца. А вось з інтэрпрэтацыяй музыкі, дзе маэстра з любоўю выпеставаў кожную не толькі фразу, але і ноту, дзе з мудрасцю стратэга выбудаваў агульную драматургію, не паспрачаешся. Як і з самой музыкай! Вонкавая прастата інтанацыйнага руху — на мяжы фантастыкі. Сакавітасць, каларытнасць аркестроўкі — таксама. Эмацыйнасць — вышэй не бывае. А ўсё разам — «расплаўленая» ў музыку відовішчнасць пластыкі, што не паддаецца перакладу на мову кампліментаў.

Сапраўдным прарывам стаўся спектакль «Аднойчы ў Чыкага» ў Беларускім музычным тэатры. Адшліфаваны да дробязей тэкст п’есы, агульная рэдакцыя і, галоўнае, пастаноўка (усё — надзвычай таленавітай Сусанны Цырук), стыльнасць выканання (дырыжор Андрэй Галанаў), бляск у вачах абсалютна ўсіх, хто спрычыніўся да спектакля (хоць бы ў ролі гледачоў), і, шырэй, рознабаковасць творчых і арганізацыйных пошукаў тэатра — зарука яго магчымага хуткага ўзлёту.

Як ні дзіўна, але да музычных суперпадзей я далучыла б і спектакль «Драй швэстэрн» Аляксея Ляляўскага ў Беларускім тэатры лялек, назву якога так і хочацца перайначыць у «Драйв», а саму пастаноўку вылучыць на Гран-пры, адзіны для ўсіх намінацый дадзенага агляду за год. Што ж непасрэдна да музычнасці, дык гэты спектакль — яшчэ і сапраўдны майстар-клас для стваральнікаў... оперных лібрэта, настолькі бліскуча Ляляўскі карыстаецца прыёмам «візуалізацыі» тэксту, чаргуючы развіццё падзей з момантамі «спыненага часу», класічным прыкладам якога з’яўляюцца, дарэчы, оперныя арыёза ды ансамблі. Шкада, няма ў нас камернай опернай сцэны, а то і папраўдзе трэба было б замовіць яму оперу.

Тым больш што самым вялікім расчараваннем года даводзіцца з жалем і горыччу называць прэм’еры ў нашым Вялікім тэатры. Прашу не блытаць: маецца на ўвазе не агульная палітыка кіраўніцтва, скіраваная на фестывальны рух і гастралёраў (оперны форум, тэатр Барыса Эйфмана, «Шчаўкунок» Раду Паклітару, грузінскі балет і Ніна Ананіяшвілі — усё гэта выклікае захапленне), а менавіта ўласныя пастаноўкі. Тэатр, падаецца, усё яшчэ знаходзіцца ў эйфарыі ад будынка і новага абсталявання і нібыта баіцца, што неардынарныя і прафесійна дасканалыя работы наўрад ці ўспрыме «новы глядач», за плячыма якога ўсяго толькі штампы масавай культуры. Таму і «эксперыментуе» на гастралёрах: маўляў, завабім публіку імёнамі, а там, глядзіш, яна «дарасце» і да геніяльных стацыянарных пастановак.

Надзея Бунцэвіч