2010: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Выяўленчае мастацтва

Дзверы адчыняюцца. Звонку ці знутры?

/i/content/pi/mast/39/654/7.jpg

Барыс Забораў. Дзве дзяўчынкі з лялькай. Акрыл. 1988.

Мінулы год на нашым мастацкім полі пакінуў больш пытанняў, чым адказаў.

Галоўны тэктанічны зрух адбыўся ў ссоўванні мяжы паміж найноўшым і традыцыйным мастацтвам. Працаваць з актуальным мастацтвам стала модна і запатрабавана. Выклікана гэта галоўным чынам падрыхтоўкай да арганізацыі Беларускага павільёна на 54-й Венецыянскай біенале. Прывід біенале ахінаў сваім няўлоўным ценем амаль усе маштабныя падзеі года. Аднак як будзе выглядаць «беларускі дом» на міжнародным фэсце мастацтваў, стане вядома толькі напачатку наступнага года.

Замежны куратар Кястуціс Куйзінас паспрабаваў папрацаваць з найноўшым беларускім мастацтвам. Выстава «Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння» дэманстравала для літоўскага гледача (Вільнюскі цэнтр сучаснага мастацтва) работы мастакоў, якія жывуць і працуюць у Беларусі і за яе межамі. Дарэчы, ідэя збірання камянёў, то-бок творчых сілаў, раскіданых па-за тэрыторыяй Беларусі, праглядалася ў практыцы некалькіх мінскіх музеяў. Так на радзіму «вярнуліся» Наталля Залозная і Ігар Цішын (персанальныя выставы «Свабодны палёт» і «Цэль», Музей сучаснага выяўленчага мастацтва), а ў Нацыянальным мастацкім музеі экспанаваліся творы Барыса Заборава.

Першая за апошнія гады выстава беларускага мастацтва («Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі») была паказана ў Маскве. Неўзабаве графічная частка экспазіцыі пераехала ў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Дарэчы, большасць прац была адабрана з фондаў гэтага музея. Некалькі мастацкіх інстытуцый у мэтах абнаўлення тутэйшай арт-сцэны ініцыявалі спецыяльныя праграмы для падтрымкі маладых. Пад патранажам Інстытута імя Гётэ адбыўся конкурс куратараў-пачаткоўцаў «На шляху да сучаснага музея». У галерэі Леаніда Шчамялёва выставілася пераможца 2008 года Крысціна Сташкевіч з праектам «Майстэрня сямі мастакоў» (сем творцаў перанеслі ў галерэю рэчы і атмасферу сваіх майстэрняў). Новыя пераможцы — ужо 2010 года — размясцілі свае экспазіцыі па-за межамі выставачных памяшканняў (такія былі ўмовы імпрэзы) — у фае кінатэатра, гаражы, майстэрнях і кватэрах.

Галерэя «Ў» распачала праграму «Старт», скіраваную на пошук і падтрымку маладых аўтараў, а таксама арганізацыю ў галерэі іх першай персанальнай выставы.

Вясной Музей сучаснага выяўленчага мастацтва падтрымаў ініцыятыву пачынаючых куратараў і стаў удзельнікам Другога Міжнароднага фестывалю «Intouch». Праз адсутнасць прадуманай канцэпцыі характар экспазіцыі ў галоўнай зале музея быў у пэўнай ступені выпадковы. Аднак у рамках гэтай імпрэзы адбыўся вельмі ўдалы куратарскі праект Вольгі Рыбчынскай: у малой зале музея былі прадстаўлены работы трох фатографаў (Сяргея Кажамякіна, Сяргея Ждановіча і Ігара Саўчанкі), якія арганічна спалучыліся ў адной прасторы з дапамогай аб’ектаў са шкла Вольгі Сазыкінай.

