Адвакат кахання

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Гранды еўрапейскага тэатра. Люк Бондзі

Толькі факты

/i/content/pi/mast/38/649/50.jpg
Люк Бондзі нарадзіўся ў Цюрыху 17 ліпеня 1948 года ў сям’і літаратараў. Вырас на поўдні Францыі. Паехаў у Парыж, там вучыўся ў драматычнай школе ў міма Жака Лекока. У Парыжы адбыўся і першы драматычны дэбют Люка: спектакль паводле Вітальда Гамбровіча ў Міжнародным тэатральным універсітэце.

З 1969 года пачынае працаваць у Германіі. Спачатку — памочнікам рэжысёра ў гамбургскім тэатры «Талія». Ставіць у Нюрнбергу, Дзюсельдорфе, Вуперталі, Дармштаце, у 1974 пераязджае ў Франкфурт, а з 1980 года працуе ў камандзе Петэра Штайна ў берлінскім тэатры «Шаўбюнэ». Пасля сыходу Штайна з «Шаўбюнэ» ў 1985 становіцца галоўным рэжысёрам гэтага тэатра.

У 1977 годзе дэбютаваў у якасці опернага рэжысёра з «Лулу» Альбана Берга ў оперы Гамбурга. Пасля неаднойчы ставіў оперныя спектаклі, у тым ліку — «Дон Жуан» (1990, Венская опера) і «Жаніцьба Фігаро» (1995, Зальцбургскі фестываль) Моцарта, а таксама: «Дон Карлас» (1996, Парыж), «Макбет» (1999, Эдынбургскі фестываль) Вердзі і «Жулі» Філіпа Боэсмана паводле Аўгуста Стрындберга, сусветная прэм’ера якой адбылася ў 2005 годзе ў тэатры дэ Ла Манэ ў Бруселі. У 2005 паставіў «Ідаменей» Моцарта з Дэніэлам Хардзінгам у якасці дырыжора ў тэатры Ла Скала ў Мілане.

З 1997 Бондзі становіцца адным з кіраўнікоў, а з 2001 года ўзначальвае Венскі фестываль.

Публікуе прозу. Некалькі разоў выступае ў кіно як сцэнарыст і акцёр, напрыканцы 1980-х як рэжысёр здымае «Вялізныя вобласці» і «Далёкую краіну».

Адвечная тэма Люка

/i/content/pi/mast/38/649/50-.jpg

Чайка» Антона Чэхава.Сумесная работа Бургтэатра, Акадэмтэатра і Венскага фестывалю.

Тонкі псіхолаг, амаль псіхатэрапеўт у справах кахання, Люк Бондзі падпарадкоўвае Эрас і ягоныя складнікі — жаданне, каханне, любоў, смерць — пастаяннаму вытанчанаму аналізу. «Тэатр эфемерны, — зазначае Бондзі, — і даводзіць ён менавіта пра тое эфемернае, заўсёды зменлівае, што складае сутнасць кахання».

Тое, што Люк Бондзі нарадзіўся ў інтэлігентнай сям’і старажытнага аўстрыйскага паходжання, сфарміравала ягоны духоўны свет. Ён рос з кнігамі і ў доме свайго бацькі з дзяцінства сустракаў буйных пісьменнікаў і філосафаў. Менавіта літаратура прывяла Люка ў тэатр, але за ягонай любоўю да тэксту і за прыхільнасцю да псіхалагічнага рэалізму хаваецца і штосьці невытлумачальнае, ірэальнае — ад ігры, ад імправізацыі, ад непрадказальнасці самога жыцця.

Бондзі выглядае ўлюбёнцам лёсу, якому ўсё даецца лёгка, але гэта не зусім так: ён «даслужыўся» да тэатра, каб стаць, нарэшце, адным з самых выдатных рэжысёраў сучаснасці. Нямецкі крытык Рольф Міхаэлс аднойчы вельмі дакладна напісаў пра яго: «Пры абсалютнай тэхнічнай беспамылковасці — асабліва ў плане візуальных і акустычных прыстасаванняў — Бондзі імкнецца да дакладнага псіхалагічнага абгрунтавання дзеянняў кожнага героя. Але пры ўсіх незвычайна рэалістычных падрабязнасцях рэжысёр узнімаецца над рэальнасцю, ствараючы асаблівую атмасферу магічнага рэалізму».

