Перформанс «...Con Tatto» групы «Dа motus!» (Швейцарыя).
«Танец не ведае межаў» — такі дэвіз VI фестывалю тэатраў танца Еўропы «Zawirowania», які прайшоў у Варшаве. У прадстаўнічым форуме бралі ўдзел трупы і асобныя выканаўцы з 16 краін свету — Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Эстоніі, Швейцарыі, Англіі, Літвы, Германіі, Галандыі, Іспаніі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Японіі, Польшчы і Беларусі. Гэта сведчыць пра істотны рост яго папулярнасці сярод прыхільнікаў сучаснага танца. Для параўнання: у 2005 годзе, калі фестываль ладзіўся ўпершыню, у Варшаву прыехалі ўдзельнікі толькі з трох краін.
Ініцыятарам і арганізатарам танцавальнага форуму, галоўная мэта якога — дэманстрацыя таго, што танец яднае людзей, выступае незалежны Фонд сучаснай сцэны пры падтрымцы гарадскіх улад, Міністэрства культуры і народных традыцый Польшчы. Фестываль мае ўласную канцэпцыю, паводле якой існуе папярэдні строгі адбор твораў, і асноўным крытэрыем тут (нароўні з высокім узроўнем прафесіяналізму выканаўцаў) выступае абавязковая прысутнасць у танцавальных спектаклях зместу, дакладней, гісторыі, увасобленай пластычнымі сродкамі. У адрозненне ад харэаграфічных твораў цалкам эксперыментальнага характару, мэта якіх — пошук новых форм, або ад твораў, што маюць дачыненне да канцэптуальнага мастацтва (яно, паводле трапнай характарыстыкі крытыка Х’ю Кенера, апісанае і растлумачанае, не мае патрэбы ва ўспрыманні). Дарэчы, значная колькасць маладых творцаў аддае сёння перавагу таму, каб іх мастацтва хоць бы часткова належала «рэальнаму» свету.
Сімвалічна, што ў перакладзе з польскай мовы назва фестывалю гучыць як «кругаварот», «вір». На працягу дзевяці дзён фестывальныя паказы адбываліся на некалькіх розных, часам нечаканых пляцоўках — на ўтульнай камернай сцэне Тэатральнай акадэміі і прэстыжнай малай сцэне Вялікага тэатра (Нацыянальнай оперы), у невялікім холе Цэнтра культуры і на прасторнай Рынкавай плошчы Старога гарода.
На фестывалі «Zawirowania» адсутнічае конкурсны кампанент (тут не існуе журы і экспертнай рады, а фаварытаў выбірае глядач), што робіць яго вельмі дэмакратычным. Асаблівасцю з’яўляецца і тое, што з 2009 года ў рамках форуму ладзіцца Дзень танца адной краіны-ўдзельніцы, каб у гледачоў склалася больш поўнае ўяўленне пра стан сучаснай нацыянальнай харэаграфіі пэўнай дзяржавы. Першы раз аб’ектам пільнай увагі была абрана Іспанія. Сёлета такой краінай стала Беларусь. Адбылося гэта ў першую чаргу дзякуючы Міжнароднаму фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), на які прыехаў дырэктар фестываля «Zawirowania» Уладзімеж Качкоўскі. Ён адзначыў высокі прафесійны ўзровень беларускіх калектываў і прыняў рашэнне паказаць іх польскай публіцы.
Сучасную айчынную харэаграфію годна прадставілі чатыры калектывы: вядомы гродзенскі гурт сучаснай харэаграфіі «ТАД» на чале з Дзмітрыем Куракулавым, Ансамбль кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам аўтара гэтых радкоў, Тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I» (на чале з Дзмітрыем Залескім і Вольгай Скварцовай) і праект Вольгі Лабоўкінай «Karakuly» з Мінска. Яны прэзентавалі асобныя творы, паказаныя раней на XXII IFMC у Віцебску, у агульнай праграме пад красамоўнай назвай «Беларусь танцуе ў Варшаве».
У межах фестывалю ладзіліся майстар-класы для прафесіяналаў і ўрокі для аматараў сучаснай харэаграфіі па modern dance, afro modern, modern jazz, кантактнай імправізацыі, yoga-dance і іншых папулярных сёння ў Еўропе накірунках.
Якія кампазіцыі і нумары паказалі ўдзельнікі фестывалю, прадстаўнікі самых розных краін? Якія тэндэнцыі развіцця сучаснага танца найбольш актуальныя? Вельмі ўразіла выступленне трупы «Dа motus!» са Швейцарыі. Харэографы Антоніа Бюлер і Брыджыт Мойлі прыдумалі арыгінальнае пластычнае дзейства для паказу ў натуральных дэкарацыях старой часткі Варшавы пад назвай «...Con Tatto». Адметнасцямі яго з’яўляліся і адсутнасць музычнага суправаджэння ў 1-ай частцы спектакля (калі шэсць танцоўшчыкаў падпарадкоўваліся пэўнаму ўнутранаму рытму), і актыўнае засваенне лесвіц, аконных і дзвярных праёмаў будынкаў, вулічных ліхтароў і агароджаў, лавак і столікаў кавярні для стварэння мізансцэн (яны нагадвалі асіметрычныя акрабатычныя фігуры).