У сярэдзіне лета мінскі Палац мастацтва выбухнуў маштабнымі выставамі «Арт-сегмент» і «Дах-11», арганізаванымі пад эгідай Саюза мастакоў. У зале графікі былі прадстаўлены два мастацкія праекты, звязаныя адзіным канцэптам: «Сучасная скульптура: іншы погляд» (куратар Вольга Дзмітрыева) і «Фотавымярэнне» (куратар Ганна Самарская). Іншы погляд на сучасную скульптуру атрымаўся не надта шырокім, аднак магчымасць зірнуць на наяўныя тэндэнцыі з розных пунктаў гледжання, расставіць акцэнты па-новаму — у гэтым і ёсць вартасць куратарскай працы. У малой зале ДПМ мастакі самі былі куратарамі сваіх праектаў. Там размясціліся інсталяцыі Артура Клінава («Патаемнае жыццё саломы»), Вольгі Сазыкінай («Зелень прэ!!!»), серыя Людмілы Кальмаевай («Чорна-Белае») і праект «Just now-3», створаны некалькімі віцебскімі аўтарамі (арганізатар віцебскай часткі — Галіна Васільева). Асабліва вылучаўся праект Клінава (у сааўтарстве з Андрэем Вараб’ёвым і Вольгай Сазыкінай). З дапамогай традыцыйнага беларускага матэрыялу саломы карціна Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра» была «пераведзена ў аб’ём». Праз нейкі час стол прарос сапраўднай травой. Такім чынам цыклічны біялагічны працэс, што стаў часткай разгорнутага ў часе праекта, надаў яму новае метафізічнае вымярэнне.

На апошнім паверсе ў зале жывапісу размясціўся «Дах-11» з яго «Цёмнымі таямніцамі мозга» (куратары Зміцер Юркевіч і Алесь Родзін).

Сярод мега-праектаў, арганізаваных Саюзам мастакоў, варта таксама вылучыць Рэспубліканскую выставу «Грунвальд», на якой больш за сто аўтараў выставілі творы, прысвечаныя славутай бітве. Напрыканцы года ў Палацы мастацтва разгарнулася 2-я біенале жывапісу, графікі і скульптуры, дзе былі паказаны работы, створаныя за апошнія два гады.

Нацыянальны мастацкі музей выставай «Зямля пад белымі крыламі» распачаў аднайменны агульнарэспубліканскі праект Міністэрства культуры, мэта якога: праз агляд беларускага мастацтва вылучыць наяўныя тэндэнцыі і пазнаёміць гледача з шырокай панарамай твораў суайчыннікаў.

У мастацкім музеі прайшлі рэтраспектыўныя выставы Валяр’яны Жолтак, Барыса Казакова і Лявона Баразны. А восьмага лютага ўрачыстым адкрыццём выставы распачаўся Год Івана Хруцкага, аб’яўлены ЮНЕСКА. (Дарэчы, восенню выстава беларускага класіка адкрылася ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.) Новая форма музейнай прэзентацыі была ініцыявана выставай «Art-тандэм: крытык і мастакі», на якой мастацтвазнавец Барыс Крэпак прадстаўляў любімых творцаў. А Васіль Сумараў экспанаваўся ў залах разам са сваімі вучнямі.

Моцным медыя-праектам я б назвала грамадскі суд над галерэяй «Ў». На жаль, ён ператварыўся ў шоу (так, відаць, гэтая піяр-акцыя і была задумана). Размова пра тое, якое ў нас актуальнае мастацтва, так і не была завершана, як засталося адкрытым і пытанне пра тое, у якіх формах яго прэзентаваць (гэтыя тэмы, у ліку іншых, падымаліся абвінаваўцамі галерэі). Абаронцамі галерэі «Ў» яе дзейнасць ацэньвалася паводле наступных крытэрыяў: адкрытасць, камунікатыўнасць, праца з рознымі медыямі, цікавасць да «тут і цяпер», канцэптуальнасць...

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва гэтым годам істотна наблізіўся да сучасных формаў прэзентацыі мастацтва. Былі заўважаны актыўная праца са СМІ, арганізацыя суправаджальных мерапрыемстваў. У прыватнасці, падчас фестывалю «Intouch» адбыўся шэраг «круглых сталоў», адзін з якіх меў вынікам правядзенне міжнароднага пленэру па шкле. Да значных падзей, што адбыліся ў гэтым музеі, можна аднесці і праекты, якія спрабавалі аналізаваць гісторыю сучаснага беларускага мастацтва. Так, летам працавала выстава «Беларускі авангард 1980—1990-х гадоў» з калекцыі Андрэя Плясанава.

