Шчымлівыя аповеды пра Заслаўе

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Заслаўе -- адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі -- прыцягнула ўвагу фотамастака Валерыя Вядрэнкі. Гісторыя горада, яго сённяшні дзень і, як ні парадаксальна, тыповасць знайшлі сваё адлюстраванне ў серыі фотаздымкаў, дзе аб’яднаны і сінтэзаваны пачуцці, думкі, уражанні аўтара. Серыя, якая з поспехам была прадэманстравана ў Гісторыка-культурным запаведніку «Заслаўе», разнастайная па тэматыцы, па эмацыянальнай і псіхалагічнай напружанасці, багатая па колеры.

 /i/content/pi/mast/3/65/Zaslauje3.jpg
 Стары мост. Фотапластыка. 2006.
Фотаздымкі В.Вядрэнкі, быццам мазаікі, сабраныя з маленькіх дэталей, -- уражваюць і нават заварожваюць. Па стылістыцы яны нагадваюць жывапісныя палотны. Здаецца, адчуваеш водар «Яблычнага Спасу», яго багацце, ураджайнасць і нават пах спелых пладоў. Каб зразумець, што гэта за свята, зусім не трэба чытаць назву работы. У самой выяве зафіксаваны беларуская традыцыйнасць, пераемнасць, цесная повязь часоў. У фотаздымку «Палёт» аўтар адмаўляецца ад звыклай пабудовы прасторы, ён нібы адрываецца ад зямлі і з вышыні радуецца святлу і сонцу.
Серыя работ, прысвечаных Заслаўю, не мае канкрэтнай і вызначанай колькасці, яна ўвесь час папаўняецца. Аднойчы сфатаграфаваныя касцёл і царква могуць стаць элементамі будучых твораў.
Цяпер Заслаўе -- мястэчка раённага маштабу, якіх у нас шмат. Раней гэта быў старажытны горад, з якога і пачыналася Беларусь. На супастаўленні Заслаўе -- Беларусь і будуюцца работы В.Вядрэнкі. Заўвага фатографа ў каментарыях да серыі на аўтарскім інтэрнет-сайце наконт таго, што няма станцыі «Заслаўе», а ёсць станцыя «Беларусь» у раскладзе прыгарадных цягнікоў, прымушае не проста пільна ўглядацца ў фотаздымкі, шукаючы знаёмыя мясціны горада, а зірнуць на іх з адлегласці, уявіць краіну цалкам. Шырыня погляду дазваляе ўбачыць Беларусь як у дыяхранічным, так і ў сінхранічным зрэзах, аднак прасачыць лінейную паслядоўнасць нельга -- яе няма; гэтак жа немагчыма вызначыць, якая з работ -- першая, а якая -- апошняя. Карціны становяцца ў апазіцыі, падкрэсліваюць рэзкі кантраст паміж тым, што было і ёсць, уяўным і рэальным, рамантычным і рэалістычным.
Мінулае, прадстаўленае ў работах, -- уласнае перажыванне фотамастаком беларускай гісторыі і сучаснасці. В.Вядрэнка -- хутчэй за ўсё чалавек рамантызму з яго светлымі ідэямі і спадзяваннямі. Зварот да мінулага ў дадзеным выпадку -- гэта не наўмысныя ўцёкі ад суровай рэальнасці, а шлях да выратавання, выйсця з цяперашняга тупіка.
Адна са старонак беларускай гісторыі адлюстравана ў фотарабоце «Шляхта». Рыцарскія шлемы паказаны там састарэлымі і занядбанымі на фоне напаўразбуранай сцяны. Золата (а менавіта да такога колеру звяртаецца аўтар), як ні дзіўна, застаецца незапатрабаваным. Аднак золата заўсёды ў цане, час не можа яму пашкодзіць. Ствараючы такія работы -- супастаўленні (прошласць -- сучаснасць), аўтар не ставіць кропку, пакідае месца для далейшых разваг.
Такі ж метад у літаратуры выкарыстоўваў У.Караткевіч. Нездарма ёсць у В.Вядрэнкі
 /i/content/pi/mast/3/65/Zaslauje4.jpg

 Дарога на Заслаў'е. Фотапластыка. 2006.

