Музыка сфераў

№ 11 (332) 01.11.2010 - 30.11.2010 г

Жывапіс Аляксандра Пашкевіча

/i/content/pi/mast/38/647/45.jpg

Пасля навальніцы. Дарога да возера. Алей. 2003.

Мастацтва гэтага творцы дуалістычнае па сутнасці. Яго больш ведаюць як жывапісца, бо на выстаўках і ў нашай краіне, і па-за яе межамі Аляксандр Пашкевіч звычайна паказвае жывапісныя працы. Але на ранніх этапах творчасці ён дэманстраваў і графічныя творы. Магу згадаць некаторыя з кампазіцый тых часоў, што найбольш «ляглі на сэрца», — «Вясна ў Маладзечне» (1976), «Куточак старой Гародні» (1976), «Маладзечна ўначы» (1976), серыя графічных аркушаў 1979 года «Старыя гарады Беларусі». Амаль усе гэтыя працы былі набытыя музеямі Беларусі і Міністэрствам культуры. Яны выкананы ў тэхніцы алоўкавага малюнка, якая дазволіла праявіцца і ўмацавацца як творчаму крэда яго рамантычным тэндэнцыям — трапяткой лініі, мройным тонам і паўтонам, эфектнай гульні кантрастаў чорнага і белага...

Але чагосьці ў гэтай графіцы не ставала, каб выявіць светаадчуванне і пачуванне творцы ў свеце. Цяпер, здаецца, я ведаю, чаго — святланоснай якасці колеру: абмежаванасць белым і чорным нібы скоўвала творчыя парывы мастака, не дазваляла разгарнуцца напоўніцу. З гадамі гэта станавілася ўсё больш відавочным. Узгадайма жывапісную карціну «Цішыня» (1981): возера да лініі гарызонту, на якім умоўныя зубчастыя абрысы-сілуэты лесу ды ружовая паласа заранку; толькі дробная вібрацыя хваляў ля берага ды дрыготкая празрыстасць амаль роўных па ўсёй плоскасці ружовага, блакітнага і зялёнага — вось той невялікі комплекс складнікаў, што стварае мастацка-вобразнае пачуццё аднаго з танчэйшых станаў прыроды перад узыходам сонца. Перавагу жывапісу, а не графіцы мастак аддаў не адразу, ён доўга вагаўся. Напрыклад, карціна «Начная фантазія» (1981) мае графічнага пабраціма, выкананага ў той жа перыяд у тэхніцы літаграфіі. Гэтыя жывапісныя творы, як і кампазіцыя «Зорка» (1981), былі напісаныя да юбілею Максіма Багдановіча і з поспехам экспанаваліся на выстаўцы маладзечанцаў, прысвечанай 90-годдзю паэта. Кожная з кампазіцый сваёй сутнасцю звязаная з канкрэтным вершам Багдановіча. Да прыкладу, тая ж «Начная фантазія» лучыцца з наступнымі радкамі: «...Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы / У ціхую сінюю ноч / І сказаць: / “Бачыце гэтыя буйныя зоркі, /Ясныя зоркі Геркулеса? / Да іх ляціць наша сонца, / І нясецца за сонцам Зямля. / Хто мы такія? / Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс. / Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч, / Калі ўсе мы разам ляцім / Да зор?”»

На выставе да юбілею Багдановіча Аляксандр Пашкевіч экспанаваў жывапіс. Але яму падалося, што ён не дастаткова пераканаўча і поўна перадаў той напал суперажыванняў і пачуццяў да творчасці і асобы паэта, якімі поўнілася душа. Таму ў 1983 годзе з’явілася серыя з 18 графічных аркушаў, створаная паводле самых любімых вершаў.

Чорна-белыя выявы гэтай серыі вылучаюцца дзіўнай святланоснасцю, якая ўвасабляе ўзнёсласць вобразаў паэзіі Багдановіча, яны па-майстэрску перакладзены на мову малюнка, віртуозна адаптаваны да яе. Сёння гэта праца ўпрыгожвае калекцыю выяўленчага мастацтва мінскага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Серыяй аркушаў да паэзіі Багдановіча і скончыліся графічныя пошукі Пашкевіча. Мастак нібы прамовіў: «У графіцы я сказаў усё, што мог і хацеў, а цяпер у мяне іншая місія...»

Заняткі графікай на прафесійным узроўні пакінулі выразны след у жывапісе мастака — у меладычнасці гучання лініі ды асаблівых узаемадачыненнях яе з колеравымі вібрацыямі, якім было наканавана ва ўсёй далейшай творчасці мастака — у кожнай рэалістычнай працы і ў кожнай фармальнай кампазіцыі — вызначаць ідэю работ, іх эмацыянальны і пачуццёвы лад — «музыку сфераў» яго жывапісу.

