2010: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (333) 01.12.2010 - 31.12.2010 г

Тэатр

Другое прышэсце Хлестакова

/i/content/pi/mast/39/653/5.jpg

«Дзядзька Ваня» Антона Чэхава. Сяргей Макавецкі (Вайніцкі), Марыя Бярдзінскіх (Соня).Акадэмічны тэатр імя Яўгенія Вахтангава.

Мяркую, мінулы год не надта быў падобны на папярэднія. Шмат гадоў запар здавалася, што на айчынных падмостках нічога цікавага не адбываецца, спектаклі выходзяць усё больш выпусташанымі, без якіх-небудзь нечаканых знаходак і сенсацыйных вынікаў. За рэдкім выключэннем, усё прадказальнае. Ані яркай рэжысуры, ані новай якаснай драматургіі — суцэльныя маргінальныя высілкі, цьмянае зіхаценне тэкстаў, здаецца, зусім не здатных сілкаваць нават кволае тэатральнае дрэўца. Парадаксальна, але пры гэтым самае цікавае заставалася па-за падмосткамі. (Імпульсіўна-таленавітыя п’есы Паўла Пражко, напрыклад.) Не тэатры, а толькі рэдкія спектаклі і асобныя выканаўцы вылучаліся ў агульным аднастайным і часам безвыніковым сцэнічным шэрагу. І такі ён быў доўгі, што мы незаўважна прызвычаіліся задавольвацца тым, што — дзякаваць Богу — атрымалася (спектакль «Пінская шляхта» ў купалаўцаў? Нарэшце!), зусім не думаючы пра тое, як катастрафічна зменшылася колькасць людзей, здатных быць на сцэне ўладарнымі, бездакорнымі. Не зніклі ўвогуле? Вось і нагода для аптымізму! Таму мінулы год у тэатрах таксама можна палічыць адначасова і змарнаваным, і паспяховым. Што ж у такім разе змянілася?

Зыходзячы з назваў на афішах і тэатральных уражанняў — анічога. Суцэльныя расчараванні. Прынамсі, напісаць звычайную рэцэнзію пасля прагляду таго або іншага спектакля даволі праблематычна. Эмацыйныя ўражанні сцёртыя, змястоўных адкрыццяў не адбываецца. Нецікава, адным словам. І ніхто нікога нічым не збіраецца здзіўляць! А песні і скокі на тэатральных падмостках больш не спрацоўваюць. Між тым пазалетась распачалі бег на, спадзяюся, доўгую дыстанцыю галоўныя рэжысёры і мастацкія кіраўнікі адразу трох нацыянальных тэатраў. Сышлі Раеўскі, Луцэнка, Баркоўскі (колькі гадоў даводзілася чуць усеагульныя абурэнні, маўляў, заседзеліся на пасадах). Прыйшлі Пінігін, Кавальчык, Таліпаў. І што? Анічога! Вынікі года — гэта найперш іх пастаноўкі ў нацыянальных тэатрах, якія не надта ўразілі тэатральную грамадскасць, не выклікалі асаблівага захаплення ў публікі, не парушылі ўсталяваных тэатральных асноў. Ды толькі, у сувязі з маштабнай зменай рэжысёрскіх пакаленняў, якая адбываецца раз на некалькі дзесяцігоддзяў, натуральна ўзнікае пытанне: што прапанавана замест? Баюся, паўза ў адказ небяспечна зацягнулася. У лепшым выпадку, можна пачуць агульныя развагі пра нацыянальную ментальнасць і напружаныя пошукі ўласнай тэатральнай ідэі. І гэта так натуральна — казаць пра вялікія рэпертуарныя тэатры з гістарычна акрэсленымі традыцыямі. Парадаксальнасць і складанасць сітуацыі ў тым, што падмацаваць і праілюстраваць высакародныя намеры пакуль няма чым. Лепш або горш за іншыя пінігінскія пастаноўкі «Translations» — не істотна, лепш або горш за іншыя пастаноўкі Кавальчыка «Пане Каханку» — таксама значэння не мае. Бо не адбылося галоўнага: цягам цэлага года я так і не зразумела, «куды ідзем мы з Пятачком» і чаму гэта такі «вялікі сакрэт»? Шлях без пэўна вызначанай мэты — нібыта шлях у нікуды. Небяспечны і разбуральны найперш для акцёраў, бо адымае надзею. Здаецца, кожны з іх павінен дакладна ведаць: куды рухаецца, што спавядае, на што мусіць спадзявацца ў выніку. Тым больш, што зусім не лепшая сітуацыя ў ТЮГу, у Тэатры-студыі кінаакцёра, у Новым драматычным, у Маладзёжным, які, так і не акрэсліўшы цягам многіх гадоў творчую стратэгію, пакінуў зусім не бяздарны рэжысёр Мадэст Абрамаў. Вось толькі змарнаваны акцёрскі час, нясыграныя ролі і неўвасобленыя задумы больш у разлік не бяруцца. Праехалі...