Многія спектаклі Бондзі, якія ашаламілі публіку, уяўлялі сабой дакладныя, амаль бязважкай лёгкасці простыя стварэнні. Як заўсёды ў Бондзі, акцёр — ключ да ўсяго спектакля: «Усё ідзе праз акцёра, усё зводзіцца да яго. Я ніколі не спрабаваў абмежаваць ягоную прастору або падначаліць яго іншым элементам вытворчасці». Люк, як правіла, працуе з вядомымі акцёрамі, такімі як Мішэль Піколі, Бюль Аж’е, Юта Лямпэ, Эмануэль Беар, Герт Фос. Ён не кіруе імі, але адухаўляе, спакушае — у выніку часам здаецца, што ў ягоных спектаклях акцёры робяць усё самі па сабе.

Бондзі далёкі ад палітычнага тэатра, яму чужая дыдактыка. Ён не ставіў Брэхта або Хайнера Мюлера, дый сучасныя пісьменнікі не ў ягоным стылі — за выключэннем Бота Штрауса, Петэра Хандке, Ясмін Рэза, якія ў ягоных пастаноўках пераўтвараюцца. Рамантычная сумесь пачуццяў, іроніі і фарсу — спецыфіка Люка Бондзі, ён майстра далікатна вяртаць драматургаў, схільных узнесціся ў вышыню, — уніз, на сцэну.

З Еўропы — з любоўю

Чэхаўскую «Чайку» Люк Бондзі паставіў у Аўстрыі; гэта сумесная работа Бургтэатра, Акадэмтэатра і Венскага фестывалю. Лепшыя акцёры Аўстрыі і Германіі ўдзельнічалі ў спектаклі. Цудоўны ансамбль: Юта Лямпэ — Аркадзіна, Аўгуст Дзіль — Трэплеў, Марыя Хенгэ — Маша, Ігнац Кірхнер — Дорн, Марцін Шваб — Сорын.

Юта Лямпэ ўжо не раз іграла Чэхава: Машу ў «Трох сёстрах», Ранеўскую ў «Вішнёвым садзе». Але тут... «З Аркадзінай я доўга змагалася, — гаворыць Юта, — я яе доўга не магла палюбіць». Аркадзіна Юты Лямпэ — рудавалосая, крохкая, у белых карунках — мудрая і сумная. Яе апошняе каханне напоўнена смуткам: яна цудоўна ўсведамляе перавагу юнай саперніцы. Але ж і хуткаплыннасць такіх захапленняў ёй таксама вядомая. Балюча — але міне...

Канстанцін Трэплеў у Аўгуста Дзіля выглядае юнаком, які існуе на мяжы нервовага зрыву. Ён чуйна і хваравіта рэагуе на ўсё, што адбываецца навокал. Рэзкасць ягоных рэакцый палохае Аркадзіну; ад такога чалавека ў парыве гневу можна чакаць усяго. Вось Трэплеў раскідвае чамаданы і крэслы, зрывае павязку з галавы, б’ецца галавой аб падлогу — і ціха ўладкоўваецца каля ног маці...

Бытавыя дэталі, дробязі, якіх заўсёды так шмат у кожным абжытым доме, падабраныя Люкам Бондзі старанна. Тут людзі пражываюць сваё жыццё з увагай да свету рэчаў. Але жыццё чалавека побач не хвалюе іх, засяроджаных на ўласных пачуццях. Паралізаваны Сорын бездапаможна і марна спрабуе напіцца вады са шклянкі, абыякава працягнутай яму Дорнам. А Трэплеў мімаходам забірае з дрыжачай рукі шклянку, не зважаючы на тое, што дзядзька не сагнаў смагу.

Мізансцэны спектакля распрацаваны старанна і дэталёва; свет чэхаўскіх персанажаў узноўлены рэалістычна (аж да гукавога фону: чайкі, камары, конікі). Здавалася б, павінна ўзнікнуць адчуванне кансерватызму. Але ж не, не ўзнікае... Штосьці вельмі праўдзівае, кранальнае гучыць у гэтай «Чайцы». Па-за падрабязнасцю пражывання — штосьці недаказанае. Як заўсёды ў Бондзі.

«Пагаворым пра дзіўнасці кахання...»

Спектакль «Яшчэ адзін сюрпрыз кахання» Люк Бондзі паставіў па п’есе Марыво ў тэатры дэ Нантэр-Амандзье. Сюжэт спектакля просты. У галоўных герояў — Маркізы і Шэвалье — памерлі каханыя. Яны вельмі сябе шкадуюць — і вось бязмэтна ходзяць па сцэне ў жалобных строях, з сумнымі тварамі. Ім падабаецца рыдаць разам, аплакваючы свае страты... Патокі слёз такія салодкія, калі побач — душа, якая разумее цябе...