У пластычным дзеянні асабліва важнымі з’яўляліся суадносіны статычных і дынамічных момантаў. Выкарыстанне так званай скульптурнасці зрабілася адным з галоўных пастановачных прыёмаў харэографаў: танцоўшчыкі ў яркім адзенні рознага колеру (каб вылучацца сярод натоўпу) хутка перамяшчаліся па перыметры Рынкавай плошчы і, згуртаваўшыся на нейкі момант, сцішваліся ў самых неймаверных позах. Нарэшце кожны танцор абіраў сабе пару з ліку гледачоў і ў суправаджэнні фонавай музыкі спрабаваў наладзіць са сваім партнёрам пластычны дыялог.
На першы погляд, малюнак перамяшчэння і размяшчэння (так званая фігурнасць) артыстаў на ўмоўнай сцэне быў спантанным, але пры ўсёй умоўнасці назіралася пэўная сістэма. Мізансцэны на адкрытай пляцоўцы з яе рэальнай, а не ілюзорнай, што пануе на тэатральнай сцэне, глыбінёй станавіліся па-сапраўднаму рэльефнымі.
Швейцарскія харэографы імкнуліся ператварыць гледачоў у актыўных удзельнікаў сваёй творчасці, ненавязліва заахвочваючы іх рабіць гэта арганізавана і асэнсавана, што надавала ўсяму працэсу псіхааналітычную і эстэтычную значнасць. Нягледзячы на пэўнае падабенства выкарыстаных мастацкіх прыёмаў, прадстаўленне
«...Сon Тatto» нельга аднесці да хэпенінгу з яго бясфабульнасцю і спантаннасцю паводзін як выканаўцаў, так і гледачоў.
Так званую хуткасную харэаграфію ў спалучэнні са складанымі светлавымі спецэфектамі прадэманстравала трупа «Tom Dale Company» з Англіі ў творы «Roam» на электронную музыку кампазітараў Сэма Шэклтона, Джо Уілса і Гая Вуда. Канцэнтрацыі ўвагі менавіта на дзеянні танцавальным і светлавым спрыяў мінімалізм дэкарацый.
Традыцыйны аповед сродкамі танца не вельмі цікавіць большую частку маладога пакалення пастаноўшчыкаў і гледачоў, якія прадстаўляюць пакаленне, выхаванае на сюррэалістычных вобразах і мільгаценні малюнкаў відэашэрагу. Для некаторых пастаноўшчыкаў сіла ствараемых вобразаў важней за халодную логіку падзейнага рада. Да такіх харэографаў можна аднесці і Тома Дэйла — пастаноўшчыка спектакля «Roam» (у кантэксце паказанага назву можна перакласці як «вандраванне», «блуканне»).
Такака Мацуда на рэпетыцыі спектакля «Ліст ад лэдзі Л.» (Японія).
Увогуле новае пакаленне пастаноўшчыкаў захоплена разбурэннем жанравых межаў. Харэаграфічныя творы становяцца ўсё больш тэатралізаванымі — да ўключэння адкрытых элементаў драматычнай ігры, размоўных і песенных тэкстаў, выкарыстання элементаў дэкарацый, спартыўных прылад, разнастайных спецэфектаў. Да такіх твораў можна аднесці паэтычны спектакль «Ліст ад лэдзі Л.», пастаноўшчыцай і выканаўцай якога з’яўлялася вытанчаная і адначасова экспрэсіўная Такака Мацуда з Японіі.
Выступленне танцоўшчыцы ўяўляла сабой удалы мікст contemporary dance з вулічнай пантамімай, у ім было шмат акцёрскіх нюансаў, бо ў спектаклі яна, згодна з мастацкай задумай, выконвала па чарзе ролі некалькіх жанчын розных узростаў — ад дзяўчынкі да бабулі. Да гэтага дадавалася праніклівае чытанне тэксту — ліста загадкавай лэдзі Л. Пераапрананні ў розныя сцэнічныя касцюмы, удалае выкарыстанне блакітнага святла стваралі атмасферу містыкі і таямнічасці.
Вельмі вынаходлівая работа харэографа Чаркі Ондрычавай на музыку Джозэфа Віка пад назвай «Яблык», паказаная трупай «Elledanse» са Славакіі. У ёй выкарыстоўваецца шырокая палітра выразных сродкаў розных відаў мастацтва, пануюць гумар (што ў сучасных творах сустракаецца да крыўднага рэдка) і лёгкая іронія ў спалучэнні з доляй сарказму. «Яблык» прыцягваў гледачоў як каларытнай відовішчнасцю, так і пераканаўчай акцёрскай ігрой. Чаго вартая, напрыклад, сцэна, у якой адзін з персанажаў маніпулюе іншым, нібыта кіем, а адбываецца дзея на... сапраўдным більярдным стале, дзе шары заменены яблыкамі.
Спектаклі, паказаныя ў межах фестывалю «Zawirowania», надавалі галоўную ўвагу чалавечым адносінам і пачуццям асобных людзей, а не праблемам пэўнага часу і месца. Яны распавядалі любоўныя гісторыі («Камень, нажніцы, папера», Беларусь), інтрыгавалі гледача («Чатыры мужчыны, Аліса, Бах і алень», Ізраіль), закраналі маральныя праблемы («Фазы», Эстонія), адлюстроўвалі барацьбу за выжыванне. Такі падыход сведчыць пра веру ў прыярытэт чалавечай асобы.
Новыя плыні ў мастацтве з’яўляюцца дзякуючы інтуіцыі і здольнасці аўтара выходзіць за межы жанраў, адкрыта кантактаваць з аўдыторыяй. У гэтым выпадку ўзнаўляецца повязь паміж мінулым і сучаснасцю, выкарыстоўваюцца традыцыйныя і нетрадыцыйныя прыёмы, якія і ўтвараюць новыя мастацкія з’явы.
Святлана Гуткоўская