Зрэшты, да вынікаў мінулага года можна аднесці адсутнасць выразна акрэсленай мэты і арыгінальных рэжысёрскіх ідэй у бальшыні сцэнічных калектываў. Адсюль і татальнае тэатральнае падабенства. Рэдкія выключэнні хутчэй пацвярджаюць правіла. Як, напрыклад, спектакль «Драй швэстэрн», пастаўлены Аляксеем Ляляўскім паводле Антона Чэхава ў Дзяржаўным тэатры лялек.

Астатнія спектаклі зусім не благія, Яны — звычайныя, сярэднія, разлічаныя на добрасардэчную беларускую публіку, у пэўным сэнсе ўсёедную. І не таму, што ў нашага гледача адсутнічаюць густ, адукаванасць, імкненне да прыгожага, а таму, што іншае яму вельмі рэдка прапаноўваюць. У асноўным — на міжнародных тэатральных фестывалях, куды патрапіць можа зрэдчас не кожны жадаючы. Як гэта ні дзіўна, нашы тэатры, здаецца, не надта прагнуць увагі да сябе і шырокага грамадскага рэзанансу. Пад пільнымі, зацікаўленымі позіркамі не так утульна і зручна існаваць, як на водшыбе, у цішыні размераных будняў, пад надзейнымі пластамі тэатральнай руціны.

Ускосна пра гэта сведчыць схільнасць нашых рэжысёраў да самаацэнкі, нават самаўсхвалення. Што ўжо зусім нязвыкла, дагэтуль пра сваю геніяльнасць у нас распавядалі толькі маладыя драматургі, і то не ўсе. Ды нечакана і ад рэжысёраў давялося пачуць, якія цудоўныя спектаклі з’явіліся ў рэпертуары іх тэатраў. Кожная пастаноўка — творчая перамога? Дазвольце ўсумніцца! Прынамсі, вельмі не хочацца верыць, што самаацэнка для многіх становіцца асноўнай творчай стратэгіяй. Што галоўнае — пракукарэкаць, а раніца можа не наступаць!

Між іншым, своеасаблівымі «вынікамі года» сталіся і прапановы, мякка кажучы, неўзважаныя. Заснаваная нарэшце Нацыянальная тэатральная прэмія выклікала раздражненне тэатральных практыкаў, якія цяпер заклапочаныя тым, каб ацэньваць выдатныя дасягненні майстроў беларускай сцэны было даручана звычайным гледачам. Цеслярам, настаўнікам і сантэхнікам, напрыклад. Што, безумоўна, варта абдумаць. Справа прыватная, толькі — па аналогіі — асабіста я ніколі не паклічу да сябе рэжысёра замяніць сантэхніку. Тут і спецыялісту цяжкавата даводзіцца. Ключавыя словы — «цяжкавата даводзіцца». У гэтым, дарэчы, прафесіі нечым падобныя.

Праблема насамрэч адна: дваццаць сем прафесійных тэатраў у розных гарадах Беларусі ніякаму аматару ніколі не аб’ехаць і не абысці. Да таго ж, калі ўсё перагледзець, можна нанесці ўрон здароўю. Бо шкодная вытворчасць, нецікавая. Дый адрозніць прафесійнае выкананне ад аматарскага звычайныя гледачы наўрад ці здатныя. Не кажучы ўжо, што «здатнасць параўноўваць» — прывілея сталага спецыяліста.

Не сакрэт, што магічнае «гледачам падабаецца» і «гледачам не падабаецца», «гледачы пойдуць» і «гледачы не ходзяць» даўно зрабілася зручным механізмам для вызначэння ўнутранай тэатральнай палітыкі і выцяснення з рэпертуару зусім не самага горшага. Зручнай шырмай, якой можна прыкрыць што заўгодна. «Галасуюць нагамі» — і ўсё тут. Паспрабуй пераканаць, што «нагамі» ў нас вельмі часта падтрымліваюць самы танны тэатральны шырспажыў.