/i/content/pi/mast/38/647/46.jpg

Драўляная птушка. Алей. 2010.

Цягам апошніх 10-15 гадоў яго жывапіс стаў выразна падзяляцца на дзве плыні — рэалістычныя жыццёвыя вобразы і канцэптуальныя фармальныя кампазіцыі. Асабліва наглядна гэта праявілася на адной з нядаўніх персанальных выставак мастака ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў снежні 2009 года. Два паверхі выставачных залаў нібы спецыяльна размежавалі яго творы па накірунках: верхні паверх займаў пераважна канцэптуальны, фармальны жывапіс, на ніжнім дамінавалі рэалістычныя краявіды.

У мастацтве Аляксандра Пашкевіча такі падзел праявіўся не адразу.

Яшчэ ў ранніх творах, згаданых намі колеравых кампазіцыях «Цішыня», «Начная фантазія», «Зорка», а таксама ў «Партрэце маладога чалавека» (1978), кампазіцыях «Сон-казка» (1968), нацюрмортах «Восень» (1977), «Нацюрморт з хлебам» (1978), «Памяць» (1980) і шэрагу іншых жывапісных палотнаў заўважнымі былі памкненні мастака структураваць прастору жывапіснай кампазіцыі, мінімізаваць прадметны шэраг.

У адным з першых артыкулаў, прысвечаных творчасці Пашкевіча, мастацтвазнавец Валерый Буйвал адзначаў: «... Яго захапляюць каларыстычныя пошукі, праблема ўмоўнага вырашэння жывапіснай прасторы...» У якім жа кірунку развіваліся гэтыя пошукі?

Ён заўсёды марыў пра паездку ў Парыж. І ў ягонай натуры назіралася штосьці «французістае» — памкненні да элегантнасці ў паводзінах, адзенні, творчасці. Ён казаў: «Пабачыць бы Парыж, пахадзіць па Манмартры, зазірнуць у Луўр, а потым і паміраць можна...» У гады нашай маладосці такія мары выглядалі нязбытнымі. Але прайшоў час, рухнула «жалезная заслона», і Пашкевіч паехаў у Францыю і нават зрабіў выстаўку сваіх карцін у адной з парыжскіх галерэй.

Дадому творца вярнуўся спустошаны. І, здаецца мне, не з-за таго, што больш не меў «мары ўсяго жыцця». Мабыць, ён зразумеў, што ні мы, не нашае мастацтва гэтым самадастатковым еўрапейцам не патрэбныя. І няйначай згадваючы прыказку «дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся», перабраўся ў Пухавічы, дзе калісьці жыў з маці і адкуль у 1960-я гады паехаў паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава.

Там яго прынялі з энтузіязмам — далі жыллё, майстэрню, у мясцовай галерэі стварылі экспазіцыю твораў.

Праз некалькі год Аляксандра пацягнула ў Маладзечна, дзе працавалі Ядвіга Радзялоўская, Кастусь Харашэвіч, Юрый Герасіменка, Мікола Аўчыннікаў, творчасць якіх абвяргала ўяўленні пра кволасць правінцыйнага мастацтва. На маладзечанскія выставы з энтузіязмам ездзілі сталічныя мастакі.

Аляксандр Пашкевіч ужо больш за дзесяць гадоў выкладае ў Маладзечанскай мастацкай школе, паспяхова працуе як жывапісец, а ў 2006 годзе быў названы ў гэтым горадзе мастаком года. Калекцыянеры беларускага жывапісу чакаюць яго новых твораў, а ў галерэях Маладзечна і Мінска за апошнія гады адбыліся тры персанальныя выстаўкі мастака.

Пасля вандровак па свеце мары пра Парыж саступілі месца прыемным і яскравым успамінам, але плён колішняй паездкі не толькі ў гэтым. Якраз тое адметнае паглыбленне ў атмасферу Манмартра папярэднічала канчатковаму размежаванню творчасці мастака на жывапіс фармальны і рэалістычны.

Падаецца крыху дзіўным, што адзін творца развівае дзве (на першы погляд — розныя) лініі ў мастацтве. На самай справе такое здараецца нярэдка. Спрадвеку ў гісторыі сусветнай цывілізацыі рэалізм і абстрагаванне ішлі поруч, дапаўняючы адно аднаго. Гэтак было ў старажытным Егіпце і ў Месапатаміі, у Грэцыі і ў наш час... Так было і ў беларускім народным мастацтве, да прыкладу — у вышыўцы ручнікоў і традыцыйнага народнага адзення: геаметрычныя арнаментальныя тэксты абавязкова мелі зместавыя аналагі ў раслінных узорах...