Інстытут Гётэ ініцыяваў мноства адметных праектаў, сярод іх: «ЛІТÄRA. Візуальныя даследаванні паэзіі», «Мастацтва ў публічнай сферы» (семінар на тэму мастацтва ў гарадской прасторы і майстар-клас паблік-арта).

Вялікі шэраг персанальных выстаў не змясціўся ў межы агляду. Будзем чакаць ад наступнага года новых магчымасцей для прэзентацый творчасці нашых мастакоў. У тым ліку — і ў складзе міжнародных паказаў.

Алеся Белявец

 

акцэнты

Год неактыўнага сонца

/i/content/pi/mast/39/654/7-.jpg

Наталля Залозная. Ліст з Арля. Акрыл. 2008.

Гэты год у мастацкай прасторы краіны прайшоў вельмі спакойна. Як заўсёды, адкрываліся ў музеях і галерэях персанальныя і групавыя, перасоўныя і стацыянарныя выстаўкі. Мастакі прымалі ўдзел у афармленні знакавых аб’ектаў дзяржаўнай значнасці (у прыватнасці, замкавага комплексу «Мір» альбо Нацыянальнага павільёна Беларусі на Сусветнай выстаўцы «ЭКСПА-2010» у Шанхаі). Як заўсёды, мы бачылі экспазіцыі з краін блізкага і далёкага замежжа (зацікавілі «Нармандыя ў жывапісе», вернісаж Барыса Заборава). Канешне, і нашы творцы экспанаваліся ў замежжы (скажам, у Маскве даволі паспяхова прайшла маладзёжная выстаўка «Belart.by»). Мы адзначылі 65-годдзе Перамогі — у асноўным, рэтраспектыўнымі вернісажамі, бо на новыя творы ў мастакоў, мабыць, не хапіла сіл і магчымасцей.

Але праблем у нашым выяўленчым «каралеўстве» па-ранейшаму застаецца шмат, асабліва ў галіне праславутай трыяды «мастак — крытык — глядач». Экспазіцыйныя залы, за вельмі рэдкім выключэннем, пустуюць без наведвальнікаў. Пагалоскай ужо стала пытанне «Для каго ж мы ўсё-такі ствараем выстаўкі?» Сённяшні глядач не ведае наогул, што ёсць добра, а што дрэнна ў сучасным мастацтве — усё зблыталася, змяшалася, гіпертрафавалася ў нібыта авангардных «ізмах» і «канцэпцыях». Хто дапаможа звычайнаму чалавеку разабрацца ў гэтым калейдаскопе? Мастацкая крытыка ў нас даўно знікла, у СМІ няма шырокай прафесійнай прапаганды і рэкламы творчых дасягненняў, пошукаў і знаходак. Таму мы ў разгубленасці — куды ісці заўтра?

Праўда, мяне зацікавіў сацыяльна-культурны праект Міністэрства культуры пад назвай «Зямля пад белымі крыламі», які распачаўся ў верасні рэтравыставай у Нацыянальным мастацкім музеі і да канца снежня працягваўся ў рэгіёнах Беларусі. На мой погляд, гэта акцыя арыентавана на будучыню. У нас шмат талентаў еўрапейскага маштабу, вартых самай шырокай маральнай і матэрыяльнай падтрымкі. Што атрымаецца ў выніку праекта — пабачым хутка. Галоўнае, каб усё не скончылася чарговай «птушкай».

Такім чынам, не магу вылучыць асобна нічога выдатнага, яскравага, запамінальнага ў мастацкім жыцці адыходзячага года. Хочацца верыць, што наступны, 2011-ы год, будзе больш яркім і парадуе арт-адкрыццямі не толькі нас, крытыкаў, але і тых, для каго, уласна кажучы, ствараецца мастацтва...

Барыс Крэпак

 

Дыялогі паміж...

/i/content/pi/mast/39/654/9.jpg 
 Маарыт Мурка. HAIRPOWER. Фрагмент экспазіцыі ў галерэі «Ў».
2010-ы — год наладжвання камунікацый. Узорнымі сталі дзве беларуска-нямецкія выставы — «Vis-à-Vis. Актуальныя дыялогі» ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (куратар Валянціна Кісялёва) і «ЛІТÄRA. Візуальныя даследаванні паэзіі» ў Інстытуце імя Гётэ (куратар Ірына Герасімовіч). Абодва праекты закраналі тэму дыялога паміж мастакамі, творамі і аўдыторыяй, мастацтвам і акаляючай рэальнасцю. Сярод іншых заўважных міжнародных экспазіцый варта адзначыць персанальную выставу «HAIRPOWER» эстонкі Маарыт Муркі і «State of Mind» шведак Анікі Рыксан і Ганны Хальберг у галерэі «Ў», а таксама «Майстэрню сямі мастакоў» у гарадской галерэі твораў Леаніда Шчамялёва.