На мой погляд, палажэнне аб Нацыянальнай тэатральнай прэміі (якая, дарэчы, пакуль нават назвы не мае) зафіксавала галоўнае: конкурс будзе праходзіць у два этапы і ажыццяўляцца рознымі камісіямі. Гэта — істотна і прынцыпова. Думаю, адбор абавязкова павінен адбывацца шляхам «прагляду спектакляў у тэатрах». Адэкватна ацаніць той або іншы сцэнічны твор, тым больш работу акцёраў, рэжысёра і сцэнографа ва ўсіх існуючых стылістычных і зместавых нюансах, праглядаючы спектакль на дысках, немагчыма.

Дарэчы, прадстаўнікі расійскай «Залатой маскі», на якую ў нас апошнім часам пастаянна азіраюцца беларускія тэатральныя дзеячы, трыма рысамі падкрэсліваюць: і конкурс, і прэмія — прафесійныя. Спецыяльна для нас варта адзначыць наступнае: адбор і абавязковы прагляд спектакляў экспертным саветам «Залатой маскі» адбываецца на працягу года. Журы, якое абнаўляецца штораз, складаюць крытыкі, педагогі тэатральных ВНУ (амаль палова), а таксама практыкі, акцёры і рэжысёры. Неаднойчы пасля падвядзення вынікаў успыхвалі скандалы. Але галоўнае — трывалыя нітачкі, якія вось ужо шаснаццаць год звязваюць велізарную колькасць тэатраў і прафесіяналаў расійскай сцэны, ні разу не перарваліся. Шмат у чым дзякуючы «Залатой масцы» рускі тэатр існуе — як агульная маштабная сучасная мастацкая з’ява. Здаецца, у беларускіх тэатраў таксама з’явіўся свой шанец выйсці з ценю. Асабліва для тых, што плённа і вынікова існуюць па-за межамі сталіцы. Важна паўстаць разам з калегамі ў святле рампы. Пераканацца ў тым, што справа жыцця не змарнаваная. Зрабіць усё сумленна. Шмат разоў запар... Урэшце, паглядзець, што станецца. А пакуль заснаванне Нацыянальнай тэатральнай прэміі — галоўная падзея мінулага года. Самае важкае і лепшае, што сёння можна было зрабіць для беларускага тэатра.

Людміла Грамыка

Трымаем паўзу

/i/content/pi/mast/39/653/4.jpg

«Translations» Браяна Фрыла. Аляксандр Казела (Манус) .Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы.

Ведаеце, пра што я мару? Хочацца паспець убачыць у Беларусі прынцыпова новы тып спектакляў, не заражаных рабствам шоу-індустрыі. Абвяшчэнне ўласнай самастойнасці на словах мяне больш не пераконвае. Сёння ўсе тэатры сядзяць на кручку. Адны імкнуцца зарабіць. Другія — спадабацца тым, ад каго залежыць іх чалавечы лёс. Трэція арыентуюцца на камфортнае чаканне масавага гледача. Чацвёртыя ў сілу невуцтва лічаць, што гісторыя тэатральнай культуры пачынаецца з іх, а значыць — рукі развязаны для любых дзеянняў. Пятыя... Пералік можна працягваць да бясконцасці. А ў аснове палягае не творчасць, а вытворчасць. Сёння па-рэжысёрску, пастановачна можна прыдумаць усё, што заўгодна.

Як крытык, стамілася ад сярэдніх спектакляў без прынцыповага выкліку і прарыву ў іншую рэальнасць. Усё нібыта на месцы. У фінале цябе абавязкова прымусяць падняцца з крэсла і апладзіраваць. Праз тыдзень у іншым тэатры, у іншым горадзе, з іншымі рэжысёрамі і выканаўцамі паўторыцца тое ж самае. І ніякага задавальнення ад прычынення да цудоўнага.

Даўно не адчувала сапраўднага нервовага раздражнення ад разгадвання інтэлектуальных таямніц, ад разумення таго, што з’явілася штосьці прынцыпова новае, а ты не можаш у гэтым разабрацца. Усё нейкія школьныя падручнікі з загадкамі, але ў канцы кніжкі абавязкова знаходзяцца падрабязныя рашэнні і адказы. Гэта, канешне, зручна. Выпадковаму, неспрактыкаванаму гледачу ў кайф. Але па сутнасці з’яўляецца тэхналогіяй, а не творчасцю.