Вераломства і магутнасць Кахання менавіта ў тым і выяўляецца, што маладыя людзі не ведаюць, якая магутная сіла кіруе імі на самай справе. Яны шчыра лічаць, што імкнуцца адно да аднаго толькі для сумеснага плачу. І пестуюць сваю незалежнасць, сваю адзіноту. Самаўлюбёныя героі больш за ўсё на свеце баяцца страціць свабоду, ахоўваючы сваю каштоўную асобу ад замахаў звонку. Зусім як смаўжы, хаваюцца Маркіза і Шэвалье кожны ў сваю ракавінку — дамок. Гэтыя насамрэч існуючыя домікі то аддаляюцца, то сыходзяцца, каб урэшце сутыкнуцца, зліцца разам.

Акцёры Клатыльда Эсм і Міша Леско вельмі прыгожыя. Зграбныя да худзізны, вытанчаныя, яны адмаўляюць блізкасць, хоць імкнуцца да яе. Героі выглядаюць вельмі па-сучаснаму ў сваіх уборах. Грацыю юнай Маркізы падкрэслівае цёмна-сіняя сукенка, а Шэвалье кранальна наіўны ў сваіх жоўтых штанах... Яны так падабаюцца сабе, гэтыя прыгажуны. І белая дарожка на сцэне падкрэслівае гармонію іх адзіноты і смутку. Надуманую гармонію... Бо напрыканцы спектакля перамяшчэнні акцёраў нанясуць гэтаму парадку непапраўную шкоду. Дарожка будзе ссунута, скамечана, і героі кінуцца ў абдымкі адзін да аднаго...

«Сапраўднае жыццё — крышачку пазней. Каханне возьме сваё», — разам з Марыво даводзіць хітраваты Люк Бондзі.

Сімфонія страчанага часу

Спектакль венскага Бургтэатра «Сон» Люк Бондзі паставіў па п’есе сучаснага нарвежскага драматурга Ёна Фосэ. Спектакль дзіўны — ціхі, на паўтонах. Тут галоўнае не словы, а маўчанне, не фразы, а паўзы... Павольны рух дзеяння, што плыве да развязкі, як рака да мора... Нам здаецца, што сцэна ахутана лёгкім туманам, мроівам, хоць на самай справе ніякіх дымавых эфектаў няма. Гэта — вэлюм часу, і мы яго адчуваем. Сюжэт спектакля складаны для пераказу. Уласна, сюжэта і няма. Дзве сямейныя пары, маладажоны. Яны шчаслівыя, яны разглядваюць новае жыллё і строяць планы. Канешне, трэба купіць каляску. І дзіцячыя цацкі таксама. Дзіўна, што гэтыя пары не заўважаюць адна адну. І паступова пачынаеш здагадвацца, што яны жывуць у розныя часы: проста дом успамінае іх разам — тут і цяпер. Дзе мінулае, дзе сапраўднасць — хто ведае? Ці ёсць паміж імі мяжа? Памірае жанчына, стары плача над ёю. Маладыя пары заўважаюць гэта і заміраюць — быць можа, прадчуваючы сваю будучыню? Або гэта ўвогуле яны ж, толькі ў старасці?

Якая розніца! Мінулае і будучыня непадзельныя, а смерць адбываецца не ў момант адыходу. «Летят за днями дни, и каждый день уносит частицу бытия» — ці не пра гэта ў Пушкіна? Здаецца, Люк Бондзі не выпадкова выбраў п’есу Ёна Фосэ, які заўсёды трактуе тэму часу. У рэжысёра — свае, глыбока асабістыя адносіны са смерцю.

«Сердце в будущем живёт, настоящее уныло» — зноў Пушкін... У гэтым «унылом настоящем» мужчына галіцца, жанчына мые галаву. Як яны надакучылі адно аднаму, гэтыя муж і жонка! Так у прыцягненні-аддаленні, сярод дробязей побыту мінае жыццё. Адзінае, цёплае, асуджанае, цудоўнае, нягледзячы ні на што... У фінале спектакля на сцэне няма людзей — толькі рэчы. Жыццёвае смецце, такое важнае, пакуль ёсць жыццё... Тое, што застаецца пасля нас... Каханне...

Ніна Мазур