Дык чым вызначаецца кожны з кірункаў жывапісу Аляксандра Пашкевіча?

У абодвух не заўважаеш ніякага пярэчання ранейшым этапам творчасці жывапісца. Мастак працягвае карыстацца выпрацаванымі раней колерава-пластычнымі рашэннямі і пашырае іх у бок інтанацыйных мастацка-вобразных увасабленняў складаных чалавечых эмоцый і пачуццяў — як у сферы асабістых перажыванняў, так і для ўвасаблення на палотнах складаных і непаўторных станаў прыроднага атачэння чалавека.

Рэалістычным адзін з кірункаў жывапісу Пашкевіча можна назваць чыста ўмоўна: мастак не піша з натуры, а адштурхоўваецца ад яе, выяўляе яе эмацыйна-знакавы код, эстэтычны патэнцыял і фактуру інтрыгі, падгледжанай у прыродзе.

У карціне «Старыя могілкі» (2009) выявы старадаўніх дрэваў і капліцы, здаецца, вібрыруюць — як прывід, алюзія, мроя — нібы гэта не рэальны краявід, а міраж ці сон. Бірузова-шараваты каларыт, у які афарбавана ўсё жывое, дамінуе і выклікае асацыяцыі з пацягнутым пацінай срэбрам або эфірным марывам. Другая колеравая дамінанта кампазіцыі — неба на захадзе сонца з ідылічнай маленькай хмаркай і іх адлюстраваннем — эмацыйным водбліскам-блікам у рэчцы на першым плане палатна. На памяць прыходзяць словы вядомай беларускай песні — «Аксамітны, цёплы вечар...»

Не менш фантастычным і інтрыгоўным выглядае сюжэт карціны «Цёплая дарога» (2004), дзе прасторавае асвятленне вынікае ці то з промняў сонца, якое ўжо схавалася за гарызонтам і толькі пакінула па сабе феерыю чырвані, ці то з нетраў самой зямлі. Асветлены шлях, які пачынаецца дзесьці далёка паміж дрэў і далей запаўняе ўсю прастору пярэдняга плана карціны, наплываючы, ахутвае гледача.

Тэма шляху праходзіць улюбёным матывам праз усю творчасць жывапісца. Абавязковым атрыбутам гэтага сюжэта з’яўляюцца акалічнасці, што надаюць выяве загадкавасць, таямнічасць: месячнае асвятленне, туманы, чырвань захаду ці ўзыходу сонца... У сваім жывапісе мастак неаднойчы выразна дэклараваў захапленне асобай і творчасцю Язэпа Драздовіча — і праз напісанне яго партрэтаў, і праз асацыятыўныя сюжэты і вобразы ўласных карцін. Ва ўмоўна-рэалістычнай лініі жывапісу Пашкевіча бачыцца працяг містыка-фантастычнай вобразнасці творчасці Драздовіча.

Другі мастацка-вобразны кірунак жывапісу Аляксандра Пашкевіча — геаметрычна-колеравыя кампазіцыі — у сваю чаргу падзяляецца на некалькі напрамкаў.

З аднаго боку, гэта дастаткова прагматычныя шуканні гармоніі лініі, формы і структураванага, але не пазбаўленага эмоцыі колеру — «Кампазіцыя №1» (2008), «Касмічныя дарогі» (2008), «Застыласць» (2008), з другога — новы, аналітычны падыход да ўлюбёных сюжэтаў («Без назвы» (2010), «Блізняты» (2010), «Над горадам» ( 2010) і шмат іншых).

Работы мастака «Восеньская поўня» (2009), «Драўляная птушка» (2010), «Таямніцы мыслення. Барысу Кіту прысвячаецца» (2010) нібы акумулююць у сабе абодва прынцыпы «геаметрызаваных» пошукаў, утрымліваюць пэўны сінтэз класічнай жывапіснай выяўленчасці і рацыянальна-аналітычнага пачатку вобразнай субстанцыі.

Разнапланавасць і неардынарнасць шляху Аляксандра Пашкевіча апасродкавана ўвасобіліся і ў назве яго нядаўняй выстаўкі ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (2010) — «Пошук». Яна пацвердзіла яго імпэт развіваць і захоўваць традыцыі нацыянальнай спадчыны праз вобразнасць сучаснага мыслення і культуру ўласнага мастацтва.

Таццяна ГАРАНСКАЯ