Як чалавек, схільны да захаплення, заўсёды імкнуся знайсці больш пазітыву, чым негатыву. Адзначыць цікавую мізансцэну, акцёрскі прарыў, удалую сцэнаграфію... А хочацца — свята.

У 2010-м тры тэатры Мінска пакінулі свае памяшканні для рэканструкцыі і, уласна кажучы, перайшлі на антрэпрызныя гастрольныя варыянты, за якія не надта спытаеш. Гісторыя і вопыт сведчаць, што такія выпрабаванні не ўсе могуць вытрымаць. Яны згубныя для рэпертуарнага тэатра, якім мы не перастаем ганарыцца. Асабліва стабільнасцю ягонай мастацкай палітыкі.

Дзе цяпер можна адшукаць Маладзёжны тэатр, які публіка даўно блытае з Маладзёжным эстрадным? Як можна захаваць статус яркага дзіцячага тэатра ТЮГу, працуючы на нязручнай пляцоўцы Дома літаратара? Чаму канцэртныя праграмы, клубныя выступленні і тэлешоу маладых драматычных акцёраў ужо ніяк не асацыююцца з іх сур’ёзнай працай у стацыянарных тэатрах? Старэйшае пакаленне яшчэ неяк утрымліваецца ад страты тэатральнага твару. Маладых жа ведаюць па спевах, танцах, рэкламных роліках, тэлевізійных цыклах, дзе навязваецца пэўны імідж гэткіх усёзнаек. Дык жа было: «раніцай у газеце, вечарам у куплеце». Называлася агітпрапам. Мы ж гаворым пра мастацтва тэатра ХХІ стагоддзя, у якім хоць і паважаныя фінансавая мэтанакіраванасць і актуальная выніковасць, але так хочацца найноўшага відовішча для душы і розуму.

Сёння выпрабоўваецца на трываласць вялікая літаратура. Добра, што не чытаючае кніг маладое пакаленне можа пазнаёміцца праз сцэну з класічнымі ўзорамі. Іх сучаснае асэнсаванне павінна падмацоўвацца высокай рэжысёрскай культурай, стылёвай дакладнасцю акцёрскага пераўвасаблення, нервам сучаснасці, а не толькі пераапрананнем у моду ХХІ стагоддзя. Зусім не заклікаю аўтарскую фантазію ўзгадняць з цвярозым розумам. Калі мы зараз трымаем паўзу, то хочацца спадзявацца — рыхтуецца выбух.

Таццяна Арлова

 

Патрэба ў нетэатры

/i/content/pi/mast/39/653/4-.jpg

Кацярына Аверкава ў спектаклі «Cafe "Паглынанне"». Прадзюсарскі цэнтр «Пан-студыя».

Для мяне праблема сучаснага беларускага тэатра ў тым, што я ніяк не магу сфармуляваць сваіх запытаў да яго. У нас ёсць інфраструктура, ёсць рэжысёры і драматургі, акцёры і гледачы. Зачараванасць і расчараванне абумоўліваюцца чаканнямі, і вось сфармуляваць гэтыя чаканні вельмі і вельмі цяжка.

Усё, што магло адбыцца з беларускім тэатрам, ужо адбылося. Мастацкі кіраўнік Тэатра імя Янкі Купалы ў нас цяпер Пінігін, які ўжо даўно здзейсніў свае значныя пастаноўкі; Тэатр імя М.Горкага робіць спектаклі на матэрыяле сучасных беларускіх аўтараў; на сцэнах (вялікай і малой) Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі праходзяць спрэчныя эксперыментальныя пастаноўкі; беларускія харэографы ставяць мадэрновыя балеты; на фестывалі прыязджаюць вядучыя расійскія калектывы; беларускі драматург (я маю на ўвазе Паўла Пражко, але тым не менш гэта хутчэй зборны вобраз) аказаўся прызнаным за мяжой; неяк сфарміравалася канцэпцыя Нацыянальнай тэатральнай прэміі, пра якую мы так даўно марылі, якая ў хуткім часе некаму дастанецца; нават апошняя прэм’ера Вячаслава Іназемцава, які шмат ездзіць па свеце, падалася нейкім паўторам...