Арт-падзея-2010 — «Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння» ў вільнюскім Цэнтры сучаснага мастацтва. Гэта ўнікальная спроба наладзіць стасункі паміж беларускімі мастакамі, якія працуюць на радзіме і за мяжой, у рамках адной выставы, няхай нават і ў Літве. На думку куратара праекта Кястуціса Куйзінаса, «экспазіцыя дае беларусам магчымасць зірнуць на сваё мастацтва збоку, па-за рамкамі звычайных табу».

У 2010-м назіралася своеасаблівае «пацяпленне» ў адносінах да беларусаў, што жывуць за мяжой, дзякуючы сімвалічнаму «вяртанню» Ігара Цішына, Наталлі Залознай і Барыса Заборава ў афіцыйную экспа-прастору.

У 2010-м былі праведзены серыі адукацыйных праграм: праект «Raum fur Raum / Арт-горад», прысвечаны паблік арту і яго магчымасці пранікнення ў гарадскую прастору Мінска, а таксама праграма «На шляху да сучаснага музея», якая ўключала ў сябе конкурс куратарскіх праектаў.

Мы страцілі Людмілу Русаву, значную фігуру беларускага авангарда.

Размовы-2010 ішлі пра неабходнасць з’яўлення арт-цэнтра і Інстытута даследавання сучаснага мастацтва і пра ўдзел Беларусі ў Венецыянскай біенале ў 2011-м.

Сяргей Шабохін

 

 

Патрэба ў перазагрузцы

/i/content/pi/mast/39/654/8.jpg

Сяргей Кажамякін. З серыі "Сны аб чымсьці большым". Каляровае фота. 2010.

У 2010-м у фатаграфічным жыцці краіны вызначыліся дзве галоўныя тэндэнцыі, якія ў нейкай меры абумоўлівалі адна адну. Пры адсутнасці фатаграфічных галерэй прайшло больш года. Гэта не значыць, што фотавыстаў не было, яны праходзілі эпізадычна — у іншых галерэях і музеях. У той жа час адбыўся шэраг праектаў актуальнага мастацтва (як, напрыклад, «Арт-сегмент», «Дах», «Ілюзія, фальсіфікацыя і рэальнасць»), якія без фатаграфіі сёння ўявіць немагчыма. Мастакі працуюць з выявай і лічбавымі тэхналогіямі, выкарыстоўваючы фатаграфію як прыладу. Яе сутнасць размываецца; такім чынам, на новым адрэзку часу мы вяртаемся да пытання мінулага стагоддзя пра тое, наколькі самастойнае гэта мастацтва.

Падзея года, якую абавязкова варта адзначыць, — 50-годдзе народнага фотаклуба «Мінск», што адсвяткаваў юбілей цэлай серыяй выстаў і выданнем альбома. Клубная культура даказала сваю жыццяздольнасць, але з часам стала патрабаваць пераасэнсавання і абнаўлення.

Удалым быў год у Марыны Бацюковой (музейныя экспазіцыі «Сам-насам» і «Рэха цішыні»), Надзеі Дзегцяровай («Поўдзень вакол»), Сяргея Ждановіча (праект «Camera Obscura» ў выставах «Intouch» і «Унутраныя ландшафты»).

«Малады» бліц-праект «На шляху да сучаснага музея» запомніўся дэбютамі і эксперыментамі. З настальгічных згадваюцца «Фатограф свайго часу» (да 120-годдзя Ісака Салавейчыка) і «Фота са старога альбома» (прыватныя архівы для НФК «Мінск»). Сур’ёзнымі выданнямі завяршылі серыі Сяргей Плыткевіч і Андрэй Лянкевіч («Дзікае жыццё ў цэнтры Еўропы», «Паганства»).

Любоў Гаўрылюк