прысвячэнне пісьменніку -- работа так і называецца: «Караткевічу». У ёй перададзены час адцвітання, замірання прыроды, аднак у наваколлі дзе-нідзе яшчэ захавалася зялёная трава і на ёй чысцюткае залатое лісце. Восень -- гэта прыемнае адчуванне адзіноты, запаволенасць і нечаканае разуменне бессэнсоўнасці штодзённых турбот. Здаецца, аўтар прыпыніўся і паглыбіўся ў роздум, але гэта не расчараванне і дэпрэсія, а лірычная настальгія.
У сваіх фотаздымках В.Вядрэнка часта звяртаецца да сімвалаў. У рабоце «Старое дрэва» выкарыстоўвае старажытнае разуменне дрэва як сімвала мудрасці. У ягоным дрэве сумяшчаюцца магутны ствол дуба і лістота клёна, такім чынам падкрэсліваецца моц расліны, яе велічнасць і прыгажосць, што вяртае нас да часоў язычніцтва, да адушаўлення сіл прыроды.
Зварот да язычніцтва відавочны і ў работах, аб’яднаных назвай «Купальская ноч». Яны пабудаваны па адзіным прынцыпе: супрацьпастаўлення рэлігіі і язычніцкіх вераванняў. На адной мы бачым маленькую постаць Рагнеды на фоне вялікага полымя, гэта перадае магутнасць веры і мізэрнасць чалавека перад ёй. Другая ж, больш позняя работа, -- прыклад таго, як разумее аўтар паняцце фотапластыкі ў сваёй творчасці, якое значэнне надае жаночай прыгажосці, з якой самаадданасцю пакланяецца ёй. Паміж царквой і касцёлам, асвечаная агнём, танцуе жанчына, яе рухі здаюцца нейкімі вядзьмарскімі на фоне ночы і полымя вогнішча.
А вось адносіны да сучаснага Заслаўя ў В.Вядрэнкі даволі неадназначныя. У светлы сонечны летні дзень камера фатографа фіксуе не толькі мужчыну, які ловіць рыбу, або маладую пару, якая прагульваецца непадалёк, але і п’янюгу, што спіць паблізу у траве («Вячэрнія здымкі ў Заслаўі»). Яшчэ адна карціна сучаснасці -- «Заслаўе-2006». Запусценне, бязлюддзе, у наваколлі бачны толькі статак авечак, што корпаецца ў смецці. І адразу згадваеш Святое Пісанне: «авечкі Божыя» -- гэта людзі. У творы няма колераў, адно шэрыя няўтульныя прыцемкі. Гэта рэальнасць, даведзеная да абсурду, -- каб шакіраваць гледача, звярнуць яго увагу на тое, што адзінае выйсце з такога жыцця -- дарога, якая вядзе да храма. А па ёй паціху крочыць хлопчык з ранцам на плячах.
Вера -- тое, што трымае людзей і кіруе імі. Гэта тое святло, што трымціць у цэнтры фотакарціны «Прыцемкі», гэта мяжа паміж побытам і духоўнай узнёсласцю, што выратоўвае ад бруду. Вера -- гэта ўнутраны стрыжань, на які нанізваецца чалавечае ў чалавеку. Велізарнае значэнне веры падкрэслівае сам аўтар: выяву крыжа можна знайсці амаль на ўсіх работах. Ён узнімаецца, дасягаючы нябеснай вышыні і ўсеабдымнасці.
Вельмі моцна выяўлена лінія «чалавек -- вера -- Бог» у рабоце «На службу». Карціну можна назваць праграмным творам В.Вядрэнкі. Неаднаразова аўтар падкрэсліваў важнасць, неабходнасць выбару ўласнага шляху ў гэтым жыцці. Выбраўшы яго аднойчы, трэба крочыць па ім да канца. Прыклад святара найлепш ілюструе такую пазіцыю. Шлях да царквы ідзе праз гару з крыжам, а вялізныя дзверы праваслаўнага храма закрыты на некалькі замкоў, якія проста неабходна адчыніць і ўвайсці, бо там -- працяг жыцця і вясна, зямля ўзарана і рыхтуецца прыняць насенне (навокал жа -- восень і адміранне. На першы погляд, немагчымая задача, аднак у святара няма пратэсту ці нейкай раздражнёнасці, ісці ўласным шляхам яму дапамагаюць вера, цярпенне і настойлівасць. Гэта самая светлая і «цёплая» карціна з усёй серыі. Дзякуючы майстэрству аўтара выявы фотаздымка страчваюць статычнасць, набываюць нейкі патаемны сэнс, становяцца своеасаблівым абразом. Гэта ўслаўленне культу чалавечай міласэрнасці, дабрыні і цярпення.
Колькі слоў на завяршэнне. На сайце, дзе прадстаўлены работы з серыі, прысвечанай Заслаўю, гучалі папрокі ў іх непраўдзівасці і нерэальнасці. Хочацца на гэта адказаць, што ў дадзеным выпадку аўтар не звужае функцыі фатаграфіі да аднаго толькі дакладнага адлюстравання рэальнасці.
А ўвогуле сумна, што мы становімся такімі прыземленымі… 

Вольга ПАПКО