Мары збыліся, жыццё атрымалася.

Цалкам лагічна, што цэнтр цікавасці пераходзіць з прадказальных буйных пляцовак на тэатральны андэграўнд. З вялікімі тэатрамі ўсё настолькі ясна, што хочацца «НЕтэатра» ці «АНТЫтэатра». Гэта найперш эксперыментальныя паказы, якія арганізоўвала Таццяна Арцімовіч у рамках чытак і літаратурных кампазіцый. Запомніўся рэзананс, які выклікаў фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» (у яго нават з’явіўся незалежны сабрат — фестываль «Дзверы»). Цікавы вопыт супрацоўніцтва з замежнымі харэографамі прадэманстраваў тэатр танца «Karakuli» — гэта ўжо і не танец, не невербальны тэатр, гэтай з’яве яшчэ трэба прыдумаць назву. І нават Кацярына Аверкава пачала сваё кіраванне Магілёўскім тэатрам не пастаноўкай, а серыяй чытак на малой сцэне.

Думаецца, гэтыя сціплыя ўсходы праз колькі год могуць даць вялікі плён, калі да іх ставіцца ўважліва і з павагай.

Аляксей СТРЭЛЬНІКАЎ

 Каралі голыя і апранутыя

/i/content/pi/mast/39/653/Untitled-1.jpg

«Драй швэстэрн» паводле «Трох сёстраў» Антона Чэхава. Юлія Марозава (Ірына).Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

Мінулы тэатральны год пакінуў уражанне, бы ў той показцы: за што ні вазьміся — анічога няма. І настолькі, аказваецца, гэткая пазіцыя зручная ў першую чаргу для саміх служкаў Мельпамены, што наўрад ці ў хуткім часе яны не на словах, а справамі возьмуцца ламаць гэты стэрэатып. «У чым жа тут зручнасць?» — запытаеце вы. Адкажу вядомым «на бязрыб’і і рак — рыба»: падобная папулярызацыя непаўнацэннасці беларускага тэатра дае ім права абвяшчаць кожную сваю тэатральную работу, часам вельмі нават пасрэдную, прарывам і новым словам у мастацтве. А калі хтосьці з гэткімі сцвярджэннямі не згаджаецца, патрабуючы адэкватных абгрунтаванняў, дык ён старамодны рэтраград, якому не месца ў сучасным працэсе. Няхай сабе ў рэгіёнах падобныя піяр-механізмы яшчэ не ўвайшлі ў моду, затое сталічныя дзеячы навыперадкі распавядаюць пра тое, што нарэшце яны прынеслі ў беларускае мастацтва новыя, сапраўдныя фарбы і інтанацыі.

Але на фоне гэтага амаль што карнавальнага парада голых каралёў мінулы год усё ж падарыў дзве тэатральныя работы, якія даюць падставу гаварыць, што рэжысёрская прафесія ў нашай краіне яшчэ не да канца дэградавала. Гэта «Офіс» паводле Інгрыд Лаўзунд Кацярыны Аверкавай у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і «Драй швэстэрн» паводле «Трох сёстраў» Антона Чэхава Аляксея Ляляўскага ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Два спектаклі, абсалютна розныя з пункту гледжання стылістыкі, тэм, пастановачных рашэнняў, прадэманстравалі, што рэжысёрская прафесія заключаецца зусім не ў мадэляванні-раскладванні на сцэне цікавых і яркіх тэатральных пазлаў, а — у нараджэнні думкі, стварэнні моцнага інтэлектуальнага поля, якое зацягвае ў свой вір гледачоў у зале, прымушаючы іх па ўласным жаданні разважаць на тыя ці іншыя тэмы. Аказваецца, што інтэлектуальная рэжысура (не блытаць з зануднай) і сёння застаецца прыцягальнай не толькі для спакушанага і патрабавальнага гледача (якога многія тэатры страцілі з-за залішняй арыентацыі ў бок шоу і відовішчнасці), але і для тых, хто толькі адкрывае для сябе свет тэатральнага мастацтва. І акурат Аляксей Ляляўскі з Кацярынай Аверкавай, не прыкладаючы для гэтага аніякіх спецыяльных намаганняў, відавочна пахіснулі штучны культ «рэжысёра ўмелага» на карысць «рэжысёра разумнага». Брава!

 Таццяна КОМАНАВА